Брудная хлусня “Советской Белоруссии”: як "«гітлерюгенд» па-беларуску" мучыў дзяцей пад бел-чырвона-белым сцягам

Палітыка

Брудная хлусня “Советской Белоруссии”: як "«гітлерюгенд» па-беларуску" мучыў дзяцей пад бел-чырвона-белым сцягам

Днямі ўвагу прыцягнула публікацыя з інтрыгоўнай назвай «Следователи КГБ провели кропотливую работу над выявлением всех причин преступной деятельности фашистских оккупантов среди белорусской молодежи» ў рупары дзяржаўнай прапаганды — на сайце газеты «Беларусь сегодня». Ананімны артыкул, падпісаны (відаць, для большай важнасці) аддзелам журналiсцкiх расследаванняў, прадстаўляе чытачам быццам бы архiўныя матэрыялы Упраўлення КДБ па Магiлёўскай вобласцi аб дзейнасці ў Бабруйску, Бялынiчах, Асiповiчах, Крычаве і Шклове Саюза беларускай моладзі (СБМ).

Матэрыял сапраўды адметны. У вочы адразу кідаецца рускамоўны загаловак і беларускамоўны асноўны тэкст —  што бывае вельмі-вельмі рэдка ў такога кшталту выданнях. Само сабою ўзнікае рытарычнае пытанне: няўжо ў следчых КДБ няма іншай працы, як корпацца ў архівах. Мо было б больш праўдападобна, калі б артыкул пачынаўся хаця б так: «Супрацоўнікі архіву КДБ выявілі …» і г.д.

Падазрон у маніпулятыўнасці публікацыі яшчэ больш умацоўваецца пры аналізе яе зместу. Справа ў тым, што ў яго аснове на працэнтаў 95% ляжыць даўно вядомая інфармацыя: і пра кіраўнікоў СБМ Міхася Ганько і Надзею Абрамаву, і пра статут гэтай арганізацыі, і пра падрыхтоўчыя курсы СБМ у Альбярціне. Некаторыя часткі тэкста, як напрыклад, словы намесніка гаўляйтэра Кубэ Баўэра пра тое, што «любымi метадамi мы павiнны скарыстоўваць беларускую моладзь як рэзерв вайны» можна прачытаць у кнізе Васіля Раманоўскага «Саўдзельнікі ў злачынствах», якая пабачыла свет яшчэ ў 1964 годзе.

Вялікія пытанні ўзнікаюць і да архіўных крыніц, якімі аўтары гэтага опусу разлічваюць прыцягнуць увагу чытачоў. У матэрыяле падаюцца вытрымкі пратаколы допытаў кіраўнікоў дружынаў СБМ у вышэйадзначаных гарадах акупаванай Магілёўшчыны, а таксама слухачоў прапагандысцкіх курсаў.

Пры гэтым дапытаныя з’яўляюцца мёртвымі душамі: замест іхніх прозвішчаў падаюцца толькі ініцыялы.

Навошта і чаму гэта зроблена?

Само сабой зразумела, адсутнічаюць і дакладныя спасылкі на архіўныя матэрыялы. Акрамя месяца і года стварэння структураў СБМ, іншыя важныя звесткі, напрыклад, колькасць членаў і інш., не прыводзяцца.

Паказанні дапытаных — амаль ідэнтычныя, нібыта зробленыя пад капірку.

Шмат пытанняў узнікае і да канкрэтных фактаў. Чытаем, напрыклад: «Гiтлераўцы хутка ацанiлi «здольнасцi» «змагара за свабодную Беларусь», перавялi I. на пасаду кiраўнiка Магiлёўскай акруговай арганiзацыi СБМ для каардынацыi дзейнасцi раённых дружын». Аднак нават павярхоўна знаёмы з гітлераўскай палітыкай на акупаванай Беларусі ведае: Магілёўская вобласць уваходзіла ў адміністрацыйную зону групы армій «Цэнтр» і таму ў гэтым рэгіёне акругаў не існавала. На дзесяць акругаў была падзеленая іншя частка Беларусі, якая называлася Генеральная акруга «Беларусь». І кожнай з гэтых акругаў існавалі структуры СБМ.  Прозвішчы тагачасных мясцовых кіраўнікоў саюзу вядомыя.

Абсалютна не адпавядае ісціне наступнае сцвярджэнне:

«Больш таго, А. настойвала перад нямецкiмi ўладамi, каб члены СБМ адначасова з’яўлялiся i членамi «Саюза барацьбы супраць бальшавiзму». Маўляў, юнакi хутчэй прыстасуюцца да «канкрэтнай справы» па «адраджэннi» Беларусi. Гiтлераўцы, вядома, падтрымалi гэту iдэю. Так з’явiлася прысяга: «Даю ўрачыстую клятву вернасцi вызвалiцелю народаў Расii i аб’яднальнiку новай Эўропы Адольфу Гiтлеру. Я аб’яўляю сябе непрымiрымым i паслядоўным ворагам юда-бальшавiзму ва ўсiх яго праявах».

