Як бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным: верасень, 1991

Гісторыя

Як бел-чырвона-белы сцяг стаў дзяржаўным: верасень, 1991

Заўчора на сайце «Нашай нівы» з’явіўся тэкст  вядомага гісторыка, дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання Валянціна Голубева. На хвалі падзеяў, выкліканых прэзідэнцкімі выбарамі, аўтар вырашыў прыгадаць грамадскасці цікавы факт, звязаны з наданнем бел-чырвона-беламу сцягу і «Пагоні» статусу дзяржаўных сімвалаў.

Гаворка ідзе пра пастанову Вучонага савета Інстытута гісторыі Акадэміі навук ад 12 верасня 1991 года. У ёй Вучоны Савет Інстытута прапанаваў зацвердзіць бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» у якасці дзяржаўных сімвалаў. Спадар Голубеў даслоўна цытуе тэкст пастановы, якая, дарэчы, стала вядома шырокай публіцы толькі праз пэўны час: яна і была апублікавана ў лютым 1995 год на старонках органа Вярхоўнага Савета «Народнай газеты». Тады вучоныя мужы-гісторыкі, занепакоеныя рашучасцю новаспечанага прэзідэнта Лукашэнкі змяніць дзяржаўную сімволіку з дапамогай рэферэндуму, даслалі для публікацыі тэкст пастановы галоўнаму рэдактару «Народнай газеты» Іосіфу Сярэдзічу.

Пастанова Вучонага савета Інстытута гісторыі АН Беларусі ад 12 верасня 1991 года // Народная газета. — 1995. — 7 лютага. — С. 1.

Падзяляючы ў цэлым пазіцыю спадара Голубева, хацелася б удакладніць некаторыя моманты, а таксама колькі словаў сказаць на карысць легітымнасці бел-чырвона-белага сцяга, які, у адрозненне ад «Пагоні», цяпер стаў аб’ектам асабліва лютых нападак.

Навуковае абгрунтаванне такой пазіцыі зыходзіць з таго, што бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся ў адзін з вызначальных этапаў гісторыі Беларусі, перад якой ва ўмовах краху Расійскай імперыі востра паўстала праблема самавызначэння.

Аўтарам эскіза такога сцяга ў 1917 г., як мяркуюць вядомыя беларускія гісторыкі, стаў нацыянальна-культурны дзеяч Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Такое палотнішча выконвала ролю дзяржаўнага сцяга часоў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), незалежнасць якой была абвешчана 25 сакавіка 1918 г. Падрабязнае апісанне палотнішча даў адзін з актыўных дзеячаў БНР (Гл.: Ластоўскі В. Што трэба ведаць кожнаму беларусу? // Вольная Беларусь. — 1918. — 11 жніўня.). Гісторыкі зыходзяцца ў тым, што «дзейнасць Рады БНР і Народнага сакратарыяту з’явіліся адным з фактараў, якія паўплывалі на рашэнне абвясціць у студзені 1919 г. Беларускую ССР». (фармулёўка Валянціна Мазца.)

Больш таго, пунктам 3 Маніфеста Часовага Рэвалюцыйнага Рабоча-Сялянскага Савецкага Ўрада Беларусі ад 1 студзеня 1919 г. «Белорусская Рада с её так называемыми народными министрами» абвяшчалася «вне закона», а, паводле пункта 4 таго ж Маніфеста, ўсе нарматыўныя прававаыя акты Рады лічыліся «недействительными». У Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1920 г. Найвышэйшая Рада БНР таксама ліквідавалася і «подлежала суду рабоче-крестьянского народа».

Такія пункты ў гэтых, безумоўна, важных для будаўніцтва БССР дакументах сведчаць пра тое, што бальшавіцкая Расія фактычна прызнала БНР як дзяржаўнае ўтварэнне.

Пры канцы 1980-х у сувязі з працэсамі «перабудовы» бел-чырвона-белы сцяг ізноў з’явіўся на палітычнай авансцэне і быў узяты на ўзбраенне тымі сіламі, якія былі накіраваны на пэўныя (а ў некаторых галінах — і на карэнныя змены) у краіне і грамадстве ((Беларускі Народны Фронт за перабудову «Адраджэнне» і пад.).

Бел-чырвона-белы сцяг хутка становіцца папулярным, асабліва сярод моладзі.

Рэагуючы на гэта тагачасныя ўлады пачалі ідэалагічную кампанію супраць бел-чырвона-белага сцяга, указваючы на тое, што ён выкарыстоўваўся пранацысцкімі калабаранцкімі ўтварэннямі на акупаванай Беларусі. Пачатак кампаніі паклаў артыкул начальніка Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР (Гл.: Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. – 1990. – 25 ноября. – С. 2).

