Выбары, рэвалюцыя, пратэсты: палемічныя нататкі

Палітыка

Выбары, рэвалюцыя, пратэсты: палемічныя нататкі

Менш за тры тыдні да выбараў, 20 ліпеня 2020 года, палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юрый Дракахруст даў наступны прагноз:

«На выбарах Лукашэнка атрымаў, паводле афіцыйных дадзеных, каля 80% з афіцыйнай яўкай 85%. Другое месца — у Канапацкай, трэцяе — у Ціханоўскай.

Плошча, якая аказалася меншай, чым у 2010 годзе, разагнаная, але без крымінальных справаў супраць удзельнікаў. Забітых падчас разгону няма.

Бабарыка і Ціханоўскі атрымліваюць мінімальныя тэрміны па крымінальных артыкулах.

Іншых, прыцягнутых да крымінальных справаў, альбо вызваляюць, альбо даюць умоўныя тэрміны.

Захад асуджае парушэнне правоў чалавека і несвабодныя выбары, аднак санкцыяў не ўводзіць.

Лукашэнка не падпісвае інтэграцыйныя «дарожныя мапы» з Расіяй».

Асноўнае “прароцтва” Дракахруста датычна яўкі і афіцыйнага выніку Лукашэнкі безагаворачна пацвердзілася – згодна з данымі Цэнтральнай выбарчай камісіі, яўка склала 84,16 %, а Лукашэнка набраў 80,10 %.

Але гэтага нельга сказаць наконт рэшты прадказанняў:

— другое месца заняла Святлана Ціханоўская;

— Плошча не сціхае ўжо амаль месяц, а колькасць затрыманых аказалася амаль у 10 разоў большай, чым 10 гадоў назад. Да таго ж Плошча перакінулася ў іншыя гарады, вёскі ды мястэчкі;

— колькасць крымінальных спраў супраць удзельнікаў пратэстаў вымяраецца дзясяткамі, калі не сотнямі;

— упершыню ў палітычнай гісторыі Беларусі падчас разгону пратэстуючых былі смяротныя ахвяры, прычым у розных рэгіёнах (Гомель, Брэст, Мінск);

— Захад, у асобе краінаў Балтыі, ужо ўвёў санкцыі супраць Беларусі. Магчыма, за імі будуць далейшыя абмежавальныя захады з боку ЕС і ЗША.

Сколькі гадоў “уваляць” Ціханоўскаму і Бабарыку, і ці падпіша Лукашэнка “патрэбныя” дарожныя карты, пакуль няясна, але агульнай карціны гэта ўжо не мяняе: у цэлым паслявыбарная рэальнасць выявілася іншай.

Цыфравая мабілізацыя, постнацыянальная рэвалюцыя ці замежнае ўмяшальніцтва?

Што ж здарылася? Чаму паслявыбарныя падзеі ўскалыхнулі не толькі ўсю Беларусь, але і ўпершыню з такой сілай прыцягнулі да нашай краіны увагу ўсёй міжнароднай супольнасці?

На гэты конт ужо ёсць шэраг тлумачэнняў. Мяркуецца, што названыя падзеі адбыліся ў выніку:

(1) бурнага росту і разбудовы грамадзянскай супольнасці;

(2) нацыяналістычнай мабілізацыі (дадаецца, што ўлады правочылі рэзкі рост нацыяналістычнай інфраструктуры за кошт заходняй гуманітарнай дапамогі, бо меркавалі, што нацыяналісты не наважацца адкрыта кінуць ім выклік);

(3) постнацыянальнай кансалідацыі ў імя грамадзянскіх свабод (сцвярджаецца, што сам беларускі нацыяналізм маргіналізаваны і сам па сабе не мог быць драйверам грамадска-палітычных перамен у Беларусі);

(4) цыфравой рэвалюцыі, што ўвасобілася ў выбуховым росце аўдыторыі незалежных тэлеграм-каналаў і іншых цыфравых мэдыяў;

(5) рэвалюцыйнай тэхналогіі, інспіраванай з Крамля, які такім чынам выразіў сваё незадавальненне геапалітычнай пераарыентацыяй рэжыму Лукашэнкі, а таксама іншымі палітычнымі працэсамі ў нашай краіне.

