Генадзь Данілаў: шэры кардынал Кебіча

Гісторыя

Генадзь Данілаў: шэры кардынал Кебіча

У канцы ліпеня былы паплечнік дзейнага беларускага прэзідэнта, а зараз — вядомы палітычны аглядальнік і журналіст Аляксандр Фядута на сваёй старонцы ў Фейсбуку паведаміў пра смерць Генадзя Данілава, якога на пачатку 1990-х гадоў называлі «праваю рукою» тагачаснага старшыні Савета Міністраў Беларусі Вячаслава Кебіча і «чалавекам нумар два» ў краіне. Сам Данілаў у сваю бытнасць высокапастаўленым ўрадавым чыноўнікам вельмі не любіў публічнасць: амаль ніколі не з’яўляўся ў тэле- і радыёэфірах, яго здымкі вельмі рэдка друкаваліся ў прэсе, а інтэрв’ю з ім лічылася бясспрэчнай удачай нават для журналістаў дзяржаўных СМІ.

Спадзяюяся, чытачам будзе цікава больш даведацца пра гэтую персону, якая ў свой час мела ўплыў на беларускую палітыку. Не ж дарма, напрыклад, 15 чэрвеня 1993 года народны дэпутат Аляксандр Лукашэнка на дванаццатай сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання пры абмеркаванні праекта закона аб Камітэце дзяржаўнай бяспекі папракнуў сваіх калегаў у тым, што яны «боятся Данилова».

Штрыхі да біяграфіі

Пра жыццёвы шлях Генадзя Ільіча Данілава можна даведацца з яго ўласнага інтэрв’ю пракамуністычнай газеце «Мы и время» ў далёкім 1995 годзе. Пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Данілаў апынуўся “за бортам” і паспрабаваў вярнуцца ў палітыку  праз выбары ў Вярхоўны Савет 13 склікання. Галоўны рэдактар выдання Віктар Чыкін прадставіў свайго героя і таварыша па партыі ў самых ружовых фарбах.

Генадзь Данілаў і Віктар Чыкін.

У інтэрв’ю Данілаў прызнаўся, што ён — выхадзец са шматдзетнай сям’і. Яго маці — былая партызанская сувязная, якая прайшла праз засценкі гестапа. Бацька Данілава, удзельнік Курскай бітвы, лічыўся загінулым, аднак аб’явіўся пасля вайны. Праўда, без рук і сляпы. Па словах Данілава, яго бацька вымушаны быў перанесці ажно сорак пластычных аперацый.

Натуральна, адна маці не магла ўтрымліваць такую сям’ю. Данілава аддалі ў сталічны дзіцячы дом, дзе ён правёў амаль чатыры гады. Калі пры Кебічу Данілаў стаў уплывовым чалавекам, дык заўсёды нешта ахвяраваў дзіцячым дамам, у тым ліку і кампенсацыі “маральнага ўрону” па судовых справах з недзяржаўнымі выданнямі.

Свой працоўны шлях Данілаў пачаў машыністам экскаватара. Потым — ажно восем гадоў у войску, дзе Данілаў даслужыўся да камандзіра ўзвода. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся на шпалерную фабрыку. Яшчэ ў арміі Данілаў уступіў у камуністычную партыю, і пасля дэмабілізацыі пачаў рабіць кар’еру і па партыйнай лініі. Яго ўзялі ў Фрунзенскі райком КПБ г. Мінска, якім кіраваў яго цёзка — Генадзь Барташэвіч. Калі апошні стаў першым сакратаром Мінскага гаркама КПБ, то не забыўся пра Данілава і перацягнуў яго да сябе. Кар’еры Данілава спрыяла таксама і добрая адукацыя: ён скончыў (хай і завочна) прэстыжны юрфак БДУ. Незадоўга да перабудовы Генадзь Данілаў перабраўся ў Мінскі абкам КПБ на пасаду загадчыка адміністрацыйнага аддзелу. З цягам часу гэты аддзел быў перайменаваны ў дзяржаўна-прававы. У мінскіх партыйных калідорах улады Данілаў пазнаёміўся са сваім будучым патронам — Кебічам, які тады быў другім сакратаром Мінскага абкому КПБ. У інтэрв’ю Данілаў шчыра прызнаваўся, што шмат навучыўся ў Вячаслава Францавіча.

