Моваю Касцюковіччыны — з-за межаў і акіяна

Рознае

Моваю Касцюковіччыны — з-за межаў і акіяна

Выданне, якое аглядаецца:

Сяднёў М. Выбраныя творы / Масей Сяднёў; уклад., прадм. і камент. Л. Савік, уклад. К. Цвіркі. — Мінск: Кнігазбор, 2013. — 608 с.: [8] с. іл. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).
 

Гэты тэкст прысвечаны мове рамана Масея Сяднёва «І той дзень надышоў». Як і пісьменнікі з мінулых тэкстаў маёй «серыі», Масей Сяднёў паходзіць з усходняй часткі абшару беларускай мовы — з вёскі Мокрае тагачаснага Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні. Але вялікую частку жыцця ён пражыў на эміграцыі, у ЗША, дзе і памёр у далёкім ад родных мясцін Глен-Кове.

Раман «І той дзень надышоў» апісвае падзеі, якія адбываліся перад Вялікай Айчыннай вайной — у 1930-я гады, — а таксама ў час вайны. Раман гэты аўтабіяграфічны, у ім паказаны час беспасярэдне перад тым, як аўтар трапіў у кола рэпрэсій, перыяд яго знаходжання ў высылцы, а таксама пасля яго цудоўнага вызвалення, калі Масей Сяднёў вярнуўся ў родную вёску і пэўны час яшчэ пражыў там, калі ўжо пачалася вайна.

Цікава, дарэчы, што пісьменнік стаў прататыпам сына Дзяніса Зазыбы ў рамане Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі», якому прысвечаны мой мінулы тэкст на сайце газеты ARCHE.

Лёс Масея Сяднёва сапраўды пакручасты. Усіх, хто хоча крыху бліжэй з ім пазнаёміцца, накіроўваю да выдання, якое тут разглядаецца: у грунтоўнай прадмове спадарыня Савік падрабязна і змястоўна пра яго напісала. Адзначу толькі, што тыя цяжкія ўмовы, якія вымусілі спадара Сяднёва выехаць з Беларусі, шмат у чым ужо пачалі аднаўляцца ў нашай краіне. Масавы пераслед студэнтаў, дзеячаў культуры, кіданне за краты з надуманых прычын, паўсюднае беззаконне — адразу нават цяжка зразумець, пра які перыяд нашай гісторыі гаворка.

Але ўсё ж пяройдзем беспасярэдне да мовы.

Сам Масей Сяднёў меў сваю думку па розных моўных пытаннях. Ім ён прысвяціў некалькі артыкулаў. Да таго ж і ў самім рамане ёсць цікавая сцэна, у якой настаўнікі абмяркоўваюць рэформу 1933 года, вось урывак з яе:

«Іншыя пыталіся, чаму цяпер у месным склоне множнага ліку для назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду заменены ранейшы канчатак “ох-ёх” на “ах-ях”? У народнай жа мове, у фальклёры, бытуе прыгожая форма “ох-ёх”:

А ў палёх-палёх

ды быльнёг палёг».

Пра сябе Масей Сяднёў пісаў, што ён «так бы сказаць, вывез з сабою беларускую мову ў ейнай “чысціні”, яшчэ не сапсаваную, такой, якой вывучаў яе ў школе, успрыняў ад нашых класікаў, пазнаў інтуітыўна. З такой закансерваванай, зберажонай мовай… жыў увесь час, ёю карыстаўся, на ёй пісаў, яна была… адзіным сродкам выяўлення сябе…» (18, цыт. паводле выдання, якое разглядаецца).

Пра захаваную «чысціню» роднай мовы, я лічу, тут сказана не дарэмна. У творах Масея Сяднёва сапраўды шмат слоў, формаў, узятых ім з роднай гаворкі. Яго арыентацыя на народную мову, акрамя лексікі, добра відаць, напрыклад, па шырокім выкарыстанні ўласцівых паўночна-ўсходняму дыялекту формаў дзеясловаў першага спражэння на -іць нават у аўтарскай мове. Дарэчы, у кнігазбораўскім выданні, у адрозненне ад выдання 1992 года («Патушаныя зоры»), такія выпадкі выпраўлялі на літаратурныя варыянты: сыпліць (160, выданне 1992 года) — сыпле (247, кнігазбораўскае выданне), не шамніць (298) — не шамне (378) і г. д. Думаецца, такія змены ў пазнейшым выданні цалкам апраўданыя.

Часта сустракаюцца ў творы і народныя формы займеннікаў і лічэбнікаў жаночага роду: гаварыў аб тэй ролі (294), няма тэй ночы (359), завяду цябе сёння ўвечары да аднэй (248), па аднэй не зашкодзіць (252).

Замест больш пашыранага сёння варыянта пускаць аўтар выкарыстоўвае пушчаць (і вытворныя): не пушчае ў клець (272), апушчае вочы долу (240), дапушчаю, ён ведае пра яе (252).