Як піша Альміра Усманава ў падтрымку тэзы (1), за апошнія тры месяцы масавая грамадзянская мабілізацыя беларусаў супраць рэжыму рэзка вырасла. Яна ўвасобілася ў розных формах мірнага самавыяўлення: спевах, музычных канцэртах, плясканнях у ладкі, шэсцях, паездках на веласіпедах, нашэнні белых бранзалетаў і бел-чырвона-белых сцягоў, а таксама сходах у публічных месцах у падтрымку апазіцыйных кандыдатаў. Як мяркуе аўтарка, пасля 9 жніўня зверствы рэжыму Лукашэнкі далі процілеглы эфект: яны вывелі на вуліцы мільёны беларусаў, выявіўшы неймаверны ўзровень салідарнасці і ўзаемавыручкі. Апазіцыйная трыяда (С.Ціханоўская-М.Калеснікава-В.Цапкала), якая кінула выклік Лукашэнку, на думку аўтаркі, прэзентуе новую, эмансіпаваную, урбанізаваную, адукаваную, сацыяльна і культурна разнастайную Беларусь.

На думку ж праўладнага каментатар Аляксея Дзерманта (тэза 2), Лукашэнка дапусціў памылку, паверыўшы, што "ядро радикальных прозападных националистов можно как-то успокоить и примирить". Дазволіўшы “нацыяналістам” спакойна займацца культурнай дзейнасцю, улады тым самым праявілі недальнабачнасць. Карыстаючыся гэтым, нацыяналісты “за несколько лет создали очень серьезную инфраструктуру пропаганды своих идей, а власть на это не реагировала, полагая, что они не попытаются ее свергнуть”.

У адрозненне ад Дзерманта, Вольга Шпарага перакананая (тэза 3), што нацыяналістычная апазіцыя ў Беларусі маргіналізаваная, а ў Беларусі адбываецца постнацыянальная рэвалюцыя. Ключавыя канцэпты пратэстаў — "канстытуцыя" і "закон", а не "нацыя":

У пратэстуючых практычна няма згадак пра мінулае, а пастаянная адсылка да гісторыі, герояў і міфаў — гэта акурат тое, што акрэслівае нацыянальную супольнасць. Факт, што жанчына — ці, больш дакладна, калектыў жанчын — стала на чале рэвалюцыі, таксама супярэчыць нацыяналістычнаму дыскурсу, у якім роля жанчыны палягае ў тым, каб клапаціцца над рэпрадукцыяй нацыі, нараджаючы і выхоўваючы дзяцей. Жанчыне не месца ў палітыцы згодна з такаім светапоглядам. Не выпадкова, што сімвалам рэвалюцыі стала карціна Хаіма Суціна "Ева". Суцін быў яўрэем, які нарадзіўся на тэрыторыі сённяшняй Беларусі.

На думку Шпарагі, апошні факт яўна супярэчыць ідэі гамагеннай, монаэтнічнай нацыі.

Аўтарка мяркуе, што ў Беларусі няма агульнай нацыянальнай ідэі, а ёсць хутчэй поліфанія ідэяў. Насуперак таму, што сцвярджаюць беларускія нацыяналісты, у Беларусі няма сутыкнення культур. У аснове амаль усіх формаў беларускага нацыяналізму ляжыць антырасейскасць. Але паколькі з боку Расеі амаль не назіраецца непрыхільнага стаўлення да “жнівеньскай рэвалюцыі”, нацыянальнае пытанне застаецца маргінальным.

У фармаванні матыву для ўдзелу ў пратэстах ключавую ролю адыграў інтэрнэт (пункт (4). Сацыяльныя сеткі аказаліся прынцыпова важныя не для таго, каб каардынаваць пратэст, а каб стварыць адчуванне яго непераможнага росту. Інфармацыйным тэхналогіям удалося кампенсаваць адсутнасць эфекту бачнасці "натоўпу на плошчы" за кошт стварэння эфекту масавасці праз інфармацыйныя плыні, якія пастаянна пазначаюць новыя кропкі пратэстаў.

