«Член четырех аграрных академий», або Як Сямён Шарэцкі стаў старшынёй Вярхоўнага Савета

Гісторыя

«Член четырех аграрных академий», або Як Сямён Шарэцкі стаў старшынёй Вярхоўнага Савета

10 студзеня 1996 года на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета 13 склікання быў абраны лідар тагачаснай Аграрнай партыі, доктар эканамічных навук, прафесар і, як пісала прэса, «член четырех аграрных академий» Сямён Георгіевіч Шарэцкі. Да заняцця гэтай пасады Шарэцкі ўзначальваў калгасы на Навагрудчыне і Міншчыне, вучыўся, а затым і выкладаў у Вышэйшай партыйнай школе, працаваў саветнікам Вячаслава Кебіча па пытаннях сельскай гаспадаркі. Прызначэнне Шарэцкага на гэтую пасаду левыя СМІ абвясцілі «честным союзом серпа и молота» і паспяшаліся выказаць цвёрдую упэўненасць у выбітнай палітычнай будучыні новапрызначанага гаспадара Вярхоўнага Савета. Жыццё, аднак, спраставала гэтыя разлікі. У найноўшую гісторыю Шарэцкі ўвайшоў як адзін з тых, хто займаючы высокія адказныя пасады не здолеў перашкодзіць усталяванню ў краіне аўтарытарнага рэжыму. Тым не менш, абранне Шарэцкага на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета цікавае яе прыклад таго, як дзейнічалі механізмы вышэйшай заканадаўчай і прадстаўнічай улады, калі большасць у ёй кантралявалі левыя палітычныя партыі і рухі.

«Порции разрушительной инъекции» ад Вярхоўнага Савета

На выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі 13 склікання ў маі 1995 года мандаты атрымалі ўсяго 119 дэпутатаў. Гэта было недастаткова для пачатку працы новага парламента, які складаўся з 260 народных абраннікаў.

Аляксандр Лукашэнка, прадбачачы будучыя канфлікты з гэтым заканадаўчым органам, заявіў, што калі Вярхоўны Савет не сфармуецца, то ў краіне будзе ўведзена прэзідэнцкае праўленне. Праўладныя СМІ загаварылі аб тым, што парламент увогуле не патрэбны і будзе толькі перашкодай уладзе. Галоўны рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч, напрыклад, пісаў, што ад Вярхоўнага Савета народ атрымоўваў «порции разрушительной инъекции».

На паўторных выбарах, якія адбыліся 29 лістапада і 10 снежня 1995 года, у Вярхоўны Савет было абрана 197 дэпутатаў. Нягледзячы на тое, што звыш шасцідзесяці дэпутацкіх месцаў засталіся вакантымі, неабходны канстытуцыйны кворум быў атрыманы.

«Я не мальчишка в бирюльки играть»

Першая сесія новага Вярхоўнага Савета пачала сваю працу 9 студзеня 1996 года. Пасля даклада старшыні Мандатнай камісіі Аляксандра Свірыда аб прызнанні паўнамоцтваў дэпутатаў і эмацыйнага выступу прэзідэнта Лукашэнкі, які заявіў, што ён «не мальчишка в бирюльки играть», Вярхоўны Савет прыступіў да выбараў старшыні.

Расклад палітычных сілаў быў своеасаблівы. Пры мажарытарнай сістэме ў Вярхоўны Савет было абрана 105 прадстаўнікоў 16 палітычных партый. Пры гэтым абсалютная большасць належала камуністам (Партыі камуністаў беларускай) і агарарыям. Яны мелі 44 і 34 мандаты адпаведна. Іншыя адставалі з вялікім адрывам: так, Партыю народнай згоды прадстаўлялі толькі 8 дэпутатаў, а Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду і партыю Ўсебеларускага адзінства і згоды — 2. Астатнія (Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, «зялёныя» і інш.) здавольваліся адным прадстаўніком.

Інтрыга палягала ў тым, хто з камуністаў ці аграрыяў зойме пасаду старшыні.

