“Дапамажыце, вам патрэбная гэтая інфармацыя, каб выжыць і людзьмі звацца”

Рознае

“Дапамажыце, вам патрэбная гэтая інфармацыя, каб выжыць і людзьмі звацца”

Самы шчыры рэцэпт выжывання медыя ў крызіс ад Ірыны Новік — рэдактаркі спецпраектаў нішавага беларускамоўнага сайта Hrodna.life.

Ірына Новік. Фота: Алена Майсюк, baj.by

Як ва ўмовах пандэміі і складанай палітычнай сітуацыі ў краіне зарабіць грошы ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на лакальным медыярынку, калі мясцовы рэкламны пірог амаль цалкам забірае тое адзінае медыя, што мае найбольш чытачоў, Ірына распавяла падчас анлайн-тока “Дзе ўзяць грошы? Як медыя зарабіць падчас пандэміі і крызісу”, які зладзіў “Цэнтр падрыхтоўкі медыяспецыялістаў Медыятрэнер” у межах Антывіруснага анлайн-марафону.

Ратуй сваіх

У сітуацыі пандэміі каранавіруса, якая здарылася ўпершыню для ўсіх, самае ўніверсальнае — усвядоміць, што выратаваць усіх немагчыма, але можна дапамагчы тым, каго ведаеш лепш за астатніх — і гэта наша аўдыторыя.

Калі мы ачомаліся ад першага інфармацыйнага шоку: “мы ўсе памрэм”, “канец свету”, “усё скончылася”, то вырашылі: будзем рабіць тое, што ўмеем, для тых, людзей, якіх мы ведаем і якія нам давяраюць.

Фішка нашага выдання – гэта спецпраекты ў самым шырокім сэнсе. Наша рэдакцыя ўмее рабіць рэчы, звязаныя з рэюзам кантэнту.

Напрыклад, мы часта выдавалі кнігі, і гэта прыносіла грошы. Але гэтым разам, калі паўстала пагроза хваробы, перад якой мы ўсе бездапаможныя, логіка нашых разважанняў была такая: для каго сітуацыя ціску хваробы паўсядзённая. Мы сталі перабіраць варыянты і зразумелі, што гэта, напрыклад, сем’і з невылечна хворымі дзецьмі. А гэта значыць, што Hrodna.life можа распавесці пра людзей, якія доўгі час былі ў цяні, але маюць вялікі досвед, якога бракуе нам: мы не былі ў сітуацыі, калі нам кожную секунду пагражае хвароба, а вось гэтыя людзі былі.

І мы разам з Гродзенскім дзіцячым хоспісам пабудавалі вялікі спецпраект “Супрэматызм. Мастацтва. Дабрачыннасць”, які дазволіў усім дапамагчы хворым дзецям, а іх сем’ям — падзяліцца сваім досведам.

Хочаш дапамагчы сабе — дапамажы іншым

Мы стварылі лінейку мерча – торбы, маскі на твар, цішоткі –  і выкарысталі для іх “супрэматычныя” малюнкі дзяцей з хоспіса. Яны збіраліся з бацькамі на майстар-клас  дызайнера. Малявалі па трафарэтах. Мамы ўкладалі ў іх ручкі пэндзлікі, паралончыкі, макалі іх у фарбу… Гэта дзеці, якія вельмі хутка сыйдуць. Для бацькоў было важна, што іх дзіця не проста праляжала хворым нейкі час, а зрабіла такую прыгажосць.

Бізнесу мы прапанавалі на замову друкаваць мерч для каманды, якая надзявала цішоткі і распавядала на старонках сайта пра сваю кампанію, яе сацыяльную адказнасць, як яна перажыла ковід. Такім чынам ў бізнеса была магчымасць распавесці пра свой брэнд, свой спосаб пераадолець складанасці, падтрымаць хворых дзяцей і рэдакцыю, бо мы бралі за гэта грошы як за рэкламны матэрыял.

Асобныя людзі таксама маглі набыць мерч і распавесці пра сябе. Гэтую інфармацыю разнесла "пантаплёвая пошта". Кампанія вельмі добра спрацавала.

Мы не абмяжоўваліся толькі тым, як зарабіць, мы працавалі на салідарнасць, на стварэнне супольнасці. Калі следам за хваробай прыйшло другое выпрабаванне — складаная палітычная сітуацыя, мы ўжо былі трохі да яго гатовыя. Былі людзі, якія разумелі, як падтрымаць нас, чаму гэта важна.