Адбыўся “неймаверны рост папулярнасці шэрагу тэлеграм-каналаў (напрыклад, колькасць падпісчыкаў Nexta за лічаныя дні павялічылася на на паўтара мільёна (канал Nexta Live мае 2 млн.117 тыс. падпісчыкаў на стан 3 верасня – Аўт. ). Да таго ж, высокі ўзровень IT-пісьменнасці дазволіў вялікай колькасці беларусаў абыходзіць блакаванне інтэрнэту і прадукаваць у ім шмат кантэнту.

У беларускім сцэнарыі – падсумоўвае медыяаналітык – інтэрнэт не стаў ключавым механізмам мабілізацыі і каардынацыі пратэстаў, аднак ён стварыў умовы, у якіх хуткае ўцягванне мас стала магчымым

Нарэшце, украінскі сацыёлаг Дзмітрый Грамакоў бачыць у паслявыбарных падзеях “руку Масквы”.

Стварыўшы т.зв. Саюзную дзяржаву з Расіяй, Беларусь пры Лукашэнку стала сатэлітам Крамля. Доўгі час Лукашэнку ўдавалася дамаўляцца з Масквой. Але ўрэшце ён уцягнуўся з ёй у канфлікт. Толькі Расія “востра зацікаўлена ў кантраляваным транзіце ўлады ў Беларусі”. Крэмль стаіць за жнівеньскімі падзеямі ў Мінску, а займеўшы “трох прамых прарасійскіх прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта РБ, Мінск выдатна ўсведамляў, хто кіруе пратэстам і ў чыіх руках лёс рэжыму”.

Масавы “выхад з матрыцы” на плошчы і вуліцы

На першы погляд, гэтыя трактоўкі супярэчаць адна адной. Тым не менш, на іх падставе можна выбудаваць адносна несупярэчлівае тлумачэнне апошніх падзей.

Не нацыянальная рэвалюцыя

Найперш, трэба згадзіцца з Вольгай Шпарагай, што “жнівеньская рэвалюцыя” выбухла не ў выніку маштабнай нацыяналістычнай мабілізацыі беларусаў. Сапраўды, семіётыка пратэстных лозунгаў мела вобмаль адсылак да нацыянальнага мінулага (напрыклад, у выглядзе выяў нацыянальных герояў). І, дадам ад сябе, беларуская мова яўна саступала расейскай у візуальным абліччы пратэстаў (плакатах і пад.).

Пры гэтым пратэстуючыя масава выкарыстоўвалі бел-чырвона-белыя сцягі і герб “Пагоня” – у Беларусі, як выявілася, няма іншай жывой і зразумелай масам сімволікі супраціву.

Пры гэтым цяжка пагадзіцца, што ключавымі канцэптамі пратэстаў былі "канстытуцыя" і "закон" – нішто так не яднала пратэстуючых, як жывое адмаўленне [сфальфікаваных] вынікаў выбараў і антыпатыя да асобы Аляксандра Лукашэнкі. "Канстытуцыя" і "закон" былі не жывой ідэалогіяй пратэстаў, а хутчэй паліттэхналагічным рашэннем, закліканым вывесці рэальных канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах з-пад абвінавачання ў сілавым захопе ўлады.

Трэба прызнаць услед за Вольгай Шпарагай, што пратэсты не мелі антырасейскага гучання, а ў ацэнках пратэстуючых Крамлём не адчувалася асаблівай непрыхільнасці.

Рэшта яе аргументацыі мае падкрэслена палемічнае гучанне і таму тут не будзе абмяркоўвацца.

