Ці зліваюць Лукашэнку, або Рэвалюцыя ў час пандэміі

Палітыка

Ці зліваюць Лукашэнку, або Рэвалюцыя ў час пандэміі

16 жніўня 2020 года надоўга запомняць сотні тысяч беларусаў – як тыя, хто браў удзел у мерапрыемствах, якія ахапілі ўсю краіну, так і тыя, хто назіраў за імі дзякуючы інтэрнэту. Для ўсіх гэтых людзей той дзень стаў Святам, якое ўпершыню ў ХХІ стагоддзі бел-чырвона-белай повяззю паяднала, згуртавала беларусаў, паказала, што мы ёсць народ.

І гэта пабачыў увесь свет, здзіўлены тым, як такое ўвогуле магчыма ў час пандэміі.

Для мяне ж гэта дзень, калі нязменны і нязменены лідар на ўласныя вочы мог пераканацца, што на мітынгу ў яго падтрымку, на які звозілі людзей з усёй краіны, было меней людзей, чым тых, хто ў той жа дзень патрабаваў яго сыходу. Гэта быў свайго роду момант ісціны, які нашмат лепш адлюстроўвае стан рэчаў, чым сацыялагічныя апытанні аналітычных цэнтраў, якія малявалі рэйтынг у 72,3%, не кажучы ўжо пра вынікі выбараў, агучаныя Цэнтравыбаркамам.

Інтанацыя і папулізм у гэты раз асабліва моцна выдавалі заклапочанасць Лукашэнкі, праз якую праступаў страх, ды настолькі, што ён упершыню загаварыў пра гатоўнасць стаць на калені.

Але ў мяне не было ні кроплі сумнення, што сама прамова была працягам выступлення ад 4 жніўня, слухаючы якую мяне не пакідала адно адчуванне: Лукашэнку проста зліваюць.

Бо як яшчэ патлумачыць тую колькасць памылак у лёсавызначальны час?

Відавочна, што не ўсім у сістэме падабаецца ілюзія стабільнасці і завязанасць на адну асобу. Урэшце, набраныя за 26 гадоў праблемы паставілі пад пагрозу існаванне ўсёй вертыкалі.

А. Лукашэнка меў магчымасць правесці прэзідэнцкія выбары або замест парламенцкіх у 2019 годзе, або ў зімова-вясновае акенца, да каранавірусных “поспехаў” і супрацьстаяння з Пуцінам, які для таго, каб заставацца пры ўладзе, быў вымушаны пайсці на абнуленне тэрмінаў.

Можна было нейк абыграць канстытуцыйную рэформу або звярнуцца да досведу Казахстана па транзіту ўлады.

Але ў выніку нічога не было зроблена.

Таму нядзіўна, што сёння лозунг “Уходи!” лейтматывам праходзіць праз усе акцыі, у тым ліку там, дзе яны ўяўляюць найбольшую пагрозу для дзеючага рэжыму – у працоўных калектывах. Пры чым менавіта палітычны лозунг з’яўляецца ключавым.

Гэта заканамерна для сістэмы, у якой усё вырашае адзін чалавек.

Чаму пры наяўнасці разнастайных варыянтаў А. Лукашэнка так і не зрабіў нічога? Няўжо ўладныя эксперты і аналітыкі не паведамлялі пра рызыкі, да якіх прыводзіць адцягванне непазбежнага – сыходу ад улады? Што тут было прычынай: самаўпэўненасць, некампетэнтная аналітыка, прызначаная для ўнутранага заспакаення, мэтанакіраваны сабатаж?

Да дыскрэдытацыі вобраза “Бацькі” спрычынілася існуючая сістэма дзяржаўных СМІ, перш за ўсё афіцыйнае тэлебачанне, якое стварыла адцэнзураваны вобраз Беларусі. У сістэме не знайшлося тых, хто б зрабіў Лукашэнку заўвагу з нагоды яго выказванняў, з якіх смяяліся на ўсім свеце. А смех – першы крок да пераадолення страху.

