Бабарыка ў турме, выбары на носе: які сцэнарый абярэ "новая апазіцыя"

Палітыка

Бабарыка ў турме, выбары на носе: які сцэнарый абярэ "новая апазіцыя"

Каб мы жылі ў дэмакратычнай краіне, то пры аналізе бягучага палітычнага моманту я напісаў бы, што выбарчая кампанія з сённяшняга дня ўступіла ў вырашальны этап. Але ў нашай спецыфічнай сітуацыі на самай справе гаворка не пра цэлы этап – многае вырашаецца проста цяпер, ці прынамсі ў найбліжэйшыя дні.

Фактычна распісаўшыся ў сваёй няздольнасці скласці дастойную канкурэнцыю ў адкрытым змаганні з найбольш моцнымі і папулярнымі апанентамі, улады вырашылі іх ад далейшай кампаніі проста адсячы, пазбавіўшы магчымасці надалей дзейнічаць легальна, прынамсі ад уласнага імя. Цяпер афіцыйна ў кампаніі няма ніякіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта пад прозвішчамі Бабарыка і Цапкала. Калі хтосьці будзе спрабаваць весці агітацыю ад іх імя як такіх, то неадкладна атрымае па ўсёй строгасці драконаўскага заканадаўства, а калі спатрэбіцца – то з парушэннем нават і яго.

Штабам Бабарыкі і Цапкалы цяпер давядзецца неадкладна прымаць канкрэтнае рашэнне, што рабіць далей. Часу на раскачку няма зусім – галасаванне ўжо менш чым праз месяц. Можна і трэба падаваць скаргі на нерэгістрацыю па надуманых прычынах, але не трэба быць дэльфійскім аракулам, каб разумець, што яны нічога не дадуць. А як захаваць назапашаны пратэстны патэнцыял і яшчэ больш яго нарошчваць, каб галасаванне 9 жніўня не стала для Лукашэнкі простай фармальнасцю і ў гэты дзень сапраўды было пастаўлена рабром пытанне, хто ў гэтым доме гаспадар? Якія ўвогуле ёсць варыянты?

Вулічнае змаганне?

Гэта было б вельмі прыгожа і пераканаўча – калі б падчас разгляду скаргаў камандаў Бабарыкі і Цапкалы на незаконнасць зняцця з выбарчай гонкі пад сценамі ЦВК у іх падтрымку сабралася некалькі дзясяткаў, а лепш соцень тысяч чалавек. Гэта быў бы чарговы зрыў сцэнарыя, відавочна пераломны момант, а можа нават  пачатак сапраўднай рэвалюцыі.

Але не падобна, што штабы Бабарыкі і Цапкалы да такога варыянту дзеянняў гатовыя, прынамсі цяпер. Пра гэта сведчыць хоць бы іх даволі стрыманая і невыразная рэакцыя на інфармацыю пра нерэгістрацыю. Здаецца, той пункт радыкалізацыі, калі людзі, якія толькі нядаўна наважыліся ўступіць у змаганне з рэжымам падкрэслена легальнымі метадамі, гатовыя ўжо стаць і бескампраміснымі вулічнымі барацьбітамі, пакуль што не пройдзены.

Не падобна, што па-сур’ёзнаму да гэтага гатовае і грамадства. Так, нейкія стыхійныя вулічныя выступленні назіраліся і ў папярэднія месяцы, і нават сёння таксама нешта было. Але ўсё гэта пакуль не настолькі шматлюднае, каб можна было казаць пра крытычную масу, здольную на нешта кардынальна ўплываць. Магчыма, гэта можа скласціся пад уплывам розных фактараў да 9 жніўня, але літаральна сёння такога, здаецца, яшчэ няма.

За Ціханоўскую?

Каманды Бабарыкі і Цапкалы за два папярэднія месяцы пераканаўча даказалі, што яны здольныя пісьменна і эфектыўна дзейнічаць у межах звычайнай выбарчай кампаніі. Як бы ні крытыкавалі не надта радыкальную рыторыку іх спікераў і практычныя дзеянні, галоўная мэта – прыцягненне ўвагі да кандыдатаў і здабыццё імі рэальнай папулярнасці, відавочна большай за папулярнасць нязменнага кіраўніка, – была паспяхова дасягнута.