З народных рыс можна таксама адзначыць дзеепрыслоўе, якое абазначае дзеянне, што адносіцца не да дзейніка: Засынаючы, мне прысніўся Вяркееў... (267). Гэта, відаць, рэшткі канструкцыі «давальны самастойны», якая ў беларускіх гаворках захоўваецца з даўнейшых часоў (гл. пра гэта «Гісторыю беларускай літаратурнай мовы», том 1. Мінск, 1967. Стар. 51, 346–347).

Яшчэ шырэй, чым у кнігах аўтараў, чыю мову я разглядаў у мінулых артыкулах (Карамазава, Чыгрынава і іншых), прадстаўлены формы дзеясловаў абвеснага ладу цяперашняга часу 1-й асобы множнага ліку на -мо(ся): баімося (402), садзімося (412), седзімо (412), спімо (415), стаімо (421).

Шмат у творы адметных сінтаксічных канструкцый, уласцівых гаворкам або ўтвораных пад уплывам гаворак: хмара — шырокая на паўнеба (275), вяселле мае адбыцца гэтай нядзелі (275), гутарылі трох: Эма, сястра і Дуся (276), Ён... пісаў і пісаў. Праз ноч навылёт (354), не называлі сына на імя (359).

Аднак пры ўсёй аўтэнтычнасці моўных рыс знайшлося ў тэксце рамана і цікавае месца, якое, наколькі я разумею, дэманструе нам сінтаксічнае запазычанне з англійскай мовы:  Чаму я прыйшла сюды? Што мне тут трэба? Я сюды не належу. Я тут чужая (329). Відаць, вылучаны сказ пабудаваны на ўзор англійскага I don’t belong here. Цікава яшчэ і тое, што падобныя канструкцыі сустракаюцца ў тэкстах украінскіх эмігрантаў. Прыклад з газеты «Свобода» (1981, № 80, стар. 2): Відповіджте мені, чому ви ніколи не сказали, що я не ваша дочка, що я тут не належу?

На матэрыяле рамана можна крыху разгледзець і пурыстычныя пытанні. Сёння існуе парада выкарыстоўваць замест слова «рэўнасць» — «зайздрасць». Але з тэксту Сяднёва відаць, што для яго гэтыя словы называюць паняцці хоць і блізкія, але не тоесныя. Напрыклад, у наступным урыўку замена аднаго на другое немагчымая:

Што — я паранены змяіным джалам рэўнасці? Не. Любоў да Дусі была б тады азмрочанай, і я не змог бы тады яе кахаць. Што ж тады? Думаю — зайздрасць. Зайздрасць да яе, што сваім чарам яна магла зачараваць і некага іншага, не толькі мяне (404).

Хоць перад гэтым зварот быць зайздросным і выкарыстаны ў значэнні, вельмі блізкім да ‘раўнаваць’:

Я была зайздросная, што ты танцаваў у нас на вяселлі з іншай жанчынай, а не са мной (403).

Па традыцыі найбольшую частку матэрыялу ў мяне займае слоўнік. Спадзяюся, кожны знойдзе ў ім для сябе нешта новае і цікавае і ўбачыць, як шмат хавае ў сабе родная мова чалавека, нават калі ён апынаецца далёка за межамі бацькаўшчыны.

Крыніцы

Бялькевіч — Бялькевiч, І. К. Краёвы слоўнiк усходняй Магiлёўшчыны / І. К. Бялькевiч. — Мінск: Навука i тэхнiка, 1970. — 602 с.

Дабравольскі — Добровольский, В. В. Смоленский областной словарь / В. В. Добровольский. — Смоленск, 1914. — 1026 с.

Каспяровiч — Каспяровiч, М. І. Вiцебскi краёвы слоўнiк / М. І. Каспяровіч; пад рэд. М. Я. Байкова і праф. Б. І. Эпімаха-Шыпілы. — Вiцебск, 1927. — 390 с.

Насовіч — Насовiч, I. I. Слоўнiк беларускай мовы / І. І. Насовіч. — Мінск: БелСЭ, 1983. — 792 с.

Палявой — Полевой, А. Ф. О языке населения Новозыбковского уезда Гомельской губернии / А. Ф. Полевой. — Минск, 1926. — 47 с.

Растаргуеў — Расторгуев, П. А. Словарь народных говоров Западной Брянщины / П. А. Расторгуев. — Минск: Навука i тэхнiка, 1973. — 295 с.

Шатэрнік — Шатэрнік, М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны / М. В. Шатэрнік. — Мінск: Выд-ва АН БССР, 1929. — 319 с.

Юрчанка — Юрчанка, Г. Ф. Народнае вытворнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны / Г. Ф. Юрчанка. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — А–Л. — 280 с.; 1983. — М–Р. — 304 с.; 1985. — Р–Я. — 336 с.

Юрчанка, Сінаніміка — Юрчанка, Г. Ф. Народная сінаніміка / Г. Ф. Юрчанка. — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 280 с.

Юрчанка, 1966 — Юрчанка, Г. Ф. Дыялектны слоўнік: з гаворак Мсціслаўшчыны / Г. Ф. Юрчанка. — Мінск: Навука і тэхніка, 1966. — 227 с.