Пазней беларускія гісторыкі даказалі, што афіцыйнага дазволу на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга акупацыйныя ўлады не давалі. Таксама, лічылі яны, няма ніякіх сведчанняў таго, што пад бел-чырвона-белым сцягам ажыццяўляліся карныя аперацыі (Гл.: Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная змена. — 1995. — 20 красавіка. — С. 3).

У перыяд выхаду з СССР і набыцця нацыянальнай незалежнасці перад Беларусссю паўстала пытанне аб новых дзяржаўных сімвалах, у тым ліку і аб сцягу. У органы Вярхоўнага Савета паступалі розныя варыянты сцяга. Аднак беларускія заканадаўцы спынілі свой выбар на бел-чырвона-белым палотнішчы. Гэты выбар быў абумоўлены таксама пазіцыяй аўтарытэтных структур, у прыватнасці, Інстытута гісторыі АН Беларусі, пра што і апавёў спадар Голубеў.

Аднак з бел-чырвона-белым сцягам ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі не ўсё пайшло гладка. Пра гэта сведчыць выпіска з пратакола №12 паседжання бюро Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. З яе бачна: бюро не падтрымала прапанову Вучонага савета Інстытута гісторыі, што дало падставу лідару парламенцкай фракцыі камуністаў Міхаілу Качану заявіць аб падмане дэпутатаў.

Выпіска з пратакола паседжання бюро Адзялення грамадскіх навук АН Беларусі ад 12 верасня 1991 года .

Тым не менш, пазіцыя кіраўніцтва АН БССР па наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага была станоўчай. Так, яе прэзідэнт Уладзімір Платонаў 19 верасня 1991 года ў выступ перад народнымі дэпутатамі назваў гісторыю гісторыю бел-чырвона-белага сцяга «глубочайшей».

Паводле артыкула 97 Канстытуцыі Беларусі 1978 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі 1979 і 1989 гг.) Вярхоўны Савет з’яўляўся вышэйшым і пастаянна дзеючым органам дзяржаўнай улады і мог прыняць да разгляду любое пытанне, якое ўваходзіла ў кампетенцыю рэспублікі.

Пры разглядзе пытання аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага сімвала Вярхоўны Савет вытрымаў усе неабходныя юрыдычныя патрабаванні згодна з дзеючым заканадаўствам таго часу. Таму працэдура зацвярджэння бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўнага сімвала адрозніваецца высокім узроўнем легітымнасці.

Так, артыкул 9 Часовага Рэгламента Вярхоўнага Савета ад 31 мая 1990 г. прадугледжваў, што павестка дня разглядаецца на першым паседжанні Вярхоўнага Савета і зацвярджаецца шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў ад агульнай колькасці дэпутаў, абраных на момант правядзення сесіі.

Пытанне аб дзяржаўных сімвалах у павестцы дня першага паседжання нечарговай шостай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, якая пачала сваю працу 17 верасня 1991 г., фігуравала пад № 5. Пры галасаванні 180 дэпутатаў выказаліся за ўнясенне гэтага пытання ў павестку дня. Супраць прагаласавалі 20 дэпутатаў. Устрымаліся 73 дэпутаты. Усяго галасавалі 273 дэпутаты.

Вярхоўным Саветам былі вытрыманы патрабаванні Раздзелу IV Часовага Рэгламента аб унясенні праектаў законаў у Вярхоўны Савет і аб іх папярэднім разглядзе ў камісіях Вярхоўнага Савета. У якасці галаўной камісіі, якая ініцыявала праект Закона аб дзяржаўным сцягу, выступіла камісія па адукацыі, культуры і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны на чале з дэпутатам Нілам Гілевічам. На паседжанні камісіі 16 верасня 1991 г. толькі адзін з яе дзевятнаццаці членаў (Зянон Ломаць) выказаўся супраць надання бел-чырвона-беламу сцягу дзяржаўнага статуса. Прычым сваю пазіцыю спадар Ломаць патлумачыў тым, што не ведае матэрыялаў.

Праект Закона аб Дзяржаўным сцягу быў разасланы ў дваццаць адну пастаянную камісію Вярхоўнага Савета.

Непасрэднае абмеркаванне пытання пра наданне бел-чырвона-беламу сцягу дзяржаўнага статуса пачалося 19 верасня 1991 г. Артыкул 2 Часовага Рэгламента Вярхоўнага Савета прадугледжваў, што праца Вярхоўнага Савета заснавана на калектыўным, вольным абмеркаванні і вырашэнні пытанняў. Пры абмеркаваніі пытання аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статуса дзяржаўнага сімвала гэты прынцып быў цалкам вытрыманы. Па гэтым пытанні выступілі дэпутаты самых розных палітычных поглядаў: прыхільнікі і праціўнікі бел-чырвона-белага сцяга, у тым ліку і народныя дэпутаты СССР.

