Сапсаваны тэлефон гвалту

Меркаваньні

Сапсаваны тэлефон гвалту

Падзеі 9-11 жніўня ўвойдуць у гісторыю Беларусі (зрэшты і ў сусветную), як феномен беспрэцэдэнтнай жорсткасці сілавых структур у дачыненні да мірных дэманстрантаў.

Гвалт на вуліцах беларускіх гарадоў найчасцей звязваюць з асабістым загадам Лукашэнкі. Загад на разгон дэманстрацый відавочна быў, але ці меў на ўвазе Лукашэнка менавіта такое развіццё падзей? Тут варта паразважаць.

Фота з рэсурса https://hrodna.life/

Што дакладна загадаў Караеву Лукашэнка? Можна меркаваць, што і за закрытымі дзвярыма прэзідэнт размаўляў са сваімі падначаленымі такой жа “птушынай мовай”, як і на публіку. У ягоным вусным загадзе верагодней за ўсё прысутнічалі размытыя фразы кшталту “обеспечить порядок на улицах”, “не дать отморозкам разрушить города”, “в соответствии с законом гарантировать спокойстивие мирным гражданам”. Сістэма Лукашэнкі працуе так даўно, што ніякіх удакладненняў да падобнага набора словаў не патрабуецца, вінцікі круцяцца самі.

Караеў панёс гэты загад сваім падначаленым, але відавочна дадаў да яго больш канкрэтыкі. Магчыма пра “использовать любые средства” і нешта падобнае. 

Але камандзіры сярэдняга звяна сілавой машыны, атрымаўшы размыты загад кшталту “максимально быстрое и эффективное обеспечение порядка”, відавочна мусілі фармаваць больш канкрэтныя інструкцыі сваім падначаленым. А ў такіх сітуацыях самы эфектыўны і просты інструмент - расчалавечванне суперніка. Таму можна быць упэўненым, што апошнія некалькі месяцаў перад выбарамі ўсім АМАПаўцам актыўна прамывалі мазгі ў гэтым накірунку, прадстаўляючы будучых дэманстрантаў злодзеямі, наркаманамі і шпіёнамі. Не хвалюючыся пра выстаўленне хоць нейкіх “стопаў”.

Верагодна ўжо дзесьці на ніжэйшых звёнах ланцужка ад Караева да шараговага АМАПаўца да асноўных інструкцый дадалася яшчэ і фраза “надо их проучить, чтоб неповадно было”.

Спружына нянавісці сціскалася напоўніцу і выстраліла 9-11 жніўня абсалютна нечакана для ўсіх. Мы атрымалі 3 страшныя дні гвалту, тысячы збітых, сотні пакалечаных, дзясяткі знікнулых, і нават некалькі забітых.

Але можна выказаць меркаванне, што калі Лукашэнка аддаваў загад Караеву ён не разлічваў на такое. Ён не разлічваў убачыць відэа на якім сотні людзей плачуць пад сценамі Акрэсцінаў з-за якіх чутны бясконцы крык людзей. І не адно такое відэа, а дзясяткі, нават сотні.

Як Лукашэнка агулам уяўляе сабе дзяржаўны гвалт, свой самы сур’ёзны інструмент “працы” з народам? Ён дакладна не садыст, гвалт для яго гэта толькі максімальна эфектыўны сродак падпарадкавання сабе людзей. Ён палітык, яму важна, каб яго любілі, але ж не заўсёды так выходзіць.

Калі не браць сітуацыі расправы на канкрэтнымі апанентамі Лукашэнкі (знікненні, пасадкі па крымінальных артыкулах, ананімныя прапановы з’ехаць за мяжу), а спыніцца на супрацьстаянні менавіта вялікім масам народу, то можна высунуць гіпотэзу, што разгон вулічных дэманстрантаў Лукашэнка бачыў карцінкай з тэлевізара: вось грозны шэраг АМАПу насупраць натоўпу, рассячэнне натоўпу, актыўная праца дубінкамі (ну а што рабіць, яны ж парушальнікі і іх шмат), затрыманне некалькіх дзясяткаў чалавек, суд, 15 сутак, спакой на вуліцах.

Дарэчы, большасць беларусаў рыхтавалася да гэтага ж сцэнару ў 2020 годзе, бо збіралі ў мітынговы заплечнік цёплыя шкарпэткі і зубную пасту.

Аддаючы загад максімальна хутка ачысціць вуліцы, Лукашэнка разумеў, што будзе шмат пабітых, у тым ліку і аўтазаках (так ім і трэба, пацерпяць), разумеў, што з-за выкарыстання спецсродкаў будуць няшчасныя выпадкі і магчыма, нават, ахвяры (але іх лёгка можна будзе спісаць на саміх пратэстоўцаў), але ні з якога боку ён не планаваў убачыць карцінку жахлівых, сістэмных, трохдзённых катаванняў, настолькі маштабных, што нягледзячы на ўсё прынятыя меры бяспекі, у свет пайшлі гігабайты страшных (кампраментуючых) фота, відэа і аўдыа.