Яўсееў — Яўсееў, Р. М. Маці казала так… З гаворкі Бялыніцкага раёна / Р. М. Яўсееў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1978. — 112 с.

Пасля цытат-ілюстрацый у дужках прастаўлены нумары старонак кнігі. Крыніцы, якія згадваюцца толькі аднойчы, пазначаны ў адпаведным слоўнікавым артыкуле.

аголтацца — агоўтацца. Маці кінулася да мяне. Засланяе мяне. Крычыць на ўвесь голас: «Людзі добрыя, ратуйце! Памажэце, людзі добрыя!» Бугроў аголтаўся. Адступіў (433).

адкі́нуцца — адмовіцца ад дадзенага слова. «Ейная братавая, што цяпер у іх, абзывае цябе самымі апошнімі словамі... гаворыць, што ты сапсаваў Маньку, абяцаў узяць яе, цяпер адкінуўся, і што табе гэта так не пройдзе» (385–386). Насовіч: 374.

адылі́ — аднак. Ні з кім асабліва Лявонавіч у гутарку не ўступае — робіць сваё, толькі калі ў брыгадзе пачуеш ад яго якое слова, дый то як кароткі адказ на якое-небудзь запытанне. Буркне і сціхне. Думае нешта сваё.. Адылі яму ой як хацелася з кім-небудзь загаварыць, ды не было з кім (323). «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік». Вільня, 1919: 13–14. Параўн.: адылі́ж ‘а сапраўды, аднак жа’ (Насовіч: 3).

абборкі перан. — самыя слабыя людзі, якія засталіся ў грамадзе. А пазней, як ужо добра ўднелася, пачалі з’яўляцца і дарослыя, пераважна «цяплюхі», старыя і нямоглыя мужчыны-абборкі (347). Параўн.: аборыш ‘самая дрэнная рэч, якая засталася са збору падобных жа рэчаў пасля выбару’ (Дабравольскі: 508), абборкі ‘рэшткі яблыкаў, ігруш, агуркоў і інш. пасля таго, як значная частка іх была прададзена «на выбар»’ (Растаргуеў: 26).

асвабані́ць — вызваліць. Яшчэ старшыня не ўзняўся на падножак, як я, асвабаніўшы для яго месца на сядзенні, сеў ніжэй, на мяшок з аўсом (292). Параўн.: аслабані́ць ‘тс’ (Растаргуеў: 43).

бале́сны — апанаваны душэўным болем. І яны [бацькі] чуюць ягоныя крокі, як ён адыходзіць. Просяць вярнуцца. Але крокаў больш не чуваць, і яны, балесныя, бездапаможныя, не ведаюць, што рабіць, пачынаюць сварыцца, упікаць адзін аднаго за няўдачу (312).

брату́ха — брат. — Не журыся, братуха. Сядай (384). Юрчанка: 1981, 60.

браць: браць на гу́бы — каштаваць (пра гарэлку). Вяркееў разліў свой паўлітэрак на нас траіх (маці ніколі нават на губы не брала гарэлкі) (252).

бэбах — вялікі жывот. Гляджу — на Вяркеевай школьнай дзялянцы, зарослай пустазеллем, поле Акуліна. Седзячы. Ад жывата-бэбаха не можа згінацца (304–305).

важджа́цца — важдацца. Да вяселля было ўжо ўсё гатова, але вяселля ўсё не было. З розных прычынаў: неадпаведны час... а галоўнае ўсё ж — мае бацькі не хочуць Дусі. Наўзверх усяго — мо давядзецца выбірацца куды, дык навошта тады важджацца, тлумачыць мне бацька (417). Бялькевіч: 102.

вы́чапацца — выкараскацца. Партызаны ж паўцякалі. А людзі пагіблі. А ты, брат, сядзіш тут… Ды я гэта так. Рада, бясконца рада, што ты вычапаўся. Я так перажывала за цябе. Насіла табе перадачу ў турму, ды не прынялі (387). Параўн.: вы́чапацца ‘вызваліцца ад хваробы’ (Насовіч: 102).

Вялі́кадне — Вялікдзень. Іду, і мне здаецца — Вялікадне яшчэ не скончылася (428). Насовіч: 48, Бялькевіч: 128. Параўн: Вялікадня ‘тс’ (Палявой: 29).

вярзёнка: вярзці́ вярзёнку — гаварыць лішняе. — Балбочаш ты і сама не ведаеш што. Пустое мелеш. Вярзеш вярзёнку (318). Параўн.: верзёнка (у ілюстрацыі — вярзёнка) ‘пра гаваркога чалавека’ («Словарь смоленских говоров», выпуск 11. Смаленск, 2005: 189).

глупота — глупства. Але, кажуць, прыгажосць звычайна надзелена і такой якасцю, як глупота. Прыгажосць і глупота добра суіснуюць міжсобку (272).

годна — прыстойна, дарэчы. Райана чакаў нас, гатовы быў выпісаць табе прызначэнне ў дзесяцігодку, а ты і носа свайго паскуднага не паказаў. Не годна гэтак, браток (305).

