«Ничто на земле не проходит бесследно». Сталічны мітынг у падтрымку Лукашэнку (нядзеля, 16 жніўня)

Палітыка

«Ничто на земле не проходит бесследно». Сталічны мітынг у падтрымку Лукашэнку (нядзеля, 16 жніўня)

Сёлета да масавых пратэстаў супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі ўсе ўжо прывыклі, а вось мітынгі ў падтрымку ўлады ўспрымаюцца як пэўная экзотыка. Таму я, даведаўшыся, што ў нядзелю 16 жніўня на менскай плошчы Незалежнасці адбудзецца мітынг у падтрымку Лукашэнкі з яго асабістым удзелам, без ваганняў вырашыў пабываць на ім.

Калі Лукашэнку спатрэбіўся такі мітынг, значыць, ён сам адчувае хісткасць свайго становішча. Аўтарытарныя кіраўнікі толькі ў разе крайняй патрэбы карыстаюцца такім прыёмам. Дастаткова прыгадаць мітынг у канцы снежня 1989 года ў Бухарэсце з удзелам румынскага дыктатара Мікалае Чаўшэску і яго жонкі Алены…

… Да праўладных мітынгоўцаў на вуліцы Свердлава каля будынку факультэту эканомікі «наргаса» я далучыўся недзе а палове другой.

Удзельнікі праўладнага мітынгу накіроўваюцца на пл. Незалежнасці.

Праз хвілінаў дзесяць без якіх-небудзь праблемаў трапіў на плошчу Незалежнасці. Аніякіх прапускоў ці металашукальнікаў не было. Праўда, не было і мабільнага інтэрнета. Каля Чырвонага касцёла стаяла гукаўзмацняльная тэхніка.

Адзін з плакатаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.

Маладая дзяўчына заклікала прысутных не дапусціць беларускага Майдана, і даводзіла, што Захад нібыта ўклаў у дэстабілізацыію Беларусі 1 млрд. даляраў. Гэта выступала адна з сёстраў Груздзевых — гарачых прыхільніц Лукашэнкі.

Дзяўчына прызналася, што ёй «с сестренкой часто снятся вещие сны»:

«Мне приснилось, что у себя в комнате я увидела двадцатилетней давности утюг, раскаленный донельзя. И этим утюгом я хотела погладить свой любимый бант. Но я знаю, что если его погладить таким утюгом, то на нём будет дыра. И когда я начала гладить, температура в утюге стала нормальной. Я погладила бант, и он стал лучше прежнего».

Значыць, рэзюмавала Груздзева, усё для нас скончыцца добра.

Пасля мелі слова прадстаўнікі «афганцаў», медыкаў, аграрнікаў з Гродзеншчыны. Яны хвалілі нашу медыцыну і сельскую гаспадарку.

Удзельніца мітынгу.

Па-свойму «разаграваў» публіку і вядомы праўладны журналіст, цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тэнгіз Думбадзэ (дзіўна, што адсутнічаў Лукашэнкаў любімчык Ігар Марзалюк). Тунгіз Шукрыевіч пазіцыянаваў сябе ў якасці чалавека, які асвятляў дванаццаць лакальных канфліктах і ведае, што нічога няма горшага за грамадзянскую вайну. Ад сябе дадам, што журналісцкая кар’ера Думбадзэ пайшла імкліва ўверх пасля таго, як ён ў праграме «Тэлемост-95» напярэдадні рэферэндуму 14 мая пранікнёна апавядаў пра мірную Беларусь, расчуліўшы да слёзаў самога Лукашэнку.

Тенгіз Думбадзэ (у белай кашулі ў палоску).

Арганізатары акцыі імкнуліся праявіць вынаходлівасць і крэатыўнасць. Пасля Думбадзе дзяўчынка Вета праспявала куплет з песні Аляксандра Градскага «Ничто на земле не проходит бесследно».

На мітынгу быў заўважаны былы віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы (падае руку для поціску).

Аднак галоўным выступоўцам на мітынгу быў Лукашэнка. Ён выйшаў на публіку з Дому ўраду неўзабаве пасля другой з малодшым сынам Мікалаем, які ў цёмным гарнітуры і чорных акулярах быў падобны да супрацоўніка прэзідэнцкай службы бяспекі.

Перад пачаткам уласнага выступу Лукашэнка ўжыў паліттэхналагічны прыём: зняў з сябе пінжак, г.зн. запрасіў публіку да шчырай размовы.

Цалкам Лукашэнкаву прамову пераказваць наўрад ці варта: пры жаданні яе можна знайсці ў інтэрнэце. Калі коратка, то гэтая прамова не была арыгінальнай. Напрыклад, ужо ў якія раз Лукашэнка гаварыў пра пра “ліхія дзевяностыя”, калі ў краіне дзейнічалі ажно трыццаць дзве ўзброеныя банды. А выразы на адрас палітычных апанентаў накшталт «дрянь», «крысы», «бандиты» і г.д. сведчылі, што іх аўтар не пойдзе на кампрамісы.

Тыя, хто стаяў наперадзе, падчас выступу Лукашэнкі гучна скандавалі ў яго падтрымку. Хутчэй за ўсё, гэта была спецыяльна падтрыхтаваная група.

Пасля Лукашэнкі перад прысутнымі, над якімі луналі самыя розныя сцягі (камуністаў, «Белай Русі», абласных цэнтраў, пагранічнай службы і нават СССР) з’явіўся кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, які зачытаў рэзалюцыю мітынгу.

Сцягі над мітынгам.

Яна ад пачатку і да канца была накіравана супраць удзельнікаў пратэстаў, «крикунов» і «авантюристов».

Магілёўшчына — за "бацьку" Лукашэнку.

Пасля заканчэння мітынгу ўключылі вясёлую эстрадную музыку. Аднак танчыць на пякучым сонцы не пажадаў амаль ніхто. Іншагароднія дэлегацыі хуценька пабеглі да сваіх аўтобусаў, прыхопліваючы па дарозе бутэлькі пітной вады.

Фота на развітанне.

На праспекце ўдзельнікі праўладнага мітынгу ўступалі ў перапалкі з людзьмі пад бел-чырвона-белымі сцягамі і гучна выказвалі ўдзячнасць міліцыянерам і амапаўцам.

Вось так сустракалі ўдзельнікаў мітынгу.

З боку праспекта Незалежнасці праход да Дома ффіцэраў быў блакаваны, а знакамітую «панікоўку» ахоўвалі ўзброеныя салдаты са службовымі сабакамі.

Вам можа спадабацца