То, магчыма, калі гэтыя каманды пакуль не гатовыя ні маральна, ні фізічна да пераходу да несістэмнай палітыкі, ім варта ўвайсці ў тактычны саюз з кімсьці з тых дзеячаў, якім удалося займець пасведчанне кандыдата, і ўліцца ў яго каманду, працягваючы ўжо на ягоную карысць – бо мэта адна! – тое, што добра рабілі раней?

Але ж выбар тут не надта шырокі. Адзіным зарэгістраваным кандыдатам, які не мае рэпутацыі спойлера ўлады, стала Святлана Ціханоўская – тая самая, падпісацца за якую ў маі і чэрвені выстройваліся чэргі з сотнямі людзей. І цяпер, здавалася б, акурат вакол яе і трэба аб’ядноўвацца ўсім прыхільнікам пераменаў, улады самі вызначылі адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Але на перашкодзе стаяць важныя фактары.

Першы – гэта асоба самой Святланы, якая ў гэтай кампаніі чалавек яўна выпадковы. Ні для каго ж не таямніца, што тыя чэргі з сотнямі, калі не тысячамі ахвотных падпісацца насамрэч выстройваліся не за гэтую жанчыну, а за яе харызматычнага мужа Сяргея. Які цяпер сядзіць і добра калі выйдзе неўзабаве пасля заканчэння выбараў.

Стаўшы тварам усёй апазіцыйнай выбарчай кампаніі на яе заключным этапе, Святлана Ціханоўская наўрад ці зможа па-ранейшаму заставацца недзе ўбаку. А ці валодае гэтая жанчына патрэбнымі якасцямі для таго, каб стаць публічным палітыкам – вялікае пытанне, і пакуль адказ на яго хутчэй не, чым так. Тым больш што ў сучасных беларускіх умовах гэта і надзвычай вялікая асабістая рызыка. Рэальна апазіцыйны кандыдат, пагрозлівы для дзейнай улады, мусіць быць гатовы вытрымаць і ўсялякія правакацыі, і пагрозы ды спакуслівыя прапановы, і нават зняволенне (што няма за што – пры нашай сістэме значэння не мае).

Ці гатовая Ціханоўская прайсці праз усё гэта? Тым больш што сістэма ў нас настолькі беспрынцыповая і подлая, што не спыніцца і перад тым, каб ствараць праблемы блізкім людзям небяспечных праціўнікаў.

А ў Ціханоўскай, як мы памятаем, на руках малыя дзеці.

Другое, таксама не менш важнае – ці гатовыя будуць і народныя масы, ахопленыя пратэстнымі настроямі, падтрымаць любую альтэрнатыву не ў фігуральным сэнсе, а ў самым што ні на ёсць рэальным? Нашыя палітычныя аналітыкі з лёгкай рукі аднаго са сваіх калег часта выкарыстоўваюць акрэсленне «жонка Нікалюка», калі гаворка ідзе пра чалавека, які акумулюе падтрымку пратэстнага электарату незалежна ад сваіх асабістых якасцяў – проста абы «супраць Яго».

Такі феномен сапраўды ў пэўнай ступені мае месца, але ці хопіць яго ўздзеяння, каб стварыць крытычную масу актыўнага супраціву? Не варта ж забывацца пра тое, што ў нашых умовах важна перадусім не тое, колькі людзей прагаласуе за альтэрнатыву (галасы, як вядома, у нас ніхто не лічыць), а ці многія з іх гатовыя будуць абараняць свой выбар, у тым ліку і праз удзел у масавых пратэстах. Асоба альтэрнатыўнага кандыдата тут можа мець немалое значэнне. Не кажучы пра тое, што і сам ён мусіць у адпаведны час праяўляць належную рашучасць.

Не сумняюся, што прымаючы рашэнне аб рэгістрацыі Святланы Ціханоўскай, улады таксама ўсё гэта бралі пад увагу. І ўрэшце рэшт, відаць, не пабачылі ў ёй асаблівага патэнцыялу, каб быць небяспечнай у сітуацыі, калі зняволены яе муж і фактычна разбітая ягоная нешматлікая каманда. Ці зможа Святлана здзівіць скептыкаў, абвергнуўшы ўсе стэрэатыпы – пакажа найбліжэйшы час. Але мне гэта сумнеўна.

Дамовіцца са спойлерамі?