Апавёў Данілаў і пра асабістае. У прыватнасці, што яго ўлюбёным хобі з’яўляецца калекцыянаванне запальнічак (іх у яго амаль 300) і напісанне вершаў (адзін з першых паэтычных «шэдэўраў» Данілава гучаў так: «Мы экскаваторщики моей страны, мы делу Ленина всегда верны…»), і што яго найлепшы сябар (з пятага класа) — знакаміты кампазітар Ігар Лучанок. Па словах Данілава, большасць песень Лучанка «проходило апробацию у меня дома». Да таго ж Лучанок складаў музыку і да некаторых вершаў Данілава. У выніку нарадзіўся сумесны твор пад назвай «Милицейские жены»: «Милицейские жены также верны, как солдатские жены».

Раз-пораз Данілаў выкарыстоўваў свае магчымасці, каб дапамагчы дарагому сябру. У Нацыянальным архіве, у прыватнасці, захаваўся ліст Данілава ад 1 лютага 1994 года на імя тагачаснага міністра сувязі і інфарматыкі Івана Грыцука з просьбай памагчы з усталяваннем телефона сваяку кампазітара.

Выбары

Калі ў пачатку 1990 года стартавала кампанія па выбарах у Вярхоўны Савет 12 склікання, Генадзь Данілаў, які жыў на прэстыжнай вуліцы Пуліхава ў Мінску, зарэгістраваўся па Лермантаўскай выбарчай акрузе №13. У архіве ёсць заява Данілава аб рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, якую ён падаў 26 студзеня, дарэчы, на другі дзень пасля свайго дня нараджэння. У заяве Данілаў за сваё вылучэнне падзякаваў калектыву «розничного плодоовощного комбината» Маскоўскага раёна г. Мінска. Гэта было не дзіўна: на сваёй пасадзе Данілаў непасрэдна курыраваў гэтую сферу.

Акрамя 51-гадовага Данілава на дэпутацкі мандат прэтэндавалі яшчэ дзесяць чалавек: слесар, дэкан факультэта, начальнік упраўлення МУС і г.д. Невядома, ці верыў сам Данілаў у сваю перамогу. Ні ў архіве, ні на стронках тагачаснай прэсы, у прыватнасці, «Вечернего Минска», не сустракаюцца перадвыбарныя інфармацыйныя матэрыялы Данілава — яго прамовы і выступы. Сярод сапернікаў Данілава быў таксама доктар гістарычных навук, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» Міхаіл Ткачоў, за якога, акрамя таго, актыўна агітаваў БНФ. Аднак дэпутатам ад гэтай акругі стаў урач-кардыёлаг 4-й клінічнай бальніцы г. Мінска Яўген Новікаў, які пасля палітычных паразаў БНФ перайшоў на бок Лукашэнкі і стаў адным з праўладных прапагандыстаў.

А Данілава амаль з 17 тыс. жыхароў акругі падтрымалі толькі 583.

На вяршыні кар'еры

Пра Данілава гучна загаварылі пасля распаду СССР. У першым нумары за 1992 года газеты «Свабода», якая імкліва набірала папулярнасць, з’явіўся артыкул журналіста Аляксандра Старыкевіча «Правая рука Кебіча» (тэкст артыкула без указання аўтарства быў амаль цалкам перадрукаваны ў аўтабіяграфіі даўняга ворага Данілава — былога міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Ягорава «Звезды и тернии Владимира Егорова», які выйшаў у адным са сталічных выдавецтваў яшчэ ў 2003 годзе).

У артыкуле начальнік упраўлення правоў грамадзянаў, грамадскай бяспекі і абароннай работы пры Савеце Міністраў Беларусі Данілаў менаваўся «самай сакавітай постаццю» ў найбліжэйшым атачэнні Кебіча. Далей у артыкуле прыводзіліся сумнеўныя факты з біяграфіі Данілава, у прыватнасці, яго сувязі з былым дырэктарам Камароўскага рынка Мечыславам Якалцэвічам, асуджаным за карупцыю.

