Пераможца мінулага года – канспіралагічнае мысленне

Меркаваньні

Пераможца мінулага года – канспіралагічнае мысленне

Мінулы, 2020-ы год на ўсім сваім працягу – ад забойства іранскага генерала Касэма Салеймані і пажараў у Аўстраліі і да падпісання гандлёвага дагавору Брытаніі з ЕС за некалькі дзён да “дэдлайну” – успрымаўся па ўсім свеце як выключна цяжкі і небяспечны. Прыродныя катаклізмы, ненулявая небяспека вялікае вайны і, вядома ж, пандэмія новае хваробы з непазбежным уплывам на гаспадарку свету адцянілі інфаповады, якія ў іншыя гады лічыліся б больш істотнымі, накшталт першага пілатаванага палёту да касмічнае станцыі ад прыватнай кампаніі ці тым больш нейкіх грамадскіх падзей, скажам, “Мэгзіту” ці тэндэнцый, адлюстраваных “Оскарамі”.

Пры ўсёй разнапланавасці і непадобнасці падзей 2020-га, галоўныя з іх – для беларусаў і для свету – былі аб’яднаны адной з’явай. Дакладней, гэта з’ява аб’яднала не самі падзеі, а рэакцыю часткі грамадства на іх. Гэта з’ява – канспіралагічнае мысленне. Беларусы сутыкнуліся з ім або сачылі за ім у кантэксце трох сітуацый, якія развіваліся значную частку года: ва ўсім свеце, у тым ліку і ў нас, гэта пандэмія COVID-19, а ў найбольш уплывовай і магутнай дзяржаве свету, ЗША, як і ў роднай Беларусі, гэта прэзідэнцкія выбары (дакладней, выбары і “выбары”).

Ад самага пачатку распаўсюджання звестак пра новы каронавірус SARS-CoV-2 і на працягу ўсяго года аж да пачатку масавай вакцынацыі вынайдзенымі прышчэпкамі пандэміі рэспіраторнай хваробы спадарожнічае і пандэмія недаверу, пляткарства, тэорый змовы. Прыкладна тыя ж людзі, якія ўвесну адмаўлялі само існаванне хваробы, пад канец года, калі многія ўжо або перахварэлі самі, або займелі сярод знаёмых ці то шпіталізаваных, ці нават памерлых, сталі гэтак жа адмаўляць неабходнасць вакцынацыі. Мала таго, для некаторых само даволі хуткае вынаходства вакцын, на якое былі кінуты гіганцкія рэсурсы навукі, стала “пацверджаннем” іх жа ранейшага пераканання, што хваробы няма, а пандэмія “зрэжысіравана”, бо камусьці, моў, выгадна было яе ў пэўны момант запусціць, а ў іншы прыпыніць.

Сведчыць пра тое, што “сам перахварэў гэтым ковідам да таго, як гэта стала мэйнстрымам” можна было адначасова з адмаўленнем існавання ці небяспекі хваробы. Увесну было модна спасылацца на “альтэрнатыўную” палітыку краін як Брытаніі ды Швецыі ў дачыненні да эпідэміі, увосень, калі тыя адмовіліся ад ранейшых стратэгій і прызналі іх памылковасць, модна было пра іх ужо не згадваць. Адным са слоў года, што падарыў 2020-ы, можна лічыць “кавідыёты”, якімі называлі людзей, чые бяздумныя дзеянні, заснаваныя на “няверы” ў ковід, толькі спрыялі прадаўжэнню эпідэміі і, адпаведна, паглыбленню крызісу.

Канспіралагічнаму мысленню і недаацэнцы ковіду нямала адкрыта памагалі словамі й дзеяннямі і лідары некаторых дзяржаў – рознай ступені легітымнасці і адэкватнасці, ад Трампа, Джонсана і Балсанару да Лукашэнкі. К канцу года частка з іх паспяхова перахварэлі. Праўда, цяжка сказаць, якая іменна частка сапраўды хварэлі на ковід, а не на хітрасць і піяр-сімуляцыю. Частка з іх удзячных слухачоў, крыху горш забяспечаных медыцынай ды ўвагай, гэтак жа “паспяхова” памерлі.

Прынамсі двое з названых цесна сплялі ў сваіх краінах тэму пандэміі з выбарамі на свае пасады. Пры гэтым і ў саміх гэтых падзеях канспіралагічнае мысленне адыгрывала вялікую ролю.

