Гэта нам ужо абяцалі. Гэта мы ўжо праходзілі

Гісторыя

Гэта нам ужо абяцалі. Гэта мы ўжо праходзілі

«Никогда такого не было, и вот опять!»

Віктар Чарнамырдзін

«Прэзідэнт гатовы да дыялогу з апазіцыяй». Калі хтосьці падумаў, што гаворка ідзе пра сённяшні дзень, ён глыбока памыляецца. Гэта загаловак артыкула журналіста Анатоля Нязванава ў «Белорусской деловой газете» за... 21 ліпеня 1999 года. На самай справе гэта быў не першы дыялог, але ён, як і іншыя, пачаўся пад націскам Еўропы і па прычыне абвастрэння ўнутрыпалітычнай абстаноўкі. Як правіла, у парадку дня такіх дыялогаў стаялі чатыры пункты: 1) паляпшэнне палітычнага клімату; 2) распрацоўка выбарчага заканадаўства, якое дазваляе праводзіць свабодныя, дэмакратычныя і празрыстыя выбары; 3) гарантаваны доступ палітычнай апазіцыі да дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ і 4) пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў паміж парламентам, урадам і прэзідэнтам, г.зн. канстытуцыйная рэформа.

Усе так званыя дыялогі, якія мелі месца да сённяшняга дня, заканчваліся безвынікова – па віне прэзідэнцкага боку.

Цяпер, калі меркаваць па публічных прамовах дзеючага прэзідэнта, гаворка ідзе толькі аб пераразмеркаванні ўладных паўнамоцтваў, г.зн. прапанаваны ім парадак дня значна вузейшы, чым на дыялогах, якія праходзілі раней. І гэта пры тым, што ў канцы 90-х і пачатку нулявых апазіцыя мела меншую падтрымку ў грамадстве, чым сёння, калі большасць выбаршчыкаў, якія галасавалі за Святлану Ціханоўскую, былі перакананыя, што іх кандыдат быў абраны прэзідэнтам ужо ў першым туры. Тым не менш Лукашэнка не агучвае ўвесь парадак дня меркаванага дыялогу, не кажа, з кім ён гатовы яго весці і якую ролю будуць адыгрываць такія еўрапейскія арганізацыі як ЕС, ПАСЕ, Савет Еўропы, а таксама АБСЕ – арганізацыя, у якую мы ўваходзім з 1992 года. Не называе ён ні тэрмінаў правядзення дыялогу, ні таго, якім чынам будуць прымацца новы варыянт канстытуцыі, выбарчы кодэкс і іншыя дакументы, распрацаваныя ў ходзе дыялогу.

Строга кажучы, першай канстытуцыйнай рэформай, якую ажыццявіў Лукашэнка, быў праект канстытуцыі, які ён прапанаваў прыняць 24 лістапада 1996 года на рэспубліканскім рэферэндуме, які меў бы абавязковы характар. Каб палегчыць прыняцце прапанаванага ім праекта, яго сціпла назвалі Канстытуцыяй РБ 1994 года (са зменамі і дапаўненнямі), хоць па сутнасці сваёй гэта была зусім новая Канстытуцыя, якая прадугледжвала іншае дзяржаўнае ўладкаванне краіны.

Паколькі рэферэндум па Канстытуцыі праходзіў з вялікімі парушэннямі, а вынесены на ўсенароднае галасаванне Асноўны закон, насуперак абяцанню Аляксандра Лукашэнкі, дадзеным ім у жніўні 1996 года старшыні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Лені Фішэр, ліквідаваў сістэму падзелу ўладаў і ставіў заканадаўчую, выканаўчую, судовую і іншыя віды ўлады ў залежнасць ад прэзідэнта, Захад адмовіўся прызнаваць рэферэндум легітымным, а Канстытуцыю – канстытуцыяй дэмакратычнай дзяржавы. Таму 13 студзеня 1997 года Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла рашэнне аб прыпыненні для Беларусі статусу “спецыяльна запрошанай” краіны. Не засталіся ў баку і дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання, якія захоўвалі вернасць Канстытуцыі 1994 года. У студзені 1997-га яны стварылі спецыяльную камісію на чале з Віктарам Ганчаром для расследавання парушэнняў Канстытуцыі прэзідэнтам А.Лукашэнкам. Нягледзячы на гэта, відавочна, што гэтых «аргументаў» было недастаткова, каб прымусіць яго сесці за стол перамоваў з дэпутатамі ВС. Ёсць падстава меркаваць, што вырашальную ролю ў прыняцці гэтага рашэння адыграў тагачасны міністр замежных спраў Расіі Яўгеній Прымакоў, які і ўгаварыў Лукашэнку пайсці на гэты крок.