гокнуць — ударыць (пра гром). Сціх як бы ўжо і гром. Ды зноў як гокне — у саменькі вугал. Дуся за шырму хавацца (318). Параўн.: гокаць ‘стукаць’, ‘біць’ (Насовіч: 116), гокнуць ‘крыкнуць гучна’ (Дабравольскі: 131), гокнуць ‘моцна выцяць’ (Растаргуеў: 81).

гудлі́ва — з гудам. Стала больш утульна. Хоць гэтая ўтульнасць пачулася хутчэй ад «першаку». Стол ужо загаманіў, гудліва, працяжна, голасна (262).

дум: не ісці́ на дум — не мець магчымасці  думаць (пра што-н.). У сваім уяўленні [маці] бачыла б мяне ў самых найгоршых абставінах, праца ёй не ішла б на дум, і ўсё валілася б з рук (279). Параўн.: не іціць на вум ‘тс’ («І сячэ і паліць». Мінск, 1974: 162). Параўн. руск.: быть не в голове. Прыйсці́ на дум — прыйсці ў галаву. Мне прыйшло гэта на дум само па сабе, калі я прыглядаюся цяпер да сосен з велічэзнымі сукамі (374).

дуру́ша — неразумная жанчына. — ...Ты слухаеш мяне? — Слухаю... Слухаю, дуруша ты еткая (318). Юрчанка: 1981, 140.

ды́хам — махам. Узняўшы налітую ўжо для яго шклянку, старшыня дыхам асушыў яе і, высока ўзнятай, ударыў ёю аб падлогу, — эфект быў поўны (283). Яны даюць мне гарэлкі. Я адным дыхам асушыў шклянку (411). Параўн.: ду́хам ‘хутка, хуценька’ (Юрчанка, 1966: 81).

ейны — яе. Я ўжо на той ступені, што нават магу.. прастойваць немаведама чаго цэлымі гадзінамі на нашым мосце праз рэчку Свінку, што прабягае паміж ейнаю і маёю вёскамі (240).

е́сцейкі дзіц. — есці. Глядзі, Васілёк цмокае, плямкае губкамі. Хоча есцейкі (429).

ждаць — чакаць. Пайду. І стары ж мой жджэ мяне там (244). Насовіч: 153, Бялькевіч: 167.

жу́ціць — сварыцца (на каго), дакараць (каго). Але яна хоча задаволіць просьбу бацькоў, якія ёй усё дазвалялі, ніколі не жуцілі за сужыццё са мною (416). Параўн.: жу́чыць ‘тс’ (Насовіч: 158, Каспяровіч: 109, Палявой: 30).

за́блаць — гатунак нітак для вышывання. На самай справе ніякага выкупу не просяць, а даруюць мне на дарогу новенькі ручнік, з прыгожа вышытымі на ім заблаццю словамі: «Не забывай нас» (310). Растаргуеў: 102. Параўн.: за́балаць ‘тс’ (Растаргуеў: 102, Палявой: 31).

закутаць — злавіць, захапіць. — Не кажы, Піліп, дастаецца і ім [партызанам]. Пад Калодлівам вон іх закуталі ў лесе і ўсіх перадушылі (396). — ..Ты ж мо чуў, што Вяркеева няма ў жывых? Дзесьці іх закуталі. Божачка. Гэта ж і твой таварыш (437). Параўн.: закута́ць ‘загнаць, зачыніць скаціну ў закуту, хлеў’ (Дабравольскі: 241).

зама́заць — загладзіць. Ён хацеў бы замазаць сваю віну, папрасіць у яе прабачэння, але як даступіцца да яе? (331). Параўн.: зама́зываць ‘тс’ (Насовіч: 174).

заносіцца — брацца. — Што там чуваць у тваім Менску? Там жа ўсе новасці, у нас тут нічога не пачуеш, — на вайну не заносіцца? (263).

заса́дка — засада. Учора быў бы ты ў іх руках, каб не забавіўся. У засадцы сядзелі, цябе чакалі (384).

зацвіце́лы — які зацвіў. Зацвіў у полі лён.. Грае ўсімі колерамі неба... глядзіць на цябе, прамаўляе, і душа твая даверліва раскрываецца насустрач яму, зацвіцеламу (320). Параўн.: цвіце́ць ‘цвісці’ (Каспяровіч: 339).

звяшча́ць (каму) — папярэджваць, прадказваць (пра сны). Сны мае звяшчаюць нам берагчыся (419). Параўн.: звяшча́ць ‘паведамляць’ (Насовіч: 201).

звяшчэ́нне — прадвесце. Калі я прыйшоў да Дусі, у яе былі пачаўшыся ўжо схваткі. Цэлую ноч не спала. Прайшлі болі, а цяпер зноў. Маці супакойвае яе, кажа, што гэта яшчэ толькі «звяшчэнне» (427).

злаба́ — сварка, нянавісць. Бацька падбіў цябе, каб гэтая дзялянка нам засталася. І ты так зрабіў. А трэба было аддаць яе каму іншаму. Не было б злабы (379). Параўн.: злыба́ ‘тс’ (Бялькевіч: 194).

