Рэспубліканскі штаб пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: нядоўгае жыццё пазаканстытуцыйнага органа

Гісторыя

Рэспубліканскі штаб пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: нядоўгае жыццё пазаканстытуцыйнага органа

З вуснаў Аляксандра Лукашэнкі неаднаразова прыходзілася чуць, як цяжка жылося ў дзевяностыя гады і якія надзвычайныя і рашучыя захады трэба было ўводзіць, каб выправіць становішча. Многія, асабліва маладое пакаленне, успрымаюць такія заявы з ладнай доляй скептыцызму, а словы Лукашэнкі пра «муку на тры дні» і ўвогуле сталі своеасаблівым мемам. Але, як кажуць, у кожным жарце ёсць доля праўды. У сувязі з гэты варта нагадаць эпізод, калі рэжым стварыў не прапісаны Канстытуцыяй дзяржаўны орган, каб “цвёрдай рукой” навесці парадак у эканоміцы.

11 лістапада 1998 распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі пад №317-рп быў створаны Рэспубліканскі штаб пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэтая структура прызначалася для пераадолення крызісных з’яваў у эканоміцы. Штаб узначаліў тагачасны кіраўнік прэзідэнцкай Адміністрацыі Міхаіл Мясніковіч. У склад штаба ўвайшоў шэраг высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў: генеральны пракурор Алег Бажэлка, старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Уладзімір Бойка, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Мікалай Дамашкевіч, прэм’ер-міністр Сяргей Лінг, начальнік галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі, старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч, старшыня Вярхоўнага Суда Валянцін Сукала, дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман.

З’яўленне "рэспубліканскага штаба" было абумоўлена праблемамі на спажывецкім рынку, у тым ліку рэзкім ростам спажывецкіх цэнаў, які так і не змог спыніць прэзідэнцкі дэкрэт №15 «Аб неадкладных захадах аб абароне спажывецкага рынку» ад 4 верасня 1998 года.

Яго рашэнні абвяшчаліся абавязковымі для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі на тэрыторыі Беларусі.

Такая крытычная сітуацыя была выклікана не толькі наступствамі расійскага дэфолту (жнівень 1998), які балюча ўдарыў па Беларусі, але і крахам бягучай эканамічнай палітыкі ўладаў. З пачатку года тыя ўвялі абмежаванне максімальнага росту спажывецкіх цэнаў (не больш 2% у месяц), дазволілі пагашаць запазычанасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў без налічэння пені, крэдытаваць банкам сельскагаспадарчыя прадпрыемствы па працэнтнай стаўцы ў памеры да паловы стаўкі рэфінансавання Нацбанка, а таксама рэалізоўваць нерэзідэнтам Рэспублікі Беларусь тавары і аказваць ім паслугі толькі за замежную валюту (пры гэты ў пералік тавараў трапілі не толькі нафта і нафтапрадукты, але і мяса, яйкі, гародніна, алей і г.д.). Да таго ж, 20 сакавіка 1998 года на пасаду старшыні Праўлення Нацыянальнага банка быў прызначаны экс-будаўнік Пётр Пракаповіч. Гэтае прызначэнне сімвалізавала страту галоўным фінансавым рэгулятарам краіны самастойнасці.

У выніку з паліцаў пачалі знікаць прадукты харчавання.

Дэфіцытам у Мінску сталі, напрыклад, яйкі і масла.

Лукашэнка хутка зразумеў, што гэты дэфіцыт — значна небяспечнейшы за мітынгі і ініцыятывы апазіцыі, і пачаў дзейнічаць.

Перад новаспечаным “Рэспубліканскім штабам” Лукашэнка паставіў амбітную задачу: да 1 снежня бягучага (1998) года цалкам нармалізаваць працу ўсіх галінаў эканомікі і насыціць спажывецкі рынак. Акрамя таго, “Рэспубліканскі штаб” заняўся і цэнаўтварэннем, выплатай заробкаў і сацыяльнай абаронай насельніцтва, валютным і фінансавым рэгуляваннем, у тым ліку рэгуляваннем абменнага курсу беларускага рубля.

Былі прызначаны ўпаўнаважаныя па абласцях і Мінску. Так, у Брэсцкую вобласць адкамандзіравалі кіраўніка справамі прэзідэнта Івана Ціцянкова, у Віцебскую — Мікалая Дамашкевіча, у Гродзенскую — намесніка прэм’ер-міністра Леаніда Козіка, у Гомельскую — міністра сувязі Уладзіміра Ганчарэнку, у Мінскую — Сяргея Лінга, у Магілёўскую — намесніка прэм’ер-міністра Аляксандра Папкова. Кантраляваць сітуацыю ў Мінску павінен быў Міхаіл Мясніковіч.