Нацыяналісты ні пры чым

Што тычыцца меркаванняў Аляксея Дзерманта, які дэ факта абвінаваціў "радыкальных празаходніх нацыяналістаў" у тым, што тыя актыўна спрычыніліся да пратэстаў, то ў іх болей прапаганды, чым аналітычнай каштоўнасці. “Радыкальныя нацыяналісты”, безумоўна, бралі ўдзел у пратэстах, але не склалі крытычнай масы пратэстуючых. Дзермант папросту выкарыстоўвае стандартнае прапагандысцкае клішэ, якое маркіруе ўнутраную “пятую калону”, безадносна да якасна новай сітуацыі.

Карціну, якая вымалёўваецца, дапаўняюць ідэі пра масавую грамадзянскую мабілізацыю пры дапамозе розных формаў мірнага (і нямірнага, дадам ад сябе) самавыяўлення. Мабілізацыі, безумоўна, таксама паспрыяў выбуховы рост папулярнасці тэлеграм-каналаў і іншых цыфравых СМІ, якія сталі “прабіваць” амаль усё палітычна актыўнае насельніцтва Беларусі і ўцягваць яго ў пратэсты. Дзякуючы гэтаму адбыўся масавы “выхад з матрыцы” на плошчы і вуліцы беларускіх гарадоў і вёсак.

Дык хто дырыжыраваў пратэстамі? Традыцыйная “пятая калона” і Захад, як сцвярджае Дзермант? Ці раззлаваная Масква, як мяркуе ўкраінскі сацыёлаг Дзмітрый Грамакоў? А можа, нейкая трэцяя сіла?

Гібрыднае ўмяшальніцтва?

Сярод зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты не было ніводнай асобы, якая б безагаворачна ўспрымалася як крэатура Захаду і адначасова валодала б сур’ёзнымі рэсурсамі для вядзення кампаніі.

Сімвалічны акт сыходу з выбарчай гонкі празаходніх сіл адбыўся напярэдадні рэгістрацыі Цэнтравыбаркамам ініцыятыўных груп па зборы подпісаў. 10 траўня асноўныя празаходнія партыі і рухі абвясцілі пра няўдзел у выбарах. У супольнай заяве між іншым гаварылася:

аб’яўленне і правядзенне выбараў ва ўмовах разгару эпідэміі каранавіруса недапушчальна і злачынна. Відавочна, што прыняцце гэтага рашэння прадыктавана жаданнем выкарыстаць пандэмію як дадатковы інструмент далейшай узурпацыі ўлады і пазбаўлення беларусаў права выбіраць… Ацэньваем прызначэнне выбарчай кампаніі ў перыяд піку распаўсюду віруснай інфекцыі ў Беларусі, затрыманні і рэпрэсіі ў дачыненні да блогераў, журналістаў і актывістаў … як дэманстрацыю таго, што Лукашэнка збіраецца ўтрымліваць ўладу выключна гвалтам… Лічым, што паўнавартасны ўдзел у выбарчай кампаніі ў гэтых умовах з’яўляецца немагчымым.

Гэта быў свайго роду акт палітычнай капітуляцыі ў абалонцы траскучай палітычнай рыторыкі, падпісаны ў тым ліку сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгай Кавальковай. Яе выпадак цікавы тым, што, падпісаўшы заяву, яна неўзабаве рэінкарнавалася ў якасці даверанай асобы Святланы Ціханоўскай – асноўнай канкурэнткі Лукашэнкі на фінальнай стадыі выбараў. Эпідэмія каранавіруса ніяк не перашкаджала Кавальковай раз’язджаць па краіне ў новым статусе.

Пасля гэтай заявы ўлады нядоўгі час перабывалі ў палоне ілюзіі, што сёлетнія выбары пойдуць па сцэнарыі, нават мякчэйшым чым у 2015 г., бо на палітычнай сцэне не праглядалася ніводнага сур’ёзнага празаходняга кандыдата ў прэзідэнты. Тым большым шокам для ўладаў было паяўленне Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага ці Валерыя Цапкалы. Ярмошына 15 траўня наўпрост прызналася, што “я не думала, что их [ініцыятыўных груп] будет так много».

