«Убрать серп и молот». Абмеркаванне сталінскай Канстытуцыі ў БССР

Гісторыя

«Убрать серп и молот». Абмеркаванне сталінскай Канстытуцыі ў БССР

5 снежня 1936 года Надзвычайны VIII з’езд Саветаў СССР зацвердзіў новую cавецкую Канстытуцыю. Перад гэтым праект апублікавалі ў друку. На месцы былі накіраваныя тысячы партыйных работнікаў, каб папулярызаваць яго як найвялікшае дасягненне першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы пад кіраўніцтвам таварыша Сталіна. Як гэта адбывалася ў Беларуская ССР? Як абмякроўвалася Канстытуцыя з удзелам яе шараговых жыхароў? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні — у матэрыялах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і перыёдыцы таго часу.

Праект сталінскай Канстытуцыі з’явіўся на старонках савецкай прэсы 12 чэрвеня 1936 года, а ўжо праз дзесяць дзён быў разгледжаны на X пленуме ЦК КП(б)Б пятнаццатага склікання. У сваіх выступах галоўныя асобы БССР, першы сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Гікала і старшыня ЦВК БССР (па сумяшчальніцтве — старшыня ЦВК СССР ад БССР) Аляксандр Чарвякоў праспявалі канстытуцыйнаму праекту сапраўдныя дыферамбы (маўляў, «никакой государственности ранее белорусский народ не имел, а лишь только советская власть дала ему такой шанс») і адзначылі «ясность и простоту» кожнага яго артыкула. У якасці галоўнага бягучага моманту Мікалай Гікала вызначыў наступнае: «Проработку и разъяснение Конституции надо поставить так, чтобы все трудящиеся массы почувствовали, что это документ исключительного значения».

За прапаганду новага праекта Канстытуцыі ўзяліся галоўныя выданні БССР («Рабочий», «Звязда» і «Чырвоная змена»), у якіх з’явілася спецыяльныя рубрыка «Абмяркоўваем праект Канстытуцыі».

Прапаганда ўключала ў сябе два элементы.

Па-першае, бясконцыя панегірыкі на адрас Канстытуцыі і яе творцы — Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна.

Праект сталінскай канстытуцыі славіўся ў тым ліку і ў прыпеўках::

Канстытуцыю чытала,

Лепшай радасці не знала.

Гэта Сталін — бацька наш.

(Прыпеўка  з калгасу імя Будзёнага Жлобінскага раёна).

Калгаснік Казіміраўскага сельскага савета Жлобінскага раёна Адам Драздоў заявіў: «Мне пяцьдзесят пяць гадоў, але калі я пачуў аб праекце Канстытуцыі, то адчуў, што да мне вяртаецца другая маладосць».

У кампаніі ўдзельнічалі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў. Так, у «Звяздзе» ў ліпені 1936 г. быў апублікаваны калектыўны ліст сямідзесяці асірыйскіх сем’яў, якія аселі ў Беларусі, у якім тыя выказвалі сваё захапленне праектам.

Дырэктар цыганскай школы г. Мінска Міхадажын дзякаваў Сталіну за праект новай Канстытуцыі: «наши дети не будут знать того горя, какое знали мы, цыгане».

Па-другое, прапаганда вялася праз прапановы і заўвагі па праекце Канстытуцыі, якія ўлады фармулявалі самі і ўкладалі ў вусны простых беларусаў.  

Напрыклад, жыхар г. Мінска А. Рослік прапанаваў артыкул 127 праекта Канстытуцыі выкласці ў наступнай рэдакцыі: «Гражданам СССР обеспечивается неприкосновенность личности. Никто не может быть подвергнут аресту иначе как по постановлению суда или санкции прокурора. Исключение составляют враги трудового народа, контрреволюционеры, диверсанты, шпионы». Следства ж у дачыненні да ворагаў народа павінна доўжыцца не больш за 48 гадзінаў.

Жыхар Дзяржынска Шаблоўскі выступіў за кантроль над заканатворчасцю: «Я хотел бы, чтобы все законы нашего правительства обсуждались так же, как и проект Конституции».