Старыкевіч пісаў, што Данілаў не мае права знаходзіцца на дзяржаўнай службе, бо фактычна стаў на бок маскоўскіх путчыстаў у жніўні 1991 года. Журналіст меў рацыю: адмысловая камісія Вярхоўнага Савета на чале Іванам Пырхам у сваёй справаздачы ставіла пытанне аб вызваленні Данілава з пасады.

Ды і ўвогуле, сцвярджаў Старыкевіч, ў Беларусі няма патрэбы ў такой структуры: маўляў, Кебіч стварыў яе пад свайго «дружбана».

Генадзь Данілаў судзіцца са «Свабодай». На заднім плане: галоўны рэдактар выдання Ігар Гермянчук і журналіст Аляксандр Старыкевіч.

Тым не менш, Данілаў увесь час умацоўваў уласныя пазіцыі. Пастановай Савета Міністраў №493 ад 7 жніўня 1992 года ён быў прызначаны начальнікам упраўлення грамадскай бяспекі і абароны пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, а 12 ліпеня 1993 года — дзяржаўным сакратаром па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспецы. Каб надаць дзяржаўнаму сакратарыяту больш легітымнасці, на першыя пасады быі прызначаны дэпутаты Вярхоўнага Савета 12 склікання. Першым намеснікам Данілава стаў генерал Валерый Паўлаў, намеснікам — Генадзь Казлоў.

У кастрычніку 1993 года Данілаў даў вялікае інтэрв’ю вайсковай газеце «Во славу Родины» пад гучнай назвай «Сто дней госсекретаря». Ён заявіў, што дзяржсакратарыят прыкладае намаганні па барацьбе са злачыннасцю, дэталёва вывучае праблемы тэрарызму і абароту наркотыкаў, вядзе няспынную працу па фармаванні ўзброеных сіл краіны.

Кампетэнцыя камісіі Данілава была значна шырэйшая за тую, што падавалася да ведама грамадскасці. Яго ведамства, ажыццяўляла, у тым ліку, і нагляд за грамадзянскай супольнасцю. 18 сакавіка 1993 года Данілаў звярнуўся да шэфа КДБ Эдуарда Шыркоўскага з просьбай даць інфармацыю пра Фонд падтрымкі дэмакратычных рэформаў імя Льва Сапегі.

Данілаву, акрамя ўсяго, даводзілася вырашаць і пытанні размеркавання вайсковай тэхнікі. Так, 15 мая 1992 года Данілаў даў станоўчы адказ на запыт УУС Віцебскага аблвыканкама аб выдзяленні «двух боевых машин пехоты».

21 снежня 1992 года Данілаў звярнуўся да начальніка ўпраўлення пагранічных войскаў пры Савеце Міністраў Яўгена Бачарова па пытанні забеспячэння суддзямі газавай зброяй: маюць месца пагрозы на адрас суддзяў і членаў іх сем’яў з боку былых асуджаных; таксама аказваецца ціск на суддзяў, якія вядуць гаспадарчыя справы.

3 верасня 1993 года Данілаў атрымаў ад старшыні Кардынацыйнай Рады грамадскага непалітычнага партыятычнага руху «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» Мікалая Статкевіча скаргу на дзеянні Міністэрства юстыцыі, якое перашкаджала перарэгістрацыі руху. Якой была рэакцыя Данілава, невядома.

12 лістапада 1993 года ў дакладной запісцы на імя Кебіча Данілаў у сувязі з урадавым візітам у Малдову прапаноўваў набыць наступныя сувеніры: гадзіннікі, шкатулкі, кнігі «Минск — город-герой», «Беловежскую настойку».

31 студзеня 1994 года в.а. старшыні камісіі Вярхоўнага Савета па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю Юрый Папоў прасіў Данілава разгледзець пытанне аб прысваенні высокапастаўленым супрацоўнікам КДБ Івану Мінько і Леаніду Сцепаненку звання генерал-маёра.

Бульдогі пад дываном

Той факт, што Данілаў у пытанні газавай зброі звяртаўся ва ўпраўленне пагранічных войскаў, толькі на першы погляд можа паказацца дзіўным. Сапраўднай прычынай былі дрэнныя адносіны Данілава з міністэрствам унутраных спраў. Калі з Бачаровым і міністрам абароны Паўлам Казлоўскім Данілаў быў на кароткай назе, то ўзяць пад кантроль кіраўніка МУС Уладзіміра Ягорава яму не ўдавалася.