Расейскія афіляцыі Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага былі відавочныя, то выпадак Валерыя Цапкалы быў не настолькі адназначны. Праз нейкі час, аднак, стала ясна, што ўсе трое дзейнічаюць у рамках адной паліттэхналогіі. Не выпадкова, пасля арышту першых двух і нерэгістрацыі трэцяга паўстала жаночая “трыяда” Святлана Ціханоўская – Марыя Калеснікава – Вікторыя Цапкала. Ёсць падставы меркаваць, што гэта быў не проста сітуацыйны альянс, але кааліцыя аднадумцаў, аб’яднаных адной палітычнай тактыкай і стратэгіяй.

“Grand Strategy” Крамля?

Галоўная ўразлівасць версіі аб тым, што за жнівеньскімі падзеямі стаіць Крэмль, палягае ў тым, што для яе абгрунтавання мала пералічыць пэўныя прозвішчы і звязаць іх з наяўнасцю пэўнай паліттэхналогіі. Трэба даводзіць, што ў рамках гэтай паліттэхналогіі ўдалося стварыць не толькі выбарчыя штабы і весці эфектыўную выбарчую кампанію, але і дабіцца масавай мабілізацыі (праз кантроль над ключавым тэлеграм-каналамі і іншымі цыфравымі СМІ, запуск рэсурсаў і ініцыятыў накшталт “Голос”, “Зубр”, “Честные люди” і пад.).

На аснове адкрытых крыніц гэта давесці пакуль немагчыма. Тым не менш, ёсць ускосныя доказы, што гэтыя ініцыятывы не маглі быць створаны па ініцыятыве грамадзянскай супольнасці або празаходняй апазіцыі.

Найперш гэта фінансавы чыннік. У адным нядаўнім паліталагічным даследаванні сцвярджаецца, што бюджэт апазіцыйнай выбарчай кампаніі ў 2010 складаў 15 млн $, а ў 2015 быў скарочаны ў 30 разоў, да 0,5 млн $.

Ёсць меркаванне, што толькі стварэнне і запуск памянёных рэсурсаў і ініцыятыў, а таксама іх агрэсіўная рэклама ў сацыяльных сетках і youtube напярэдадні і пасля выбараў запратрабавала рэсурсаў, якія пераўзыходзілі ўвесь бюджэт выбарчай кампаніі празаходняй апазіцыі ў 2015 годзе.

Таксама не трэба забывацца, што мабілізацыйнае ўздзеянне на беларускае грамадства маглі мець і апазіцыйныя медыі з вялікай аўдыторыяй, сайты якіх неўзабаве былі заблакаваныя. Нягледзячы на гэта, яны працягнулі працу праз тэлеграм-каналы і іншыя медыйныя інструменты.

Меркаванае ўмяшальніцтва Крамля ў беларускія выбары азначае, што

— Лукашэнка непрадказальны, недагавораздольны і недапушчальна празаходні палітык у яго вачах.

— Расея больш не ўспрымае Лукашэнку ў якасці палітычнага лідара.

— Усходняя палітыка рэжыму Лукашэнкі апошняга часу была стабільна правальная.

Калі такое ўмяшальніцтва сапраўды мела месца, цяжка адназначна сцвярджаць, чым яно было абумоўлена – заігрываннем з Захадам ці адсутнасцю прагрэсу ў выбудове “саюзнай дзяржавы”? А можа, гэта прэвентыўная рэакцыя на праект канстытуцыйнай рэформы ад Лукашэнкі, у якім не было месца пажаданаму для Крамля спосабу транзіту ўлады?

Відавочна, што ў рамках гэтай паліттэхналогіі стаўка рабілася не толькі на ўдзел ў прэзідэнцкіх выбарах. Ініцыятыва па стварэнні партыі “Вместе”, якую Віктар Бабарыка напісаў на відэа напярэдадні выбараў (і якая была абнародавана толькі тады, калі пратэсты пачалі затухаць), была скіраваная ў будучыню і ўвязана з “акном магчымасці”, якое б стварыла перафарматаванне палітычнага поля пасля т.зв. канстытуцыйнай рэформы.