Пры гэтым абсалютна не адпавядае рэчаіснасці думка аб тым, што нібыта толькі апазіцыя Беларускага Народнага Фронта настойвала на наданні бел-чырвона-беламу сцягу статуса дзяржаўнага сімвала.

Увогуле 19 верасня 1991 г. па пытанні надання бел-чырвона-беламу сцягу статуса дзяржаўнага сімвала рашэннем Вярхоўнага Савета ў наступным парадку выступілі дэпутаты: Ніл Гілевіч («за»), Алег Трусаў («за»), Валянцін Сарокін («супраць»), Уладзімір Курбаеў («за»), Пётр Пракаповіч («супраць»; выказаў думку наконт таго, каб пытанне аб дзяржаўным сцягу вырашалася шляхам рэферэндуму), Валянцін Голубеў («за»), Міхаіл Жукоўскі («супраць»), Анатоль Лябедзька («за»), Мікалай Сапранецкі («супраць»; выказаў думку наконт таго, каб пытанне аб дзяржаўным сцягу вырашалася шляхам рэферэндуму), Яўген Цумараў («за»), Дзмітрый Булахаў («за»; заявіў, што гісторыя Беларусі пачынаецца не з 1917 г.), Анатоль Вярцінскі («за»), Міхаіл Слямнёў («за»), Аляксандр Лукашэнка («супраць»; прапанаваў вырашыць пытанне аб дзяржаўных сімвалах шляхам прыняцця новай Канстытуцыі), Віталь Малашка («за»), Уладзімір Грыбанаў («за»), Міхаіл Марыніч («супраць»; прапанаваў правесці конкурс на эскіз дзяржаўнага сцяга); Мікалай Дземянцей («супраць»; выказаўся, каб пытанне аб дзяржаўным сцягу вырашалася шляхам рэферэндуму); Уладзімір Кавалёнак («за»; зачытаў тэлеграму сваякоў народнага паэта Якуба Коласа ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга).

У выніку вострых дыскусій дэпутаты па прапанове міністэрства юстыцыі (у асобе намесніка міністра Валянціны Падгрушы) істотна перарабілі Раздзел IX Канстытуцыі Беларусі 1978 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі 1979 і 1989 гг.). У прыватнасці, артыкулы 168 і 169, якія тычыліся падрабязнага апісання Дзяржаўнага сцяга і ўпамінання пра Дзяржаўны гімн адпаведна, былі скасаваны. Артыкул 167, у якім давалася апісанне Дзяржаўнага сцяга часоў БССР, загучаў наступным чынам:

«Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн устанаўліваюцца законам».

Каб зацвердзіць такія змены, трэба было набраць (паводле артыкула 172 гэтай Канстытуцыі) не меней двух трацін галасоў ад агульнай колькасці дэпутатаў. Іншымі словамі, было трэба, каб за гэтыя змены прагаласавала не менш 231 дэпутата. Такая мэта была паспяхова дасягнута. Па пытанні ўнясення зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю (змена артыкула 167 і скасаванне артыкулаў 168 і 169 Канстытуцыі Беларусі 1978 г.) з 236 дэпутатаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, «за» прагаласаваў 231 дэпутат, супраць — 1. Устрымаліся 4 дэпутаты. На заўвагу дэпутата Аляксандра Кузмянкова пра тое, ці правамерна выключаць апісанне Дзяржаўнага сцяга з Канстытуцыі, Дзмітрый Булахаў адказаў станоўча. У большасці краіны, сказаў спадар Булахаў, ідуць шляхам апісання сваіх дзяржаўных сімвалаў у фармаце закона.

Пасля ўнясенняў зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю закон аб Дзяржаўным сцягу можна было прымаць (на падставе пункта 25 Канстытуцыі Беларусі 1978 г.) большасцю галасоў ад агульнай колькасці дэпутатаў.

У выніку з 220 дэпутатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні праект Закона аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь, які ўтрымліваў падрабязнае апісанне бел-чырвона-белага палотнішча, 214 прагаласавалі «за» (пры неабходным кворуме ў 174 галасы), 2 — супраць і яшчэ 4 ўстрымаліся.

Аб высокай палітычнай культуры дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання сведчыць прапанова Івана Герасюка здаць Дзяржаўны сцяг БССР, што вісеў у залі паседжанняў Вярхоўнага Савета, у музей.

Вам можа спадабацца