Генадзь Данілаў (справа) і міністр абароны Рэспублікі Беларусь Павел Казлоўскі.

Таму для Данілава задачай нумар адзін стала дыскрэдытацыя Ягорава ў вачах Кебіча.

У якасці прыкладу можна прывесці службовую запіску Генадзя Данілава на імя Кебіча за №10/210 ад 22 верасня 1992 года «О некоторых результатах анализа борьбы с преступностью за 8 месяцев 1992 года». У ёй безапеляцыйна заяўлялася: МУС страчвае кантроль, крымінальная злачыннасць узрасла на 24%, кожнае другое злачынства не раскрытае.

У адказ Ягораў у дакладной запісцы на імя Данілава за №1/631 ад 7 кастрычніка 1992 года абараняў сваё ведамства, дзейнасці якога даецца «необъективная оценка»: не раскрытае кожнае чацвёртае злачынства, за 8 месяцаў папярэджана 575 злачынстваў і г.д.

Адным з рычагоў уздзеяння Данілава на МУС сталі фінансавыя праверкі. 5 мая 1993 года на стол Кебіча лягла дакладная запіска за подпісамі намесніка міністра фінансаў Мікалая Румаса і дырэктара дэпартамента эканамічнага кантроля пры Савеце Міністраў Мікалая Пазняка «О результатах проверки эффективности расходования бюджетных средств в органах внутренних дел республики». Праверкай, якая пачалася з лютага месяца, былі ахоплены ўсе абласныя ўпраўленні, 14 раённых і гарадскіх аддзелаў унутраных спраў, цэнтральны апарат МУС, а таксама Акадэмія міліцыі.

Па выніках праверкі міністэрству закідалася шкода дзяржаве ажно ў 5,2 млн. руб. Галоўным чынам гэта былі рознага роду недастачы, а таксама значныя пераплаты падрадным будаўніча-мантажным прадпрыемствам.

Генадзь Данілаў пільна сачыў за тым, каб становішча МУС у сістэме органаў дзяржаўнай улады не ўзмацнялася. Так, калі 22 чэрвеня 1993 года Ягораў у дакладной запісцы №1/517 прапанаваў вывесці службу падатковых расследаванняў з міністэрства фінансаў і перадаць яе ў МУС на правах упраўлення, то Данілаў рашуча выказаўся супраць. У дакладной запісцы №10/225 ад 17 жніўня 1993 года на імя першага намесніка старшыні Савета Міністраў Міхаіла Мясніковіча Данілаў прыводзіў такі факт: толькі за шэсць месяцаў 1993 года падаткавікі налажылі санкцый на суб’екты гаспадарання розных формаў уласнасці на 750 млн. руб. Калі ўключыць падатковую службу ў МУС, то, адзначаў Данілаў, атрымаецца манаполія аднаго ведамства.

Мелі месца выпадкі, калі Данілаў выкарыстоўваў супраць Ягорава ўсе даступныя сродкі. Так, 6 снежня 1993 года да Кебіча звярнулася Мінская асацыяцыя ветэранаў вайны ў Афганістане. «Афганцы» скардзіліся на тое, што мінская міліцыя 5 снежня збіла старшыню Краснаярскай краёвай арганізацыі Расійскага фонда інвалідаў вайны ў Афганістане інваліда другой групы Міхаіла Яшына: «В результате ударов протез (у заяве не ўдакладняецца: рукі ці нагі — Аўт.) повернулся в сторону, над чем работники милиции издевательски смеялись». Заява «афганцаў» заканчвалася такімі словамі: «Пусть министр МВД Егоров наведет порядок в своем ведомстве!».

8 снежня 1993 года Данілаў накіраваў матэрыялы справы пракурору Мінска. У адказе, які прыйшоў 6 студзеня 1994 года, гаварылася, што ва ўсім вінаваты сам Яшын: у нецвярозм стане мацюкаўся, у выніку быў дастаўлены ў апорны пункт па вул. Кірава, ніякіх сілавых захадаў у адносінах да яго не ўжывалася.

