Шпакоўскі, Дзермант і Гігін – прыдворныя аўтары, а не палітолягі

Меркаваньні

Шпакоўскі, Дзермант і Гігін – прыдворныя аўтары, а не палітолягі

У дзень выбараў у адзінай дзяржаўнай “цэнтральнай” штодзённай беларускамоўнай газэце “Звязда” былі надрукаваныя меркаваньні прыдворных аўтараў – пад назвай “Выбары-2020. Погляд палітолагаў”.

Тройца А. Шпакоўскі, А. Дзермант і В. Гігін у кароткіх адказах далі прыклад, якой не павінна быць палітычная аналітыка.

На ўводных занятках паліталёгіі ўва ўсіх краінах вучаць, што дасьледнік-палітоляг павінен падчас аналізу імкнуцца захоўваць ідэалягічную нэўтральнасьць, прытрымлівацца крытычнасьці, дапускаць шматбаковасьць любой зьявы, любога працэсу. Усе тры прыдворныя аўтары адразу акрэсьлілі свае ідэалягічныя прэфэрэнцыі, што аўтаматычна падарвала веру ў іх прафэсіяналізм. Калі нэўтральнасьці ад іх вымагаць немажліва, то ўвесь іх аналіз раўназначны трансьляцыі пажаданьняў і ўстановак праўладных колаў.

“Крытычнасьці” тут няма месца: А. Шпакоўскі кажа пра “агрэсіўныя паводзіны апанэнтаў” А. Лукашэнкі, пры гэтым не прыводзячы прыкладаў. Ён разважае пра распаўсюд “дэструктыўнай інфармацыі” з боку апазыцыі і пры гэтым цалкам замоўчвае падман і перакручваньне інфармацыі з боку ўладаў.

Зрэшты, А. Шпакоўскі сам ставіць сябе ў тупік, сьцьвярджаючы, што народ мае права на пратэст, але ня мае права парушаць закон. Абазнаны ў беларускіх рэаліях палітоляг ведае, што цяперашняе заканадаўства практычна не забясьпечвае народу права на пратэст. Шпакоўскі не дапускае, што ўлады могуць парушаць закон.

Вадзім Гінін таксама ўзгадвае выключна пра фэйкавыя ўкіды з боку апазыцыі – фэйкавыя заявы Ярмошынай і іншых дзяржаўных чыноўнікаў цалкам ігнаруюцца.

Зь першых заняткаў паліталёгіі памятаю наступны прынцып крытычнага палітоляга – унікаць ацэначнага меркаваньня. Асабліва р’яна яго парушае “экспэрт” А. Дзермант – ён лёгка дазваляе сабе выразы кшталту “атрымаць па заслугах” у дачыненьні да апанэнтаў улады. Так кажуць бабулькі і дзядулькі, спадзяючыся на тое, што лёс пакарае іх крыўднікаў – і так ніколі ня скажа палітоляг!

Далей у францускай традыцыі палітычнай навукі выразна прапісана, што палітычная навука не прадбачыць будучыні, а толькі прапануе мажлівыя тэндэнцыі разьвіцьця. Усе тры аўтары сьмела даюць свае прагнозы, базуючыся на ўласных інтуіцыях і афіцыйных даных. Ніхто зь іх не паспрабаваў уключыць у аналіз шырэйшае поле, у тым ліку незалежныя дасьледаваньні.

Нарэшце, апошні прынцып – ня блытаць палітычную аналітыку з журналісцкай дзейнасьцю. Палітоляг працуе інакш – ён не рэагуе на гарачыя тэмы, ня спрошчвае аналіз, не робіць яго прывабным, пасьпешным і прыблізным, як гэта робяць палітычныя журналісты, якім трэба даць эфэктны, прывабны для іх працадаўцаў прадукт. У палітоляга цалкам іншыя мэтады працы – яму трэба час на эмпірычную праверку, таму ён не рэагуе на гарачыя тэмы, як часта памылкова ад яго чакаецца, а зьвяртаецца да аналізу пасьля падзеі. Палітоляг наагул часта застаецца нябачным, невядомым публіцы. Калі мы бачым часта ў СМІ пазнаку “палітоляг”, то можна адразу сказаць, што мы маем справу з палітычнымі камэнтатарамі, якія як правіла выказваюцца па шырокім спэктры пытаньняў.

Няма сумневу, што ў беларускіх ВНУ ёсьць сапраўдныя палітолягі, якія грунтоўна займаюцца навукай. Называць жа А. Шпакоўскага, А. Дзерманта і В. Гігіна палітолягамі не выпадае. Такія “палітолягі” ствараюць нэгатыўны вобраз прафэсіі палітоляга наагул.

Вам можа спадабацца