“Новая апазіцыя” і “нацыянальнае пытанне”

Грамадзтва

“Новая апазіцыя” і “нацыянальнае пытанне”

Учора ў праграме «Праскі акцэнт» на Радыё Свабода адзін з яе ўдзельнікаў, журналіст Севярын Квяткоўскі, сказаў:

«Кажуць, што трыумвірат супраць беларускай мовы. Ды не супраць яны. У іх проста няма гэтага ў галаве зараз. Для іх гэта культурнае, а не цывілізацыйнае пытанне».

Падобна, што гэтая праграма запісвалася яшчэ да таго, як трыумвірат на практыцы недвухсэнсоўна прадэманстраваў, што ён не толькі не супраць беларускай мовы, але нават і вельмі за.

Таму гэтае выказванне Квяткоўскага можа ўжо і не да канца актуальнае ў сваім вузкім кантэксце.

Але яно вельмі актуальнае ў кантэксце больш шырокім – у справе агульнага стаўлення да тых нашых суграмадзян, якія, не будучы настроенымі антыбеларуска ў прынцыпе, у той жа час пакуль без энтузіязму, а то і насцярожана ставяцца да беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі і іншых неад’емных, на нашу думку, атрыбутаў свядомага беларуса. Людзі з нашага лагера часта такіх рэзка асуджаюць, а некаторыя гарачыя галовы нават схільныя вешаць крыўдныя эмацыйныя ярлыкі, не жадаючы і слухаць пра тое, што ўсё гэта – проста вынік спецыфічнай сітуацыі, у якой гадамі і дзесяцігоддзямі жыве наша грамадства.

Сутнасць гэтай сітуацыі ў тым, што беларушчына ў сучаснай Беларусі – гэта не мора разліванае.

Няма таго, што чалавек, як толькі нарадзіўся, адразу ёй аточаны з усіх бакоў, знаёмы прынамсі ў агульных рысах з усімі асаблівасцямі, успрымае як нешта сваё.

Таму, калі чалавек не ведае беларускай мовы і не надта жадае яе ведаць, або не ў курсе, які сцяг правільны, а які не – для большасці гэта не свядомая, ідэйна аформленая і нават «выпакутаваная» пазіцыя. Звычайна гэта проста вынік жыцця ў зусім іншай, адрознай ад нашай сістэме каардынатаў.

Як гэта ні прыкра ўсведамляць, але беларушчына ў нашых умовах – нешта накшталт клуба па інтарэсах. Ёсць людзі, якія шчыльна ў яе заангажаваныя, працяглы час ва ўсім гэтым варацца і гэтым літаральна жывуць. Але ёсць і такія беларусы – і іх пераважная большасць – якія жывуць увогуле па-за гэтым кантэкстам, ніколі з нацыянальна-беларускім фактычна не перасякаючыся ці перасякаючыся вельмі рэдка і выпадкова.

Вялікія масы людзей жывуць і нават не здагадваюцца, што побач з імі, у гэтым самым грамадстве, існуе цэлая супольнасць іхных суайчыннікаў, для якіх беларуская мова – не сумны школьны прадмет, а мова, якой яны пастаянна ці прынамсі часта або рэгулярна карыстаюцца ў штодзённым жыцці, для якіх бел-чырвона-белы сцяг – не кавалак размаляванай тканіны без ніякай практычнай значнасці ў руках выпадкова пабачанай купкі вулічных пратэстоўцаў, а рэальная святыня, з-за якой людзі могуць ісці і ідуць нават на асабістыя ахвяры.

І ў такім няведанні можа спакойна прайсці нават усё жыццё.

Без аніякага штуршка, каб гэтым сур’ёзна зацікавіцца, не кажучы пра тое, каб самому далучыцца.

І на самай справе гэта зусім не асабістая віна гэтых людзей, гэта хутчэй бяда – іхная асабістая і ўсяго грамадства.

Мяне вельмі дзівіць, што многія людзі з нашых асяродкаў гэтай сітуацыі, якая склалася зусім не сёння і нават не ўчора, не разумеюць.

Дзівіць таму, што яўна ж большасць сённяшніх беларускамоўных і нацыянальна заангажаваных прыйшлі ў гэтую супольнасць не ў выніку свядомага ўзгадаванння з калыскі ў нацыянальным духу. Як правіла, амаль у кожнага з нас быў да беларушчыны свой індывідуальны шлях, часта нестандартны і ўнікальны, і пачыналася ў многіх з перыяду поўнай абыякавасці да ўсяго нацыянальнага (дзясяткі асабістых гісторый былі, напрыклад, сабраныя і апублікаваныя дзесяць гадоў таму ў рамках дакументальнага праекта «Як я стаў беларусам»).

Хтосьці шлях да беларушчыны прайшоў у раннім узросце, хтосьці ўжо ў вельмі сталым. Кагосьці прывялі за руку сустрэтыя ў патрэбны час маральныя аўтарытэты, а хтосьці прыйшоў да ўсяго гэтага самастойна. У кагосьці быў рэзкі штуршок, а нехта гадамі рэфлексаваў і сумняваўся, прыходзіў, адыходзіў і вяртаўся. Галоўнае – што выбар гэты амаль заўсёды індывідуальны. Большасць ранейшага атачэння такіх людзей (сям’я, сябры, аднакласнікі, аднакурснікі, калегі па працы і г. д.) звычайна разам з імі нікуды не рухаюцца, застаюцца ў тым «нармальным» для Беларусі свеце, дзе нічога гэтага проста няма, прынамсі на адлегласці непасрэднай бачнасці. А нечаканы выбар сваяка, сябра ці знаёмага ўспрымаецца як дзівацтва, і добра калі бяскрыўднае.

Разуменне і прыняцце гэтага кроку добра калі адбываецца пазней.

Наш трыумвірат і ягонае найбліжэйшае атачэнне – несумненна з той звычайнай беларускай большасці.

І менавіта цяпер для іх, магчыма, якраз і адбываецца адкрыццё гэтага незнаёмага раней свету. Пераход з такой сітуацыі, калі, як сказаў Квяткоўскі, «проста няма гэтага ў галаве зараз», да такой, калі ўжо нешта ёсць.

Галоўнае – у «новай апазіцыі» нарэшце з’явілася разуменне, што займаючыся ў Беларусі палітыкай, нацыянальныя пытанні зусім абысці маўчаннем складана.

І што прыхільнікі нацыянальных каштоўнасцяў у цяперашняй сітуацыі – не праціўнікі і тым больш не ворагі, а натуральныя саюзнікі. Бо мала хто за 26 гадоў нязменнага кіравання быў пакрыўджаны лукашэнкаўскім рэжымам больш, чым яны. І мала хто мае больш падстаў жадаць ягонага краху як дзеля маральных, так і практычных меркаванняў.

Зусім не факт, што гэты шлях, па якому пайшлі Святлана Ціханоўская і яе паплечнікі, прывядзе іх у рэшце рэшт да поспеху. Але несумненна тое, што з нашага боку на дадзеным этапе гэты рух трэба вітаць, а калі крытыкаваць – то канструктыўна. Бо да нацыянальных каштоўнасцяў не толькі прыходзяць, але ў іх і расчароўваюцца, у тым ліку і праз расчараванне ў людзях, якія з імі асацыююцца. Пра гэта, калі захацець, таксама можна сабраць і апублікаваць сотні асабістых гісторый.

Вам можа спадабацца