“Mein Kampf” на вашай кніжнай паліцы

Гісторыя

“Mein Kampf” на вашай кніжнай паліцы

20 студзеня ў Польшчы пачаўся продаж новага крытычнага выдання кнігі “Mein Kampf” Адольфа Гітлера. Такім чынам, наша заходняя суседка стала другой пасля Германіі краінай, якая ажыццявіла такі праект.

Пяць год таму нямецкі Інстытут Найноўшай гісторыі выспусціў два тамы вялікага фармату, па тысячы старонак кожны, на вокладках якіх значылася “Hitler, Mein Kampf. Eine Kritische Edition”. Задума аўтараў была наступнай: выпусціць каментаванае выданне адыёзнага опуса Гітлера, каб чытачы мелі магчымасць яго крытычнага асэнсавання, а не шукалі ў інтэрнэце электронныя копіі без усялякага каментара. Выданне павінна было дэміфалагізаваць кнігу. Для гэтага былі напісаныя суправаджальныя артыкулы і больш як дзве тысячы каментароў, чый аб’ём пераўзышоў асноўны тэкст.

Гэты асветніцкі пасыл, праўда, уступаў у супярэчнасць з іншым намерам — зрабіць выданне візуальна непрывабным, з вельмі сціплай вокладкай, а таксама даволі дарагім, недаступным для куплі проста з цікаўнасці. Вокладка і сапраўды выйшла вельмі простай, але густоўнай, а цана ў 59 еўра ў Германіі мала каго адпудзіла. У выніку толькі за адзін год выйшла чатыры перавыданні кнігі, а ўсяго было прададзена 85 тысяч асобнікаў. Выдаўцы прызналіся, што не чакалі такога ажыятажнага попыту, і таму выдалі першае выданне накладам усяго толькі ў 4 тысячы штук.

Польскае выдавецтва “Bellona”, якое спецыялізуецца пераважна па выданні кніг па вайсковай гісторыі, карыстаецца падобнай стратэгіяй. Праўда, кніга выходзіць у павялічаным фармаце, змяшчаецца ў адным томе на тысячу старонак з удвая меншай колькасцю каментароў. Яны складзены прафесарам Эўгеніюшам Цэзарыем Крулем, спецыялістам па эпосе нацыянал-сацыялізму ў Германіі, сярод іншага, перакладчыкам і рэдактарам трох тамоў дзённіка Ёзэфа Гебельса. У выдання таксама даволі высокая цана, 149 злотых, але больш яскравая вокладка ў чорным і чырвоным колеры, на якой вялікімі літарамі немецкай готыкі красуецца “Mein Kampf”.

Дыскусія вакол новых выданняў кнігі звычайна ідзе ў рацыянальна-этычнай плоскасці. Ці этычна выдаваць кнігу, якая складала ідэалагічны падмурак злачынстваў Другой сусветнай вайны? Ці не будзе яна спрыяць пашырэнню ідэалогіі нацыянал-сацыялізму сёння? Да канца 2015 года правы на выданне кнігі належалі ўраду Баварыі, які наўпрост забараняў гэта рабіць, але цяпер тэрмін аўтарскіх правоў скончыўся, пачаліся новыя і цалкам легальныя выданні, а старыя пытанні зноў павіслі ў паветры.

Гэтыя і іншыя пытанні, якія ставяцца ў дыскусіях наконт новых выданняў “Mein Kampf”, толькі часткова схопліваюць праблему. У часы інтэрнэту тэкст гэтай кнігі цалкам бясплатна даступны любому ахвочаму. Калі чалавеку і прыйдзе ў галаву ўзяцца за чытанне 700-старонкавага тэксту, то наяўнасць ці адсутнасць папяровага выдання не будзе для яго перашкодай. Урэшце, і наяўнасць каментароў ніяк не абавязвае да іх чытання, а выданне кнігі ў акадэмічным фармаце не можа зрабіць яе толькі тэкстам для гісторыкаў і іншых навукоўцаў. Гэтай немагчымасцю тлумачыцца такая папулярнасць (па стане на 2018 год выйшла ўжо 10 выданняў) публікацыі ў Германіі. Сцвярджаць, што яго купляюць толькі для знаёмства з гістарычнай крыніцай, важнай для разумення прыроды нацыянал-сацыялізму — гэта тое ж самае, што гаварыць, што часопіс для мужчын купляюць пераважна для знаёмства з анатоміяй жаночага цела. Асноўная аўдыторыя не стане гэтага рабіць, нават калі на суседняй старонцы размясціць разгорнуты каментар ад доктара медыцыны.

За ўсімі этычнымі разважаннямі ў цяні, на мой погляд, знаходзяцца два важныя пытанні: сакралізацыя кнігі Гітлера і камерцыялізацыя спадчыны Другой сусветнай вайны. Сакралізацыя (канешне, у негатыўным сэнсе) заўважаецца ва ўсім. Да кнігі ставяцца, як да небяспечнага аб’екта, які валодае таемнай сілай і пры няправільным выкарыстанні можа выклікаць катастрафічныя наступствы. Таму прафанам трэба доступ да яе абмежаваць — высокім коштам, непрывабнай вокладкай, акадэмічным каментаром. Нават імя аўтара нельга прыгадваць лішні раз, таму ў нямецкім выданні стаіць “Hitler, Mein Kampf”. Гітлер тут адначасова пазбаўляецца і імені, і аўтарства. Яго прозвішча становіцца часткай назвы кнігі, так што нямецкі amazon яго сярод аўтараў кнігі ўвогуле не паказвае.

