"Взяли в плен памятник Ленину". Бунт настаўнікаў: лістапад, 1992

Гісторыя

"Взяли в плен памятник Ленину". Бунт настаўнікаў: лістапад, 1992

25 жніўня сталічныя настаўнікі, абураныя словамі Лукашэнкі, што ў школах не павінны працаваць праціўнікі дзяржаўнай ідэалогіі, зладзілі акцыю пратэсту ля будынку міністэрства адукацыі. У сувязі з гэтым варта прыгадаць даўні і цікавы выпадак, калі педагогі ў першы раз масава выйшлі на вуліцы.

Толькі тады прычынай пратэсту сталася не дзяржідэалогія, якой тады не існавала, а заробак.

5 лістапада 1992 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12 склікання зацвердзіў пастанову № 1913-XII «Аб невыкананні Ўрадам Рэспублікі Беларусь пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991 года “Аб увядзенні ў дзеянне закона Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” са змяненнямі, уведзенай пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 1992 года».

У гэтым акце быў раскрытыкаваны парадак фарміравання заработнай платы педагагічных работнікаў (у тым ліку і настаўнікаў сярэдніх школаў). У пастанове, у прыватнасці, канстатавалася, што прапанаваны ўрадам механізм карэкціроўкі заработнай платы педагогаў на аснове параўнання з заработнай платай служачых у прамысловасці за мінулае паўгоддзе пры галапіруючай інфляцыі не працуе.

Паводле пастановы, з 1 верасня 1992 года па 1 студзеня 1992 года разрады і каэфіцыенты педагагічных работнікаў усталёўваліся такім чынам, каб сярэдняя заработная плата, у прыватнасці, настаўнікаў была не менш чым 100% сярэдняй зарплаты служачых у прамысловасці за мінулы квартал. Акрамя таго, настаўнікі павінны былі атрымаць да 1 снежня 1992 года разавую кампенсацыю ў памеры 1400 руб.

Часавыя рамкі пастановы сведчылі аб яе кампрамісным характары. Сама пастанова мела ўласную гісторыю і з’явілася ў выніку супрацьстаяння пэўных палітычных сіл.

29 кастрычніка 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў закон аб адукацыі. Пры гэтым меўся нюанс. Увесь закон уводзіўся ў дзеянне з моманту прыняцця, але некаторыя яго часткі, у прыватнасці, абзац 7 артыкула 34, набывалі юрыдычную моц толькі з 1 верасня 1992 года.

А менавіта гэты абзац і артыкул хвалявалі настаўнікаў больш за ўсё: менавіта тут ішла гаворка пра іх заробак.

23 красавіка 1992 года пад ціскам педагогаў і грамадскасці ў перадапошні дзень дзевятай сесіі Вярхоўны Савет унёс у пастанову № 1203-XII змяненні і дапаўненні, якія гарантавалі ўсталяванне сярэдняй стаўкі сярэдняй заработнай платы настаўнікаў не ніжэй сярэдняй заработнай платы ў прамысловасці.

Аднак 24 верасня 1992 года спецыяльным загадам №587 Савет Міністраў увёў спецыяльныя каэфіцыенты павышэння ставак заработнай платы настаўнікаў.

У выніку, па падліках спецыялістаў, сярэдняя стаўка заработнай платы настаўнікаў складала толькі 51,9% ад сярэдняй заработнай платы прамысловых работнікаў.

Такі крок урад Вячаслава Кебіча патлумачыў адсутнасцю грошай для поўнай рэалізацыі абзаца 7 артыкула 34 закона аб адукацыі.

Абстаноўку распаляла і тое, што Вярхоўны Савет не працаваў амаль паўгода. Да таго ж грамадства было палярызавана праз ініцыятыву БНФ аб правядзенні агульнарэспубліканскага рэферэндуму аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета і правядзенні новых выбараў.

Таму не дзіўна, што адказ педагогаў не прымусіў доўга чакаць. 29 кастрычніка 1992 года (на дзявяты дзень працы чарговай дзесятай сесіі Вярхоўнага Савета) у экстраным парадку быў скліканы пазачарговы IV пленум Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. На пленуме былі прыняты ультыматыўныя патрабаванні да Савета Міністраў аб неадкладнай рэалізацыі палажэнняў закона аб адукацыі, датычных заработнай платы настаўнікаў.

У выпадку невыканання патрабаванняў пленум заявіў аб гатоўнасці да актыўных дзеянняў.

Пазіцыю прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі падтрымала Федэрацыя прафсаюзаў, якой тады кіраваў Уладзімір Ганчарык.

Радыкальная частка членаў прафсаюза падала заяву ў Мінскі гарвыканкам аб правядзенні ажно дзвюх акцый: марша маўчання і пікетавання паседжання сесіі Вярхоўнага Савета.

Сталічныя ўлады далі дазвол толькі на пікетаванне.

30 кастрычніка 1992 года дэпутаты Вярхоўнага Савета вымушаны былі разгледзець настаўніцкую праблему. Абмеркаванне праходзіла бурна.

Так, дэпутат Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў ва ўсіх бедах педагогаў міністра асветы Віктара Гайсёнка і старшыню пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Ніла Гілевіча.

Лукашэнка прапанаваў даць тыднёвы тэрмін, каб гэтыя асобы далажылі парламенту, што было зроблена ў сферы вызначэння і карэкціроўкі настаўніцкіх заробкаў.

