Як бел-чырвона-белы сцяг можа быць прызнаны экстрэмісцкім, і чаму ўлады не пайшлі на гэта раней

Палітыка

Як бел-чырвона-белы сцяг можа быць прызнаны экстрэмісцкім, і чаму ўлады не пайшлі на гэта раней

Заява 29 студзеня ў эфіры БТ начальніцы аддзела інфармацыі Генеральнай пракуратуры Анжалікі Курчак пра тое, што яе ведамства прыняло да разгляду калектыўны зварот групы грамадзянаў аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім, наўрад ці прагучала як гром сярод яснага неба. Асабліва пасля грозных выпадаў на адрас «фашистской символики» з боку Аляксандра Лукашэнкі і абяцанняў прыбраць яе з вуліц.

У гэтай гісторыі варта звярнуць увагу на наступныя моманты.

Па-першае, сам змест звароту, які быў размешчаны на «новостном портале для носителей традиционных ценностей» «Западная Русь». Яго складальнікі не хаваюць сваіх рэваншысцкіх, імперскіх перакананняў:

«Период с 1991 по 1995 год, когда данный (бел-чырвона-белы — Аўт.) флаг являлся государственным флагом Республики Беларусь, считаем временем, когда Советский Союз проиграл в холодной войне и был развален на части, которые в той или иной степени попали под внешнее управление выигрышной стороны (?! — Аўт.), и, именно в этот период, нам был показательно навязан данный символ белорусского коллаборационизма».

Па-другое, колькасць падпісантаў — усяго толькі больш за сотню. Калі галоўны ініцыятар забароны “казак” Пётр Шапко ў інтэрв’ю ўжо вядомай нам прапагандыстцы з «Советской Белоруссии» Людмілы Гладкай сцвярджае, што «большая часть общества» супраць бел-чырвона-белага сцяга, то няўжо нельга сабраць такую колькасць подпісаў, якая пацвярджала  гэтую заяву.

Заява ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкай сімволікай.

Тут бы ў самы раз узяць прыклад з праўладных прафсаюзаў, якія пафасна абвясцілі, што сабралі ажно мільён подпісаў супраць міжнародных эканамічных санкцыяў. Да таго ж масавую падтрымку ініцыятывы Шапко і яго прыхільнікаў паставіла пад сумнеў размешчаная ў Інтэрнэце петыцыя супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкай сімволікай. Складзеная яўна спехам, яна сабрала за трое сутак звыш 80 тыс. подпісаў.

І гэта, думаецца, не мяжа.

Па-трэцяе, факт замоўчвання прозвішчаў падпісантаў петыцыі за забарону бел-чырвона-белага сцяга. І калі цікавішся гэтымі прозвішчамі, Шапко адразу адсылае ў Генеральную пракуратуру.

Скрыншот са старонкі Пятра Шапко з Фэйсбука з адказам яго прыхільніка наконт таго, ці можна азнаёміцца з прозвішчамі падпісантаў.

Ці сапраўды існуюць гэтыя людзі? Ці гэта чыстая паліттэхналогія?

Адзін з падпісантаў з заявай на фоне будынку Генпракуратуры.

Аднак чакаць адэкватных тлумачэнняў ад Шапко і кампаніі — справа марная. Лепш задамося наступнымі пытаннямі: 1) Якім чынам уладам выгадней прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім? 2) Чаму ўлады гэта не зрабілі раней?

Адказ на першае пытанне ляжыць на паверхні: шляхам прызнання БЧБ-сцяга нацысцкай сімволікай. Іншых варыянтаў ва ўладаў няма. Ніяк іначай не растлумачыць, чаму спалучэнне белага, чырвонага і белага колераў спрыяе распальванню нацыянальнай варожасці ці прапагандзе расавай, сацыяльнай і рэлігійнай перавагі і нясе рэальную пагрозу канстытуцыйнаму ладу краіны. Нездарма сувязь бел-чырвона-белага сцяга з  нацысцкай акупацыі Беларусі «чырвонай ніткай» праходзіць у выступах Лукашэнкі і яго рэзанёраў з ліку прафесійных гісторыкаў, у прыватнасці, Ігара Марзалюка і Вячаслава Даніловіча.

