Некаторыя ўвагі да кніжкі «Культура мовы» Паўла Сцяцко

Рознае

Некаторыя ўвагі да кніжкі «Культура мовы» Паўла Сцяцко

Выданне, якое аглядаецца:

Сцяцко, П. У. Культура мовы / П. У. Сцяцко. — Мінск: Тэхналогiя, 2002. — 444 с.

Культура маўлення — адзін з найважнейшых аспектаў пры вывучэнні і дасканаленні нашай мовы. Хацелася б прапанаваць свае заўвагі да адной з вельмі вядомых і папулярных кніжак на гэту тэму — «Культура мовы» Паўла Сцяцко.

Павел Сцяцко — асоба сапраўды легендарная. Да парад, якія ён даваў, шмат хто прыслухоўваецца. Пацвярджэнне гэтаму — сам факт таго, што кніжку, якая выйшла 18 (!) гадоў таму, дагэтуль чытаюць, цытуюць у спрэчках у каментарыях і раяць іншым.

Кніга «Культура мовы» — навукова-папулярная. Яна адрасавана «журналістам, выдаўцам, настаўнікам, студэнтам, усім, хто цікавіцца пытаннямі культуры сучаснай беларускай мовы». Гэта значыць, разлічана ў тым ліку на людзей, якія не маюць моўнай падрыхтоўкі і будуць карыстацца кнігай як інструкцыяй да дзеяння. Тым больш што і інтэрнэт-СМІ сёння раяць гэта выданне. Напрыклад, вось так:

«Пачытаць жа пра правільную беларускую мову можна ў кнізе Паўла Сцяцко “Культура мовы”…»

Усё вышэйадзначанае разам з тым фактам, што ў нас увогуле не так шмат папулярных кніг па культуры маўлення, і стварае неабходнасць больш дэталёва прыгледзецца да заўваг і парад у «Культуры мовы». Зрабіць гэта трэба для папярэджання людзей маладога пакалення, якія не заўсёды разбіраюцца ў крыніцах і па даверлівасці і недасведчанасці могуць прымаць неправераную інфармацыю за чыстую манету.

Варта ўспрымаць гэты матэрыял ў першую чаргу як крытыку кнігі, зробленую з практычнымі мэтамі, а не яе аўтара, якога з нядаўняга часу з намі няма.

Гэты артыкул не ёсць рэцэнзіяй на ўсю кнігу «Культура мовы» або нават асобна на пяты яе раздзел «Лексічнае нармаванне». Тут бяруцца для разгляду тыя выпадкі, калі Павел Сцяцко сцвярджае пра наяўнасць або адсутнасць тых ці іншых слоў у «слоўніках 20-х гадоў» або, наадварот, гаворыць пра тое, што нейкія словы з’явіліся ці пашырыліся толькі пачынаючы з 30-х або «пасля 30-х гадоў». Такія сцверджанні і правяраюцца тут на праўдзівасць.

Можна таксама адзначыць, што частку матэрыялу, які лёг у аснову пятага раздзела кнігі «Культура мовы», у свой час разглядаў Іван Лепешаў у кнізе «Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні» (2002, пачынаючы са старонкі 62). Таму, калі некаму будзе недастаткова прыведзеных у артыкуле заўваг, накіроўваем да кнігі Івана Якаўлевіча — там таксама шмат цікавага.

Калі Павел Сцяцко піша пра «слоўнікі 20-х гадоў», то карысна было б удакладніць, якія іменна слоўнікі ён меў на ўвазе. У тэксце артыкулаў на тэму канкрэтных слоў аўтар спасылацца на «Беларуска-расійскі слоўнік» М. Байкова і С. Некрашэвіча 1926 года і «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В. Ластоўскага 1924 года. У спісе выкарыстанай літаратуры на пачатку кніжкі да 1920-х адносяцца таксама толькі гэтыя два выданні.

Мы ж бяром тут наступныя крыніцы.

БРС-26 — М. Байкоў, С. Некрашэвіч. Беларуска-расійскі слоўнік. Мн. 1926.

МБС — М. Гарэцкі, Г. Гарэцкі. Маскоўска-беларускі слоўнік. Вільня, 1920.

НБМС — М. Гарэцкі. Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік. Вільня, 1921 (2-е выд.).