із — з. Пра адсутнасць сына ў хаце сведчыла ўсё: стол, дзе ён не сядзіць, пасцель, дзе ўжо ён не спіць, кніжкі на паліцы, да якіх ён не дакранаецца, забыты гальштук на цвічку, фатаграфіі ягоных сяброў, што вачыма із сцяны шукаюць яго (316). Бялькевіч: 214, Палявой: 27, Шатэрнік: 123.

ісці́: ісці́ ў шкоду — ісці ў недазволенае месца, шкодзіць. Гусі для яе не існуюць. Яна, мусіць, забыла пра іх. Але яны ведаюць сваю пастушку — даюць ёй магчымасць пабыць з сабой, у шкоду не ідуць (249).

канча́льна — канчаткова. Я мушу сядзець ціха, пакуль яны не знікнуць канчальна (362). Параўн.: канча́льны ‘канчатковы’ (Насовіч: 245).

качу́лка — качалка. Яны [бабы], здурэўшы, граюць самі сабе — на качулках, на талерках, на сваіх вуснах, на ўсім, што пападзе ім пад рукі (286). Палявой: 31, Растаргуеў: 135.

клумі́цца — тоўпіцца. У сваіх думах ён [Масей Лявонавіч] не існаваў. Яны завалодалі ім, клуміліся самі па сабе, плылі адвольна, быццам ён не быў іхнаю прычынаю, а ўсяго толькі нейкім пабочным інструментам (313). Параўн.: клумі́цца ‘тлуміцца’ (Юрчанка, 1966: 112).

куле́ш: ад куляшу́ па целяшу́ — прыказка пра высокія харчовыя якасці куляшу. — Ад куляшу па целяшу. Ды куляшом я вас не накармлю. Дастану яшчэ чаго (302). Параўн.: ад куляшу́ расту́ць дзе́ці па целяшу́ («Прыказкі i прымаўкі ў дзвюх кнігах», кн. 2. Мінск, 1976: 118).

ку́пел — месца, дзе можна купацца. Яна [Дуся] таксама — бачу па ёй — хацела б плёхацца разам з малымі, каб толькі ў тым купеле былі адны дзяўчынкі і не было хлопчыкаў (241). З гэтага купела [ў віры на рацэ Свінцы] я вылажу паздаравеўшым (367).

курпе́чыць перан. — шкуматаць? Ён [Гітлер] там, на Захадзе, будзе курпечыць розныя Бельгіі, Галандыі, Даніі, а мы — тут як тут. Раз-два, і ўся Нямеччына наша (325).

куцобка — кукса. Раптам пялёнку нам зняло з вачэй, і перад намі — лес, але які: з роўна зрэзаным, як пад шнур, верхам. Быццам нехта заклаў электрычную пілу і адным цягам адцяў, збрыў макушкі, і ён стаіць цяпер, ківаючы, як куцобкамі, сваімі голымі стваламі (420). Юрчанка, 1966: 118.

ма́нталь — мантылья. Распасцёрлі на палку пад бок мой армяк. Дусіным манталем накрыліся (406). Параўн. манты́лька (Насовіч: 280).

маўкліня́ — маўклівасць. Я рады, што бацька загаманіў, мяне мучыла ягоная маўкліня (252).

маўмы́ра — нясмелы, дзіклівы чалавек. Ну а ты, стары, чаго маўчыш, як маўмыра, даставай, што я зберагла, — не выпіў жа? (375). Бялькевіч: 261.

махра́ч — ручнік, у якім носяць абед на поле. Яны [бацька і сястра] з нецярпеннем чакаюць матчынага прыходу з абедам — з гаршчэчкамі ў махрачы (250). Бялькевіч: 262.

нава́жны — рашучы. Іду, пасмялелы і наважны (365).

нагода: у нагодзе (быць) — быць дарэчы, спатрэбіцца; быць у прыгодзе. Добра і тое, што ты ўгаварыла мяне ўзяць з сабою цёплае паліто. Яно мне дужа ў нагодзе (314).

на каротка — ненадоўга. — Матулечка, чуеш, як прыгожа? Пусці! І я хачу заспяваць разам з імі. Ты пачуеш, які ў мяне голас.. Пусці хоць на каротка (320).

настаўле́нне — стаўленне. Бацька нават турбаваўся маім такім настаўленнем да жаночага роду (267).

настру́ніць — прыструніць. Вяркееў падказваў мне, каб я чытаў павальней, не спяшаўся, больш тлумачыў. Ды ўжо сход выйшаў з-пад кантролю, і яго цяжка было наструніць (257).

наўзнач — дагары. Ашчаперыла мяне аберуч за шыю і сунецца задам, цягне да будана. Пры самым уваходзе ў яго падае наўзнач (259). Параўн.: на́ўзні́ч ‘тс’ (Растаргуеў: 171).

непраміна́льны — які не прамінае, не мяняецца. Не, яна, улада, тут, яна не знікла, яна непераможная і непрамінальная (349). Параўн. руск. непреходящий.

неўзаход (каму, куды) — цяжка дабрацца, няма дарогі (каму, куды). Пасёлак Красны Вугал — невялічкі, шэсць двароў усяго. Даезду да яго няма ніякага. Чужога чалавека тут не пабачыш. Чужому чалавеку сюды неўзаход (400).