11 жніўня высветлілася, што Лукашэнка папросту не справіўся з інструментам, які майстраваў чвэрць стагоддзя і ў выкарыстанні якога лічыў сябе, напэўна, вялікім прафесіяналам.

З аднаго боку, у схеме падрыхтоўкі сілавых структураў да падаўлення вулічных пратэстаў у 2020 усё рабілася як звычайна, як 10 ці 20 год назад: псіхалагічнае “накручванне” супрацоўнікаў, тактычная падрыхтоўка, разавы жорсткі разгон, шмат сутак арышту вялікай колькасці людзей і канец. Па выніку некалькі непрыгожых фота ў інтэрнэце, сінякі ў пратэстоўцаў і пару пераломаў. Былі канешне і страшнейшыя гісторыі, але кропкава і таму хутка губляліся ў інфармацыйнай прасторы.

Відаць, што і цяпер Караеў з падначаленымі на такі ж сцэнар. Яны разумелі, што пратэстоўцаў будзе значна болей, але для іх гэта толькі абазначала, што трэба падрыхтаваць больш супрацоўнікаў і тэхнікі. Караеў не зразумеў (і гэта ягоны вялізны прафесійны пралік), што павелічэнне колькасці удзельнікаў паслявыбарных "мерапрыемстваў" (з абодвух бакоў) моцна скарэктуе логіку гэтых падзей і схему паводзінаў усіх удзельнікаў. А аналізаваць было што. Бо ў 2010 годзе падчас самага масавага разгону дэманстрацый ужо былі прыклады абсалютна бесчалавечных зверстваў у дачыненні да пратэстоўцаў. Тады людзей, покуль везлі ў аўтазаках, таксама беспадстаўна моцна збівалі, здзекаваліся, рэзалі валасы, а пасля ганялі праз шэрагі з дубінкамі.

Ужо тады сістэма пачала выходзіць за свае “берагі”. Але ў 2010 годзе маштаб быў меншы, пратэсты па часе абмежаваныя і было пэўнае апраўданне з боку сістэмы, бо ўсё здарылася вельмі спантанна, ноччу, пасля відавочнай правакацыі. Таму сістэма не не палічыла патрэбным гэта аналізаваць.

А 2020 годзе тая ж сітуацыя выявілася напоўніцу і ў зусім іншым маштабе. Прынята лічыць, што двое сутак зацятых катаванняў ёсць вынікам загаду зверху. Але можа выказаць меркаванне, што ўсё было наадварот - зверху страцілі кантроль над нізавым звяном падначаленых і двое сутак ня ведалі, як гэта спыніць.

Некалькі месяцаў “накручваць” сістэму на нянавісць, пасля “нахапаць” на вуліцах тысячы чалавек (колькасць з якой сістэма проста не можа справіцца) і ў дадатак яшчэ адключыць інтэрнэт! Зразумела, што такой сітуацыі рукі пачалі рабіць не зусім тое, што планавала галава.

Менавіта гэтай паломкай сістэмы можна патлумачыць, чаму пасля 9-11 верасня сілавікі больш за тыдзень не хапалі людзей на вуліцах: сістэма проста баялася даваць загады, не разумеючы, як гэтыя загады будуць выкананыя.

За тыдзень унутраныя сувязі аднавіліся, але ці поўнасцю? Лукашэнка страціў кантроль над сваім галоўным інструментам. Страціў не ў тым сэнсе, што не можа ім кіраваць, а ў тым, што не ведае які вынік будзе ад ягоных загадаў. І ў дадатак ён не можа зараз парамантаваць інструмент, бо гэта будзе выглядаць як праяўленне слабасці. Ды і ці разумее ён як яго рамантаваць?

Магчыма гэтым можна патлумачыць адносную “мяккасць” сістэмы (у параўнанні з давыбарным перыядам) у дачыненні да спробаў разгону вялікіх груп людзей.

Лукашэнка проста баіцца яшчэ раз біць сваёй дубінкай з размаху, бо тая ўжо трэснула знутры.


 

Відавочна, што ўсе прыведзеныя вышэй разважанні чыста тэарэтычныя і іх можна перакуліць наадварот - камусьці ў сістэме (ці зверху, ці крыху ніжэй) было выгаднае такое развіццё падзеяў. І таму яно спецыяльна планавалася.

Але з наяўнай на дадзены момант інфармацыі версія пра збой сістэмы таксама мае права на існаванне.

Вам можа спадабацца