Першы студэнцкі масавы пратэст у Лукашэнкавай Беларусі: 14 кастрычніка 1994 года

Гісторыя

Першы студэнцкі масавы пратэст у Лукашэнкавай Беларусі: 14 кастрычніка 1994 года

У аванградзе беспрэцэдэнтных сваім размахам масавых пратэстаў, якія ахапілі беларускае грамадства пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, стала моладзь, найперш, студэнты буйных ВНУ. Рэакцыя ўладаў была прадказальна брутальнай: адлічэнні, армія, змена рэктараў шэрагу ВНУ і г.д.

У сувязі з гэтым варта прыгадаць першую студэнцкую акцыю супраць палітыкі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Яна адбылася 14 кастрычніка 1994 года ў Мінску.

У гэты дзень сотні маладых людзей сабраліся каля ГУМа і станцыі метро «Кастрычніцкая» з характэрнымі для таго часу лозунгамі: «Малако і хлеб — студэнцкі абед!», «Дзякуй прэзідэнту за хлеб і малако!», «Хочу кушать!».

Некаторыя з іх пілі са шкляных бутэлек малако і елі хлеб ды батон.

Студэнты падчас акцыі «Дзякуй прэзідэнту за малако і хлеб!».

Студэнты падчас акцыі «Дзякуй прэзідэнту за малако і хлеб!».

Пасля яны дружна рушылі па праспекце Францішка Скарыны ў бок плошчы Незалежнасці. За студэнтамі сачылі некалькі дзясяткаў міліцыянераў на чале з падпалкоўнікам Аляксандрам Мейшутовічам. Людзі ў цывільным здымалі марш на відэакамеру.

Калі студэнты дайшлі да галоўнага будынку БДУ, з Дома Ураду да іх выйшаў малады мужчына ў модным клятчастым пінжаку.

Гэта быў вядомы палітык і дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька (справа) і Уладзімір Канаплёў дыскутуюць са студэнтамі. 

Той факт, што менавіта з’явіўся ён, можна патлумачыць так: у парламенце Лябедзька пэўны час працаваў намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па справах моладзі, быў адным з ініцыятараў прыняцця 24 красавіка 1992 года закона «Аб агульных пачатках дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь». 25 студзеня 1994 года Лябедзька ў сваім выступе ў Вярхоўным Савеце нават прапанаваў стварыць грамадскі рух «Новыя імёны — новая палітыка», касцяк якога павінна была скласці менавіта моладзь.

Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў Анатоль Лябедзька падтрымаў кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі, аднак рэальнай уплывовай пасады так і не атрымаў (29 верасня 1994 года Лукашэнка абвясціў Лябедзьку сваім афіцыйным прадстаўніком у Вярхоўным Савеце на грамадскіх пачатках). Разам з Лябедзькам да студэнтаў выйшаў Уладзімір Канаплёў, які на той час займаў пасаду галоўнага памочніка прэзідэнта (ураджэнец Магілёўшчыны Канаплёў прыклаў шмат высілкаў для перамогі Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах).

Лябедзька з Канаплёвым прыняліся ўгаворваць студэнтаў разысціся і не зрываць заняткаў. Яны абяцалі, што трэба пацярпець літаральна некалькі месяцаў, пасля чаго жыццё наладзіцца. Лябедзька, у прыватнасці, пачаў пераказваць зацверджаную 30 верасня Вярхоўным Саветам прэзідэнцкую праграму неадкладных захадаў па выхадзе эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу. Нагадаем, што рэалізацыя гэтай праграмы, якая павінна была стаць «экзаменом на зрелость всех руководящих кадров республики», прадугледжвала амбіцыйную мэту: зніжэнне інфляцыі да канца 1994 года да 10-11% у месяц, да сярэдзіны 1995 года — да 7-8%, да канца 1995 года — да 1-2%.

Можна задацца пытаннем: прычым тут хлеб і малако.

Падчас першай прэзідэнцкай кампаніі Аляксандр Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што калі стане кіраўніком дзяржавы, то асаблівая ўвага будзе нададзена студэнтам: маўляў, яго сын Віктар вучыца ў БДУ, а таму праблемы студэнтаў вядомыя яму як нікому. Лукашэнка абяцаў, што студэнцкая моладзь ніколі не застанецца без падтрымкі і не будзе галоднай.

Новаспечанаму прэзідэнту неўзабаве давялося выконваць свае абяцанні. 10 жніўня 1994 года Кабінет Міністраў, які тры тыдні таму ўзначаліў Міхаіл Чыгір, зацвердзіў пастанову пад №3 «О мерах по оказанию финансовой поддержки отдельным категориям граждан». У гэтым дакуменце вызначаліся катэгорыі грамадзянаў, якім належала грашовая кампенсацыя пасля ўвядзення свабодных цэнаў на хлеб, хлебабулачныя вырабы, малако і малочныя прадукты, а таксама на дзіцячае харчаванне. Паводле пастановы, студэнты ВНУ павінны былі атрымоўваць штомесяц 80 тыс. руб.

14 кастрычніка 1994 года студэнты прымеркавалі свой марш акурат да гэтай пастановы.

І сапраўды, становішча большасці студэнтаў было гаротнае. Незадоўга да мінскай акцыі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт наведаў тагачасны кіраўнік упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Фядута. Там яго спыталі, як можна пражыць на стыпендыю ў тры даляры, калі польскія студэнты атрымліваюць ажно 150.

Фядута адказаў, што зараз цяжка ўсім.

Па яго словах, старшыня Кабінета Міністраў Чыгір атрымоўвае 70 даляраў — менш, чым прыбіральшчыца ў Белаграпрамбанку, якім Міхаіл Мікалаевіч кіраваў раней.

Акцыю арганізаваў Свабодны прафсаюз студэнтаў БДУ, які тады ўзначальваў студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Ігар Тышкевіч, які сёння працуе экспертам ва Украінскім інстытуце будучыні.

Вялікую ролю ў правядзенні марша адыгралі студэнты гістарычнага факультэта. Тады гістфак рыхтаваўся адзначыць ганаровую дату — 60 годдзе, таму гістфакаўцы, былі, як кажуць, напагатове.

За студэнцкую акцыю «Малако і хлеб» начальства БДУ, хутчэй за ўсё, атрымала па шапцы ад прэзідэнцкай Адміністрацыі. Інакш нельга патлумачыць той факт, што тагачасны кіраўнік прафсаюза БДУ Анатоль Паўлаў у інтэрв’ю газеце «Беларускі щніверсітэт» рэзка раскрытыкаваў дзейнасць Свабоднага прафсаюза студэнтаў. А на Вучоным Савеце БДУ рэктар Фёдар Капуцкі сказаў літаральна наступнае:

«Асаблівы неспакой выклікае становішча справаў у студэнцкім асяроддзі. Мы страцілі кіраванне выхаваўчым працэсам».

Капуцкі заклікаў рэктарат і дэканаў факультэтаў звярнуць асаблівую ўвагу на працах у інтэрнатах і арганізацыю свабоднага часу студэнтаў.

Знайшліся і ахвярныя казлы. Cтудэнта юрыдычнага факультэта БДУ Аляксея Міхалевіча (які ў 2010 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты), а таксама гістфакаўцаў Алега Новікава (больш вядомага як Лёліка Ушкіна) і Віктара Цемушава абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства. Суд у Ленінскім раёне Мінска быў прызначаны на 7 лістапада.

Алег Новікаў.

Аляксей Міхалевіч.

Віктар Цемушаў.

Ігар Тышкевіч заклікаў падтрымаць сваіх калег. 1 лістапада каля трыццаці украінскіх студэнтаў пікетавалі беларускае пасольства ў Кіеве ў знак падтрымкі сваіх беларускіх сяброў.

Падчас судовага паседжання група падтрымкі Міхалевіча, Цемушава і Новікава распаўсюджвала іранічныя ўлёткі «Слава органам!» і «Смерць ворагам народа!». Міхалевічу і Цемушаву пашанцавала: суддзя Любоў Жаўнерчык дала ім не «суткі», а «папярэджанне».

Што да Новікава, то суд на ім не адбыўся: ён знаходзіўся ў Германіі.

Пасля гэтага выпадку Віктар Цемушаў назаўсёды страціў інтарэс да палітыкі і пагрузіўся ў навуку. У 2002 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную тэрыторыі і межам Маскоўскага княства ў сярэднявеччы. Ён заўчасна памёр ад анкалагічнага захворвання ў 2011 годзе.

У 2014 г. у выдавецтве “ARCHE” выйшла яго пасмяротная манаграфія “На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага (сярэдзіна XIV — першая палова XVI ст.)”.

Рэакцыя з боку ўладаў не змусіла сябе доўга чакаць. 

Марш адбыўся ў пятніцу, а ўжо ў панядзелак 17 кастрычніка Лукашэнка выдаў указ №156 аб павышэнні мінімальнай заработнай платы. Кабінет Міністраў мусіў з 1 лістапада зрабіць пераразлік стыпендый студэнтам ВНУ (адпаведную пастанову № 154 Кабінет Міністраў зацвердзіў 30 кастрычніка: памер стыпендыяў павялічыўся да 130% мінімальнай заработнай платы).

Рэктар БДУ Фёдар Капуцкі заявіў, што ва універсітэце гэты прэзідэнцкі ўказ сустрэлі «з вялікім натхненнем»: маўляў, ён дазволіў падвысіць мінімальную стыпендыю ажно да 34,5 тыс. руб.

Так першая масавая студэнцкая акцыя ў часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі скончылася маленькай перамогай пратэстуючых. Улады былі вымушаныя пайсці на саступкі. У той жа час гэтая акцыя стала пачаткам доўгатэрміновага  супрацьстаяння прагрэсіўных сілаў грамадства і прэзідэнта, якія ўвасабляў кансерватыўныя вартасці. Супрацьстаяння, якое цягнецца ўжо больш за дваццаць пяць гадоў, і якое сёлета  дасягнула свайго апагею.

Вам можа спадабацца