Наступнік Вячаслава Даніловіча: палітычна лаяльны і гатовы паступіцца навуковымі прынцыпамі «сярэднестатыстычны» кандыдат навук

Палітыка

Наступнік Вячаслава Даніловіча: палітычна лаяльны і гатовы паступіцца навуковымі прынцыпамі «сярэднестатыстычны» кандыдат навук

З моманту прызначэння Вячаслава Даніловіча на пасаду рэктара Акадэміі кіравання пры прэзідэнце прайшло два тыдні, аднак дагэтуль Інстытут гісторыі НАН Беларусі застаецца абезгалоўлены.

Вячаслаў Даніловіч (справа). Фота: https://nasb.gov.by/

На першы погляд не зусім зразумела, хто цяпер кіруе ўстановай. На яе сайце пазначаны два намеснікі дырэктара: па навуковай працы (Вадзім Лакіза) і па агульных пытаннях (Фёдар Шаўко). Інфармацыя пра выканаўцу абавязкаў дырэктара адсутнічае. Праўда, гэтаму ёсць тлумачэнне. Паводле новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса (набыла моц 28 студзеня бягучага года), у распарадча-арганізацыйных дакументах арганізацый і прадпрыемстваў ліквідуецца абрэвіятура «в.а.»: з гэтага часу ў штатным раскладзе прапісваецца, хто замяшчае пасаду кіраўніка. З усяго відаць, высокае начальства Акадэміі Навук пайшло па шляху літаральнага выканання заканадаўства і вырашыла заўчасна не раскрываць карты.

Хутчэй за ўсё, агульнае кіраванне Інстытутам ускладзена на спадара Лакізу: ён як-ніяк кандыдат гістарычных навук, дацэнт, мае шэраг навуковых публікацый. Што да Шаўко, то пра яго ўвогуле нічога невядома: персанальная інфармацыя (за выключэннем фота) адсутнічае на старонцы Інстытута.

Аднак такая сітуацыя доўга цягнуцца не можа. Ва ўмовах пааслявыбарнага палітычнага крызісу і ідэйнага разброду (па словах сумнавядомага Андрэя Мукавозчыка, «идеологию запустили, школа не справилась») для дзяржавы задачай нумар адзін з’яўляецца ўмацаванне кантролю, у прыватнасці, над навуковым асяроддзем. Тым больш, што ёсць істотная прычына: публічная адозва навукоўцаў ад 13 жніўня, дзе быў выказаны недавер да агучаных вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах і рэзка асуджаліся гвалтоўныя дзеянні «сілавікоў» у адносінах да пратэстоўцаў. Той зварот, нагадаем, падпісалі многія супрацоўнікі НАН Беларусі, у тым ліку і з Інстытуту гісторыі.

Старшыня Прэзідыуму Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў назваў зварот правакацыяй і заклікаў дырэктароў інстытутаў разабрацца з «неуправляемыми молодыми учеными». Так што няцяжка здагадацца, якое пытанне будзе адно з першых у парадку дня новага дырэктара Інстытуту гісторыі.

«Вярхі» маюць два варыянты вырашэння гэтага кадравага пытання: задаволіцца кандыдатурай знутры Інстытута альбо прывесці чалавека звонку. У першым выпадку акрамя таго ж Лакізы на пасаду дырэктара Інстытуту гісторыі тэарэтычна надаецца яшчэ шэраг супрацоўнікаў. Узяць хаця б, напрыклад, тую ж Вольгу Ляўко, доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыцу Цэнтра археалогіі старажытнай гісторыі Беларусі. Прадстаўленая ёй у суаўтарстве з тагачасным прарэктарам Полоцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзянісам Дукам канцэпцыя вытокаў беларускай дзяржаўнасці была вылучана на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі. І хаця навуковы дуэт прэміі не атрымаў, тым не менш, канцэпцыяй зацікавіўся сам Аляксандр Лукашэнка. У лютым 2017 года пры наведванні Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканінаў ён публічна адобрыў канцэпцыю і заклікаў адлюстраваць асноўныя яе пастулаты ў школьных падручніках па гісторыі.

