Вячаслаў Даніловіч у Акадэміі кіравання: аслабленне Марзалюка, узвышэнне Сяргеенкі і Качанавай?

Палітыка

Вячаслаў Даніловіч у Акадэміі кіравання: аслабленне Марзалюка, узвышэнне Сяргеенкі і Качанавай?

Раніцай 21 верасня грамадскасць краіны абляцела сенсацыйная навіна: рэктарам Акадэміі кіравання прызначаны дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч. Як вядома, Акадэмія кіравання была абезгалоўленая яшчэ 19 жніўня, калі Лукашэнка вызваліў з пасады кіраўніка Акадэміі вопытнага ўпраўленца з вучонымі рэгаліямі Генадзя Пальчыка. Прычыны раптоўнай апалы Пальчыка ва ўказе не тлумачыліся, коратка паведамлялася, што такое рашэнне было прынята ў адпаведнасці з артыкулам 84 Канстытуцыі. Адстаўка Пальчыка выглядала дзіўна: установу ён узначаліў у маі 2018 годзе, а сам Лукашэнка ўскладаў на новага фаварыта вялікія надзеі: ні больш ні менш «перевернуть всю систему образования». Падчас драматычных падзеяў пасля выбараў, Акадэмія кіравання, здаецца, нідзе «не засвяцілася». У адрозненне ад ліцэя БДУ або вядучых ВНУ яе навучэнцы ці выкладчыкі аніякіх зваротаў з асуджэннем гвалту з боку "праваахоўнікаў" не падпісвалі. Але ж нешта такое здарылася, калі Лукашэнка пайшоў на такі рашучы крок. Нездарма пры прызначэнні Даніловіча Лукашэнка кінуў заявіў:

«Академия управления — там вообще мышь не должна проползти. Там должны быть патриотичные, преданные государству и народу люди. Я специально просил, чтобы гуманитарий возглавлял этот вуз. Нам очень не хватает патриотизма в наших людях».

Пасля адстаўкі Пальчыка выкладчыкі Акадэміі былі ўпэўненыя, што рэктарам стане альбо в.а. рэктара Аляксандр Лапцёнак (пры Пальчыку — прарэктар па навуковай працы), або хаця б доктар навук.

Аднак Лукашэнка прызначыў чалавека з боку і з кандыдацкай ступенню, і тым самым даў сваім апанентам чарговую падставу загаварыць аб дэвальвацыі Акадэміі кіравання. Тым больш, што меўся сумны прэцэдэнт: с 2014 па 2018 год Акадэміяй кіраваў таксама кандыдат гістарычных навук, добры знаёмы Даніловіча Марат Жылінскі, якога Лукашэнка ў 2017 годзе паддаў публічнаму разносу. Да таго ж Жылінскі на той час быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і скончыў, у адрозненне ад Даніловіча, саму Акадэмію. Акурат пра гэта намякаў Лукашэнка, прызначаючы ў 2014 г. Жылінскага: «Это 50% и больше того, что я могу не глядя его назначать».

Даніловіч жа, паўторымся, не толькі ніколі не вучыўся і не выкладаў ў Акадэміі кіравання.

Імклівы ўзлёт Даніловіча звычайна звязваюць з ягонымі «правільнымі» заявамі наконт віноўнікаў Другой сусветнай вайны, пра што мы ўжо пісалі, і асабліва з ягоным нядаўнім меркаваннем пра заплямленасць бел-чырвона-белага сцягу падзеямі падчас гітлераўскай акупацыі. Яно выклікала асуджэнне не толькі незалежных гісторыкаў, але і выкладчыкаў дзяржаўных ВНУ: Алега Яноўскага (БДУ), Анатоля Вялікага (БДПУ).

Канешне, палітычная лаяльнасць улічваецца пры прыняцці кадравых рашэнняў. Але гэты фактар не варта пераацэньваць. Можна не сумнявацца, што сярод «патриотических гуманитариев» акрамя Даніловіча знайшлася б цэлая армія ахвотных заняць такую пасаду.