ПРБС — М. Байкоў, М. Гарэцкі. Практычны расійска-беларускі слоўнік. Мн., 1926.

ПРК(Б)С — В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924.

РБС-28 — М. Байкоў, С. Некрашэвіч. Расійска-беларускі слоўнік. Мн., 1928.

Беларуская навуковая тэрміналогія:

БНТ-8 — Слоўнік лясных тэрмінаў. Мн., 1926.

БНТ-10 — Тэрміналогія права. Мн., 1926.

БНТ-11 — Тэрміналогія грамадазнаўства. Мн., 1926.

БНТ-17 — Слоўнік бухгалтарскае тэрміналогіі. Мн., 1928.

БНТ-19 — Слоўнік сельскагаспадарчае тэрміналогіі. Мн., 1928.

БНТ-25 — Практычны беларускі вайсковы слоўнік. Мн, 1927.

Такі выбар абумоўлены тым, што 1) БРС-26 Байкова і Некрашэвіча і іх жа РБС-28, а таксама слоўнікі БНТ варта разглядаць разам, комплексна; 2) слоўнік Байкова і Гарэцкага служыў крыніцай для БРС-26, а НБМС — для абодвух слоўнікаў Байкова і Некрашэвіча; 3) на слоўнік Ластоўскага спасылаецца сам Сцяцко. Гэта, вядома, не вычарпальны спіс слоўнікаў 1920-х, а, хутчэй, мінімальны.

Цытаты з «Культуры мовы» даюцца асобным абзацам пасля наборнага знака. Вылучэнні падкрэсленнем у цытатах нашы.

Такім чынам, пяройдзем да першай цытаты, якая нас цікавіць:

  • «Штучнасць злучніка паколькі відаць з таго, што яго не фіксуюць слоўнікі 20-х адраджэнскіх гадоў, няма яго і ў дыялектных слоўніках беларускай мовы» (с. 93).

Не каментуючы пытанне штучнасці слова, мусім адзначыць, што яго фіксуе даступны Сцяцко БРС-26:

Ёсць яно і ў РБС-28: «Поскольку — па(с)колькі».

Далей гаворка ідзе пра слова правіць і яго аднакаранёвыя:

  • «Лексікаграфічныя даведнікі перыяду Адраджэння падавалі толькі слова кіраваць (і яго вытворныя) як адпаведнікі рас. править, управлять, руководить… А вось пазнейшыя акадэмічныя слоўнікі ўжо падаюць і ўсесаюзныя іх дублёры — правіцель, правіць, праўленне і г. д.» (с. 106).

Зазіраем у РБС-28 — і бачым такія артыкулы:

А яшчэ вось такі:

Было слова правіць і ў ПРБС.

Зразумела, што сярод гэтых прыкладаў мы не бачым усіх згаданых слоў з коранем прав- (праў-), але гаварыць, што былі толькі словы, утвораныя ад кіраваць (а яшчэ і перакладваць адказнасць на пазнейшыя слоўнікі) не выпадае.

Ідзём далей:

  • «Слоўнікі 20-х гадоў падавалі сякера сакера) з значэннем рас. секира, топор (БРС-26. С. 330, 282)… Слоўнікі 30–80-х гадоў фіксуюць ужо два словы: “Топор м. — сякера ж., тапор м.” (РБС-53. С. 687). Але вытворныя словы з канатацыйным значэннем — толькі ад сякера: “топорик сякерка, топорище увелич. сякерышча” (Тамсама). А вось перавыданне 1982 года ўжо і гэтыя вытворныя падае з «дублетамі»: Топорик сякерка, тапорык; Топорище увелич. сякерышча, тапарыска (Т. 2. С. 485)… Як бачым, і тут усё ішло да “зліцця моваў”» (с. 128).

Але чаму аўтар гаворыць пра слоўнікі 30–80-х гадоў, незразумела, бо ў РБС-28 чытаем:

А ў БНТ-8 адпаведнік тапор увогуле стаіць на першым месцы.

  • «Слова быстры не падаюць даведнікі 20-х гадоў, слоўнікі І. Насовіча і Я. Станкевіча» (с. 131).

Разгорнем слоўнік 1928 года:

Тут маем не толькі само слова быстры, але і аднакаранёвы назоўнік быстрыня (у тым ліку і як адпаведнік рускага быстрина). Слова быстрыня, дарэчы, было яшчэ ў МБС, а таксама ў БРС-26.

