Нармалізаваць сітуацыю не толькі з дапамогай гвалту, але і прапаганды. “Год народнага адзінства” ў застрашанай краіне

Грамадзтва

Нармалізаваць сітуацыю не толькі з дапамогай гвалту, але і прапаганды. “Год народнага адзінства” ў застрашанай краіне

Як, вы яшчэ не ведаеце? 2021 год абвешчаны Годам нацыянальнага адзінства!

Сам план амбіцыёзны. Згодна з пастановай Савета Міністраў №64 ад 2 лютага 2021 года, ён складаецца ажно са 106 пунктаў. Да таго ж, ёсць яшчэ асобна згрупаваныя мерапрыемствы па кансалідацыі грамадства, згуртаванні нацыі на аснове ідэяў суверэнітэту і незалежнасці, пашырэнні канструктыўнага дыялогу ў грамадстве і ўцягванні ў яго моладзі.

Аднак пры больш дэталёвым разглядзе выяўляецца, што большасць гэтых мерапрыемстваў у той ці іншай форме ўжо мелі месца раней. Бадай, адзіная інтрыга тычыцца новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. Вырашыць гэтае пытанне да 1 сакавіка даручана Міністэрству інфармацыі і НАН Беларусі.

Каб не быць галаслоўнымі, возьмем, напрыклад, такую пазіцыю, як навуковыя канферэнцыі. Так, пункт 71 план прадугледжвае правядзенне ў красавіку канферэнцыі «Дзяржава і творчая асоба», а пункт 76 — канферэнцыі «Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці». Але падобныя канферэнцыі ладзяцца ледзьве не кожны год. Дык у чым тут навізна?

На сакавік запланавана міжнародная навукова-практычная канферэнцыя пад гучнай назвай: «Гістарычная памяць і патрыятызм як важнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадства  і дзяржавы. Фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагрозаў». Нічога не нагадвае? Канешне! У красавіку мінулага года на гэтую тэму павінны былі прайсці адкрытыя парламенцкія слуханні з нагоды 75-годдзя перамогі СССР над гітлераўскай Германіяй. Нагадаем, што ініцыятарам такіх слуханняў тады выступіла пастаянная камісія па правах чалавека, нацынальных адносінах і сродках масавых інфармацыі пад кіраўніцтвам Генадзя Давыдзькі. Праўда, далей слоў справа не пайшла. Ва ўсялякім разе на старонках дзяржаўных і недзяржаўных СМІ адсутнічае якая-небудзь інфармацыя пра гэтыя слуханні.

Дарэчы, вартая зазначыць, што план быў зацверджаны ў пачатку лютага, а канферэнцыя плануецца ўжо на сакавік. Любы дасведчаны спецыяліст ведае, што месяц да падрыхтоўкі канферэнцыі — гэта вельмі мала. Таму, калі такая канферэнцыя і адбудзецца, то з налётам аўральшчыны і штурмаўшчыны.

Некаторыя мерапрыемствы, якія заяўленыя ў плане, не толькі праводзяцца рэгулярна, але і дублююць адзін аднаго. Чым, напрыклад, адрозніваюцца акцыі «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» і «Мы — грамадзяне Беларусі». І там, і там пераможцам конкурсу —  чатырнаццацігадовым хлопцам і дзяўчатам — выдаюцца пашпарты.

Навізной не адзначаецца акцыя «Малітва за Беларусь!», якая запланавана на 2 ліпеня. Падобная масштабная акцыя праводзілася яшчэ напачтку кастрычніка 2015 года напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

Некаторыя пункты плана мерапрыемстваў увогуле выклікаюць вялікае сумненне ў іх рэалізацыі. Возьмем, напрыклад, стварэнне савета старэйшынаў пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах (пункт 31). Хутчэй за ўсё, распрацоўшчыкі плана запазычылі гэтую ідэю з савецкіх часоў, калі пры Вярхоўным Савеце сапраўды існаваў савет старэйшынаў, які, праўда, не вырашаў прынцыповых пытанняў. Незразумела, як на сённяшні дзень «старэйшыны» будуць спрыяць кансалідацыі грамадства. Не выключана, што такая навэла прапанавана чыста фармальна, для галачкі.

