Шушкевіч за, Лукашэнка – супраць. Люты, 1991: забытая бітва за беларускую мову

Гісторыя

Шушкевіч за, Лукашэнка – супраць. