“Мрази” ад «Советской Белоруссии”. Якіх паслядоўнікаў выгадаваў калумніст А. Мукавозчык

Грамадзтва

“Мрази” ад «Советской Белоруссии”. Якіх паслядоўнікаў выгадаваў калумніст А. Мукавозчык

Шмат для каго прапагандысцкае выданне «Беларусь сегодня»/«Советская Белоруссия» цяпер трывала асацыююцца з яго калумністам Андрэем Мукавозчыкам. Пагатоў, улады абсыпаюць яго ўзнагародамі накшталт «Золотое перо» і «Золотая литера».

У той жа час складаюцца петыцыі, як аднойчы мы ўжо пісалі, з патрабаваннем забароны публікаваць адыёзныя пісанні гэтага аўтара. Марыя Калеснікава незадоўга да арышту ўвогуле падала заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт, каб гэтыя органы праверылі пісанні Мукавозчыка на прадмет адпаведнасці дзейнаму заканадаўству. Як і варта было чакаць, ніякай рэакцыі на зварот Калеснікавай з боку гэтых, як прынята ў нас гаварыць, кампетэнтых органаў не было, і Мукавозчык паспяхова працягвае страчыць свае опусы і надалей. Больш таго: у Андрэя Мікалаевіча з’явіліся маладыя паслядоўніцы, пра адну з якіх і хацелася б зараз і пагаварыць.

Чытач, паглядзеўшы, на загаловак, напэўна, падумаў, што гаворка ідзе пра Людмілу Гладкую. І сапраўды. Гэтая спецыяльная карэспандэнтка і супрацоўніца аддзела журналісцкіх расследаванняў «Беларуcи сегодня» трапіла ў цэнтр увагі пасля разгону 8 лістапада Марша народаўладдзя ў сталіцы.

Гладкая шчыра захаплялася т.зв. праваахоўнікамі (на яе думку, яны “сработали ювелирно”), а пратэстоўцаў назвала «откровенной мразью».

Людміла Гладкая. www.belta.by

Гэтым яна пераплюнула свайго гуру Мукавозчыка, а яе “рэпартаж” выклікаў хвалю абурэння, бо сярод звыш тысячы затрыманых былі медыкі, выбітныя спартоўцы і навукоўцы. Пра гэта, між іншым, сведчаць шматлікія каментары на яе асабістай старонцы ў Фэйсбуку.

Самае цікавае тое, што на працягу сваёй кар’еры ў «СБ» Гладкая (яе першая публікацыя выйшла ў чэрвені 2013-га) не чапала палітыку. Напрыклад, вы не знойдзеце якіх-небудзь яе матэрыялаў, датычных прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Пазбегла Гладкая і такой даклікатнай тэмы як маршы «дармаедаў». Калі і бралася Гладкая за больш-менш рэзанансныя тэмы, як напрыклад, суд на блогерам Дзмітрыем Галко, то імкнулася рабіць гэта падкрэслена нейтральна: падавала толькі факты, а свайго меркавання не выказвала (затое сёння аўтарка не хавае задавальнення ад арышту Мікалая Дзядка, якога называе “уголовником” и “мразью”).

Раней аўтарскія калонкі Гладкай прысвячаліся розным аспектам штодзённага жыцця: ад незаконных звальненняў з працы да падрыхтоўкі службовых сабакаў для міліцыі. Са свайго боку начальства Гладкую цаніла: так, у 2016 годзе яна атрымала ўзнагароду ў намінацыі «За поиск и творческие достижения среди молодых журналистов».

Аднак сёлетняя прэзідэнцкая кампанія паставіла перад Гладкай, як і перад яе шматлікімі калегамі, непазбежную дылему: з кім быць надалей. І Гладкая ўласны выбар зрабіла: свой рубікон яна перасягнула 30 ліпеня, калі апублікавала артыкул «Как пытаются обмануть белорусов, рассорить между собой и с соседями».

Далей — болей. З кожным матэрыялам стыль Гладкай станавіўся ўсё больш безапеляцыйным і катэгарычным, а слоўнікавы запас папаўняўся тэрмінамі з блатной фені. Таму «откровенная мразь» — заканамерны паказчык нядоўгай «эвалюцыі» гэтай журналісткі.

Аднак пагаварыць мы б хацелі пра іншую гераіню. У «Беларуси сегодня» з зайздроснай перыядычнасцю цяпер мільгаюць матэрыялы іншай журналісткі — Вікторыі Кахно. Першы ж яе тэкст пад назвай «Кто толкает молодежь на улицы» быў апублікаваны 10 верасня.

Вікторыя Кахно. Фота са старонкі ў “Facebook”.

Аўтарка ў ім усяляк зневажала ўдзельнікаў пратэстаў і ўсхваляла Аляксандра Лукашэнку са створанай ім грамадска-палітычнай і эканамічнай мадэллю. Гэтая ўстаноўка праходзіць і праз наступныя матэрыялы Вікторыі Кахно, дзе мантры, маўляў, мы жывём «в самой крепкой и справедливой стране», спалучаюцца з прэтэнзіямі на адрас Ніны Багінскай, якая замест таго, каб пачытаць казкі сваім унукам і праўнукам, бадзяецца па мітынгах.

Асвоіла і Кахно і іншыя прапагандысцкія прыёмы. У тэксце пад назвай «На родном языке, да в чужой униформе» яна параўноўвае дзейнасць недзяржаўных журналістаў падчас пратэстных мітынгаў з…дыверсійнымі групамі фашыстаў падчас вайны.

Тут трэба заўважыць, што параўнанне палітычных праціўнікаў Лукашэнкі з “фашыстамі ці іх прыхваснямі” часоў Вялікай Айчыннай вайны — распаўсюджаны і адначасова самы танны спосаб прапаганды. Гэты прыём жывучы сярод лукашэнкаўцаў выключна па адной прычыне — крайняй беднасці іх прапагандысцкага арсеналу.

Як бачым, Кахно сама не ў стане развіць нейкія арыгінальныя ідэі, і таму вымушаная звяртацца ўжо да гатовых узораў. Так, у згаданым опусе апісваецца эпізод, калі ў адным з баёў за Ціхвін на пачатку снежня 1941 года фашысты падпалілі Т-34. Мужны камандзір савецкай бронемашыны гарэў жывым факелам, але страляў па ворагах. Выснова аўтаркі такая: «А иногда подвиг — это и есть смерть, красивая и страшная». А яшчэ савецкія воіны, , — «не чета нашим “бчбистам”, которые под свободой понимают иллюзорные фантики демократии и условные кружевные трусики».

Аўтарка прызнаецца, што даведалася пра гэтую гісторыю з успамінаў аднаго ветэрана вайны. Праўда, Кахно чамусьці не называе яго прозвішча. З іншага боку гэта не дзіўна: бо, па-першае, 90% тэкста Вікторыі — банальны пераказ гэтага боя. А па-другое, галоўную «фишку» (вайна і карэспандэнты) Вікторыя ўзяла з арыгінальнага тэкста, аднак прадставіла быццам бы сваю уласную.

З чаго такія высновы, спытаце вы.

Я не паленаваўся і знайшоў гэтую гісторыю. Яе аўтар — радавы Аркадзь Міхайлавіч Ніканораў. Менавіта яго 65-я стралковая дывізія вяла тады баі за Ціхвін. Успаміны Ніканорава публікаваліся яшчэ ў 1995-м, аднак сталі вельмі затрабаванымі на хвалі расійскага ура-патрыятызму напярэдадні 75-годдзя Перамогі. Тады ж гісторыя пра гэты Т-34 з’явілася ў фармаце аўдыёкнігі.

На гэтым можна б было б абмежавацца, каб жа жаданне Кахно «ўпрыгожыць» свой опус унікальнымі дэталямі. Так, аўтарка наракае на тое, што, маўляў, гісторыю з танкам нельга знайсці на старонках «Красного знамени». Між іншым ва ўспамінах Ніканорава гаворка ідзе пра «Красную звезду». Калі б Вікторыя была крыху ў тэме, то ведала б, што такой газеты як «Красное знамя» не існавала ў пераліку цэнтральных выданняў часоў вайны.

