Дыскрэдытаваць пратэсты, запісаць нязгодных у “пятую калону”: як заслужыў медаль Азаронак-малодшы

Грамадзтва

Дыскрэдытаваць пратэсты, запісаць нязгодных у “пятую калону”: як заслужыў медаль Азаронак-малодшы

На фоне прапагандыстаў, якія акапаліся на канале Cталічнага тэлебачання, вылучаецца фігура дваццаціпяцігадовага Рыгора Азаронка. Па іроніі лёсу ён нарадзіўся акурат падчас судовага разбору свайго бацькі з Зянонам Пазьняком з прычыны дакументальнага фільма «Нянавісць: дзеці ілжы». Лідар БНФ, як вядома, тады дамогся, каб Азаронка-старэйшага прызналі вінаватым і абавязалі прынесці публічныя прабачэнні.

У інтэрв’ю газеце «Знамя юности» (15 лістапада 1995 года) Юрый Азаронак прызнаўся, што гэты судовы вердыкт стаў для яго поўнай нечаканасцю. У такіх умовах, сказаў Азаронак-старэйшы, выйсце адно — «воспитывать Воина»: «Я к этому готов. Надеюсь, сыну помогут мои знания, мое понимание того, в чем для нас смысл жизни, чему служить и что любить».

Так што з’яўленне Азаронка-малодшага ў дзяржаўным агітпропе было цалкам прадказальна.

... Зацяжны палітычны крызіс суправаджаецца беспрэцэдэнтным па сваёй вастрыні інфармацыйным супрацьстаяннем паміж уладай і яе апанентамі. Улада адчувае, што сутыкаецца з аслабленнем свайго уплыву, прайграе бітву за розумы і сэрцы людзей. Таму «вярхі» мабілізуюць ўсе даступныя сродкі і рэсурсы, каб у што б там ні стала пераламіць гэтую тэндэнцыю. Яны рэкрутуюць у тым ліку ідэалагічна "правільную" моладзь,  для якіх характэрна як сляпая вера ў «беларускую мадэль», так і шчырая гатоўнасць змагацца з палітычнымі апанентамі любымі сродкамі.

Пра жыццёвыя прынцыпы Азаронка-малодшага гаворыць наступны факт. Яшчэ ў 2008 годзе Лукашэнка з ганьбай выгнаў Азаронка-старэйшага з пасады намесніка старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі — за ўчынак, несумяшчальны са знаходжаннем на дзяржаўнай службе. Прэса сцвярджала, што гэта было звязана з нейкім інцыдэнтам на Еўрабачанні-2008. Але што б ні здарылася тады, Лукашэнка меў усе магчымасці, каб не даць справе ход. Аднак гэтага не зрабіў. І гэта пры тым, што Азаронак-старэйшы верна служыў рэжыму і пасля «Нянавісці». Такая сітуацыя, здавалася, магла б спарадзіць у Азаронка-малодшага сумненні ў «генеральнай лініі». Але гэтага не адбылося, і той пачаў самааддана служыць уладам у медыйным полі.

З назвай свайго праекту («Таемныя спружыны палітыкі») Азаронак-малодшы асабліва не мудрагеліў і наўпрост пазычыў яе ў свайго бацькі.

Азаронак-малодшы на фоне застаўкі «Таемныя спружыны палітыкі».

Праўда, нічога таемнага і інтрыгоўнага ў гэтай перадачы няма. Выпускі перадачы Азаронка-малодшага вельмі спрошчаныя, калі не сказаць прымітыўныя, бо яго галоўная мэта — максімальна дыскрэдытаваць пратэсты, якія засведчылі непрыманне грамадствам існуючай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Некаторыя з іх, як, напрыклад, пра «расследаванне» трагічнай гібелі Рамана Бандарэнкі, ці пра Паўла Латушку на фоне пятлі ўвогуле нельга глядзець без гідлівасці.

Павел Латушка на фоне пятлі.

Азаронак-малодшы далёкі ад думкі, што падчас міліцэйскага самавольства пацярпелі невінаватыя людзі, ён увогуле не мае патрэбы нешта абгрунтоўваць ці тлумачыць. «Таемнымі спружынамі» ён імкнецца пераканаць, што рэпрэсіі —  гэта непазбежныя выдаткі пры навядзенні парадку ў краіне, а пратэсты ўзнікаюць не з-за супярэчнасцяў сістэмы, а праз варожыя і сатанінскія падкопы. Усё добрае — ад дзяржавы (=Лукашэнкі), усё дрэннае — ад д’ябла, ЗША, уніятаў і шкоднікаў. Таму удзельнікаў пратэстаў, а таксама ўсіх тых, хто крытычна ставіцца да Лукашэнкі, Азаронак-малодшы аўтаматычна запісвае ў «пятую калону».

Яшчэ адзін маніпулятыўны прыём, які асвоіў наш герой, палягае ў правядзенні паралеляў паміж гістарычнымі героямі і сучаснымі персанажамі: кумір Азаронка-малодшага, Аляксандр Неўскі, якога ў свой час наўгародскае веча на барацьбу з крыжакамі, параўноваецца з Аляксандрам Лукашэнкам, чые паўнамоцтвы павінен пацвердзіць Усебеларускі народны сход, прызначаны на люты.

Пасыл “без Лукашэнкі Беларусь проста знікне” Азаронак-малодшы развівае ў сюжэце пра … Нікалае Чаўшэску. На думку аўтара, пры «геніі Карпатаў» краіна «была одна из самых процветающих стран социалистического лагеря», але пасля Румынію, Югаславію, Лівію і Ірак перамалола ў жорнах «каляровых» рэвалюцый.

Такі лёс, сцвярджае Азаронак-малодшы, напаткаў бы і Беларусь, калі б не Аляксандр Лукашэнка. Прыгадваючы візіт Лукашэнкі на Мінскі завод колавых цягачоў, калі працоўныя крычалі: «Сыходзь!», Азаронак-малодшы з задавальненнем адзначае: маўляў, «ни один мускул не дрогнул» на твары Лукашэнкі.

Азаронак-малодшы выпраменьвае аптымізм: маўляў, палітычны крызіс пераадолены, і з разам са старым-новым прэзідэнтам працягваецца будаванне “працвітаючай” Беларусі. Але сам факт з’яўлення такіх перадач вельмі сімптаматычны: нашай краінай кіруюць людзі, якія дагэтуль баяцца страціць уладу, якую падчас драматычных паслявыбарных падзей ім удалося ўтрымаць адно з дапамогай гвалту, і дзеля гэтай улады яны гатовыя на ўсё.

Вам можа спадабацца