Далей аўтар піша, што словы мсцівец, мсцівы не маюць матывавання ў нашай мове, бо ў нас няма дзеяслова мсціць. І дапаўняе гэта наступнымі словамі:

  • «Відаць, невыпадкова ў “Беларуска-расійскім слоўніку” М. Байкова і С. Некрашэвіча мы не знойдзем словаў мсцівы і мсцівец» (с. 133).

Аднак думаецца, што не знойдзем мы іх там якраз выпадкова, бо ў сваім пазнейшым слоўніку 1928 года Байкоў і Некрашэвіч падаюць і мсьцівы, і мсьцівец, і іншыя аднакаранёвыя словы, у тым ліку мсьціцца:

Вацлаў Ластоўскі, акрамя слова мсьцівы, адзначыў у сваім слоўніку і дзеяслоў мсьціць. А ў НБМС ёсць слова мста.

Ёсць у кнізе і такое сцверджанне:

  • «У 20-х гадах з значэннем ‘замарожаная салодкая ежа з малочных прадуктаў, а таксама пладова-ягаднага соку’ выкарыстоўвалася слова марозіваПазней яго замянілі на марожанае» (с. 136).

Зноў-такі, у 20-х гадах слоўнікі ўжо падавалі адпаведнік марожанае. Прычым у РБС-28 Байкова і Некрашэвіча гэта адзіна магчымы варыянт перакладу:

Як адзіна магчымы адпаведнік слова марожанае выступае і ў ПРБС Байкова і Гарэцкага.

Пішучы пра слова знешні і яго сінонімы, П. Сцяцко адзначае, што такога слова няма ў БРС-26:

  • «І гэта не дзіўна: яно штучнае» (с. 149).

Сапраўды, яго няма ані ў БРС-26, ані ў іншых агульных слоўніках 20-х, апрача аднаго — слоўніка Ластоўскага.

            Так што папулярызацыі гэтага слова паспрыяў В. Ластоўскі, на слоўнік якога як на аўтарытэт спасылаецца ў «Культуры мовы» Сцяцко.

Пра словы, вытворныя ад дзела, аўтар піша:

  • «Вось гэтыя бескаранёвыя на беларускай глебе словы густа насаджаліся ў слоўнікі ў 30–80-х гадах» (с. 161).

Але ўжо ў 1920 годзе браты Гарэцкія падавалі ў МБС словы дзелавод і дзелаводзтва. У 1921-м М. Гарэцкі падаў дзелавод і дзельнік (руск. делец) у НБМС. У 1926 годзе у БНТ-10 былі пададзены і дзелавод, дзелаводзтва, і прыметнік дзелавы. У БРС-26 ёсць слова дзельнік, узятае з НБМС Гарэцкага. А ў РБС-28 было і слова дзела, і вытворныя ад яго:

Абмяркоўваючы словы савет ды рада, П. Сцяцко піша:

  • «…слова рада не падаецца сучаснымі слоўнікамі з значэннем дзяржаўнай уладнай структуры. Між тым слоўнікі 20-х гадоў падавалі толькі слова рада з усімі значэннямі рас. совет. Да прыкладу, у “Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку” В. Ластоўскага (с. 671) чытаем: “Совет м. Рада ж. Рада дзяржаўная”» (с. 168–169).

Тое, што Ластоўскі перакладае рус. совет як рада ва ўсіх значэннях — гэта праўда, бо ў яго і «Советскій — радавы. Радавая рэспубліка. Радавы лад». Але так нельга сказаць пра ўсе «слоўнікі 20-х гадоў». Напрыклад, у РБС-28 канкрэтна ў значэннях, звязаных з бальшавіцкімі органамі і дзяржавай, бачым менавіта савет:

Аналагічна ў ПРБС (з тым жа прыкладам: «савет (народных камісараў)»). Таксама ў РБС-28 і ПРБС советский перакладаецца як савецкі (у РБС-28 — поруч з радавы).

Яшчэ цытаты з кнігі «Культура мовы»:

  • «Аднак у слоўнікі 30–80-х гг. хлынулі неўласцівыя словаўтваральнай сістэме беларускай мовы ўтварэнні на -ыш: <…> знайдыш <...>» (с. 30).