Канчаткова скаціўшыся да непрыхаванай прапаганды, тэлебачанне захавала давер хіба толькі ў старых. Як у такіх абставінах можна было разлічваць, што пры адключаным інтэрнэце зноў вернецца давер? Сітуацыю маглі б выправіць афіляваныя з дзяржавай блогеры і тэлеграмканалы ды іншыя новыя СМІ, якія б набіралі папулярнасць за кошт крытыкі працы дзяржсістэмы на месцах. Але нават таго не было зроблена.

І якраз дзякуючы асвятленню праблем на лакальным узроўні набраў папулярнасць канал Сяргея Ціханоўскага “Страна для жизни”.

Адным з вынікаў фільтравання інтэрнэту ўладамі (нагадаем, была пакінута магчымасць для выкрыстання vpn-праграм, у тым ліку Psiphon) быў тыднёвы рост аўдыторыі тэлеграм-канала Nexta да 2 млн. карыстальнікаў.

Гэты канал зрабіўся ключавым і для далейшай арганізацыі пратэстаў, якія хутка адмовіліся ад радыкалізацыі і перайшлі ў фармат мірных масавых акцый.

У той самы час афіцыйныя СМІ працавалі ў райнешым рэжыме, даючы цэнзураваную інфармацыі пра малалікія выступленні радыкалаў, падбухтораных правакатарамі.

Такія паведамленні не выклікалі даверу.

І ўсё ж краіна выбухнула толькі тады, калі быў разбураны вобраз Беларусі як “выспы бяспекі і стабільнасці”. Менавіта звесткі пра зверствы 9-11 жніўня сталі пускавым механізмам для масавага ўздыму.

Былы міністр МУС Шуневіч не дарма фарсіў на афіцыйных мерапрыемствах у форме афіцэра НКУС: грамадства адчула, што АМАП выкарыстоўвае прыёмы з арсеналу чэкістаў падчас сталінскіх чыстак.

Стыхійнае ўшанаванне месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.

Таму сёння абстрактных выбачэнняў без канкрэтных дзеянняў у адносінах да катаў недастаткова. Недастаткова і заяў, што разбірацца будуць пасля, калі ўсё сціхне. “Калі ўсё сціхне”, мяркую, будуць разбірацца зусім з іншым.

Увогуле жорсткі разгон выступленняў 9-11 жніўня не паддаецца ніякай логіцы. Мы так і не даведаемся, як хутка спаў бы запал дэманстрантаў, калі б АМАП проста іх праігнараваў і выконваў задачу па недапушчэнні злучэння груп пратэстуючых у адну, не дапускаючы перамяшчэння да цэнтру Мінска.

Метады працы Цэнтравыбаркаму на чале з Л. Ярмошынай паўтаралі практыку парламенцкай кампаніі 2019 года, і гэта дазволіла выпрацаваць контрдзеянні, якімі стала з’яўленне платформы “Голас”.

Найбольшы ж пралік уладаў – гэта, на фоне нерэгістрацыі В. Бабарыкі і В. Цапкалы, уключэнне ў спіс кандыдатаў Святланы Ціханоўскай, якую элементарна недаацанілі ні як асобу, ні як сімвал, у які яна ўжо ператваралася. І важкую ролю ў гэта ўнесла непасрэдна Лідзія Ярмошына, а таксама спецслужбы, якія ажыццявілі нязграбнае затрыманне Сяргея Ціханоўскага ў Гродне.

За апошнія месяцы колькасць памылак дзяржаўнай сістэмы толькі павялічвалася. Урэшце пралікі вышэйшага кіраўніцтва пры адсутнасці дыялогу з грамадствам выліліся ў масавыя пратэсты.

Ці ёсць з гэтага выйсце?

Так, гэта адмена вынікаў выбараў, і новыя выбары. Але, відавочна на гэты крок не пайдзе чалавек, які публічна заяўляе: “Пакуль вы мяне не заб’яце, іншых выбараў не будзе”.

Вам можа спадабацца