Прэзумпцыя адзінства

Меркаваньні

Прэзумпцыя адзінства

1. Крыху канспіралогіі

На прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. для беларускага народу было расстаўлена адразу некалькі пастак. Крэмль не кладзе яйкі ў адзін кошык. І кошыкаў у яго шмат. Не варта забіваць галаву здагадкамі, на каго ставіў Крэмль. Цяпер гэта ўжо не так важна. Можна лічыць, што ён ставіў на ўсіх. А можна казаць, што і ні на кога. Пабачым. Тым часам Лукашэнка не мог дапусціць, каб у яго пад носам чынілі інтрыгі, і жорстка патаптаў яйкі ўва ўсіх кошыках. Праўда, адно яечка не дадушыў, і з яго вылупіўся трохгаловы цмок… Аднак крамлёўскіх кандыдатаў, так ці інакш, не засталося, Ціханоўская была выпадковым чалавекам, рабіць стаўку на яе Крэмль не мог. Асабліва пасля таго, як вакол Ціханоўскай сталі гуртавацца і “свядомыя”, а “белы” рух раптоўна стаў “бел-чырвона-белым”. Пралічаныя Крамлём сцэнары паламаў беларускі народ. Гэта было шокам для ўсіх. Зрэшты, Крэмль не доўга раздумваў – Лукашэнка ў іх “свой”, і цяпер на яго Крэмль мае ланцуг.

Што да выбарцаў, то яны падзяліся на тых, хто ставіў на новых кандыдатаў, нават давяраў ім, і на тых, хто не давяраў. Сёння нас усіх з’яднала рэвалюцыя, але раскол назіраецца дагэтуль. Ён выражаецца ў тым, што большасць па-ранейшаму падтрымвае Ціханоўскую, а меншасць усякімі спосабамі бэсціць яе, матывуючы тым, што гэта нібыта крамлёўская зязюля. І калі да выбараў я быў сярод тых, хто ўспрыняў новых кандыдатаў з недаверам, то цяпер я ад шчырага сэрца вітаю Ціханоўскую і проста абмінаю яе незычліўцаў, сярод якіх нямала прыстойных людзей. На жаль, крайнасці сходзяцца, як і да выбараў, так і цяпер прабеларускія сілы ў непрыняцці Ціханоўскай яднаюцца з лукашыстымі. Ростырк вельмі аслабляе рэвалюцыйны рух. У гэтай сітуацыі мяне засмучае нягнуткасць, просталінейнасць і аднамернасць мыслення, як адных, так і другіх. Адны занадта даверлівыя, другім бракуе крэатыву. Адны не могуць узяць у разлік тое, што не ўсё чыста было з тымі кандыдатамі, што Крэмль не кладзе яйкі ў адзін кошык, і, калі рэвалюцыя пераможа, нас чакае сур’ёзная ідэалагічная вайна. Другія не могуць прыстасавацца да зменлівых умоў, паўтараючы, як мантру, мёртвыя догмы пра “падсадных качак” і тым самым канчаткова заганяючы сябе ў ідэалагічнае гета.

Пазіцыя дагматызму на даны момант больш небяспечная, яна не ўлічвае, што сітуацыя мяняецца штодня – мяняюцца людзі, мяняюцца ўплывы, мяняюцца стаўкі, і трэба весці гульню, дзе трэба – блефаваць, а не ўпірацца ў нешта адно, трэба ставіць з рызыкай на таго, на каго ўчора не паставіў бы ніколі, а потым з такой жа лёгкасцю адмаўляцца – хто не рызыкуе, той не перамагае. Калі нельга з пэўнасцю сказаць, у каго якія матывы, то не трэба дзяліць людзей паводле раз і назаўсёды створаных шаблонаў. Урэшце, трэба адчуваць настроі народу і не ісці супраць хвалі супраціву, якая ўзнесла нас на самы грэбень, якая разбурыла хітрыя канструкцыі Крамля, якая перамяніла многіх і многіх, бо толькі яна можа прывесці нас да збурэння рэжыму.

2. Тры аб’екты крытыкі

Сярод незадаволеных рэжымам Лукашэнкі вылучаецца плынь незадаволеных ходам і метадамі змагання. Гэта вельмі разнародныя палітычныя сілы, але іх незадаволенасць мае адно і тое ж канкрэтнае прыкладанне. Аб’екты крытыкі – 1) Святлана Ціханоўская; 2) Каардынацыйная рада; 3) тактыка мірнага супраціву. Спынімся на кожным з іх і на іх альтэрнатывах.