У артыкуле «Выйгранка, знайда, знайдзён — ці выйгрыш, знайдыш?» на гэту ж тэму:

  • «Між тым утварэнні з суфіксам -ыш неўласцівыя беларускай мове. Расійскім лексемам з гэтым суфіксам у беларускай мове адпавядаюць бяссуфіксавыя (нульсуфіксавыя) ці іншасуфіксавыя ўтварэнні: найдёныш знайда…» (с. 227).

Што датычыць канкрэтна слова знайдыш, дык яно прысутнічае, напрыклад, у БРС-26 (с. 129), даступным Сцяцко:

Ёсць знайдыш і ў РБС-28 (поруч са знайда), ПРБС (адзіны пераклад для рус. найденыш), МБС (аналагічна), НБМС («Знайдыш — найденыш, подкидыш»). Таму прынамсі гэта слова нельга ўключыць у спіс слоў, якія «хлынулі ў слоўнікі 30–80-х гг.».

Пяройдзем да артыкула «Склеп і пограб». Тут П. Сцяцко піша:

  • «Слоўнікі 20-х гадоў не падавалі слова пограб у беларускай частцы, а толькі ў расійскай. Так, “Беларуска-расійскі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча (с. 290) засведчыў: “Склеп м. — 1) склеп; 2) погреб, подвал”» (с. 230).

Фіксацыю слова пограб у пасляваенных слоўніках аўтар называе «парушэннем літаратурнай нормы».

Аднак пограб ёсць у тым жа БРС-26, з якога аўтар прыводзіць слова склеп:

Ёсць гэта слова і ў МБС, і ў РБС-28, і ў БНТ-19.

Аўтар падняў у сваёй кнізе і дагэтуль вострае пытанне перакладу з рускай мовы слова престол:

  • «Слоўнікі 20-х гадоў падавалі толькі слова пасад як адпаведнік рас. престол» (с. 231).

І тут у нас зноў несупадзенне з рэальнасцю, паколькі Байкоў з Некрашэвічам так пераклалі адзначанае слова:

  • «Пасля 30-х гадоў на месцы словаў звяз, звязак, звязь у беларускі слоўнік былі ўлучаныя расійскамоўныя саюз і связь (апошняе крыху змененае на сувязь)…» (с. 234).

І зноў не. Словы гэтыя былі і ў 20-я гады. У БНТ-11, напрыклад, адпаведнікі саюз, саюзьнік, саюзны былі адзінымі да рускіх союз, союзник, союзный. А ў РБС-28, як бачым, словы саюз і сувязь стаяць на першых месцах:

Словы сувязь і саюз адзначаны ў ПРБС Байкова і Гарэцкага. Ёсць слова сувязь і ў БРС-26, і ў слоўніку Ластоўскага. Цікава, што ў апошнім гэта пераклад рускага союз.  

Гаворачы пра словы шанц, шанец і шанс, аўтар піша:

  • «Здзіўляе, што гэтаму шанс, якое не мае сваіх вытворных, слоўнікі апошніх гадоў беспадстаўна аддаюць перавагу, што пярэчыць патрабаванням лексічнай сістэмнасці» (с. 242).

Але не толькі «слоўнікі апошніх гадоў» аддаюць перавагу варыянту шанс. Даведнік 1928 года не проста аддаваў яму перавагу, а рэкамендаваў яго як адзіна магчымы пераклад:

Яшчэ адна цікавая мясціна:

  • «Слова наклад, як і дублет тыраж, не падаецца «Беларуска-рускім слоўнікам» М. Байкова і С. Некрашэвіча, а таксама слоўнікам В. Ластоўскага. Нашыя акадэмічныя слоўнікі пакуль што фіксуюць толькі тыраж» (с. 258).

Па-першае, у БРС-26 Байкова і Некрашэвіча слова наклад ёсць, але там яно адпавядае рускім иждивение, средства і налог. Па-другое, слова тираж ёсць у РБС-28 тых самых аўтараў. І перакладаюць яны яго толькі «дублетам» тыраж:

Як адзіны варыянт перакладу слова тыраж падаецца і ў БНТ-10, БНТ-17 і БНТ-25, а таксама ў ПРБС.