Таму галоўнай мэтай меркаванай “Grand Strategy” наўрад ці было скіданне рэжыму Лукашэнкі ў ходзе паслявыбарных пратэстаў. Але іх масавы і публічны характар павінен быў публічна прынізіць і аслабіць Лукашэнку, растаптаўшы яго аўтарытэт як унутры краіны, так і па-за яе межамі.

Высновы: калі Лукашэнка адчыніў скрыню Пандоры

Былы апаратны работнік, а цяпер дзеяч “новай апазіцыі” Павел Латушка, рэагуючы на крывавыя паслявыбарныя падзеі, заявіў:

Тыя факты, якія мелі месца асабліва ў апошнія дні і, на жаль, мелі месца і раней, сведчаць аб тым, што фактычна ў грубай форме парушаецца дзеючае заканадаўства Беларусі, прынцыпы міжнароднага права. Улада адкрыла скрыню Пандоры.

На маю думку, улада адкрыла скрыню Пандоры значна раней, — у другой палове 1990-ых, калі новаспечаны прэзідэнт Лукашэнка выправіўся пакараць Маскву, мецячы ў пераемнікі Барыса Ельцына ці прынамсі хочучы выкарыстоўваць яе як бязмежную крыніцу палітычных і эканамічных рэсурсаў для ўмацавання сваёй улады ў Беларусі.

Дзякуючы дамовам пра “саюзную дзяржаву” і пад. Лукашэнка трапіў у крытычную залежнасць ад Масквы, г.зн. адкрыў скрыню Пандоры.

З гістарычнай перспектывы жнівеньскія падзеі заканчваюць перыяд інтэграцыі і стварэння “саюзнай дзяржавы” па лукашэнкаўскім сцэнарыі.

Адцяпер беларуска-расейскія адносіны будуць ісці пад дыктоўку Масквы.

Жнівеньскія пратэсты добра прачытваюцца як спроба геапалітычнага ўплыву на афіцыйны Мінск.

Беларусь чакаюць суровыя часы.

За эканамічную і палітычную залежнасць ад Расеі давядзецца плаціць усю большую цану. Парыраваць гэтую новую дынаміку толькі дыпламатычным манеўраваннем і прапагадысцкімі заклінаннямі не ўдасца.

Расея будзе старацца не дапусціць непадкантрольнай сабе змены палітычнай эліты ў Мінску — прынамсі да таго моманту, пакуль гэтай краінай кіруе Пуцін.

У выпадку дэмакратызацыі Беларусі знізу, напрыклад па сцэнарыі ўкраінскага Майдану, Беларусь чакае расейская вайсковая інтэрвенцыя.

З гістарычнай перспектывы жнівеньскія падзеі могуць выявіцца піравай перамогай нацыянальнага руху. Дынаміка пратэстаў паказвае, што цяперашні ўзровень нацыянальнай ідэнтычнасці і самасвядомасці недастатковы для мабілізацыі масаў на пратэсты пад “нацыянальным штандарам”, і для яго павышэння трэба яшчэ доўга працаваць.

Зацыкленасць пратэстаў на асобе Лукашэнкі і як вынік адсутнасць выразнага каштоўнаснага (у нацыянальнай/геапалітычнай парадыгме) паслання гаворыць і пра абмежаваную эфектыўнасць празаходніх СМI ў Беларусі. Простая перадача патокаў інфармацыі масаваму спажыўцу можа мець эфект для мабілізацыі пратэстуючых, але пры гэтым не прыводзіць да палітычных змен у празаходнім/прадэмакратычным кірунку.

Зрэшты, калі зробленыя вышэй выкладкі правільныя, чакаць рэдэфініцыі заходняй палітыкі да Беларусі наўрад ці выпадае. У падобнай сітуацыі Захад не будзе адчыняць “другі фронт” для змагання з лукашэнкаўскім рэжымам.

Вам можа спадабацца