У той час, калі ў Польшчы ўлады імкнуліся выгадна скарыстацца хваляй эпідэміі для зручнай для сябе формы арганізацыі выбараў (грамадства не дапусціла гэтага цаною вялікіх намаганняў – але самі выбары ўлада ў выніку выйграла), у ЗША прэзідэнт Трамп вырашыў пайсці іншым шляхам – не ўплываць на арганізацыю выбараў, а выкарыстоўваць іх форму як повад для дэлегітымізуючай рыторыкі. Такі своеасаблівы “парашут” на выпадак паражэння, і ўнушалася гэта задоўга да вырашальнай даты. Тут глеба для канспіралагічнага мыслення ў шэрагах сваіх прыхільнікаў была вельмі добра падрыхтавана гадамі. Недарма ў рэшце рэшт ядро супраціву вынікам выбараў склалі прыхільнікі канспіралагічнай тэорыі QAnon, створанай яшчэ ў 2017-ым. (Сімвалічны вобраз, што падсумоўвае 2020-ы, прыйшоў ужо ў новым годзе, калі “Q-ананіст” і “шаман” Джэйк Анджалі ў рагатай футровай шапцы з трыумфам пазіраваў у Капітоліі.)

Джэйк Анджалі пазіруе ў Капітоліі.

Можна сказаць, што рыхтавалася адпаведная глеба і ў Беларусі: улады заўсёды імкнуліся тлумачыць любы супраціў сабе “інтрыгамі з замежжа”. Колькі ўжо “раскрытых змоў” бачылі мы за ўсе гады. Але ў 2020-м раптам выявілася, што грамадства не надта і верыць у такія тэорыі, не надта яго гэта ўхіляе ад пратэсту. Таму даволі панічна і ліхаманкава выглядалі спробы ўладаў “страляць ва ўсе бакі”, мітусліва абвінавачваючы то Захад, то Усход ва ўсіх бедах.

А тым часам канспіралагічнае мысленне выявілася і з цалкам супрацьлеглага флангу – з боку некаторых знарочыста патрыятычных, беларускацэнтрычных колаў. У той час, калі новыя, нечаканыя палітыкі выяўлялі ў сваіх поглядах не вельмі ўкаранёную беларускасць, рэтранслюючы наяўны стан большасці самога беларускага грамадства (наўмысна-паліттэхналагічна або і будучы самі яго тыповымі прадстаўнікамі), частка найбольш ідэйных, даўніх барацьбітоў так і не прынялі новую плынь. Тлумачачы сваё прынцыповае недалучэнне да пратэснае хвалі, яны працягвалі выказваць недавер да новых лідараў пратэсту, бачыць змову за гэтымі лідарамі і пратэстам.

Пасля свайго паражэння, будучы не ў стане даказаць сваю слушнасць у шматлікіх судах, Трамп прыйшоў да простага рэцэпту: каб не змяняць меркаванняў пад ціскам фактаў, дастаткова проста бясконца і гучна паўтараць, а нават узмацняць ранейшую бяздоказную рыторыку. Пры канспіралагічным мысленні прыхільнікаў гэтага будзе дастаткова. Ніякія новыя падзеі ці факты не пахіснуць такую карціну свету, наадварот, яны будуць “падпарадкаваны” канспіралагічным тлумачэнням.

Гэта ж спрацоўвае і ў выпадку пандэміі, і, верагодна, будзе спадарожнічаць ёй аж да яе завяршэння.

Гэта ж спрацоўвае і ў выпадку беларускіх падзей – на супрацьлеглых ідэалагічных полюсах працягваецца культываванне больш-менш тых жа канспіралагічных ідэй, якія выказваліся там яшчэ ў траўні-чэрвені. А паміж імі аказалася асноўная маса беларусаў, жадаючых не дашуквацца змоў і нечых уяўных матываў, а вызваліцца, выйсці з крызісу ўжо тут і цяпер.

Магчыма, усе тры сітуацыі канчаткова вырашацца ў новым, 2021-м годзе. Магчыма, пераможанымі акажуцца і ковід, і Трамп, і Лукашэнка. А вось шансаў на тое, што будзе пераможана канспіралагічнае мысленне, нашмат менш. Ягоныя пазіцыі па выніках 2020-га выглядаюць значна лепей, чым названых трох антыгерояў года.