Паглядзім, што піша П. Сцяцко ў артыкуле «Навучальня, вучэльня і вучылішча»:

  • «Слова вучылішча не фіксавалі слоўнікі 20-х адраджэнскіх гадоў» (с. 267).

Гэта не так. Слова вучылішча фіксавалася ў слоўніках 20-х. Вось, напрыклад, у РБС-28:

Таксама прысутнічае гэта слова ў МБС і ПРБС.

Пяройдзем да наступнага артыкула Сцяцко — «Ходнік і тратуар». Тут сярод іншага напісана:

  • «Слова ходнік як адэкват рас. тротуар засведчыў В.Ластоўскі (ПРК(Б)С. С. 712). <…>
  • “Беларуска-расійскі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча не падае ніводнага з гэтых словаў (ходнік, тратуар). Відаць, слова ходнік было выгнанае з гэтага слоўніка, бо яно ўласцівае польскай мове, а тратуар — народнай мове невядомае, да таго ж яго гучанне парушае гармонію гукаў (збег галосных уа)» (280–281).

Як жа было ў рэчаіснасці?

У В. Ластоўскага сапраўды чытаем: «Тротуар м. франц. ходнік». Слова тратуар мы знойдзем у іншых слоўніках 20-х, напрыклад у РБС-28:

Таксама тратуар ёсць у МБС і БНТ-25.

Што ж да БРС-26, дык у ім увогуле няма ніякіх слоў са значэннем ‘дарожка для пешаходаў’: ані тратуара, ані кладкі, ані ходніка, ані масткоў. Як бачым, у тым ліку і спецыфічных для нашай мовы, а не толькі для польскай ці рускай. Магчыма, самому гэтаму паняццю не знайшлося месца ў слоўніку, які і не прэтэндаваў на паўнату. А магчыма, слова тратуар не ўвайшло ў яго, бо амаль ідэнтычнае рускаму, а такія, як адзначана ў прадмове БРС-26, як правіла, не ўнесены ў слоўнік (з чаго яшчэ не вынікае, што іх не было ў нашай мове). Такой прычыны неўключэння ў БРС-26, як «невядомасць народнай мове», аўтары не падаюць, і ў ім ёсць нямала навуковых тэрмінаў з БНТ.

Разбіраючы адпаведнікі да рускага прохладный, аўтар наракае:

  • «А трапіла сюды — у “Тлумачальны слоўнік” [маецца на ўвазе ТСБМ. — Л. Г., С. Р.] гэтае штучнае прахалодны з даведніка “Словарь русского языка” (в 4 томах. М., 1956–1961)…» (с. 318).

Але да гэтага аўтар якраз сам піша, што ў ТСБМ ёсць ілюстрацыя да слова прахалодны з беларускай мастацкай літаратуры. Значыць, гэта слова трапіла ў слоўнік як мінімум з яе, літаратуры, а не з рускага даведніка. Але звернемся да РБС-28. У ім знаходзім:

А гэтае прахалодна якраз і ўтворана ад прыметніка прахалодны, які змешчаны братамі Гарэцкімі ў іх МБС. Вацлаў Ластоўскі і ўвогуле падае тры словы: прахалода, прохаладзь і прахалодны.

Гаворачы пра словы дальні і бліжні, аўтар сцвярджае:

  • «На старонкі ТСБМ гэтыя словы — бліжні і дальні — перанеслі з расійскамоўных тлумачальных слоўнікаў (разам з іх дэфініцыямі)» (с. 320).

Можна лічыць так. А можна — што слова дальні перанеслі з РБС-28:

А слова бліжні аўтары ТСБМ маглі «падгледзець» у ПРК(Б)С Вацлава Ластоўскага або ў БРС-26, дзе знаходзім: Бліжні м. — ближний, близкий.

Не абышлося без катэгарычных сцверджанняў і ў наступным выпадку:

  • «Бунт, мяцеж, рокаш. Слоўнікі 20-х гадоў падавалі толькі слова бунт і яго вытворныя бунтаваць, бунтаванне, бунтавацца, бунтаўнік, бунтаўніца, бунтоўны (рас. бунтарский) (БРС-26. С. 50)» (с. 328).

У РБС-28 мяцеж — на першым месцы сярод адпаведнікаў:

А на той самай старонцы — словы мяцежнік, мяцежніца, мяцежны. Словы мяцеж і мяцежнік ёсць і ў БНТ-10, БНТ-11 і БНТ-25.

