Прэзідэнцкія выбары як крыніца цыклаў папулізму, неапраўданых чаканняў і расчараванняў. Слова ў дыскусіі пра Канстытуцыю

Грамадзтва

Прэзідэнцкія выбары як крыніца цыклаў папулізму, неапраўданых чаканняў і расчараванняў. Слова ў дыскусіі пра Канстытуцыю

Падрыхтоўка і правядзенне “Усебеларускага народнага сходу” ажывіла дыскусію над будучай Канстытуцыяй. Улады праводзяць гэты сход у тым ліку для таго, каб заявіць аб тым, як яны хочуць змяніць Асноўны закон.

У сваю чаргу, яшчэ да гэтага сходу апазіцыйныя сілы, у тым ліку дзякуючы штабу Святланы Ціханоўскай, імкнуліся выпрацаваць свой, альтэрнатыўны праект Канстытуцыі. Камісія па рэформе Канстытуцыі з А. Лябедзькам і М. Грыбом на чале правяла шэраг дыскусій і прэзентацый асобных раздзелаў праекта.

Іншая частка апазіцыі настойвае, што трэба не распрацоўваць новую, а вяртаць старую – Канстытуцыю ў рэдакцыі 1994-га году. І толькі потым нешта мяняць.

Наконт гэтай прапановы ёсць два пытанні: 1) як яе ажыццявіць на практыцы, не карыстаючыся інстытутамі і інструментамі дзейнай улады – судамі, дзейным выбарчым заканадаўствам і г.д., бо мяркуецца, што дзейная ўлада поўнасцю нелегітымная з 1996, а карыстанне яе органамі і працэдурамі будзе яе легітымізаваць; 2) ці была рэдакцыя 1994-га дастаткова добрай, каб яе больш ніяк не змяняць, а калі не, то ці ёсць сэнс вяртаць Канстытуцыю-94 толькі як часовы механізм.

У сваім нядаўнім артыкуле для Arche Міхась Пліска звяртае ўвагу на важныя недахопы рэдакцыі-94, напрыклад, адсутнасць асобнага раздзела “Урад”. Нават многія з тых, хто за “вяртанне ў легальнае поле да 1996”, лічаць неабходным у будучыні рэфармаваць Канстытуцыю-94 – менавіта для таго, каб не дапусціць паўтарэння 1996. А гэта значыць, што і яны за дыскусію аб змесце новай Канстытуцыі – толькі не цяпер, а праз нейкі час.

Такім чынам, сама гэта дыскусія непазбежная, але тут неабходна разабрацца з механізмамі, якія і апісвае Канстытуцыя, а менавіта: наяўнасць і роля пасады прэзідэнта, а таксама формы кіравання.

Сама па сабе пасада прэзідэнта ёсць практычна ва ўсіх рэспубліках, а незалежная Беларусь перыяду 1991-94 была ўнікальным выпадкам рэспублікі без прэзідэнта. Пры гэтым далёка не ва ўсіх дзяржавах прэзідэнт адыгрывае значную ролю; шмат дзе і выбіраецца ён не непасрэдна народам, а парламентам або адмыслова для гэтага сфармаваным органам.

Што да формаў кіравання ў рэспубліках, дык асноўных іх тры: парламенцкая, змешаная і прэзідэнцкая. Усе тры могуць быць дэмакратычнымі і эфектыўнымі. Розніца паміж імі не ў гэтым, а ў тым, хто фармуе Урад. У парламенцкай рэспубліцы манаполію на гэта мае парламент, г.зн. кааліцыя большасці або адна фракцыя, якая мае абсалютную большасць (як цяпер у Польшчы). Пры гэтым прэзідэнт ніяк не можа паўплываць на гэта, калі ў парламенце створана і не развальваецца кааліцыя. Калі яе няма – прэзідэнт прызначае выбары ў парламент, каб новая кааліцыя, а значыць і дзеяздольны Урад, сфармаваліся. У прэзідэнцкай Урад фармуецца непасрэдна прэзідэнтам. Пры гэтым – важная акалічнасць – у прэзідэнта няма права распускаць парламент; а іменна парламент прымае законы, якія стаяць вышэй за выканаўчыя акты. У змешанай прэзідэнт і парламент разам нясуць адказнасць за фармаванне Ураду, пры гэтым калі яны не дасягаюць згоды па кандыдатуры, звычайна прэзідэнт прызначае выбары ў парламент.