Але ў Ляўко ёсць істотны мінус, які замінае ёй заняць пасаду дырэктара Інстытута гісторыі. Гэта ўзрост. Па ўзросце не праходзяць і непасрэдныя калегі Ляўко: Валянцін Голубеў (Цэнтр спецыяльных гістарычных навук і антрапалогіі), Мікалай Смяховіч (Цэнтр новай і найноўшай гісторыі Беларусі), Уладзімір Тугай (Цэнтр усеагульнай гісторыі і міжнародных адносінаў).

Выключэнне ў гэтай сітуацыі складае загадчыца Цэнтра гісторыі геапалітыкі Ірына Жылінская, жонка Марата Жылінскага, які з 2014 па 2018 гады ўзначальваў Акадэмію кіравання. Цікава, што пасля адстаўкі мужа яна таксама пакінула Акадэмію і, паводле, афіцыйнай біяграфіі, год адпрацавала дацэнтам кафедры паліталогіі юрфака БДУ, а ў 2019 годзе ўзначаліла Цэнтр.

Адказ на пытанне, хто паспрыяў кар’ернаму ўзлёту Жылінскай, ляжыць на паверхні: гэта кіраўнік (акадэмік-сакратар) Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, які і сам пазначаны ў якасці супрацоўніка гэтага Цэнтра.

Аляксандр Каваленя побач з Ірынай Жылінскай. Фота: www.history.by

Прызначэнне той ці іншай кандыдатуры на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі будзе непазбежна азначаць аслабленне ці, наадварот, узмацненне пазіцый Кавалені. Для яго ідэальным варыянтам было б, каб Жылінская села ў крэсла Даніловіча. Праўда, ёсць адзін нюанс. У юрысдыкцыі Аддзялення Кавалені разам з Інстытутам гісторыі знаходзіцца Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі. І ўзначальвае яго ніхто іншы як спадар Жылінскі: пасля сыходу з Акадэміі кіравання ён пайшоў пад крыло Кавалені. Таму можа ўзнікнуць пытанне: ці не занадта гэта, калі муж і жонка ўзначальваюць два інстытуты ў структуры Акадэміі навук. Для самога Жылінскага прызначэнне на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі наўрад ці пажадана: у сваёй вотчыне ён афіцыйна лічыцца рэктарам, ды і ўмоваў там для кар’ернага росту і наладжвання патрэбных сувязяў нашмат больш.

Калі разглядаць другі варыянт (прызначэнца звонку), то ў першую чаргу вымалёўваюцца дзве кандыдатуры: дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Вадзім Гігін і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які ўзначальвае пастаянную камісію па адукцыі, навуцы і культуры. Як мы ўжо пісалі, у пачатку года Марзалюк анансаваў падручнік па гісторыі беларускай дзяржаўнасці, а адным з членаў аўтарскага калектыва з’яўляецца Вадзім Гігін. Марзалюк запэўніваў, што адпаведны курс будзе абавязковым у ВНУ з 1 верасня. Далей слоў справа не пайшла.

Ці могуць Гігіна альбо Марзалюка могуць адкамандзіраваць у Інстытут гісторыі? Чаму не?

Але зададзімся пытаннем: ці патрэбна гэта Гігіну альбо Марзалюку. У тым жа БДУ магчымасці кар'ернага росту нашмат большыя за акадэмічныя. Што да Марзалюка, то ў пасля (гіпатэтычнага) прызначэння дырэктарам Інстытута гісторыі яму давядзецца сысці з пасады старшыні згаданай пастаяннай камісіі. Адна справа — падтрымліваць уладу на цёплых крэслах, зусім іншая —  узначальваць хоць і аўтарытэтную, але далека не першую ў сістэме дзяржаўнай улады установу, якая да таго ж, вядома, як фінансуецца. Таму для гэтых спадароў, якія за свае заслугі перад уладай, напэўна, разлічваюць на большае, прызначэнне на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі будзе своеасаблівым паніжэннем.

Як вядома, прагнозы — справа далёка няўдзячная. На пасаду дырэктара Інстытута гісторыі можа быць прызначаны любы «сярэднестатыстычны» кандыдат навук. Усё ж гэта не буйное прадпрыемства з дзясяткамі тысячаў работнікаў. Аднак хто б у найбліжэйшай будучыні не ўзначаліў Інстытут, яму давядзеццца праяўляць асабістую палітычную лаяльнасць і быць гатовым паступіцца навуковымі прынцыпамі ва ўгоду бягучай каньюнктуры.

Вам можа спадабацца