Далей у «Культуры мовы» ідзе гаворка пра слова грабеж:

  • «Слова грабеж утварылася ад грабіць з выкарыстаннем суфікса -еж (граб-еж). Яго не фіксуе “Беларуска-расійскі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча (Мн., 1926)» (с. 332).

А вось іх жа слоўнік 1928 года — фіксуе, прычым першым варыянтам:

Да 1928 года словы грабеж, грабежнік зафіксаваў БНТ-10. Вацлаў Ластоўскі ў сваім ПРК(Б)С падаваў грабіць, грабежнік, грабежа.

Яшчэ адна надзённая праблема — адпаведнікі слова постоянный — разглядаецца ў наступным артыкуле:

  • «Слоўнікі 20-х гадоў не фіксавалі слова пастаянны, а толькі сталы як адэкват рас. постоянный» (с. 336).

Што ж, паглядзім, ці згодныя з гэтым Байкоў і Некрашэвіч:

Далей аўтар піша пра пераклад слова сухопутный. Чытаем:

  • «Слоўнікі 20-х гадоў падавалі сваямоўныя адпаведнікі… У “Беларуска-расійскім слоўніку” М. Байкова і С. Некрашэвіча (Мн., 1926. С. 306) засведчана: “Сухадарожны — сухапутны”… Аднак слоўнікі 50–80-х гадоў перайшлі на ўсесаюзны стандарт» (377).

Але, як высвятляецца, на «ўсесаюзны стандарт» перайшлі яшчэ Байкоў з Некрашэвічам у 1928 годзе:

У нагружаным спасылкамі артыкуле пра адпаведнікі да слова хворост чытаем такую выснову:

  • «Як бачым, гэтае хвораст механічна перанеслі з расійскамоўных слоўнікаў…» (с. 378).

Але хвораст ёсць і ў РБС-28:

Тут мы бачым спасылку «лс. т.», гэта значыць, што аўтары ўзялі слова з «Беларускай навуковай тэрміналогіі», а менавіта з БНТ-8. Падае гэта слова і Вацлаў Ластоўскі.

Далей (на с. 381–382) аўтар разбірае словы танна, дзешава і іх аднакаранёвыя. Тут мы бачым шмат крытыкі сучасных тлумачальных слоўнікаў за тое, што яны падаюць слова дзяшовы і аднакаранёвыя. Але паглядзім, што было ў 20-я гады. РБС-28:

Словы дзешавы, дзешавей як першыя адпаведнікі пададзены і ў МБС. Дзешавець, дзешавей, дзешава, дзешавы — у ПРБС. Дзешава, дзешавей, дзешавейшы, дзешавець — у БРС-26. А ў Вацлава Ластоўскага знаходзім цэлы россып з сямі (!) слоў: дзешавы, дзешава, дзешавей, дзешавізна, дзешавіць, дзешавіна, дзешаўка.

Ну і яшчэ адзін артыкул пра слова з суфіксам -ыш:

  • «У слоўніках савецкага часу (дзеля набліжэння моваў) прапагандаваліся словы з усесаюзнаю структураю. Так, апрача прааналізаванага малыш (ды інш.) бачым і галыш» (с. 405).

Калі не занурацца ў падрабязнасці, то можна падумаць, што тут аўтар піша пра РБС-28, бо там знаходзім:

Акрамя слоўніка 1928 года, Байкоў з Некрашэвічам падавалі гэта слова і ў БРС-26, дзе чытаем: Галыш м. — бедняк.

Ёсць гэта слова ў НБМС Гарэцкага. Як адзіны варыянт перакладу назоўнік галыш рэкамендавалі ў ПРБС Байкоў з Гарэцкім. Сярод іншых варыянтаў яго падае і ПРК(Б)С Ластоўскага.

Пішучы пра словы нашчадкі, патомства, П. Сцяцко адзначае, што:

  • «Слова нашчадак (нашчадкі) падавалі слоўнікі 20-х гадоў… У 30–80-х гадах побач з сваім словам падаецца і расійскае: “Потомок — патомак, нашчадак, потомство — патомства, нашчадкі” (РБС-53. С. 486)» (с. 418).