Пры выбары паміж гэтымі мадэлямі не варта апераваць стэрэатыпамі на ўзроўні “больш парламенцкая = больш дэмакратычная, а значыць лепшая; прэзідэнцкая = дыктатура = зло”. Такога тыпу штампы мы бачым на сайце праекта В. Цапкалы “Беларускі Дэмакратычны Форум” , дзе Беларусь ставяць у шэраг “прэзідэнцкіх рэспублік” з афрыканскімі дзяржавамі, унікаючы параўнанняў з ЗША, а пра Паўднёвую Карэю сарамліва маўчаць.

Скрыншот з сайта “Беларускі Дэмакратычны Форум”.

Дыктатуры Трэцяга свету, хоць фармальна і залічваюцца часцей у “прэзідэнцкія рэспублікі”, па праўдзе і рэспублікамі з’яўляюцца толькі намінальна, бо ў іх не ажыццяўляецца змяняльнасць улад. Сумленныя выбары, змяняльнасць улад, прававая дзяржава – усё гэта павінна быць гарантавана пры любой форме кіравання ў рэспубліцы.

Якая ж з мадэляў дасць больш шансаў на стварэнне стабільнага Ураду – менавіта пры нашых варунках і з улікам нашых патрэб?

Беларусь пасля доўгачаканага трансферу ўлады будзе патрабаваць рэформаў – пільных, рашучых, ва ўсіх сферах жыцця.

А для гэтага пажадана мець эфектыўныя парламент і Урад.

У лістападзе 2020 у праграме “ДысКУТ” на Еўрарадыё адбылася цікавая дыскусія паміж палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам і палітолагам Андрэем Казакевічам на тэму “Ці патрэбны Беларусі прэзідэнт?” Апрача характэрнай назвы адметная гэта праграма была яшчэ і тым, што погляды выступоўцаў, якія паводле ідэі саміх дэбатаў павінны былі мець супрацьлеглыя пазіцыі, па сутнасці пераважна супадалі (гэта і сам прызнаў падчас перадачы сп. Шрайбман): абодва выказаліся за парламенцкую рэспубліку, толькі Арцём Шрайбман – зусім без прэзідэнта ці з “вельмі слабым”, а Андрэй Казакевіч – з прэзідэнтам слабым, але не цалкам бяссільным, з магчымасцю “намінаваць прэм’ера”; за прыклад была ўзята Польшча. Разгледзім жа гэтыя варыянты.

Кадр з праграмы ДысКУТ.

Нагадаю, пры парламенцкай рэспубліцы Урад фармуецца парламенцкай большасцю. Класічным варыянтам парламенцкай рэспублікі з’яўляецца такі, дзе пры гэтым існуе пасада прэзідэнта; яго выбірае не непасрэдна народ на выбарах, а парламент або спецыяльна скліканы орган; гэты прэзідэнт выконвае сія-тыя функцыі, але не можа “перашкодзіць” парламенту стварыць Урад, з’яўляецца слабейшым за прэм’ера і не адказвае непасрэдна за эканамічныя рэформы. Прыклады: Нямеччына, Італія. (Блізкімі ў нейкім сэнсе тут з’яўляюцца таксама парламенцкія манархіі накшталт Брытаніі з краінамі Садружнасці (Канада, Аўстралія), Гішпаніі, скандынаўскіх дзяржаў – у іх таксама існуе фармальная “першая асоба”, якая не ўплывае на фармаванне Ураду і якую не выбірае непасрэдна народ.)

