Падарваная легітымнасць

Меркаваньні

Падарваная легітымнасць

«Войско взбунтовалось! Говорят, царь – ненастоящий!».

З фільму «Иван Васильевич меняет профессию».

Наўрад ці хто сумняецца, што пасля 9 жніўня 2020 года Аляксандр Лукашэнка страціў неабходную для дзейнага прэзідэнта Беларусі легітымнасць як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Адсутнасць легітымнасці азначае, што Лукашэнка незаконна захоўвае ў сваіх руках уладу. І гэта не "варожая" выдумка, як спрабуюць сцвярджаць улады, – гэтае меркаванне падзяляюць палітыкі і вядомыя юрысты пераважнай большасці еўрапейскіх краін.

Так, услед за Польшчай, Літвой, Латвіяй і іншымі краінамі не прызнала вынікі беларускіх выбараў і Украіна.

Але кажучы пра страту Аляксандрам Лукашэнкам легітымнасці з 9 жніўня 2020 года, мы чамусьці не задумваемся: а ці валодаў ёю дзеючы прэзідэнт да гэтай фатальнай для яго даты?

Паспрабуем разабрацца.
Паколькі ў нас не манархія і ўлада не перадаецца ў спадчыну, то вырашальную ролю ў працэсе стварэння легітымнасці адыгрываюць выбары. Палітык, які імкнецца атрымаць уладу або захаваць у сваіх руках яе рычагі, павінен удзельнічаць у выбарах і атрымаць на іх перамогу.

У дэмакратычнай краіне свабодныя і празрыстыя выбары – гэта аснова, падмурак легітымнасці.
Аднак нярэдка, атрымаўшы ўладу, правіцель хоча пераабрацца на чарговы тэрмін, але разумее, што можа і не перамагчы сваіх сапернікаў на сумленных і справядлівых выбарах. Таму ён пачынае рыхтавацца да выбараў загадзя, каб атрымаць пажаданы вынік. Асабліва калі хоча быць выбраным яшчэ і на трэці, чацвёрты і г.д. тэрміны. Менавіта так было і ў нашай краіне.
Як вядома, праводзяць выбары выбарчыя камісіі: участковыя, раённыя, гарадскія, абласныя і Цэнтральная. Не сакрэт, што ў Беларусі вырашальную ролю ў вызначэнні складу ўчастковых выбарчых камісій адыгрываюць старшыні райвыканкамаў і кіраўнікі адміністрацый у гарадах з раённым дзяленнем, асабліва калі гаворка заходзіць пра старшыняў і сакратароў камісій. Акурат гэтыя камісіі маюць вырашальную ролю у падвядзенні вынікаў галасавання: вышэйстаячыя камісіі толькі сумуюць дадзеныя, атрыманыя ад участковых. І акурат таму ў склад участковых камісій не могуць патрапіць прадстаўнікі апазіцыі.
Аб поўным падпарадкаванні старшыняў выканкамаў марыў яшчэ прэм'ер Вячаслаў Кебіч, але яму не хапіла энергіі і часу ажыццявіць задуманае, г.зн. стварыць вертыкаль выканаўчай улады. Затое новаспечаны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пад маркай навядзення парадку ўжо 6 кастрычніка 1994 года правёў праз Вярхоўны Савет неабходныя змены ў закон «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы». Права прэзідэнта прызначаць «кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў» улады было замацавана ў артыкуле 119 Канстытуцыі ўзору 1996 года.

Паспрабуй цяпер старшыня выканкама не забяспечыць перамогу Лукашэнкі на выбарах!

Каб цалкам падпарадкаваць сабе органы, якія праводзілі выбары, неабходна было паставіць пад свой кантроль і фарміраванне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Зрабіць гэта было значна складаней, паколькі для гэтага неабходна было мяняць Канстытуцыю. Вядома, Лукашэнка не стаў бы ініцыяваць змяненне Асноўнага закона толькі з-за парадку фарміравання Цэнтральнай камісіі. Канстытуцыйная рэформа ладзілася ім для таго, каб падпарадкаваць сабе заканадаўчую, выканаўчую, судовую і іншыя віды ўлады. Натуральна, што вынесены Лукашэнкам на абавязковы рэферэндум праект Канстытуцыі прадугледжваў і новы парадак утварэння Цэнтральнай камісіі: старшыню і 6 членаў Камісіі прызначае прэзідэнт, яшчэ 6 членаў – Савет Рэспублікі.