Аднак словы патомак, патомства і іншыя аднакаранёвыя падаваліся не толькі ў 30–80-х, але і ў 20-х. Вось, напрыклад, у РБС-28:

Патомак, патомны ды патомства ёсць і ў ПРБС. У БРС-26, на які спасылаецца Сцяцко, ёсць патомны, яно ж у БНТ-11. Патомак і патомства таксама фіксуюцца ў БНТ-10 ды БНТ-11.

 У артыкуле пра слова зыход Сцяцко піша:

  • «Слова зыход (калька рас. исход) не падаюць ні БРС-26, ні БРС-62» (с. 427).

Далей аўтар апісвае прысутнасць слова зыход у пазнейшых слоўніках як «наступ на беларускае слова». Можа, гэта і слушна, але ж варта заўважыць, што слова зыход прыводзіць у сваім ПРК(Б)С Ластоўскі:

***

І такіх прыкладаў (калі катэгарычнае сцверджанне аўтара не супадае з сапраўднасцю) у кнізе стае. Акрамя названых вышэй, тое самае назіраем у выпадку са словамі батрак, краснуха, прама і іншымі.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што пэўныя словы, пра якія аўтар гаворыць, што іх не было ў 1920-я гады, нам сапраўды не ўдалося знайсці ў тых слоўніках, якія мы выкарыстоўвалі для параўнання (што яшчэ не даказвае, што іх увогуле не было ў слоўніках 1920-х гадоў). Гэта, напрыклад, мярзотнік, самазабойца (с. 102–104) (але ў МБС ёсць самаўбіўства), правіцель (с. 107) (але ў БНТ-10 ёсць управіцель), гравій (с. 111), пяцідзясяты васьмідзясяты (с. 119), вырабатка (с. 125) (але ў БНТ-10 ёсць выработак), састаяць (с. 169–170), Казярог (с. 193), пазбягаць (с. 330–331), спаяць, спаяны (калектыў) (с. 335).

Падсумоўваючы, варта адзначыць наступнае.

Беручы як крыніцу для абгрунтавання наяўнасці ці адсутнасці ў беларускай мове слоў «Беларуска-расійскі слоўнік» 1926 года, нельга ігнараваць яго асаблівасці і варункі стварэння. Як адзначана ў прадмове, БРС-26 пісаўся даволі тэрмінова, за чатыры месяцы, на падставе сярод іншага практычна гатовага рукапісу «Расійска-беларускага слоўніка». БРС-26 заведама выдаваўся як кароткі, няпоўны. У яго не ўключаліся словы, якія супадаюць або вельмі падобныя ў рускай і беларускай мовах, што падкрэслена ў прадмове. Ці можна ў такім выпадку прыводзіць адсутнасць слова ў БРС-26 як доказ таго, што слова не было ў нашай мове? Відавочна, не. Тым больш што ў шэрагу выпадкаў П. Сцяцко піша пра адсутнасць слова ў «слоўніках 20-х» нават тады, калі яно ёсць у БРС-26 ці слоўніку Ластоўскага, якімі карыстаўся аўтар. То-бок нават гэтымі дзвюма крыніцамі ён карыстаўся даволі выбарачна.

Паўстае пытанне. Калі аўтар меў доступ толькі да двух даведнікаў, тым больш улічваючы акалічнасці, апісаныя ў прадмове БРС-26, дык ці можна было пісаць агулам пра «слоўнікі 20-х гадоў»?

Парады П. Сцяцко адносна лексікі маюць рэкамендацыйны, суб’ектыўны характар: адны словы раіцца ўжываць, іншыя не. Гэты ж артыкул не мае такой мэты: даводзячы наяўнасць слова ў слоўніках, мы не аддаём яму перавагі (як і наадварот). Гэта проста праверка фактаў, якія выкарыстоўваюцца для абгрунтавання рэкамендацый Сцяцко.

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, падаецца, зусім лагічнай будзе наступная выснова. Кніга «Культура мовы», безумоўна, цікавая, у ёй можна знайсці карысную інфармацыю. Але тым, хто толькі пачынае вывучаць беларускую мову і хоча проста правільна гаварыць, раіць яе ўсё ж нельга, бо яна, на жаль, здольная заблытаць чалавека, які не мае адпаведнай падрыхтоўкі.

Вам можа спадабацца