“Адхіленнямі” ад гэтага “сярэдняга” варыянта можна лічыць: 1) парламенцкую рэспубліку зусім без пасады прэзідэнта; 2) парламенцкую рэспубліку з прэзідэнтам, які, аднак, выбіраецца на ўсенародных выбарах (такую форму кіравання называюць яшчэ парламенцка-прэзідэнцкай; іншыя паўнамоцтвы прэзідэнтаў апрача магчымасці прызначаць прэм’ера таксама маюць значэнне, аднак у гэтым артыкуле разглядаецца канкрэтна гэта пытанне).

Вось на мэтазгоднасці гэтых “адхіленняў” і разышліся погляды сп. Шрайбмана і Казакевіча: першы схіляўся да першага, другі да другога.

Аднак давядзецца не зусім згадзіцца з абодвума.

Трэба сказаць, што варыянт “рэспубліка зусім без прэзідэнта” мае пэўную папулярнасць цяпер у беларускім грамадстве. Гэта нядзіўна: расчараванне ад дзейнасці першага прэзідэнта вялікае, ад гэтага недалёка і да думкі: любы прэзідэнт – зло!

Але гэта зноў жа спрашчэнне. Рэспубліка без прэзідэнта – сама па сабе вельмі экзатычная з’ява. Як было сказана вышэй, у пачатку 1990-х, пасля завяршэння грамадска-палітычнай трансфармацыі дзяржаў былога савецкага блоку, бадай, яе адзіным прыкладам заставалася якраз Беларусь. Між тым прэзідэнт у парламенцкай рэспубліцы патрэбен, апрача цырыманіяльных і сімвалічных функцый, для аднаго важнага задання: прызначыць датэрміновыя парламенцкія выбары тады, калі ў парламенце няма кааліцыі большасці. Бо істотай парламенцкай рэспублікі менавіта і ёсць існаванне кааліцыі, якая мае праграму дзеянняў і якая адказвае за дзейнасць Ураду. Парламенцкая рэспубліка без разумення гэтага – шлях у нікуды.

І вось менавіта з гэтае прычыны РБ бракавала ў 1991-94 хоць слабога, але прэзідэнта.

Магчыма, менш відавочнай з’яўляецца небяспека ці недасканаласць мадэлі “парламенцка-прэзідэнцкай” – дзе Урад фармуецца парламентам, а слабы прэзідэнт выбіраецца на ўсенародных выбарах. Гэтая мадэль (з тымі ці іншымі варыяцыямі) дзейнічае цяпер у Польшчы, Украіне, Малдове, а таксама ў Фінляндыі ці Чэхіі. Але для нас больш рэлевантнымі з’яўляюцца менавіта суседзі па рэгіёне, а не стабільныя высокаразвітыя краіны, і вось чаму.

Такая мадэль нараджаецца з накладвання дзвюх ідэй, якія ў пэўнай ступені папулісцкія і ў пэўнай ступені ўзаемна супярэчлівыя. Першая – што “парламенцкая рэспубліка – гэта апрыёры добра, больш дэмакратычна, лепш, чым змешаная ці прэзідэнцкая”. Другая – што “выбіраць прэзідэнта ўсенародна – гэта апрыёры лепш, чым праз нейкі орган”.

Што атрымліваецца ў выніку? Менавіта парламенцкія выбары маюць вызначаць курс рэформаў, перадусім эканамічных, весці да фармавання Ураду. Менавіта яны ў гэтым сэнсе найважнейшыя. У класічных парламенцкіх рэспубліках, а таксама парламенцкіх манархіях гэтыя выбары і з’яўляюцца адзінымі ўсеагульнымі выбарамі ў краіне. Лідары партый звычайна імкнуцца ўзначаліць кіроўную кааліцыю і заняць пасаду прэм’ера (можа называцца таксама “канцлер”) – яны і бяруць на сябе галоўную адказнасць за палітыку ў краіне. На менш важную пасаду прэзідэнта выбіраецца якая-небудзь паважаная асоба – шляхам “менш важных” працэдур.