Ад Аграрнай партыі кандыдатуру Сямёна Шарэцкага вылучыў Мечыслаў Гіруць:

«При молодом, энергичном президенте должен быть человек, умудренный жизненным опытом, трезвый политик, прошедший большой путь практической работы, имеющий солидную теоретическую и научную подготовку».

Цікава, што Гіруць фігураваў у «антыкарупцыйным» дакладзе дэпутата Лукашэнкі 14 снежня 1993 года. Гіруцю закідвалася і дапамога «сыночку» са стварэннем сумеснага прадпрыемства «Интерконтакт», і пабудова шыкоўнага катэджа «с почти римскими портиками».

Сямёна Шарэцкага падтрымаў і вядомы беларускі аграрнік-навукоўца Вячаслаў Шаршуноў: «Он последователен и предсказуем».

Ад камуністаў на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета вылучылі Сяргея Калякіна, які пазіцыянаваў сябе як «советский человек» з Савецкага раёна горада Мінска. Калякіна падтрымаў Васіль Новікаў, адзін з удзельнікаў першых прэзідэнцкіх выбараў. Дэпутат Аляксандр Козыр аддаў належнае цвёрдасці і нязменнасці пераканняў Калякіна: «Он не порвал свой билет, а начал возрождение партии».

Праўда, кандыдатурамі ад камуністаў і аграрыяў справа не абмежавалася. Паспрабаваць шчасця вырашылі і іншыя.

Адным з такіх быў былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч, які ў верасні 1995 года падаў у адстаўку у знак нязгоды з фінансавай палітыкай Аляксандра Лукашэнкі і росту ўплыву Тамары Віннікавай (пры яе непасрэдным удзеле тады адбылося рэзананснае зліццё Ашчаднага банка і камерцыйнага банка «Беларусбанк» у адзіную структуру — Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларусбанк»).

Кандыдатуру Багданкевіча вылучыў Шлындзікаў: «Это очень крупный специалист в области денежного обращения, финансов и кредита». Багданкевіча падтрымалі былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і Аляксандр Дабравольскі, які адзначыў, што Станіслаў Антонавіч — «профессионал с большой буквы». Праўда, супраць выступіў Віктар Кучынскі. Былому галоўнаму банкіру краіны Кучынскі закідваў «недостаток воли, чтобы идти до конца».

Дэпутат Яўген Мікалуцкі, той самы, які будзе забіты 6 кастрычніка 1997 года, вылучыў на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета і Вячаслава Кебіча: «В нем присутствует мудрость и опыт государственного политика, он может представлять парламент на всех уровнях». Аднак Кебіч узяў самаадвод, заявіўшы, што будучы спікер павінен адзначацца прафесіяналізмам, а таксама  «умением найти политический компромисс».

Сямён Шарэцкі з Вячаславам Кебічам і намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета 13 склікання Юрыем Малумавым.

Іван Цярэшка і Павел Знавец вылучылі кандыдатуру былога старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба, назваўшы яго «убежденным державником».

Апошнім кандыдатам стаў былы міністр замежных спраў Пётр Краўчанка. Яго падтрымалі сацыял-дэмакраты на чале з Леанідам Сечкам. Дэпутат Уладзімір Нісцюк назваў Краўчанку «человеком не скандального толка».

«Сократить до минимума количество государственных газет»

Пасля свайго вылучэння кожны кандыдат мусіў выступіць з паўгадзінным дакладам і прадставіць сваё бачанне развіцця краіны. У гэтых дакладах было шмат супольнага, пад чым з лёгкасцю мог падпісацца і камуніст, і сябра БНФ, і сацыял-дэмакрат: прававая дзяржава і падзел уладаў, вяршэнства права і кампраміс палітычных сілаў, рынак і развіццё розных формаў уласнасці, умацаванне суверэнітэту і прэстыжу краіны на міжнароднай арэне.

Калі ацэньваць тыя выступы па крытэрыях адносінаў да палітыкі прэзідэнта Лукашэнкі, то самымі лаяльнымі выявіліся Калякін і Шарэцкі, а самым апазіцыйным — Багданкевіч.

