Інаўгурацыя Лукашэнкі: дата, сцэнарый, месца

Палітыка

Інаўгурацыя Лукашэнкі: дата, сцэнарый, месца

Адна з найбліжэйшых падзеяў,  якая актыўна цяпер абмяркоўваецца, ─ гэта інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі, які па афіцыйных звестках на выбарах 9 жніўня атрымаў больш за 80 % галасоў. Інаўгурацыя, г.зн. цырымонія ўступлення на пасаду прэзідэнта, прапісана ў заканадаўчых актах, у прыватнасці, у Канстытуцыі і законе аб прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэтае мерапрыемства павінна адбыцца на працягу двух месяцаў пасля выбараў, г.зн. не пазней 9 кастрычніка.

Час ідзе, аднак улады не дадаюць яснасці на гэты конт. Вось і сумнавядомая Лідзія Ярмошына на днях агаломшыла заявай пра тое, што «понятия не имеет» аб даце інаўгурацыі. Маўчаць і праўладныя сродкі масавай інфармацыі. Складаецца ўражанне, што ім пакуль негалосна забаронена асвятляць гэтую тэму.

Першае і самае рацыянальнае тлумачэнне гэтаму палягае ў тым, што Аляксандр Лукашэнка, шакаваны размахам пратэстных акцыяў, цягне да апошняга, каб не даць пратэстоўцам чарговы козыр. Калі мітынгі пад адносна нейтральнымі лозунгамі («марш герояў» і г.д.) ставяць улады “на вушы”, то нескладана ўявіць, колькі людзей можа сабрацца на шэсце, прымеркаванае да інаўгурацыі.

Звяртае ўвагу вось якая дэталь. Неад’емным атрыбутам інаўгурацыі Лукашэнкі стаў картэж у суправаджэнні ганаровага экскорта матацыклістаў. Аднак традыцыйны маршрут картэжа разам са Стэлай і Палацам Незалежнасці сёлета аблюбавалі пратэстоўцы. Як, у такім выпадку, быць? Запоўніць яго адпаведнай колькасцю праўладных “разявакаў” даволі складана, ды і не гарантуе ад пазаштатных сітуацый. Можна пайсці па шляху Пуціна ў 2012 годзе, калі картэж ехаў па пустынных вуліцах. У такім выпадку трэба будзе растлумачыць гэта свайму электарату. Тым больш, што паводле закона аб прэзідэнце інаўгурацыя транслюецца па тэлебачанні. А калі, крый Божа, у аб’ектыў дзяржаўных СМІ трапяць пратэстоўцы? Лепшай рэкламы для апошніх і не прыдумаць. Не трэба забываць і пра абавязковую прысягу вайскоўцаў на вернасць беларускаму народу і прэзідэнту на плошчы Дзяржаўнага сцяга, што таксама прадугледжвае канцэнтрацыю вялікай колькасці людзей.

Інаўгурацыйны прэзідэнцкі картэж з экскортам матацыклаў, 6 лістапада 2015 года.

Адным словам, несумненна, што Лукашэнка і яго атачэнне цяпер думаюць над тым, як з мінімальнымі іміджавымі стратамі правесці цырымонію. Скасаваць яе цалкам немажліва, бо тады гэта будзе ўспрынята як праява слабасці Лукашэнкі яго прыхільнікамі і тымі замежнапалітычнымі партнёрамі, якія яшчэ падтрымліваюць з ім адносіны, напрыклад, прэзідэнтам Пуціным. Малаверагодным з’яўляецца правядзенне інаўгурацыі ў другім месцы, недзе ў далечыні ад мяцежнай сталіцы. Гэта запатрабуе не толькі вялікіх арганізацыйных высілкаў (на цырымоніі павінны прысутнічаць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, суддзі Канстытуцыйнага Суда і г.д.), але будзе сведчыць пра “палітычны дэфолт” Аляксандра Лукашэнкі.

Не выключана, што дата інаўгурацыі будзе абвешчана ў самы апошнім момант, каб арганізатары пратэстаў не мелі магчымасці падрыхтавацца да іх (выраб плакатаў, распрацоўка маршрутаў і г.д.). Не ў інтарэсах Лукашэнкі пераносіць інаўгурацыю на больш позні тэрмін з надзеяй, што з надыходам халадоў хваля пратэстаў спадзе. І хаця ва ўладаў вялікі вопыт выкрунтасаў з прызначэннем датаў выбараў (апошняя парламенцкая кампанія ўвогуле прайшла на год раней), тым не менш, і пасля драматычных (2010) і адносна спакойных (2001, 2015) прэзідэнцкіх выбараў інаўгурацыя адбывалася ва ўстаноўлены законам час.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўручае прэзідэнцкае пасведчанне Аляксандру Лукашэнку, 6 лістапада 2015 года.

Так што, хутчэй за ўсё, цырымонія адбудзецца ў адпаведны тэрмін, аднак яўна не ў верасні. Справа ў тым, што 2 кастрычніка пачынаецца сесія Палаты прадстаўнікоў, таму яе дэпутаты могуць лёгка паўдзельнічаць у гэтай цырымоніі.

Можна меркаваць, што інаўгурацыя Лукашэнкі пройдзе ў працоўны дзень, і не ў пятніцу, а ў пачатку тыдня (мажліва, 5, 6 ці 7 кастрычніка) і абавязкова ў час, неспрыяльны для пратэстоўцаў, напрыклад, а 9-10 гадзіне раніцы.

Інаўгурацыя Лукашэнкі ў кулуарным парадку будзе дзіўна і нелагічна выглядаць для пераможцы, які на выбарах нібыта набраў звыш 80% галасоў. Тым больш, што Лукашэнка як палітык імкнецца псіхалагічна стаяць на сваім да апошняга.

Сама інаўгурацыя можа адбыцца паводле двух сцэнароў. Першы, «жорсткі», прадугледжвае выкананне пратаколу ў поўным аб’ёме, рух картэжу і беспрэцэдэнтныя захады бяспекі, мабілізацыю праваахоўнікаў і выкарыстанне імі ўсіх даступных сродкаў супраць пратэстоўцаў. Другі, «мяккі» ─ адмову ад элементаў публічнай урачыстасці (картэж, прысяга вайскоўцаў, святочны канцэрт і інш.), каб збіць хвалю незадаволенасці і мінімізаваць колькасць удзельнікаў пратэстаў.

Але ў любым выпадку інаўгурацыя можа стаць трыгерам чарговага вітка палітычнага супрацьстаяння ўлады і яе апанентаў.

Вам можа спадабацца