Але калі выбары прэзідэнта – усенародныя, то сітуацыя заблытваецца. Прэзідэнцкія выбары ўспрымаюцца як не менш важныя, чым парламенцкія. У прэзідэнты з-за персанальных амбіцый часта ідуць кіраўнікі партый, хаця, здавалася б, яны павінны спаборнічаць за пасаду прэм’ера. Але яны ўсё роўна ідуць – асабліва ў тых выпадках, калі ведаюць, што “тушкі”-дэпутаты (як іх называюць ва Украіне) могуць перабегчы з кааліцыі ў кааліцыю, а Канстытуцыю можна будзе і змяніць, пашырыўшы паўнамоцтвы прэзідэнта. Гэтак было ва Украіне ў 2010, дзе на “другарадную” паводле рэформы Канстытуцыі 2004 г. пасаду прэзідэнта ішлі дзейная прэм’ерка і лідарка кааліцыі Цімашэнка і лідар апазіцыі Януковіч. І нездарма: неўзабаве пасля перамогі апошняга дэпутаты-“тушкі” перабеглі і стварылі новую кааліцыю, Урад Цімашэнкі замянілі на Урад Азарава, а праз пару месяцаў і саму рэформу Канстытуцыі скасавалі, узмацніўшы паўнамоцтвы прэзідэнта.

Калі ж такога лёгкага “перабягання” пад новага пераможцу не прадбачыцца, тады і паводзіны будуць іншыя. У тым жа 2010 годзе адбыліся прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. (Яны мелі адбыцца ў тым годзе і без Смаленскай авіякатастрофы, якая толькі прыспешыла іх на пару месяцаў.) Дык вось, яшчэ задоўга да іх дзейны прэм’ер і лідар кіроўнай партыі і кааліцыі Дональд Туск абвясціў, што не пойдзе ў прэзідэнты, бо ён на пасадзе прэм’ера мае большую адказнасць. Гэтае рашэнне выклікала розныя рэакцыі, у тым ліку неразуменне і асуджэнне. Як жа, лідар партыі і не імкнецца ў прэзідэнты?

Пры гэтым усенародныя выбары прэзідэнта, асабліва ў грамадстве яшчэ не вельмі палітычна дасведчаным, амаль непазбежна робяцца папулісцкімі. Выбаршчыкі чакаюць ад кандыдатаў абяцанняў на тэму “паляпшэння жыцця”, пад якім маецца на ўвазе эканоміка, – і кандыдаты даюць такія абяцанні. Якія потым і не могуць выканаць. У выніку электарат расчароўваецца ў “слабых прэзідэнтах”, як было з Юшчанкам (хоць ён ніяк і не мог прадухіліць прэм’ерства Януковіча ці Цімашэнкі).

Таму хаця пры парламенцкай рэспубліцы сама пасада прэзідэнта патрэбна, усенародныя яго выбары – не толькі не надта патрэбныя, а і могуць быць шкоднымі. Асабліва ў грамадствах з малым вопытам дэмакратыі, затое з вялікай патрэбай у тэрміновых рэформах. Гэта небяспека цыклаў папулізму, неапраўданых чаканняў і расчараванняў.

Ці ёсць сэнс увогуле ў прэзідэнцкіх усенародных выбарах? Так – калі гэты прэзідэнт потым зможа ўплываць на фармаванне Ураду і адказваць за рэформы. Гэта дасягаецца не ў парламенцкай, а ў змешанай рэспубліцы, напрыклад, французскага тыпу. Трэба разумець, што абраны народам прэзідэнт атрымлівае моцны мандат (чаканні, давер, легітымнасць) на рэформы і кіраванне. І французскі прэзідэнт мае магчымасць прызначыць парламенцкія выбары; звычайна, паколькі ён толькі што перамог і мае высокі рэйтынг, лаяльныя яму сілы і атрымліваюць большасць, ствараючы кааліцыю. (Пры гэтым, калі адбудзецца наадварот і падтрыманая большасцю выбарцаў кааліцыя будзе супраць прэзідэнта – ён не можа ім “перашкодзіць” і “саступае” Урад і эканоміку.)