З трох зарэгістраваных яўных спойлераў толькі Ганна Канапацкая ад пачатку заняла абсалютна сервільную ў дачыненні да дзейнага прэзідэнта пазіцыю. Пра яе ўвогуле няма гаворкі. А вось два астатнія, Андрэй Дзмітрыеў і Сяргей Чэрачань, імкнуцца публічна дэманстраваць большую самастойнасць. Так, Дзмітрыеў у выступленні пры атрыманні пасведчання заклікаў да вызвалення палітвязняў, а Чэрачань адкрыта пацвярджае факт прыпісвання яму ЦВК дзясяткаў тысяч подпісаў, дэманструе гатоўнасць да аб’яднання з дэмакратычнымі кандыдатамі і прынамсі не выключае зняцця сваёй кандыдатуры.

Ці азначае гэта, што апошнія два спойлеры таксама могуць выйсці з-пад кантролю ўладаў і іх кандыдацкі статус пры пэўных умовах магчыма выкарыстаць для далейшага гуртавання апазіцыі і нарошчвання пратэстнага патэнцыялу? Гэта вельмі сумнеўна. Бо наўрад ці ў цяперашніх абставінах улады даверылі б такую адказную місію людзям, якім не да канца давяраюць ці не маюць на іх дастатковага кампрамату, каб трывала трымаць на ланцужку. Найбольш верагодна, што дэманстрацыя спойлерамі самастойнасці і нават пэўнай фронды – дзеянне ўзгодненае з уладамі і з’яўляецца часткай іх сцэнарыя. Таму аб’яднанне і тым больш стаўка на іх як на пратэстных кандыдатаў – дзеянне вельмі рызыкоўнае, якое хутчэй за ўсё будзе мець вынікам толькі дыскрэдытацыю і дэмаралізацыю.

Байкот?

Пры тых умовах, якія цяпер склаліся, ідэя свядомага байкоту галасавання прынамсі не выглядае такой наіўна-ідэалістычнай, як гэта было раней. Калі да гэтага адназначна заклічуць самі аўтарытэтныя кандыдаты ці іх каманды, то шанцы, што да выбарчых урнаў 9 жніўня сапраўды прынцыпова не прыйдзе вялікая колькасць людзей, дастаткова вялікія. Ды нават і без заклікаў людзі, у якіх цынічна забралі альтэрнатыву і пазбавілі надзеі, што была ўжо з’явілася, могуць гэта зрабіць па ўласнай ініцыятыве.

Вось толькі якая з таго будзе карысць? Пры нашай абсалютна падкантрольнай уладам сістэме правядзення выбараў, калі ў выніковыя пратаколы любыя лічбы запісваюцца са столі, няма ніякіх цяжкасцяў намаляваць патрэбныя працэнты не толькі аддадзеных галасоў, але і яўкі. І тут ізноў усё ўпіраецца ў тое, ці тыя, хто прынцыпова праігнараваў галасаванне, гэтым і абмяжуюцца, ці будуць неадкладна гатовыя да нейкіх іншых формаў змагання. А калі гатовыя, то як іх мабілізаваць і матываваць?

Байкот – тактыка ўсё ж сама па сабе больш дэмабілізацыйная.

Іншы шлях?

Паколькі яшчэ два месяцы таму многія пры прагнозах, што падчас «падпісной» кампаніі, якая мела вось-вось стартаваць, у Беларусі будзе такі «дзвіж», толькі іранічна пасмяяліся б, нельга выключаць, што і цяпер нас могуць чакаць нечаканасці. Што новая апазіцыя, якая нечакана выйшла на сцэну і ўжо два месяцы рэальна ўдзельнічае ў фармаванні ў Беларусі палітычнага парадку дня, мае ў запасе нейкі іншы, зусім нестандарны план на гэты выпадак. Рэалізацыя якога зноў дазволіць паставіць усё з ног на галаву і прымусіць зноў выкінуць свежараспрацаваны ўладны сцэнарый заключнага этапу выбарчай кампаніі ў кошык для смецця.

Мне хацелася б у гэта верыць. Але ў кожным разе гэты план павінен пачынаць уводзіцца ў дзеянне неадкладна, цягам найбліжэйшых дзён. Калі ў найбліжэйшы час мы будзем чуць ад штабоў кандыдатаў толькі агульныя абцякальныя фразы, то значыць ніякага плана ў іх проста няма. І ўлады тады могуць калі не цалкам разняволіцца, то прынамсі ўздыхнуць спакайней – іх неэлегантная тактыка нарэшце дала належны плён.

Вам можа спадабацца