На паседжанне сесіі 30 кастрычніка была запрошаная і кіраўнік прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Чобатава. Дваццаць народных дэпутатаў падпісаліся пад тым, каб даць ёй слова. Аднак большасць іх калегаў не падтрымала такую ініцыятыву. Адмовіліся дэпутаты і ад прамой радыятрансляцыі паседжання сесіі: «за» прагаласавалі толькі 103 дэпутаты.

На абмеркаванне былі вынесены два праекта пастановы. У першым, распрацаваным Саўмінам, заработную плату настаўнікаў прадугледжвалася падвышаць у залежнасці ад росту зарплаты ў прамысловасці. У другім праекце, прапанаваным камісіяй Гілевіча, меркавалася зыходзіць ад сярэдняй стаўкі заработнай платы. У выпадку адабрэння саўмінаўскага праекта зарплата настаўніка магла сягаць да 11-12 тыс. руб. у месяц, у другім жа выпадку яна была б, як мінімум,у паўтара разу вышэйшая.

Сваю прамову Ніл Гілевіч пачаў з анекдота: вось едзе хтосьці на ровары, у гумовых ботах і старым адзенні. Хто гэта? Настаўнік.

Гілевіч звярнуўся да дэпутатаў з просьбай падтрымаць праект пастановы камісіі.

Намеснік жа старшыні Савета Міністраў Сяргей Лінг заклікаў дэпутатаў зняць ружовыя акуляры. Па яго словах, калі прыняць прапанову камісіі Гілевіча, то ў бюджэце давядзецца выплачвацца штомесяц 2,6 млрд. рублёў — з улікам таго, што большасць настаўнікаў працуе на паўтары стаўкі. Літаральна ўжо заўтра, казаў Лінг, давядзецца падвышаць рознічныя цэны (з ім пагадзіўся дэпутат Лукашэнка, які заявіў, што падвышаць давядзецца «в страшных размерах») і падаткі, бо такіх грошай у дзяржавы проста няма.

«Дырка от бублика больше, чем сам бублик!» — патэтычна ўсклікнуў Сяргей Сцяпанавіч Лінг.

Шэраг дэпутатаў, у прыватнасці, прадстаўнік парламенцкай апазіцыі БНФ Уладзімір Заблоцкі, заклікалі паглядзець на праблему глыбей. Дадатковыя фінансы для настаўнікаў, казаў Заблоцкі, маглі б быць атрыманыя ад прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці, але пры адсутнасці належнай заканадаўчай базы гэта немагчыма.

Тым не менш, словы Лінга паўплывалі на парламентарыяў. Праект пастановы Саўміна атрымаў 204 галасы «за», а праект пастановы камісіі Гілевіча — толькі 72.

Прыняўшы такую пастанову, дэпутаты палічылі, што рашылі праблему. Таму на наступным паседжаніі сесіі 3 лістапада 1992 года яны пачалі разглядаць пытанне аб вайсковай дактрыне.

Гэта настолькі абурыла настаўнікаў, што яны, не чакаючы 5 лістапада, стыхійна сабраліся ля Дома Ўрада, перакрылі рух і, па словах дэпутата Лукашэнкі, «взяли в плен памятник Ленину».

Удзельнікі мітынгу патрабавалі перамоваў з адказнымі асобамі, але да іх ніхто не выйшаў.

На наступны дзень, 4 лістапада, на плошчы Незалежнасці па самых сціплых падліках сабралася каля 12 тыс. чалавек.

Настаўнікі на мітынгу ў Мінску на пл. Незалежнасці 4 лістапада 1992 года.

Быў створаны Савет па каардынацыі страйкавага руху ў педагагічных калектывах на чале з Чобатавай. Шматлікасці ўдзелькаў мітынгу паспрыялі школьныя канікулы. У прэсе з’явілася інфармацыя аб намеры настаўнікаў правесці агульнарэспубліканскі страйк. Мітынгоўцаў не супакоілі нават перамовы з Гайсёнкам, Гілевічам і намеснікам старшыні Савета Міністраў Міхаілам Дземчуком.

Удзельнікі мітынгу ў Мінску на пл. Незалежнасці 4 лістапада 1992 года.

Пры гэтым праваахоўнікі і атрады міліцыі асобага прызначэння паводзілі сябе карэктна.

Своеасаблівае агульнае крэда мітынгоўцаў выказала настаўніца сталічнай сярэдняй школы №133 Л.Д. Заміралава:

«Працую ў школе 33 гады, але ніколі не было так цяжка: ні маральна, ні матэрыяльна. Раней на сваю настаўніцкую зарплату я магла нават на поўзень з’ездзіць, а зараз нават на жыццё не хапае. Нам сорамна стаяць на праезнай частцы, але хай даруе народ: іншага спосабу звярнуць увагу ўлады мы не бачым».

Дэпутаты былі вымушаныя ізноў вярнуцца да пытання настаўніцкага заробку. Так, дэпутат Лукашэнка дамогся таго, каб на галасаванне паставілі дзве яго прапановы: вызваліць з пасады за невыкананне закона аб адукацыі ў частцы павышэння заробку педагагічным работнікам Гайсёнка і строга папярэдзіць з-за адсутнасць кантролю за выкананнем закона Гілевіча. Калі першая прапанова набрала 44 галасы, то другая — 53.

Выйсце са складанай сітуацыі прапанаваў старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве Дзмітрый Булахаў. Менавіта дзякуючы яму з’явіўся варыянт пастановы, паводле якой зарплата настаўнікаў заканадаўча ўраўноўвалася з заробкам у прамысловасці, хай і на часовы тэрмін.

Суцішэнню пратэстных настрояў, безумоўна, паспрыяла і разавая кампенсацыйная выплата ў 1400 руб.

Вам можа спадабацца