Не менш папулісцкім з’яўляецца пункт 65 плана мерапрыемстваў: выпуск дакументальных, публіцыстычных і мастацкіх тэлефільмаў, накіраваных на фарміраванне ў насельніцтва патрыятызму, любові да Радзімы. Добра, калі б справа тычылася толькі дакументальных і публіцыстычных фільмаў. Але каб стварыць хаця б адзін мастацкі фільм сярэдняй рукі, трэба задзейнічаць шмат грошаў і іншых рэсурсаў.

Возьмем гістарычны аспект плана мерапрыемстваў. Ён чакана прадстаўлены Вялікай Айчыннай вайной. Не абыйшлося і без «сенсацыйнага» праекта закона аб супрацьдзеянні рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, які мяркуецца прадставіць на суд грамадскасці ўжо ў сакавіку. Аб яго чыста кан’юнктурнай накіраванасці сведчыць тое, што адказнасць за прапаганду нацызму (у тым ліку забарона нацысцкай сімволікі і т.п.) даўно прапісана айчынным заканадаўствам, у прыватнасці артыкулам 130 Крымінальнага кодэкса і законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Да таго ж існуюць вялікія сумневы наконт арыгінальнасці гэтай ініцыятывы. Справа ў тым, што праект закона №50482-6 з ідэнтычнай назвай з’явіўся ў красавіку 2014 года па ініцыятыве шэрагу дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Расіі. Больш таго: тэрміны «нацызм», «нацысцкая сімволіка і атрыбутыка», якія ёсць у гэтым законе, амаль слова ў слова паўтараюцца ў тэксце змяненняў і дапаўненняў закону аб супрацьдзенні экстрэмізму Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі ад 18 ліпеня 2019 года. Але сам расейскі законапраект №50482-6 па прычыне недасканаласці быў у рэшце рэшт адхілены Дзяржаўнай думай РФ. Дык навошта нам пераймаць чужыя памылкі?

Цікава, што вядомы прапагандыст Аляксей Дзермант паспяшаўся запусціць спойлер і заявіў, што схіляецца да 17 верасня (у афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі з гэтай датай увязваецца “вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь”) у якасці новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства.

Але пакуль 17 верасня ўвогуле адсутнічае ў плане мерапрыемстваў.

Іншыя гістарычныя перыяды ці найбольш значныя падзеі наўпрост праігнараваныя.

У план мерапрыемстваў трапіла і традыцыйная сумесная працоўная акцыя (праводзіцца з 2016 года) прыватнага бізнеса і дзяржаўных структураў (у прыватнасці, Мінэканомікі), прысвечаная трыццацігоддзю прыняцця (28 мая 1991 года) закона аб прадпрымальніцтве. І гэта адзіная дата з «далукашэнкавай эпохі», якая ўпамінаецца ў дакуменце. Нагадаем, што гэты закон, які Мінэканомікі афіцыйна лічыць пачаткам беларускага бізнеса, зацвердзіў Вярхоўны Савет XII склікання. Той самы, у якім, па словах калегі Дзерманта Рыгора Азаронка, сядзелі «прохиндеи и ворюги, которые сначала разрушили великое государство, а потом четыре года распиливали заводы и предприятия».

На іншыя важныя заканадаўчыя акты (у першую чаргу Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 ліпеня 1990 года), якія заклалі падмурак незалежнай Беларусі, у гэтым дакуменце накладзена табу.

Ніводнага слова ў плане мерапрыемстваў не прысвечана праблемам Чарнобыля. Што не дзіўна: гэтая інфрармацыя можа зацьміць трыумфальны увод у строй АЭС пад Астраўцом.

Абвяшчэнне сёлетняга года годам народнага адзінства і з’яўленне адпаведнага плану сведчыць пра тое, што ўлады хочуць нармалізаваць сітуацыю пасля выбараў не толькі шляхам гвалту і запалохвання, але і з дапамогай прапагандысцкіх захадаў. У той сам план — набор традыцыйных і ўзаеманезвязаных (канферэнцыі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў) мерапрыемстваў, многія з якіх праводзяцца гадамі і ператварыліся ў фармальнасць.

Зрэшты, ці ўвогуле выпадае чакаць пунктуальнай рэалізацыі гэтага плану, зацверджанага прэм’ер-міністрам Галоўчанкам, стане ясна вельмі хутка, бо ўжо на бягучы месяц запланавана мерапрыемства, аналагаў якога раней не было — круглы стол «Стварэнне беларускамоўнай заканадаўчай базы як фактар гарманічнага развіцця грамадства».

Вам можа спадабацца