А злашчасны Ціхівн падклаўі аўтарцы свінню. Так, яна піша:

«От того, займут ли немцы Тихвин, зависела судьба блокадного Ленинграда. Взятие врагом этого города означало бы потерю единственного пути сообщения с Ленинградом, по которому туда переправляли продовольствие, оружие и боеприпасы».

Лёс блакаднага Ленінграда ніяк не залежаў ад Ціхвіна, бо кальцо вакол гэтага гораду замкнулася яшчэ ў пачатку верасня 1941 года, калі германская армія захапіла Шлісельбург. Вызваленне Ціхвіна мела пэўнае стратэгічнае значэнне, аднак праз яго было немагчыма аказваць дапамогу Ленінграду: чыгункі былі цалкам разбураныя. Ну а пра дарогу жыцця праз Ладажскае возера — адзіную артэрыю, якая звязвала блакадны Ленінград з краінай, ведаюць нават дзеці.

Але не галоўнае інфармацыйнае выданне Адміністрацыі прэзідэнта.

Ціхвін быў ужо захоплены вермахтам яшчэ ў пачатку лістапада 1941 года. Савецкія войскі вызвалілі яго роўна праз месяц.

Але Кахно не проста не ведае ваеннай гісторыі. Яна яе свядома скажае.

Так, яна піша: «Военные корреспонденты во время Великой Отечественной войны…будучи на фронте среди солдат и командиров… всегда искали тему для своих заметок, старались зацепить и рассказать о чем-то выдающемся, о настоящем подвиге русского солдата».

Галоўнаму інфармацыйнаму выданню Адміністрацыі прэзідэнта добра было б ведаць, што на франтах Вялікай Айчыннай вайны ваявалі не толькі рускія, але прадстаўнікі амаль усіх нацыянальнасцяў СССР, і што ў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі нават падчас вайны ваявалі падраздзяленні, сфармаваныя па нацыянальнай прыкмеце. Адну толькі Брэсцкую крэпасць, па афіцыйных звестках, у чэрвені 1941 абаранялі прадстаўнікі  каля трыццаці нацыянальнасцяў. Тое ж самае і цяпер: за прапаганду ў нас адказвае грузін Тэнгіз Шукрыевіч Дунбадзе, а міністрам унутраных спраў быў Юрый Хаджымуратавіч Караеў. Спецпадраздзяленнем МУС «Алмаз» камнадуе Віктар Барнафавіч Зураеў.

У сваім «рускамірным» угары Кахно нават прыпляла Бісмарка, якога назвала «одним из наших известных европейских партнеров» і прывяла цытату з яго: рускіх немагчыма перамагчы. Незразумела толькі, калі і дзе Бісмарк такое сказаў, які абставіны, пры якіх ён стаў партнёрам Вікторыі Кахно.

Пад канец адзначым яшчэ адзін опус Кахно — «Помой-ка TUT.by!». У ім славуты партал паласкаецца на розныя лады. Але тут ёсць непрыхаваная хлусня: пішацца, што tut.by стварыў у сваю падтрымку ролік пад назвай «Мы ни в коем случае не врем». Калі вы паспрабуеце знайсці такую назву, то натыкнецеся на словы Лукашэнкі: «Ни в коем случае не врите». Менавіта так ён наказваў журналістам падчас знакамітага візіту ў канцы траўня на МТЗ.

Ролік, звязаны з tut.by, cапраўды існуе, але пад іншай назвай: «Тут не врут». І створаны ён не журналістамі, а жыхарамі сталічнай Залатой Горкі.

Намер тут зразумелы. Калі нехта з чытачоў “Советской Белорусии” пажадае паглядзець ролік пра tut.by , пошук яго выведзе на словы Лукашэнкі.

Ці мае такая пазіцыя нешта супольнае з журналістыкай? Адказ, па-мойму, відавочны.

.

Вам можа спадабацца