Святлана Ціханоўская. На яе адрас сыплюцца ў асноўным неапраўданыя абразы і голыя адпрэчванні: “кухарка”, “хатняя гаспадыня” і да т. п., таму спрачацца тут няма з чым, слухаць гэта брыдка. Я пісаў і яшчэ раз паўтаруся, падабаецца тое каму ці не, але народ абурыўся не проста так, а таму, што ў яго ўкралі галасы, і галасы тыя былі аддадзеныя не абы каму, а канкрэтнаму кандыдату – Святлане Ціханоўскай. Той, хто не прызнае яе як альтэрнатыву Лукашэнку, чыніць тое самае, што і Лукашэнка з сваёй хунтай. Чым праціўнікі Ціханоўскай у сваім стаўленні да выбару народу справядлівейшыя? Зноў крайнасці сходзяцца. Што да асабістых якасцяў Святланы, то шчырасць, вонкавая прывабнасць, вольнае валоданне замежнымі мовамі – гэта тыя якасці, якія сімвалізуюць новую Беларусь. Нават палітычная незаангажаванасць Святланы мне бачыцца як плюс, а не як мінус. Каго я не хацеў бы бачыць на чале нашай краіны, дык найперш старую наменклатуру і шмат каго з прафесійнай апазіцыі (мой скепсіс, вядома, не датычыць такіх гераічных асоб, як Павел Севярынец). А Ціханоўская годна заступае Беларусь у замежжы, за яе не сорамна. Калі не яна, то хто? Лукашэнка? Пустое месца? Іншага, пакуль не адбудуцца новыя і справядлівыя выбары, не дадзена.

Каардынацыйная рада. Пра статус і ролю Каардынацыйнай рады можна спрачацца бясконца, яе можна бясконца павучаць і бясконца крытыкаваць, у мяне ад пачатку не было эйфарыі ад гэтага ўтварэння, хоць і было жаданне паспрыяць, падтрымаць… Таму я не буду ацэньваць яе дзейнасці, а скажу крытыкам: а хто замінае стварыць альтэрнатыву Каардыннацыйнай радзе? Спадзяваліся на страйкамы – дзе яны цяпер? Лідараў пахапалі, страйкі нібыта ёсць і нібыта няма. Апазіцыя? Партыі? Відавочна, што апазіцыя аказалася не гатовай ні да выбараў, ні да зменаў у грамадстве. Мяне ўражвае: як можна было гэтулькі гадоў гуртавацца, весці змаганне (ці імітаваць яго?), а потым застацца па-за справамі. Падзеі развіваюцца так хутка, што, мажліва, заўтра пра Каардынацыйную раду ўсе забудуцца. А можа, наадварот, яна акрыяе і пакажа сваю жыццяздольнасць. Але наракаць збоку і нічога не рабіць – гэта не крытыка, а аўтсайдэрскае бурчанне. Зрабі лепш, калі не падабаецца! Не, не робяць і не спрабуюць, бо бурчаць зручней.

Мірны супраціў. Заклікі да пераходу ад мірнага супраціву да жорсткіх і станавітых дзеянняў чуваць з усіх бакоў. Найболей нас павучаюць тыя, хто сам знаходзіцца па-за межамі Беларусі. І гэта не правакатары, а паважаныя, сімпатычныя і мужныя людзі, якія спачуваюць нам усёй душой. Ёсць нямала відных асоб і ў Беларусі, хто заклікае махаць не толькі кветкамі. Аднак гэтыя заклікі пачынаюць ужо моцна раздражняць. Спрачацца з імі таксама не стану. Скажу так, калі нехта так лічыць, то навошта пра гэта галасіць у сацыяльных сетках? Ідзі і зрабі! Калі нешта сур’ёзнае задумваецца, то пра гэта не пішуць на кожным рагу, а хаваюць, канспіруюць. Збоку ствараецца такое ўражанне, што закліканнікі самыя не гатовыя да жорсткіх дзеянняў, а чакаюць, як nexta нехта прыйдзе і зробіць за іх. Сітуацыя з мірным супрацівам у значнай меры паўтарае сітуацыю з Каардынацыйнай радай. Таксама не трэба забывацца, што пераход да жорсткіх дзеянняў памножыць колькасць чалавечых ахвяр у геаметрычнай прагрэсіі і не гарантуе перамогі. Пакуль што адбываецца вайна нерваў. Калі хунта не зламаецца, то неўзабаве  яна сама пяройдзе да жорсткіх дзеянняў, і гэта будзе пачаткам яе імклівага канца. А заклікі да дзеяння ўжо не спатрэбяцца.

3. Расія і мы

Расія адзіная краіна, якая не проста мае свае інтарэсы ў Беларусі, а прэтэндуе на тое, каб распараджацца тут літаральна ўсім. Гэта ні для кога не сакрэт, таму і да выбараў і пасля выбараў беларускую грамадскасць стала непакояць шматлікія пытанні: пашле Пуцін зялёных чалавечкаў ці не пашле? увядзе войскі ці не ўвядзе? будзе “зліваць” Лукашэнку ці не будзе? хто з лідараў пратэстаў агент Крамля, а хто свой? Думаць пра гэта, вядома, варта, але і жыць вылучна гэтымі пытаннямі нельга ні ў якім разе. Яны атручваюць. Ад нас больш чаго залежыць, чым ад Крамля. Той, хто пускаецца ў фаталізм, у паніку, той якраз і дапамагае Крамлю. І, як ні дзіўна, зноў назіраю, як самыя зацятыя нацыяналістыя пускаюцца ў роспач. Складваецца такое ўражанне, што яны не вераць у сябе. Не дзіва, што дагэтуль перамагалі антбеларускія сілы.