Таму можна меркаваць, што на карысць прызначэння Даніловіча спрацавалі і іншыя фактары. Важна разумець, што кандыдатуры такога ўзроўню Лукашэнка сам не адбірае. Яму іх прапаноўваюць.

І ўсё стала больш-менш зразумела на наступны дзень, 22 верасня, калі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка прадставіў калектыву Акадэміі новага рэктара.

Сяргеенка — кадравы чэкіст з генеральскімі пагонамі. А ў мінулым — выпускнік-выдатнік гістарычнага факультэта БДУ. Паводле афіцыйнай біяграфіі, ён пэўны час працаваў загадчыкам вучэбна-медатычным кабінета гісторыі КПСС і палітычнай эканоміі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута.

Даніловіча і Сяргеенку звязвае не толькі прафесійная салідарнасць, але і зямляцтва. Абодва — выхадцы з Віцебскай вобласці: Сяргеенка — з Шаркоўшчыны, Даніловіч — з Полацку.

Фактар зямляцтва пры прызначэнні Даніловіча становіцца яшчэ больш відавочным, калі ўлічыць, што з Полацку паходзіць старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая займала пасаду кіраўніка прэзідэнцкай Адміністрацыі і захавала асаблівае стаўленне да сябе з боку Лукашэнкі. Пасля адстаўкі Румаса эксперты ўвогуле прадказвалі ёй крэсла прэм’ер-міністра.

Адным словам, не выключана, што за Даніловіча паручыліся ўплывовыя людзі з найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі. Прызначэнне Даніловіча — супадзенне аб’ектыўнага (кадравы запыт на патрэбную кандыдатуру падчас палітычнага-ідэалагічнага крызісу) і суб’ектыўнага (у дадзеным выпадку — зямляцтва і прафесійная салідарнасць) фактараў. Акрамя таго, яно сведчыць пра моцныя пазіцыі адных (уласна Сяргеенкі) і падзенне ўплыву другіх (таго ж Ігара Марзалюка, які па сваёй блізкасці да Лукашэнкі больш надаваўся пасаду рэктара Акадэміі кіравання).

Але Даніловіч ступіў на рызыкоўную сцежку. Любая яго няўдача будзе аўтаматычна біць па Сяргеенку з Качанавай. Як новы прызначэнец у новае асяроддзе, Даніловіч мусіць зрабіць захады па ўмацаванні свайго становішча. І справа не толькі ў традыцыйным перацягванні кадраў і расстаноўкі адданых людзей. «Активно работает над докторской диссертацией», — так ахарактарызаваў свайго пратэжэ Сяргеенка. Можна меркаваць, што акурат абарона доктарскай мае падняць Даніловічу аўтарытэт сярод прафесарска-выкладчыцкага складу Акадэміі, які, можна казаць з упэўненасцю, сустрэў новага прызначэнца неадназначна.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка прадстаўляе Вячаслава Даніловіча на новай пасадзе. Фота: www.pac.by

І апошняя заўвага, навеяная выказваннямі Лукашэнкі пра недахоп патрыятызму. Гэта можа азначаць, што пасля выбараў і іх драматычных наступстваў кіруючая вярхушка заклапацілася новым фарматам дзяржаўнай ідэалогіі. Можна меркаваць, што роля ў ёй Кастрычніцкай рэвалюцыі і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне як ключавых фактараў стварэння беларускай дзяржаўнасці, а таксама ўзмацненне крытыкі пачатку 1990-х гадоў як перыяду абсалютнай разрухі будзе толькі ўзрастаць.

І будучыня Даніловіча ў вялікай ступені залежыць ад таго, ці зможа яго ведамства напоўніць «патрыятызм» тым зместам, якім ён бачыцца асабіста Аляксандру Лукашэнку.

Вам можа спадабацца