Ракавы ліст

Апагеем супрацьстаяння Данілава і Ягорава стаў ліст ад 20 лістапада 1993 года «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь» на імя Кебіча і старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. Ліст быў падпісаны не толькі Ягоравым, але і кіраўніком КДБ Эдуардам Шыркоўскім. Гэта сведчыла, што Данілаў так ці інакш імкнуўся падмяць пад сябе і чэкістаў. Праўда, у сваіх успамінах «Искушение властью» Кебіч сцвярджае, што Ягораў проста «напоил» Шыркоўскага, каб той падпісаў такі ліст.

Эдурад Шыркоўскі.

У архіве захавалася рэзалюцыя Кебіча на гэты ліст ад 10 снежня 1993 года:

«Прошу рассмотреть поднятые в записке вопросы с учетом появившихся публикаций в республиканской прессе и поступивших писем на эту тему в Совет Министров и внести конкретные согласованные предложения».

Што ж такога крамольнага было ў лісце? Перш за ўсё крытыцы падвяргаўся Данілаў і яго ведамства:

«Какого-либо заметного влияния на укрепление правопорядка в республике Госсекретариат не оказывает, но требований от него в избытке… Данилов хочет утвердить в МВД атмосферу подозрительности и разногласий… Госсекретариат как структура, не предусмотренная Основным Законом государства, является излишней».

Далей ішлі канкрэтныя закіды Данілаву кшталту таго, што ён імкнецца ліквідаваць вайсковую контрразведку КДБ.

Генералы вылучылі і ўласныя прапановы: падпарадкаваць войскі грамадзянскай абароны і чыгуначныя войскі міністэрству абароны, а пагранічныя войскі — КДБ.

Сілавікі, лаяльныя Кебічу паспяшаліся як мага хутчэй раскрытыкаваць ініцыятыву. 26 лістапада 1993 года Бачароў пісаў Кебічу: «Такое обращение — клевета и удар по правительтву, включение пограничных войск в состав спецслужбы является признаком тоталитарного режима».

Яўген Бачароў.

Павел Казлоўскі заявіў сродкам масавай інфармацыі, што ён «крайне удивлен письмом».

Валерый Паўлаў назваў ліст «ударом в спину»: маўляў, дзяржаўны сакратарыят ніколі не замахваўся на вайсковую контрразведку. Далей Паўлаў абвінаваціў Шыркоўскага ў зямляцтве: калегія КДБ складаецца з 13 чалавек, з іх 10 і сам Шыркоўскі — ураджэнцы Віцебшчыны.

У сярэдзіне снежня 1993 года Ягораў, Шыркоўскі, Бачароў і Казлоўскі сустрэліся і падпісалі сумесны зварот. У ім ішла гаворка пра тое, што пытанні рэфармавання сілавых ведамстваў і вайсковыя праблемы старанна вывучаюцца.

У сваю чаргу Данілаў шукаў зачэпку, каб пазбавіцца ад мяцежных генералаў. І яна хутка з’явілася.

Уладзімір Ягораў (у цэнтры) разам з міністрам унутраных спраў Юрыем Захаранкам і міністрам абароны Анатолем Кастэнкам.

«Дапамагла» Літва

15 студзеня 1994 года літоўскія спецслужбы арыштавалі і вывезлі з Беларусі двух былых кіраўнікоў кампартыі Літвы — Міколаса Буракявічуса і Юозаса Ермалавічуса. Яны падазраваліся ў дачыннені да крывавых падзей у Вільні ў студзені 1991 года.

Інцыдэнт з літоўцамі Данілаў выкарыстаў на ўсе сто працэнтаў, абвінаваціўшы МУС у некампетэнтасці. У фондах Нацыянальнага архіва захоўваецца дакладная запіска №10/19 ад 22 студзеня 1994 года за подпісам Валерыя Паўлава «О фактах грубых нарушений законодательства Республики Беларусь, допущенных должностными лицами органов внутренних дел при выдачи граждан другим государствам». Ягораву закідвалася, у прыватнасці, тое, што супрацоўнікі МУС парушылі Дагавор паміж Беларуссю і Літвой ад 11 ліпеня 1993 года аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах. Увогуле, сцвярджаў Паўлаў, акцыя па затрыманні прайшла незаконна, не было дастатковых доказаў віны Буракявічуса і Ермалавічуса. Запіска заканчавалася такімі словамі:

«Эти факты стали возможны из-за серьезных недостатков в организации работы внутренних дел, низкой исполнительской дисциплины ее сотрудников. О недостатках деятельности аппарата Министерства и лично министра Егорова указывалось неоднократно, но положение дел не улучшается. Госсекретариат просит вынести это на Президиум Совета Министров».