Перад намі — або неразуменне сутнасці беларускага калабарацыянізму, або свядомая маніпуляцыя фактамі. Справа ў тым, што Саюз барацьбы супраць бальшавізму (СБСБ), створаны ў сакавіку 1944 года ў Бабруйску з дапамогай вайсковай акупацыйнай адміністрацыі, адразу стаў канкурэнтам СБМ у барацьбе за моладзь. Таму адносіны лідараў СБМ і СБСБ былі калі не варожыя, дык дакладна не прыязныя. Да таго ж, гітлераўцы ў адносінах да прагерманскіх саюзаў моладзі заўсёды праводзілі палітыку сутыкнення ілбамі.

Што да клятвы «вызвалiцелю народаў Расii» і «аб’яднальнiку новай Эўропы», то аніякіх адносінаў да яе СБМ яна не мае. Такая клятва — «шэдэўр» СБСБ і яго правадыра Міхаіла Актана. Дарэчы, адпаведны дакумент даступны ў Сеціве, і яго можна пабачыць жыўцом.

Далей — чыста факталагічнае ўдакладненне наконт таго, што 7 мая 1944 года ў Бабруйску адбыўся парад моладзі супраць бальшавізму. Такі парад аўтарытэтныя даследчыкі (Аляксандр Каваленя) у сваіх працах не адзначаюць. Буйная падзея ў калабаранцкім руху 7 мая 1944 года сапраўды адбылася, праўда, не ў Бабруйску, а ў Барысаве, дзе абвясцілі пра стварэнне Саюза рускай моладзі (СРМ).

Вялікія сумненні ўзнікаюць наконт «чорнага следу» СБМ у арганізацыі дзіцячага лагера ў вёсцы Скобраўка Пухавіцкага раёну. Зноў жа ў інтэрнэце даступны акт ад 8 ліпеня 1944 года аб гэтым лагеры, падпісаны прадстаўнікамі савецкай ваеннай адміністрацыі і жыхарамі вёскі. З акта вынікае, што начальнікам лагера быў капітан Рускай вызваленчай арміі Градзюшка, а ўвесь штат складаўся з членаў СБСП. «Супрацоўнікі» лагера насілі белыя крыжы. СБМ у гэтым дакуменце  ўвогуле не згадваецца.

Само ж канструяванне лагера ў Скобраўцы як месца, дзе немцы бралі кроў у беларускіх дзяцей, пераканаўча аспрэчваецца нямецкімі гісторыкамі.

Сцвярджэнне, што пры адкрыцці «сяла» з мэтай «надання адчування беларускасці» на дамах і дрэвах нібыта луналі бел-чырвона-белыя сцягі, не падмацавана ні архіўнымі звесткамі, ні ўспамінамі.

Дарэчы, пра ўспаміны. Нікчэмнасць сведчанняў, прыведзеных у артыкуле Алеся Карлюкевіча «Пленники вурдалаков» добра паказаў згаданы ўжо нямецкі гісторык Себастыян Штопэр.

Больш за тое, захаваўся фотарэпартаж з адкрыцця лагеру ў Скобраўцы, дзе добра відаць, якія сцягі там луналі.

Адкрыццё лагеру ў Скобраўцы.

Быў там і расійскі трыкалор, і сцяг у колер георгіеўскай стужкі з георгіеўскім крыжам, і сцяг гітлераўскай Германіі.

Самы “гадунцы” лагеру ў Скобраўцы насілі нарукаўныя павязкі ў колер георгіеўскай стужкі і металёвы георгіеўскі крыжык на лацкане.

Таму зразумела, чаму «следователям КГБ» давялося хаваць сваіх “сведкаў” пад ініцыяламі накшталт «Ц».

Адкрыццё лагеру ў Скорбраўцы адбывалася пры актыўным удзеле праваслаўнага духавенства.

Вось такі атрымаўся «гітлерюгенд» па-беларуску.

Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што ва ўмовах амаль двухмесячных пратэстаў з удзелам вялікай колькасці моладзі і імклівай папулярызацыі іх галоўнага мабілізацыйнага сімвалу — бел-чырвона-белага сцяга — для ўладаў задачай нумар адзін стала яго апаганьванне. Нароўні з адкрыта карнымі (адміністрацыйныя арышты і вялікія штрафы) захадамі выкарыстоўваюцца і «навуковыя» аргументы. Праўда, яны зводзяцца ў канцавым рахунку да атаесамлення тых юнакоў і дзяўчат, якія выходзіць на апазіцыйныя мітынгі, з… удзельнікамі прагерманскіх маладзёжных саюзаў на акупаванай Беларусі. Бел-чырвона-белы сцяг каторы раз абвяшчаецца сімвалам, пад якім у часы акупацыі нібыта знішчалася мірнае насельніцтва, дарослыя і дзеці.

Але грош цана такім аргументам, які паказвае артыкул, у назве якога згадваюцца «следователи КГБ».

Вам можа спадабацца