неўзлюбі́ць — не спадабацца. Але ўсё-ткі я неўзлюбіў, што Вяркееў — мот — называў яе сваёй, ды яшчэ наўзверх Дусяй (241). Параўн.: няўзлю́б ‘не падабаецца’ (Насовіч: 328).

неўпрыкме́ць — неўпрыкмет. Час ад часу — я гэта бачу — яна кіне на мяне неўпрыкмець свой сарамлівы погляд (241).

нягож — вядома. — Дабяруцца і сюды [немцы]. Не думай. Бачыш, начальства Касцюковічы пакінула. Цяпер ужо ў нас тут раён. Але выпараць і адсюль. — Ды нягож, як прыйдзе час, яны і нас пакінуць. Параўн.: няго, няго ж ‘няўжо’ (Каспяровіч: 210), няго ‘тс’ (Бялькевіч: 298), няго ‘тс’ (Яўсееў: 75).

паварот — вяртанне, зварот. Дамы-гнёзды засталіся пакінутымі і асірацелымі, стаяць няўпэўненыя ў павароце тых, хто іх пакінуў (340). Насовіч: 429.

падмога: у падмозе (быць) — дапамагаць. Ты, бацька, не сярдуй, што я не паслухаўся цябе. Шануй сваё здароўе. Я табе буду ў падмозе (315).

пад’ялды́кваць — паддзяваць, уколваць (словамі). Мужчыны дзівяцца, ад чаго Масей Лявонавіч гэтак перамяніўся. Пад’ялдыкваюць, пытаюцца: можа Малання разлюбіла? (311). Параўн.: пад’ялды́кнуць ‘тс’ (Юрчанка, Сінаніміка: 136), пад’ялды́кваць, пыд’ялды́кываць ‘падбухторваць’ (Яўсееў: 78).

паму́ліць — паплесціся, пацягнуцца. Збіты з панталыку, Вяркееў памуліў да парога (313).

пасёстра — стрыечная сястра. Цётка паставіла на часах сваю старэйшую дачку, маю пасёстру, каб яна наглядала за вуліцай (410). Растаргуеў: 200.

па́хны — які пахне нечым, з выразным пахам. Нагрэтая за дзень трава, дыхае нечым п’янкім, духмяным, востра пахным (301).

пеклава́цца — цяжка працаваць. Я ўжо на той ступені, што нават магу не хадзіць на працу ў калгас, не пеклавацца, як усе, магу хадзіць панічом, прастойваць немаведама чаго цэлымі гадзінамі на нашым мосце праз рэчку Свінку (240). Бацька вон як пяклуецца, дык стань побач і «пакажы». Зарабі працадзень які — з яго ж жывуць цяпер усе (250). Параўн. руск. пахать.

піхці́р — вяровачная сетка для сена, саломы. «Цялега», ужо падмазаная, стаяла напагатове. На ёй сядзенне на два чалавекі. Ззаду ў піхціры — свежаскошаная трава (292). Параўн.: піхце́р ‘тс’ (Каспяровіч: 243).

пля́мкаць — цмокаць. Глядзі, Васілёк цмокае, плямкае губкамі. Хоча есцейкі (429).

правеўны —  ветраны (пра дзень, надвор’е). Ходзім уперад і назад доўгай шарэнгаю — падкідваем, разбіваем валы сена; сонца спякотнае, дзень гарачы, але правеўны (273).

прадонны — бяздонны. З-пад іх [броваў] зораць на цябе прадонныя вочы, гулліва-мітуслівыя (241).

прост — проста. А яна сама прост ідзе на мяне — збочыць не можа (244).

прыстройваць — папраўляць. Ды і сястра яшчэ не гатовая, усё прыстройвае — і ўсё не можа — перад люстэркам прычоску (281).

прычга́ць — прыджгаць. — Цябе там нечым угнявілі, што так прыбег? — пытаецца Хіма. — Гэта ж не так сабе прычгаў? (302).

прычэлле: для прычэлля — для прыліку. Я вычуў — бацька рады, што я іду з ім, і толькі для прычэлля гаворыць, каб я пагуляў яшчэ (267). Параўн.: прычэлле ‘прылік’ («Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны», частка 4. Мінск, 1978: 216), прычэлле ‘нязначная прычына, повад’ (Юрчанка, Сінаніміка: 235).

пя́рыць — стукаць (нагамі ў танцы). Дзяўчаты заўзята пяраць аб драўляную падлогу сваімі босымі, бацькоўскімі падэшвамі: танцуюць (265).

росказень — расказ. Росказень Агапкі пра Міколу ўзбудзіў у Лявонавіча і Маланні надзею на вызваленне сына, на паварот яго дахаты (358).

рука́: на ўла́сную руку́ — самастойна, згодна са сваімі інтарэсамі. У нас засталіся толькі свае, мясцовыя партызаны, малалікія і неарганізаваныя. Яны адарваныя ад асноўных партызанскіх злучэнняў і дзейнічаюць на ўласную руку (405).