Варта ў гэтай сувязі параўнаць досвед дзвюх краін – Украіны і Грузіі – у якіх у 2003-04 адбыліся змены ўладаў. Ва Украіне яшчэ пры саміх выбарах прэзідэнта ажыццявілі канстытуцыйную рэформу – пераход да парламенцкай рэспублікі. У выніку Юшчанка не змог ажыццявіць істотных рэформаў – бо проста страціў уплыў на Урад. Праз пяць гадоў ён быў ужо аўтсайдарам на выбарах – народ расчараваўся.

У Грузіі ж Міхаіл Саакашвілі спачатку, паводле яшчэ мадэлі змешанае рэспублікі ажыццявіў важныя рэформы ва ўсіх сферах, а пасля ўжо, пад канец свайго кіравання перайшоў да змен у Канстытуцыі ў бок парламенцкае формы.

Напэўна запярэчаць, што змешаная рэспубліка – гэта небяспека ўзурпацыі ўлады прэзідэнтам. Для прадухілення гэтага якраз і патрэбна добра напісаная ў дэталях Канстытуцыя (і іншыя законы) з гарантыяй падзелу ўлад, свабоды СМІ, незалежнасці судовае ўлады, немагчымасці прэзідэнта парушыць сумленнасць выбараў і г.д. Але, зноў жа, усё гэта ў роўнай меры павінна быць гарантавана пры любой форме кіравання – не толькі змешанай. Гэтак жа важна – што для парламенцкай мадэлі “класічнага” тыпу, што для змешанай французскага тыпу – мець добрае разуменне, як фармуецца і як дзейнічае парламент і кааліцыя ў ім, для чаго яны патрэбны і чаму неабходны.

І першага аспекту, і другога, здаецца, бракавала ў Беларусі ў 1991-96 – і ў перыяд без прэзідэнта і новай Канстытуцыі, і ў перыяд з імі.

Скрыншот са свежага праекта Канстытуцыйнай Камісіі.

Між тым, нядаўна Канстытуцыйная Камісія, створаная пры Офісе Святланы Ціханоўскай пад кіраўніцтвам М. Грыба і А. Лябедзькі, ужо апублікавала свой праект рэфармаванае Канстытуцыі, у тым ліку і раздзелы, што апісваюць форму кіравання. Гэты праект мала адрозніваецца ад прапановы, якая публікавалася А. Дабравольскім яшчэ год назад; адрэдагавалі меркаваную колькасць дэпутатаў – з 260 на 220. А не змянілі прапанаваную мадэль – менавіта парламенцкую, дзе Урад ствараецца парламенцкай кааліцыяй, але “слабы прэзідэнт” абіраецца ўсенародна. Яна грунтуецца збольшага на ўзоры польскае Канстытуцыі. Як бачым, у камісіі пакуль перамагае канцэпцыя, агучаная ў вышэйзгаданых дэбатах Андрэем Казакевічам.

Але гэта ў камісіі, і гэта пакуль што. Як іменна будзе ажыццяўляцца трансфер улады ў Беларусі – гэтага не ведае ніхто. Колькі будзе рэформаў Канстытуцыі – таксама. Ці будзе вяртанне да рэдакцыі 1994 г., і калі так, то ці ў цалкам нязменным выглядзе і ці надоўга, – таксама.

А галоўнае - ці ясна выкажацца народ і ці добра разбярэцца ў мадэлях і формах кіравання - вось пытанне.

Здаецца, менавіта ад яго і будзе залежаць поспех беларускіх рэформаў у будучыні.

Вам можа спадабацца