Іншая характэрная прыкмета сакралізацыі — выкарыстанне арыгінальнай назвы кнігі без перакладу. У такім варыянце вядома большасць сакральных тэкстаў ад Бхагаватгіты да Бібліі. “Mein Kampf” вялікімі літарамі напісана на польскім выданні і толькі ніжэй, значна меншымі “Moja walka”. У гэтай перспектыве нават сама стратэгія стварэння грувасткага каментара падаецца двухсэнсоўнай. Такога кшталту экзегетычныя намаганні якраз і характэрны ў першую чаргу для сакральных тэкстаў. З той толькі розніцай, што тут экзегетыка мае характар негатыўнай крытыкі.

У такім стаўленні няма нічога дзіўнага, з улікам таго, што фактычна нямецкі нацыянал-сацыялізм дзейнічаў як палітычная рэлігія, з культам асобы, адпаведнымі рытуаламі, фанатызмам, месіянствам etc. “Mein Kampf” быў яго найважнейшым сакральным тэкстам, які быў надрукаваны накладам больш за 12 мільёнаў экземпляраў. Хоць нацыянал-сацыялізм быў разгромлены, яго адэпты не зніклі цалкам. Крайне правыя рухі і цяпер застаюцца маргінальнай, але заўважнай з’явай у палітычным жыцці еўрапейскіх краін. Вытворчасць і спажыванне радыкальных ксенафобскіх тэкстаў з’яўляецца для іх нормай, і ў гэтым сэнсе, нічога з выкладзенага Гітлерам не навіна. Для “неакрэплых розумаў” цяпер знойдуцца і больш актуальныя, і больш небяспечныя тэксты. Значэнне “Mein Kampf” менавіта ў тым, што кніга мае культавы статус, авеяна флёрам небяспекі і забароненасці.

І ў гэтым заключаецца галоўная праблема. Як гэты статус можа быць прафанізаваны? Як зрабіць так, каб гэтая кніга ўспрымалася як старое занудства? Канешне, бляклая вокладка і акадэмічны каментар могуць некага адвабіць. Але ў той жа час сама перасцярога пры выданні, высокі кошт, памкненне “схаваць” імя аўтара, жаданне зрабіць кнігу прызначанай для вузкага кола (каб не сказаць “абраных”) вядзе да супрацьлеглага эфекту. Як сакральны тэкст палітычнай ідэалогіі “Mein Kampf” не можа быць абвергнуты гістарычным каментаром. Канешне, варта думаць, што абсалютная  большасць сучасных чытачоў кнігі да секты вызнаўцаў нацыянал-сацыялізму не належаць, але мяжа тут няясная і невідавочная. Шмат залежыць ад часу і перспектывы: узгадаем хоць бы, як лёгка музеі атэізму ператвараюцца ў музеі гісторыі рэлігіі.

Іншай важнай тэмай з’яўляецца камерцыялізацыя спадчыны Другой сусветнай вайны. Новы (дарагі) Гітлер на кніжнай паліцы — толькі частка гэтага працэсу. Падзеі вайны, злачынствы і прыклады зверстваў, грамадзянская мужнасць і бесчалавечнасць палітычных сістэм — гэта тое, на чым робяць кар’еры і атрымліваюць рэгулярны даход. Зразумела, толькі з самых лепшых гуманістычных перакананняў, каб гэта больш не паўтарылася. І ўсё ж нельга не заўважаць уцягнутасць у вялікую індустрыю кіно, літаратуры, выстаў і ўсяго іншага, для чаго гэта вайна з’яўляецца невычэрпным сімвалічным рэсурсам.

Гэта асобная вялікая тэма для разважанняў над сучаснай палітыкай памяці. Але на новае выданне “Mein Kampf” варта паглядзець і ў гэтай перспектыве. Пытанне зусім не ў тым, што нехта заробіць на гэтай кнізе (як некалі зарабіў сам аўтар). Праблема ў тым, што вір камерцыялізацыі тэмы непазбежна спрыяе таму, што, хай ад негатыўнага, працягваюць захоўвацца і транслявацца зместы і тэмы, якія фарміравалі ідэалогію нацыянал-сацыялізму.

Пра вераванні катараў мы ведаем сёння з кніг тагачасных тэолагаў і пратаколаў інквізітараў, якія займаліся іх знішчэннем, пра этнаграфію народаў Амерыкі — з нататак канкістадораў, якія выпальвалі іх культуры агнём. Гэтак жа і асноўнай крыніцай інфармацыі сёння пра нацыянал-сацыялізм з’яўляюцца кнігі і фільмы, якія выступаюць з пазіцыі яго асуджэння. Стратэгія дастаткова зразумелая: узяць інфармацыю пад кантроль, замацаваць за сабою права на інтэрпрэтацыю. Але хто можа паручыцца за вынік?

Часам мы атрымліваем даволі парадаксальныя сітуацыі. Так у мінулым годзе буйное расійскае выдавецтва “Кніжнікі” , якое спецыялізуецца на выданні кніг, звязаных з габрэйскай культурай, выпусціла біяграфію Гёбельса. Зараз польскі чытач атрымае салідна выдадзены опус Гітлера. Верагодна, усё гэта добра і правільна, намеры вядомых інтэлектуалаў, якія стаяць за такімі выдавецкімі праектамі, слушныя. А ўсё ж нельга адмахнуцца ад думкі, што вось у такі пакручасты і спецыфічны спосаб усё яшчэ працягваецца яго барацьба.

Вам можа спадабацца