Вячаслаў Кебіч намаляваў рэзалюцыю: «На Президиум».

Аднак Данілаву і Кебічу дапамог не прэзідыум Савета Міністраў, а Вярхоўны Савет, большасць якога была негатыўна настроена да Ягорава і Шыркоўскага. 25 студзеня 1994 года на закрытым паседжанні парламента «за серьезные упущения» у працы яны абодва былі адпраўлены ў адстаўку.

У палітычнае небыццё

Пасля "перамогі" над Ягоравым і Шыркоўскім  Кебіч для супакаення грамадскай думкі 9 лютага 1994 годаскасаваў дзяржсакратарыят Данілава. Данілаў быў прызначаны ўрадавым сакратаром, а Паўлаў стаў начальнікам упраўлення па каардынацыі дзейнасці адміністрацыйных органаў Упраўлення справамі Савета Міністраў.

Тым не менш, уплыў Данілава заставаўся значным. Пасля прыняцця Канстытуцыі, якая ўводзіла прэзідэнцкую пасаду, на Данілава была ўскладзена задача забяспечыць перамогу Кебіча на выбарах.

Данілаў развіў актыўную дзейнасць. Ён дабіваўся, каб падкантрольная Саўміну парламенцкая большасць зняла з пасады галоўнага рэдактара ўласнага органа Вярхоўнага Савета — «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча, які не баяўся крытыкаваць урад і асабіста Данілава. Аднак пры абмеркаванні справаздачы Сярэдзіча 16 сакавіка 1994 года ніякага рашэння не было прынята.

Падчас кампаніі Данілаў ажыццявіў шэраг ваяжоў па дзіцячых дамах. Пра адзін такі візіт у Беразіно (5 мая 1994 года) паведаміла апазіцыйная газета «Свабода». Аўтар публікацыі — галоўны рэдактар Ігар Гермянчук (пад псеўданімам Іван Сідар) пісаў, што Данілаў падарыў мясцоваму дзіцячаму дому некалькі каляровых тэлевізараў. У артыкуле сцвярджалася: хай візіт быў і прадстаўнічы, аднак усё скончылася банальнаю выпіўкаю ў лесе. А Лучанок і Данілаў нібыта спявалі песню: «Мы не сеем и не пашем, мы валяем дурака. С колокольни шапкой машем на Зенона Позняка».

Хутчэй за ўсё, пад ціскам Данілава "Народны рух Беларусі" пад кіраўніцтвам Сяргея Гайдукевіча адмовіўся ад першапачатковай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі і стаў на бок Кебіча.

Не грэбаваў Данілаў і шантажом. Па яго ініцыятыве было заяўлена пра магчымасць новага расследавання справы ў адносінах да кіраўніка групы па зборы подпісаў за Лукашэнку Дзмітрыя Булахава (7 студзеня 1993 года Булахаў, будучы за стырном службовага аўтамабіля і насмерць збіў жанчыну; 27 красавіка на паседжанні нечарговай 14 сесіі Вярхоўнага Савета Лукашэнка заявіў, што над Булахавым «занесен топор»).

Пасля паразы Кебіча на першых прэзідэнцкіх выбарах Данілаў практычна знікае з палітычнага і грамадскага жыцця. Яго зрэдку бачылі на мерапрыемствах (напрыклад, на III з’ездзе партыі камуністаў Беларусі ў снежні 1994 года).

Апошняе гучнае інтэрв’ю Данілаў даў газеце «Свабода» ў жніўні 1995 года, калі ўладамі быў жорстка задушаны страйк работнікаў сталічнага метрапалітэна. Данілаў раскрытыкаваў ўказы Лукашэнкі аб забароне Свабоднага прафсаюза і скасаванні дэпутацкай недатыкальнасці і заявіў, што ён варты імпічменту

Вам можа спадабацца