“Многія кантракты сарваліся проста таму, што мы — незалежныя”

У нас абрынуліся фактычна ўсе рэкламныя даходы. Кампаніі асцерагаліся пазіцыянаваць сябе побач з навінамі пра збіццё і затрыманні і змяшчаць сваю рэкламу ў негатыўны кантэкст. Некаторыя адмовілі нам нават у тых кантрактах, якія былі амаль падпісаныя.

Калі сітуацыя абвастраецца, кожны беражэ сябе і дбае пра сваю стабільнасць. І таму многія кантракты ў нас сарваліся, проста таму, што мы незалежныя. Мы засталіся без рэкламных даходаў.

У той жа час у нас вельмі моцна вырас трафік. Таму што, асабліва ў першыя дні, быў шалёны попыт на інфармацыю. Ляжаў інтэрнэт, дзяржаўныя выданні пісалі, як цярэбіцца лён-даўгунец, а людзі шукалі інфармацыю пра тое, што адбываецца на вуліцы.

Трафік вырас шалёна. Інстаграм — у разы. Тэлеграм — у дзесяткі разоў. Мы днямі і начамі працавалі над навінамі. А калі прайшоў месяц, я задумалася: чым гэта мы будзем плаціць заробкі людзям, якія так самааддана працавалі. Аказалася, што і няма чым. І што з гэтым рабіць?

Супакоіліся, сціснулі зубы і пайшлі рабіць

І мы зразумелі, што ўмеем рабіць толькі тое, што ўмеем: працаваць з супольнасцю, ствараць спецпраекты, рэюз кантэнту. Супакоіліся, сціснулі зубы і пайшлі рабіць.

У нас была падрыхтаваная кніжка, якая ў гэтай сітуацыі аказалася проста ў “яблычак”. Мы год збіралі інфармацыю пра жанчын у гісторыі Гродна: адкапалі гісторыі, знайшлі новыя факты пра сучасных жанчын, якія не баяцца ламаць стэрэатыпы, рэалізуюць сябе ў жыцці. Матэрыял быў сабраны. Засталося выдаць, абвесціць на гэта збор грошай.

Мы сказалі: “Даражэнькія, мы займаліся жаночай гісторыяй яшчэ да таго, як гэта было ў трэндзе. Калі падтрымаеце нас, атрымаеце вось гэтую кніжку. Распавядзіце нам пра сваіх сябровак, пра жанчын у ланцугах салідарнасці, якія глядзелі ў вочы амапаўцам. Мы зробім новую кніжку “Гарадзенкі 2020”, якая раскажа пра тое, што адбываецца зараз".

Мы прадалі сваю працу і атрымалі аванс у канкрэтнай сітуацыі тут і цяпер.

Самы просты рэцэпт

А яшчэ мы звярнуліся да чытачоў: па тым, як расце трафік, мы зразумелі, што мы вам патрэбныя. І зараз рэклама абвалілася, у нас няма магчымасці заплаціць журналістам.

Гэта быў шчыры жэст вельмі дарослага чалавека, які разумее абмежаванасць сваіх рэсурсаў. І мы проста выйшлі да чытача са сваімі аўтарскімі калонкамі. Першым — Руслан Кулевіч, які быў затрыманы і якому паламалі косці на кісцях рук. Дзяржаўнае тэлебачанне пачало проста кляпаць фэйкі: у яго несапраўдны гіпс, усё гэта падман. Калі мы маўчым, усе думаюць, што гэта праўда. Руслан распавёў: было так, мне было балюча, я плакаў упершыню, звычайна я прывозіў у рэдакцыю навіны з “поля”, але пасля таго, што адбылося, не мог месяц працаваць, нам цяжка, дапамажыце. Пасля гэтай калонкі пачалі паступаць грошы.

Потым была мая калонка. Я — менеджэр, павінна плаціць грошы супрацоўнікам, але ў мяне іх няма. Дапамажыце, мы адпрацуем. Я папрасіла крэдыт даверу праз той інструмент, які быў ужо ў нас створаны. У мінулым годзе платформа “Талака” прыносіла нам не больш за 5 адсоткаў рэсурсаў. У гэтым месяцы мы сабралі на “Талацэ” пад сорак адсоткаў.

Дапамажыце нам, бо сёння, каб людзьмі звацца, нам трэба выжыць і вам патрэбная гэтая інфармацыя, каб выжыць і людзьмі звацца, сказалі мы.

Пасля гэтых нашых калонак людзі проста прыходзілі і рабілі ахвяраванні, і нам было за што жыць. Таму ў сітуацыі складанай наш рэцэпт: заставацца сабой, быць верным сваёй аўдыторыі, рабіць тое, што ўмееш, і не саромецца папрасіць дапамогі. Вернасць сабе — гэта такі наш просты рэцэпт.

Марыя Уладзімірава.