Ужо праз два дні пасля свайго стварэння “Рэспубліканскі штаб” прадаставіў план працы на тыдзень. Так, 13 лістапада на паседжанні штаба з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Валерыя Кокарава павінна было абмяркоўвацца пытанне аб працы прамысловасці і захадах па забеспячэнні яе ўстойлівага функцыянавання. 16 лістапада Пётр Пракаповіч дакладваў пра рэгуляванне цэнаў і палітыку абменнага курсу беларускага рубля. 18 лістапада аб працы праваахоўных органаў і судоў па абороне спажывецкага рынку краіны дакладаў інфармаваў Віктар Шэйман. 20 лістапада па пытаннях забеспячэння аптэк і лячэбных устаноў неабходнымі лекавымі сродкамі і медыцынскім абсталяваннем выступіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Замяталін.

Падчас прамовы 24 лістапада 1998 года на кандытарскай фабрыцы «Слодыч» сам Лукашэнка заявіў, што недахоп тавараў і падвышэнне цэнаў выкліканы расійскім крызісам і штучным ажыятажам, асабліва ў прыгранічных раёнах.

Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання мінскай кандытэрскай фабрыкі «Слодыч». Лістапад 1998 года. Крыніца: «Советская Белоруссия».

Лукашэнку асабліва абурыла істотнае (амаль у два разы) падаражанне гарэлкі. Лукашэнка абвінаваціў у гэтым урад, якому «ряд директоров выкрутил руки», і ён зладзіў міністру гандлю Пятру Казлову сапраўдны разнос. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нікому не дазволена нажываць палітычны капітал на недахопе тавараў і папярэдзіў аб недапушчальнасці вулічных пратэстаў.

Адным з метадаў працы Рэспубліканскага штаба стаў сталі непасрэдныя візіты яго членаў у гандлёвыя ўстановы сталіцы і рэгіёнаў. Амаль кожны раз вынікам такіх візітаў былі абвінавачванні іх дырэктарату ў безгаспадарчасці. Напрыклад, сам Мясніковіч у пачатку снежня 1998 года наведаў сталічны ўніверсам «Фрунзенскі», дзе абрынуўся з крытыкай на яго кіраўніцтва. А ўжо 7 снежня праца ўстаноў гандлю Фрунзенскага раёна сталіцы абмяркоўвалася на спецыяльным паседжанні Мінгарвыканкома, дзе асобныя кіраўнікі былі папярэджаныя аб персанальнай адказнасці.

Справа не заўсёды абмяжоўвалася папярэджаннямі. Так, праўладныя СМІ паведамлялі, што за снежань 1998 года ў Мінску пяць кіраўнікаў гандлёвых прадпрыемстваў былі пазбаўленыя сваіх пасадаў, а ў чатырнаццаці такіх прадпрыемстваў былі скасаваныя ліцэнзіі на рознічны гандаль.

Ахвярамі «навядзення парадку» станавіліся і буйныя чыноўнікі. Так, 2 снежня 1998 года са сваёй пасады быў вызвалены міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Шакола, які не пратрымаўся і года. Крыніцы, блізкія да прэзідэнцкіх структураў паведамлялі, што прычынай для адстаўкі Шаколы стала яго інтэрв’ю карэспандэнту «Советской Белоруссии» Людміле Маслюковай пад назвай «Если зарезать кур, несущих яйца, то на потом останется суп с котом». У інтэрв’ю Шакола неасцярожна прапанаваў зраўнаваць з расійскімі айчынныя цэны на шэраг прадуктаў харчавання, што ў перспектыве азначала ўдар па кішэні шараговага беларускага спажыўца.

У пастанове Рэспубліканскага штаба №12 «Аб працы харчовай прамысловасці» ад 4 снежня 1998 года адзначалася нездавальняючая дзейнасць на спажывецкім рынку краіны канцэрна «Белдзяржхарчпром». Харчоваму гіганту закідваліся, у тым ліку, «инертность и безынициативность», «снижение объемов производства». У пастанове прапаноўвалася «рассмотреть вопрос использования В.В. Каштанова (кіраўніка канцэрну) на занимаемой должности».

Калі паглядзець на Рэспубліканскі штаб з прававога пункту погляду, то гэта — класічны прыклад стварэння пазаканстытуцыйнага надзвычайнага органа прамога прэзідэнцкага кіравання і апрабацыі практыкі вырашэння эканамічных праблемаў метадам дысцыплінарнага застрашвання чыноўнікаў.

Стварэнне Рэспубліканскага штаба зрабіла Савет Мінстраў фактычным прыдаткам Адміністрацыі прэзідэнта, а кіраўнік штаба атрымаў большыя паўнамоцтвы, чым у прэм’ер-міністра.

Дзейнасць Рэспубліканскага штаба была нядоўгай. І хаця нарматыўныя акты аб яго роспуску адсутнічаюць, тым не менш, з пачатку лета 1999 года гэтая структура амаль не ўпамінаецца ў сродках масавай інфармацыі.

Сітуацыя на беларускім спажывецкім рынку больш-менш нармалізавалася

Вядома, што гісторыя паўтараецца часта ў выглядзе фарса. Таму калі пасля выбараў эканамічная сітуацыя ў краіне рэзка пагоршыцца беспрэцэдэнтна, не выключана, што рэжым створыць падобны "штаб", як гэта было ў далёкім 1998-м.

Вам можа спадабацца