саснёнае субст. дзеепрым. — тое, што саснілася, убачанае ў сне. Калі што дрэннае сніў [Лявонавіч], хадзіў, прачнуўшыся, маркотны, пануры, чакаў таго моманту, калі саснёнае адбудзецца (359). Параўн. руск. приснившееся.

скаромніна — непрыстойнасці. Праўда, некаторыя з іх [дзяўчат] затыкалі вушы — удавалі, што ім брыдка слухаць скаромніну, ці мо і сапраўды іх чыстае, неспакушанае сэрца абаранялася ад нячыстасці (274). Параўн. руск. похабщина.

скі́нуць — нарадзіць дзіця без пары нежывым. — Хадзіў, ды не нахадзіў [хлопец], а ты паспела ўжо скінуць і цяпер во зноў пуза падцягваеш, хаваешся (274). Шатэрнік: 257.

слімаза́ра — слімак, размазня. Я раджу табе быць цвярозым, тады будзе і табе і іншым лепей. Тыя іншыя будуць бачыць у табе чалавека, а не слімазару (306). Параўн.: слімаза́рны, слімазу́рны ‘слінаю замазаны, запэцканы’, ‘малы, худы складам’, слімаза́рнік ‘слінаю запэцканы хлопчык, гадкі хлопчык’, слімазу́рнік ‘мурза, хлопчык, які заслініўся’ (Насовіч: 590–591).

слю́нька — плаксун, размазня. Такіх, як ты, не перакуеш — адразу, без супраціву паддасіся молату, як слюнька (307). Насовіч: 593.

соўкаць — соўгаць. Косы прытупіліся, на іхным палатне прыстыла зялёная смага — цяжка соўкаць касой (268).

сратва́ груб. — пра малых дзяцей або юнакоў. Загадалі правесці з вамі бяседу. Сам палітрук загадаў. Ён сказаў: «Лявонавіч, ты добра знаеш там сваіх людзей, разам з хлопцамі і дзеўкамі, ведаеш усё пра іх, нават чым яны дышуць (а я, дальбог, не ведаю, чым вы дышыце). Сратва гэта (ён так і назваў вас) таўчэцца ж у цябе пад носам (гэта ён так таму, што я вас у вакно бачу, як вы тут перад клубам гуляеце і ўсё такое), дык, кажа, каму ж, як не табе, наставіць яе, сратву гэту, на пуць ісцінный (335). Параўн.: дзятва́. Параўн. руск. засранцы, говнюки.

ссуту́нець — сцямнець (пра надыход змяркання). Ужо ссутунела, калі я прыйшоў у Вараноўку (436).

страд:  на страд (пакі́нуць, пакідаць) —  сам-насам з клопатамі, пакутамі. — Масеевіч, трэба ж нешта думаць. Не пакідаць жа Дусю з дзіцем на страд (433). Як яна [Дуся] можа з дзіцем дабрацца сюды? Не дадумаў. Не ўлічыў усіх абставінаў. Сапраўды, пакінуў на «страд» (438). Дабравольскі: 880.

суту́нкі — прыцемкі, сутонне. Нясмелыя, у сутунках яны [тыя, хто танцаваў] сталі смелыя, акрыленыя, яны аказаліся найлепшымі танцорамі (286). Сонца ўжо зайшло і наступаюць сутункі (381).

сшупу́лены перан. — стулены. Праходзіш вуліцай — бачыш, што хата не тая — сшупуленая, зморшчаная, апусцілася на адзін зруб ніжэй (314). Параўн.: сшыпу́лены ‘сшыты ў спешцы абы-як’, сшыпу́ліць ‘стуліць, сшыць’ (Яўсееў: 97).

сысуне́ц — сысун. Гнедзенькая [жаробка]. Прыгожанькая. Толькі яшчэ ад матчынай цыцкі. Сысунец яшчэ (390).

трапы́шка — мянташка. Засталася вісець толькі мая каса. Я знімаю яе, бяру брусок, трапышку, іду дапамагаць бацьку касіць (383). Яўсееў: 100.

у — ужываецца пры ўказанні на час, калі адбываецца дзеянне, якое рэгулярна паўтараецца; па. Прыходзіла Акуліна мыць падлогу ў суботы, калі не было заняткаў (253).

увомірг — мігам, умомант. Капа вырастае ўвомірг, я ледзьве паспяваю вяршыць, крычу, каб не рабілі вельмі малых копаў — прагніюць датла (274).

узбочча: на ўзбоччы — убаку, наўзбоч. Іх [хлопцаў] рэдка запрашаюць, калі яны, яшчэ не выйшаўшы ў круг, стаяць недзе на ўзбоччы (266).

укоптар — з коптурам. Нехта выходзіць з яе [хаты], нясе вялізны — укоптар — кошык (372).

умэ́тлух — на шматкі. Як яна [жанчына] мучылася! Не давалася. Страх глядзець. Вунь засталіся на дарозе ейныя клумкі, разбітыя ўмэтлух (444). Бялькевіч: 460. Параўн.: ўмотлах ‘на кавалкі’ (Палявой: 35).