І вось 10 красавіка 1997 года, пасля шэрагу папярэдніх кансультацый, наваспечаны міністр замежных спраў Беларусі Іван Антановіч накіроўвае старшыні Рады Еўрапейскага Саюза Хансу ван Мірла афіцыйны ліст, у якім ад імя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі паведамляе, што

«Прэзідэнт і ўрад хочуць абмеркаваць з усімі дэпутатамі Вярхоўнага Савета 13-га склікання пытанне аб удасканаленні Канстытуцыі 1994 г. у мэтах устанаўлення больш поўнага балансу паміж функцыямі і абавязкамі трох галін улады – заканадаўчай, выканаўчай і судовай».

Антановіч запэўнівае старшыню Савета ЕС, што Беларусь будзе вітаць «неабходнае супрацоўніцтва экспертаў РБ і ЕС у прымальных формах на працоўным узроўні», якое

«спрыяла б практычнай рэалізацыі рэкамендацый, прапанаваных ЕС, у такіх напрамках, як падзел уладаў, правядзенне палітычнага дыялогу з мэтай устанаўлення нацыянальнага кансенсусу ў дачыненні далейшага развіцця дэмакратычнага і адкрытага грамадства ў РБ, свабоды СМІ, забеспячэнне правоў чалавека ў адпаведнасці з прызнанымі міжнароднымі нормамі»,

г.зн. міністр замежных спраў Беларусі фармулюе у сваім лісце мэты, прадмет і арганізацыйную форму будучых перамоваў. Акрамя гэтага, «у духу добрай волі» Антановіч запэўнівае Ханса ван Мірла, што Беларусь «гатовая прыняць асабістага прадстаўніка Старшыні АБСЕ, роўна як і іншых прадстаўнікоў еўрапейскіх арганізацый».

Выступае Іван Антановіч.

Здавалася б, нішто не павінна перашкодзіць правядзенню дыялогу. Бакі нават вызначылі перагаворшчыкаў: з боку Вярхоўнага Савета – Генадзь Карпенка, Мечаслаў Грыб і Пётр Краўчанка; з прэзідэнцкай – Іван Антановіч, Іван Пашкевіч і Міхаіл Падгайны. Мадэратарамі на перамовах выступалі прадстаўнікі ЕС, якія хоць і не настойвалі на поўным вяртанні да Канстытуцыі 1994 года, але і не дапускалі магчымасць захавання Канстытуцыі 1996 года, паколькі ў гэтым выпадку, калі б апазіцыя і перамагла на выбарах у Палату прадстаўнікоў, яна б не змагла супрацьстаяць прэзідэнту, таму што Палата прадстаўнікоў не была надзеленая неабходнымі паўнамоцтвамі. Перагаворшчыкі правялі ў чэрвені 1997 года некалькі сустрэч, але так і не змаглі ні да чаго дамовіцца з-за нежадання Лукашэнкі абмежаваць сваю ўладу, а таксама з-за процідзеяння дыялогу «ястрабаў» – Віктара Шэймана і Уладзіміра Замяталіна.

З-за няўдачы канцэпцыі перамоваў дэпутатаў з дэпутатамі Захад вырашыў падключыць да іх палітычныя партыі. У сувязі з гэтым адбылася і перабудова формы перамоўнага працэсу. 18 верасня 1997 года Пастаянны Савет АБСЕ прыняў рашэнне аб накіраванні ў Мінск Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Беларусі, а таксама быў апублікаваны Мемарандум аб дамоўленасці паміж урадам Рэспублікі Беларусь і АБСЕ аб Кансультатыўна-назіральнай групе АБСЕ ў Беларусі ад 18 снежня 1997 года.

КНГ АБСЕ ў Беларусі спрабавала на працягу некалькіх гадоў правесці дыялог, каб зняць спрэчныя пытанні па Канстытуцыі, але беспаспяхова. 31 снежня 2002 года КНГ спыніла сваю пасрэдніцкую працу па аднаўленні дыялогу. Беларускія ўлады абвінавацілі кіраўніка КНГ АБСЕ Г.-Г.Віка ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы і не працягнулі яму візу. З 1 студзеня 2003 года КНГ АБСЕ была ператворана ў Офіс АБСЕ з зусім іншымі паўнамоцтвамі.

Ганс-Георг Вік (справа).

Канстытуцыйная рэформа так і не была ажыццёўлена, і гэтае пытанне не вырашана да сённяшняга дня. Мяч так і застаўся на баку прэзідэнта.

Вам можа спадабацца