Таксама прапаноўвалася, каб дэпутаты нізавога — сельскага — узроўню рабілі справаздачы перад выбаршчыкамі не радзей, чым раз на шэсць месяцаў, а дэпутаты «цэнтральнага органа» (Вярхоўнага Савета) — не радзей аднаго разу на год.

Жыхар Оршы Акулаў прапанаваў ліквідаваць сістэму ўраўняльнай аплаты ў прамысловасці: «Нужно установить, чтобы все хозяйственники, инструктора, директора, руководители контор, администраторы, рабочие получали по качеству своей работы. Необходимо установить равные права: сколько выработал, столько и получай».

Паколькі ў праекце Канстытуцыі пры абранні суддзяў да іх не прад’яўлялася ніякіх патрабаванняў, выказвалася заклапочанасць, што месца суддзі можа заняць і «неспециалист». Таму ўносіліся прапановы, каб суддзя мусіць мець юрыдычную ці, як мінімум, сярэднюю адукацыю.

Некаторыя заўвагі і прапановы насілі адкрыта папулісцкі характар. Так, паводле пераканання студэнта Мазырскага педагагічнага тэхнікума Старавойтава, Канстытуцыя павінна гарантаваць не толькі бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, але і бясплатныя медыкаменты.

Шэраг заўвагаў тычыўся змены атрыбутыкі савецкага ладу, у прыватнасці, савецкага герба. Паступіла, напрыклад, такая прапанова: у цэнтры пяціканцовай зоркі герба павінен быць «портрет тов. Сталина», а серп і молат, якія «отжили свой век», замяніць выявай трактара ці машыны. Камсамолец Саньковіч з Лагойска заклікаў «убрать молот и серп из герба. Это примитивные средства производства. Нужен комбайн и отбойный молоток. Отбойный молоток, при помощи которого Стаханов первый установил непредвиденные в свете рабочие рекорды».

Акрамя сродкаў масавай інфармацыі вялікі цяжар папулярызацыі канстытуцыйнага праекта ўскладваўся на спецыяльных інструктараў-агітатараў, якія надзяляліся істотнымі паўнамоцтвамі. Так, сакратар ЦК КП(б)Б Даніла Валковіч 10 ліпеня 1936 года падпісаў пасведчанне інструктару Лапцеву, які «командируется в Пропойский район для разъяснения проекта новой Конституции».

Для папулярызацыі праекта на месцах праводзіліся сходы калгаснікаў. Часам, аднак, абмеркаванне ставіла камуністычных агітатараў у тупік. Напрыклад, у Смалявіцкім раёне 5 ліпеня 1936 года інструктар-агітатар атрымаў ад сялянаў наступныя пытанні: 1) Ці можна хрысціць дзяцей па новай Канстытуцыі?; 2) Ці можа стаць дэпутатам святар?; 3) Ці можна будзе мець у горадзе ўласны дом?; 4) Што такое здрада Радзіме?

А ў калгасе імя Чарвякова (Дзяржынск) Абрам Ахраменка заявіў, што калгаснікі жывуць горш, чым рабочыя.

Калгаснікі таксама прапаноўвалі ўнесці пункт у Канстытуцыю, каб не было хлебазакупак, бо дзяржава купляе хлеб па 1 руб. за пуд, а прадае па 1 руб. за кілаграм.

З Капыльскага раёна цікавіліся: «Почему рабочему дается надбавка, если он работает сверхурочно, а колхознику — нет, почему для колхозников нет установленного выходного дня, почему колхозникам не выдают бюллетени?».

Адзін з калгаснікаў абурана сцвярджаў: «В Конституции говорится, что кто не работает, тот не ест, я работаю больше, чем кто-либо, но не могу прокормить семью из 8 душ».

Мелі месца і непасрэдныя палітычныя выпады на адрас савецкай улады.