уня́ць — глыбока, моцна падзейнічаць, зрабіць вялікае ўражанне; праняць. Бацькаў камандзір, якога ён паважаў як адукаванага і разумнага чалавека, вазьмі і напішы верш пра вош. Бацька не гаварыў «напісаў верш», а — «складна ўняў пра вош» (426).

уступі́ць (да каго) — зазірнуць (куды, да каго). Сорамна табе, Масеевіч. Колькі часу ў хаце, а да нас і не ўступіў (375).

ухлёпацца — укляпацца. Пагатоў, што яна быццам ужо зацяжарала, і яму ўжо не адчапіцца ад яе — ухлёпаўся (253). Параўн.: ухлю́пацца ‘вымазаць гразёю падол сукенкі’ (Растаргуеў: 274), ухлю́пацца ‘тс’, ‘напіцца’ (Насовіч: 669).

уцалі́к — без дарогі, цаліком (па снезе). Уцалік зімою не пойдзеш — выб’ешся з сілаў і не дойдзеш (406–407). Юрчанка, 1966: 208, Яўсееў: 105, Насовіч: 77.

хава́ла — сховішча. Маё хавала было ненадзейнае, і я адбегся па рэчцы на які кіламетр, далей ад школы (365).

хліплі́вы — вельмі чулы, спагадлівы. Яна ў нас такая, хліплівая. Душа ў яе хліпціць па кожнаму, можа найболей — па мне (265). Параўн.: хліпяслі́вы ‘далікатны, занадта чуллівы, раптам гатовы плакаць’ (Насовіч: 679).

хліпце́ць — 1. (па кім) сохнуць, прападаць (за кім). Ах, як шкада хлапца! Не коціць ужо з горкі, не вітаецца. Няма. У хату ўжо не забяжыць. Хліпцеў ён па нашай Дусьцы. Дый і яна… не можа забыць яго (317). 2. балець (пра душу). Яна ў нас такая, хліплівая. Душа ў яе хліпціць па кожнаму, можа найболей — па мне (265). Параўн.: хлі́паць ‘усхліпваць, ціхенька плакаць’ (Насовіч: 679).

цалкаву́ха — цалкі. — А тым часам і цалкавуха ўжо гатова — спяклася. Ну дык, браце, за тваё! (306). Бялькевіч: 485. Параўн.: цалковая яе́шня ‘тс’ (Насовіч: 693).

ці́ска — шчыльна. Газета ўпала на падлогу. Лявонавіч ціска накрыў сваімі далонямі вочы і стаяў нерухома ў змярцвенні — плакаў (336). Бялькевіч: 481.

цю́кнуць — данесці. Адкуль ён даведаўся пра той сход? Вяркееў цюкнуў? (261). Параўн.: цю́каць ‘гаварыць рэзка’ (Насовіч: 693).

ця́ты — злы, якія мае зуб (на каго). Цябе яны тады цярпелі, а цяпер пайшоў — ужо не сцерпяць. Не даруюць. Ты думаеш, хто тут арудуе? Не хацела табе казаць. Цяпер скажу — Бугроў і Маньчын брат. Яны на цябе цятыя, і перш за ўсё — за Дусю, за Маньку (441).

цяцю́ха — трасца. Яго калоціць, не адпушчае цяцюха, і ён, напэўна, будзе ў хаце (247). Бялькевіч: 487.

чы́ста-гла́дка — шыта-крыта. Праўда, сельпо адчынена — ідзе рэвізія. Ці, дакладней, кааператар рыхтуецца да рэвізіі, зводзіць канцы з канцамі, махлюе, хоча, калі прыедуць рэвізоры, выкруціцца, паказаць, што ў яго ўсё чыста-гладка (261).

шаламлі́вы — гарачы, нестрыманы. Шаламлівай, Дусі няма спыну: «У клець я цябе не пушчу. Заначуем пад стогам, на сене..» (388). Параўн.: шыламшы́вый ‘тс’ (Бялькевіч: 504).

ша́мнуць — зашамацець. Выйду — навокал ні душы, усё ціха, ніхто нідзе не шамне (378). Бялькевіч: 495, Юрчанка, 1966: 221.

шолудзь перан. — набрыдзь, благія людзі. У бацькі ўскіпела душа яшчэ і за мяне — ён не мог дараваць гэтай шолудзі, што яна засадзіла мяне, збіла мяне з дарогі, калі я ўзбіраўся на яе і калі ён ужо радаваўся маім узыходжаннем. Ён думаў, што шолудзі прыйшоў канец, а тут, глядзі, яна бярэ верх, зноў уссядзецца на цябе (418). Параўн.: шоладзь, шолудзь, ‘парша’ (Каспяровіч: 353), шолудзь ‘тс’ (Шатэрнік: 312).

шулпа́йкі — лушпайкі. Сядзяць сабе [дзеўкі] на лаўках паўз сценаў, звесіўшы ногі, лузгаюць каноплі ці семкі і з губы, як набярэцца на ёй досыць шулпаек, выплёўваюць іх на падлогу (413).

Вам можа спадабацца