Здавалася б, усё ішло добра, але 4 лістапада 1996 года Канстытуцыйны суд у сваім Заключэнні вынес рашэнне аб тым, што праекты змяненняў і дапаўненняў канстытуцый, у тым ліку і праект, прадстаўлены прэзідэнтам, не могуць выносіцца на абавязковы рэспубліканскі рэферэндум. У адказ на гэта літаральна на наступны дзень Лукашэнка выдаў указ №455, які з’яўляўся незаконным. У адпаведнасці з ім прапанаваныя змены і дапаўненні Канстытуцыі маглі быць праведзены праз абавязковы рэспубліканскі рэферэндум.
Баючыся, што сфармаваная да таго часу вертыкаль выканаўчай улады не справіцца з задачай па ўхваленні яго праекта Канстытуцыі, Лукашэнка вырашыў падстрахавацца. Не чакаючы вынікаў рэферэндуму, 14 лістапада 1996 года – у парушэнне Канстытуцыі 1994 года – ён выдаў указ №469, які выходзіў за рамкі яго канстытуцыйных паўнамоцтваў, г.зн. быў заведама незаконны, аб адхіленні Віктара Ганчара ад пасады старшыні Цэнтральнай камісіі. Рэалізоўваць гэты незаконны ўказ пагадзіліся член Камісіі, юрысконсульт Бабруйскага гарвыканкама Лідзія Ярмошына, якая атрымала пасаду Ганчара, а таксама начальнік упраўлення аховы прэзідэнта палкоўнік Цесавец і начальнік упраўлення аховы службовых асоб палкоўнік Самохін.

Палкоўнік Цесавец (злева).

Іх падначаленыя спачатку перашкаджалі Віктару Ганчару трапіць на яго працоўнае месца, а затым сілай выправадзілі яго з службовага кабінета.

Віктар Ганчар (злева).


Аднак асцярогі Лукашэнкі аказаліся марнымі: вертыкаль выканаўчай улады да таго часу ўжо засвоіла новыя правілы гульні і не падвяла: на рэферэндуме, які прайшоў 24 лістапада 1996 года, 70,45% выбаршчыкаў прагаласавалі за прапанаваны прэзідэнтам праект Канстытуцыі.
Вядома, атрыманы вынік не мог не грэць Лукашэнку душу, паколькі адкрываў дзверы чарадзе «элегантных» перамог на выбарах і рэферэндуме 2004 года. Адно было кепска: прэзідэнт губляў легітымнасць у вачах многіх выбаршчыкаў.
Такім чынам, у 1994-1996 гг. прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку ўдалося ўзяць пад свой кантроль дзейнасць кіраўнікоў не толькі мясцовых органаў улады, але і выбарчых камісій, што давала яму магчымасць атрымаць патрэбны для перамогі на выбарах вынік. І гэта сыходзіла яму з рук, пакуль выбаршчыкі маўкліва згаджаліся з тым, што на прэзідэнцкіх выбарах у 2001, 2006, 2010 і 2015 гг. ён атрымліваў большасць галасоў, хоць многія разумелі, што вынікі сфальсіфікаваныя. Фактычна, пад легітымнасць прэзідэнта была закладзена міна запаволенага дзеяння, паколькі ад выбараў да выбараў, па меры падзення яго аўтарытэту, даводзілася павялічваць маштаб фальсіфікацый.
Нягледзячы на тое, што міжнародныя назіральнікі раз за разам канстатавалі, што выбары ў Беларусі – і не толькі прэзідэнцкія, але і мясцовыя і парламенцкія – не былі свабоднымі і дэмакратычнымі, урады замежных дзяржаў працягвалі падтрымліваць адносіны з рэжымам Лукашэнкі. Гэта працягвалася да прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, калі Лукашэнка відавочна прайграў выбары Святлане Ціханоўскай, а тым самым страціў рэшткі сваёй легітымнасці і права быць прэзідэнтам яшчэ адзін пяцігадовы тэрмін.
І калі ён не сыдзе ў адстаўку да 9 кастрычніка, а прынясе прысягу і заступіць на пасаду, гэта будзе азначаць, што ён ідзе па шляху гвалтоўнага ўтрымання ўлады ў сваіх руках – і канчаткова стане для ўсіх сваіх суграмадзян нелегітымным прэзідэнтам.

Вам можа спадабацца