Калгаснік «Чырвонага шляху» Сененскага раёна Мацвей Ляўко выказаўся наконт Канстытуцыі так: «Это бумага, а с нас как брали, так и берут. Нужно отдавать мясо, молоко, лен, а для себя ничего не остается. Раньше у нас не было Конституций, а все было, и с нас ничего не брали, жилось лучше, чем теперь. Бывало, зайдешь к любому жиду и все купишь, а теперь иногда деньги бывают, но за них купить-то нечего».

Калгаснік калгасу імя Будзёнага Беліцкага сельскага савета Пётр Сілічэнка на абмеркаванні выказаў спадзяванне, што: «Советской власти осталось существовать недолго. Фашисты, как только разобьют Испанию, возьмутся за Советскую власть и перетрут большевиков как мух. Тогда мы обратно получим свою землю и будем жить, как жили когда-то».

Пытанні, якія задавалі гараджане, былі больш складаныя. Напрыклад, у ходзе абмеркавання праекта Канстытуцыі ў Варашылаўскім раёне г. Мінска паступіла наступнае пытанне: «У чым розніца паміж Саветам Саюза і Саветам Нацыянальнасцяў?».

Абмеркаванне праекта Канстытуцыі хатнімі гаспадынямі жыллёва-арэднага кааператыўнага таварыства (ЖАКТ) №3 г. Мінска.

На сталічнай фабрыцы імя Кагановіча пыталіся пра тое, ці будзе Канстытуцыя СССР абмяркоўвацца ў Манголіі. Студэнты ветэрынарна-заатэхнічнага інстытута ў Віцебску задалі пытанне аб магчымым разузбуйненні РСФСР.

Працоўныя мінскага машынабудаўнічага завода імя Варашылава знаёмяцца з праектам Канстытуцыі.

У той жа час на абмеркаваннях гарадскія жыхары наракалі на свае сацыяльна-бытавыя праблемы. У сталічнай фабрыцы імя Кагановіча інструктару скардзіліся на тое, што ў інтэрнаце прадпрыемства ў пакоях на 25 кв.м. жывуць па сем-восем чалавек і з кожнага бяруць па 13 руб.


***
 

Надзвычайны VIII з’езд Саветаў СССР пачаў сваю працу 25 лістапада 1936 года. У гэты ж дзень з вялікім дакладам аб Канстытуцыі выступіў Іосіф Сталін. Трансляцыю можна было слухаць і па радыё. Па афіцыйных звестках у Беларускай ССР яе праслухала каля 10 % насельніцтва, уключаючы старых і малых: 546 тыс. чал. у 40 раёнах. З іх у Мінску —  70 тыс. чал. (1200 чал. у медыцынскім інстытуце), у Оршы — 15 269 чал., у Віцебску — 35 тыс. чал., у Бабруйску — 40 тыс. чал.

Слуханне даклада Іосіфа Сталіна па праекце Канстытуцыі на мінскай фабрыцы «Кастрычнік».

Па аператыўных зводках, трансляцыя дакладу Сталіна была сарвана ў Полацку. Праўда, прычынай стала не шкодніцтва, а няспраўнасць апаратуры.

Слуханне даклада Іосіфа Сталіна па праекце Канстытуцыі ў мінскай гарбарні «Бальшавік».

Улады заахвочвалі калектыўныя праслухоўванні прамовы. Прэса пісала, што такое праслухоўванне, напрыклад, адбылося на кватэры вучаніцы 8 «А» класа адной з мінскіх школаў Розы Маршак.

Слуханне даклада Іосіфа Сталіна па праекце Канстытуцыі на кватэры аднаго з працаўнікоў мінскай абутковай фабрыкі імя Кагановіча.

У Бабруйску адбылося абмеркаванне сталінскага даклада на яўрэйскай мове.

Спецслужбы фіксавалі і негатыўныя водгукі аб дакладзе Іосіфа Сталіна. Студэнт пятага курса Мінскага політэхнічнага інстытута Люцінскі, які слухаў даклад у інтэрнаце, адзначыў, што сталінскі быў «далеко не блестящим». Намеснік дырэктара аднаго сталічнага прадпрыемства Каплан заявіў, што прамова Іосіфа Сталіна была «не зажигательной, а монотонной».