Юрыдычная падстава пад забарону была створана некалькі гадоў таму назад, калі 18 ліпеня 2019 года ў закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» (ад 4 студзеня 2007 года), на які і спасылаюцца аўтары зварота ў Генпракуратуру, былі ўнесеныя вельмі сімптаматычныя дапаўненні. Паводле іх, экстрэмізмам лічыцца ў тым ліку і дзейнасць грамадзянаў, накіраваная на 

«рэабілітацыю нацызму, прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, а таксама захоўванне або набыццё такой сімволікі або атрыбутыкі ў мэтах распаўсюджвання». 

Акрамя стандартнага вызначэння нацызму, якое тут прыводзіць не варта, гэтыя юрыдычныя навелы далі разгорнутую характарыстыку нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі: сцягі, эмблемы, знакі, вымпелы, якія выкарыстоўваліся нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыяй Германіі, дзяржаўнымі, ваеннымі і іншымі структурамі ці арганізацыямі, якія супрацоўнічалі з такімі структурамі на акупаванай тэрыторыі СССР у гады Другой сусветнай вайны, калі такія структуры і арганізацыі прызнаныя злачыннымі альбо вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў прысудам Міжнароднага ваеннага трыбунала альбо прысудамі нацыянальных, ваенных або акупацыйных трыбуналаў, заснаванымі на прысудзе Міжнароднага ваеннага трыбунала.

Але чаму такі бел-чырвона-белы сцяг дагэтуль не быў прызнаны экстрэмісцкім валявым рашэннем зверху, а замест гэтага ладзіцца спектакль з подпісамі, якія нібыта сабраў Пётр Шапко?

Скрыншот са старонкі Пятра Шапко з Фэйсбука наконт зварота ў Генпракуратуру аб забароне бел-чырвона-белага сцяга.

Найперш улады хочуць паказаць, што яны як бы ні пры чым, што гэта ініцыятыва знізу. 

Да падзеяў лета 2020 г. улады, відаць, забаронай БЧБ-сцягу баяліся паспрыяць, як кажуць эксперты, яго «сакралізацыі». 

Да таго ж, часткай пятай артыкула чатырнаццатага закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» рашэнне суда аб прызнанні матэрыялаў ці прадукцыі экстрэмісцкай можа быць абскарджана. Таму нельга выключаць, што ўлады не хацелі судовага разбору па факце забароны бел-чырвона-белага сцяга.

Дадатковае напружанне магла ствараць тая акалічнасць, што рашэнне суда аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкай сімволікай падлягала б неадкладнаму выкананню паводле 314 артыкула Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (з прычыны асаблівых абставінаў). Так, напрыклад, здарылася з тэлеграм-каналамі блогера Сцяпана Пуцілы.

Існуе, нарэшце, яшчэ адзін стрымальны фактар. Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» з’яўляецца нарматыўным прававым актам прамога дзеяння: паводле часткі чацвёртай артыкула чатырнаццатага рашэнне суда аб прызнанні прадукцыі экстрэмісцкай з’яўляецца падставай для яе знішчэння. І ў выпадку прызнання бел-чырвона-белым сцягу экстрэмісцкім застаецца толькі здагадвацца, якія спосабы яго дэманстрацыі будуць прызнаныя незаконнымі. Можна ўжо цяпер выказаць упэўненасць, што забарона не будзе тычыцца відэафільмаў з бел-чырвона-белым сцягам, выяў у СМІ да моманту ўвядзення забароны, і г.д.

Але як бы ўлады не хацелі “падсаладзіць пілюлю”, забараняючы бел-чырвона-белы сцяг, яснае адно: гэта выкліча бурную рэакцыю грамадства і яшчэ больш палітызуе яго.

Калі гэтая забарона здзейсніцца,  нас чакае бум папулярнасці герба «Пагоня». На масавых апазіцыйных мерапрыемствах ён на нейкі час можа замяніць БЧБ-сцяг. Тым больш, што падагнаць «Пагоню» ўзору 1991 года пад забарону наўрад ці ўдасца, бо падчас нацысцкай акупацыі выкарыстоўваўся іншы варыянт. 

Вам можа спадабацца