Шарэцкі, напрыклад, гаварыў пра неабходнасць моцнай выканаўчай улады, а Калякін у выпадку свайго абрання абяцаў, што ў найбліжэйшай перспектыве Вярхоўны Савет не будзе ініцыяваць пытання аб ліквідацыі пасады прэзідэнта. Між іншым, наяўнасць у праграме камуністаў палажэння аб пераходзе да парламенцкай рэспублікі была адной з прычынаў, чаму Лукашэнка не хацеў бачыць на чале Вярхоўнага Савета камуніста. Нездарма пасля перамогі Шарэцкага на закрытым парламенцкім паседжанні 12 студзеня 1996 года Лукашэнка падзякаваў Богу за кампраміс паміж фракцыямі і выказаў надзею, што Шарэцкі «справится с задачами».

Сямён Шарэцкі з Віктарам Шэйманам і Іванам Ціцянковым.

Што да Багданкевіча, то ў яго выступе і сапраўды для прэзідэнта Лукашэнкі было мала прыемнага. Былы кіраўнік Нацбанка шмат казаў пра парушэнне законаў, з-за чаго Беларусь не ідуць інвестыцыі, пра тое, што парадак у краіне найчасцей падтрымліваецца не Канстытуцыяй, а «силой кулака». Багданкевіч заклікаў неадкладна выканаць усе рашэнні Канстытуцыйнага Суда (на гэты момант шэраг указаў Лукашэнкі былі прызнаныя неканстытуцыйнымі), «вывести телевединие и радио из прямого подчинения исполнительной власти», «сократить до минимума количество государственных газет» і «на уровне прокуратуры разобраться с запретом на издание и распространение независимых газет». Пры канцы Багданкевіч заявіў, што выбары ў Вярхоўны Савет адбываліся ва ўмовах татальнай інфармацыйнай блакады, а іх фінансаванне цалкам сканцэнтравалася ў руках кола дзейнага прэзідэнта.

Лукашэнка, у сваю чаргу, не застаўся ў даўгу. На вышэйзгаданым закрытым паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета 12 студзеня ён прысвяціў Багданкевічу амаль дзве траціны свайго выступу. Супраць экс-банкіра было высунута ажно пятнаццаць абвінавачанняў: узбагачэнне банкаўскіх супрацоўнікаў на вялікіх розніцах валютных курсаў, выдача ім крэдытаў пад нізкія (2-5) працэнты, набыццё для Нацбанка «Мэрсэдэса» за 100 тыс. нямецкіх марак, стварэнне «Белінвестбанка» як «запасной площадки» уласна для сябе і «надежной крыши для двух сыновей» і г.д.

Нядоўгі трыумф Шарэцкага

Але і без гэтых абвінавачванняў Багданкевіч не стаў кіраўніком парламента. Па выніках іменнага галасавання 10 студзеня 1996 года яго падтрымалі толькі 38 дэпутатаў са 197, якія ўзялі удзел у галасаванні. Найменшы вынік (18 галасоў) быў у Грыба. Калякін і Шарэцкі атрымалі адпаведна 50 і 51 голас. Пётр Краўчанка раптоўна ўзяў самаадвод.

У выніку паўторнага галасавання Шарэцкі атрымаў 108 галасоў, а Калякін — 18. То-бок, цвёрдая дамоўленасць абедзвюх фракцыяў (падтрымаць кандыдата з большасцю галасоў) была выканана. Праўда, не абыйшлося і без эксцэсаў. Камуністы і аграрнікі вінавацілі Краўчанку і Багданкевіча ў тым, што яны паабяцалі сваю падтрымку, а на самой справе не прагаласавалі за Шарэцкага. Таксама пачаліся і ўнутраныя разборкі наконт таго, чаму насуперак дамоўленасці за Калякіна ўсё ж прагаласавалі 18 дэпутатаў. Некаторыя бачылі ў гэтым падкопы з боку прапрэзідэнцкай дэпутацкай групоўкі на чале з Уладзімірам Канаплёвым: маўляў, яе члены імкнуліся такім чынам сарваць трыумф Шарэцкага.

Трыумф Шарэцкага, аднак, выявіўся нядоўгім. Меней чым праз год ён сыйшоў у палітычнае небыццё.

Вам можа спадабацца