***

На Надзвычайным VIII з’ездзе Саветаў выступілі і дэлегаты ад БССР. Так, старшыня Савета Народных Камісараў БССР Мікалай Галадзед меркаваў, што базіс пад новую Канстытуцыю падвялі тыя змены, якія адбыліся ў апошнія гады: балоты, «будучи когда-то проклятьем крестьян, осушены» а сама Савецкая Беларусь стала непрыступнай крэпасцю сацыялізму. Мікалай Галадзед запэўніваў, што «белорусский народ никогда не забудет убийство Кирова» і што «граница закрыта на железный сталинский замок, чтобы на нашу Родину не пропустить троцкистско-зиновьевских собак».

Стаханаўка мінскай швейнай фабрыкі «Кастрычнік» Еўдакія Кісялёва назвала царскую Расію «турмой народаў», у якой адной з самых змрочных камераў сядзела яе паўночна-заходняя ўскраіна — Беларусь.

Еўдакія Кісялёва.

Пад гучныя апладысменты яна паднесла Сталіну ліст ад беларускага народа ў выглядзе кнігі, у якой тэкст быў вышыты шоўкам на белых шоўкавых старонках (над гэтым працавалі ажно 70 вышывальшчыц). Ліст-кніга знаходзілася ў спецыяльным куфары, які, па словах Кісялёвай, зрабілі «з дзясятка тысячаў частак розных пародаў дрэва».

Адразу ж за Надзвычайным VIII з’ездам Саветаў СССР адбыўся Надзвычайны XII з’езд Саветаў Беларускай ССР.

Плакат Надзвычайнага XII з’езду Саветаў БССР.

Аляксандр Чарвякоў на ім адрапартаваў, што ад Беларускай ССР у абмеркаванні праекта саюзнай канстытуцыі прынялі ўдзел больш за 2,5 млн чал. (палова насельніцтва, уключаючы старых і малых), у дыскусіях выступілі звыш 70 тыс. чал., а ўсяго паступіла 5 тыс. заўвагаў і прапановаў.

Пасля прыняцця Канстытуцыі 5 снежня 1936 г. эпапея з ёй не скончылася. У Беларускай ССР пачалі стварацца гурткі па вывучэнні Канстытуцыі і даклада І. Сталіна.

Вывучэнне праекта Канстытуцыі ў калгасе «Рассвет» Асіповіцкага раёна.

2 красавіка 1937 г. на імя сакратароў ЦК КП(б)Б Васіля Шаранговіча і Данілы Валковіча паступіла дакладная запіска загадчыка аддзела партыйнай прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б Льва Готфрыда. Паводле звестак, якія фігуруюць у запісцы, у БССР было створана 3525 гурткоў з ахопам 86356 чал. (Гомель — 798, Віцебск — 893, Бабруйск — 501 і г.д.). План працы такіх гурткоў быў строга рэгламентаваны. Вывучэнне сталінскага даклада і Канстытуцыі ажыццяўлялася на працягу васьмі заняткаў шляхам чытання ўслых і наступнага абмеркавання. Першыя тры заняткі адводзіліся для дакладу Іосіфа Сталіна.

Інфармацыя аб выданні даклада таварыша Сталіна друкам.

Аднак навучальны працэс ішоў туга. Як сведчыў Гомельскі гаркам ЦК КП(б)Б, «эффект в отношении усвоения того глубокого смысла, который выражен в докладе тов. Сталина и в Конституции, невелик».

Такім чынам, кампанія па імітацыі абмеркавання і вывучэння Канстытуцыі СССР 1936 г.  стала адной з найбуйнейшых палітычных кампаній у Савецкай Беларусі перыяду станаўлення таталітарнага рэжыму. Але эфект ад гэтага часам быў супрацьлеглы задуманаму: кампанія агаліла тыя працэсы, якія старанна рэтушаваліся ў сталінскім грамадстве 1930-х гадоў. У першую чаргу — татальную несвабоду, а таксама вялікі разрыў у якасці жыцця гарадскога і сельскага насельніцтва.

Вам можа спадабацца