Аднак Пуцін, Крэмль, Расія ўжо тут. І даўно тут. Яны нікуды не дзенуцца і пазней. Яшчэ ўчора мы з моцным сумневам чакалі, ці не схіліцца Крэмль да нейтралітэту і элегантнага зліцця Лукашэнкі – не схіліўся. І гэта не дзіва. Ён ужо некалькі разоў за гэты год моцна апякаўся на беларусах. Ісці на рызыку чарговы раз Крэмль не хоча. Якія яшчэ подласці можна чакаць ад усходняга суседа? Мне бачацца два сцэнары, адзін з іх рэалізуецца ў тым выпадку, калі Лукашэнка застанецца, другі тады, калі Лукашэнка будзе адхілены ад улады.

31 жніўня наранку з’явіўся зварот Рамзана Кадырава да беларускага народа аб падтрыманні Лукашэнкі, а ўвечары гэтага самага дня Марыя Калеснікава абвясціла пра стварэнне новай партыі “Разам”. На першую падзею амаль не звярнулі ўвагі і яна была адразу забытая, а другую абмяркоўваюць дагэтуль. А па-мойму, яны сімвалічныя і сімвалізуюць сабой сцэнары развіцця падзей – з Лукашэнкам і без яго.

Сцэнар першы. Паводле гэтага сцэнару Беларусь будзе лічыцца фармальна незалежнай ці атрымае адмысловы статус у складзе Расійскай Федэрацыі, жыццём грамадзян будзе распараджацца хунта на чале з Лукашэнкам, але насамрэч усе рычагі пяройдуць у рукі Масквы – закансерваваная сучасная сітуацыя, гэткая форма замарожанага гніення. Лукашэнку дадуць мажлівасць стаць тутэйшым Кадыравым. І, зразумела, што ён пастараецца звесці рахункі з кожным, хто хоць неяк выступіў супраць ягонай улады. У прынцыпе, гэта самая гнюсная подласць, якую мы можам чакаць ад Крамля: Лукашэнка і Расея – два ў адным. І нават калі ўлада хунты доўга не пратрымаецца – вынікі яе кіравання будуць катастрафічныя. Беларусь стане чорнай дзірой у цэнтры Еўропы.

Сцэнар другі. Згодна з гэтым сцэнарам Лукашэнка адхіляецца ад улады, у народзе гэта выкліча эйфарыю, а на хвалі эйфарыі як грыбы пачнуць расці гібрыдныя палітычныя ўтварэнні, праз якія Расія пастараецца “элегантна” авалодаць сітуацыяй. Вось тады і ўсчанецца сапраўдная бітва за Беларусь – шмат хто захоча палавіць рыбку ў мутнай вадзе, тут якраз і спатрэбіцца канспіралагічная пільнасць. Стварэнне партыі “Разам” можна лічыць першым званочкам гэтага працэсу. Але я не хачу падымаць лямант, наводзіць цень на пляцень, бо калі быць канспіролагам паслядоўным, то яшчэ невядома, хто большы правакатар, той хто ў гушчы змагання стварае новыя структуры ці той, хто сее недавер паміж праціўнікамі Лукашэнкі. Час пакажа, пільнасць трэба захоўваць, але абвінавачваць паплечнікаў у здрадзе – не варта.

Як альтэрнатыву татальнай падазронасці я прапаную прынцып прэзумпцыі адзінства. Адзінства перад усім і над усім! Пакуль што ў нас задача адхіліць хунту і яе правадыра ад улады, вызваліць палітзняволеных, а тады ўжо дзяліцца на прарасійскіх і празаходніх, правых і левых, касмапалітаў і нацыяналістых. Гэта не значыць, што я такі наіўны і ўсім гатовы верыць. Не! Гэта значыць, што я лічу заўчаснымі і шкоднымі разборкі ды паляванне на ведзьмаў унутры антылукашэнкаўскага фронту. Усё само сабою выявіцца. Узаемаабвінавачванні і падазрэнні толькі аслабяць фронт, але не зробяць нас мацнейшымі, больш паспяховымі. Не трэба забывацца, што “агенты” могуць быць не толькі сярод правадыроў, але і сярод канапных “аналітыкаў”, якія нацкоўваюць на лідараў, на тэлеграм-каналы і г.д.

Асобна хачу звярнуцца да нацыянальнай грамадскасці, менавіта да тых колаў, да якіх адношу і сябе. З асяродку нацыяналістых я чую найбольш алярму, панічных і роспачных заяў, менавіта ў гэтых колах расце татальная падазронасць, якая падзяляе людзей, каб уладарылі нелюдзі, якая штурхае да канапных баталіяў і сектанцкага адчужэння ад народу. Некаторыя ўжо склалі лапкі і роспачна чакаюць Пуціна. Ды кіньце вы “адвечны плач аб роднай старонцы”, перастаньце лаяць і абвяшчаць ворагамі ўсіх, хто не падобны да вас! Яшчэ паспееце! Майце цярпенне! Майце мужнасць! Майце адвагу! І тады ніводзін з апісаных мною сцэнараў не спраўдзіцца.

Жыве Беларусь!

Вам можа спадабацца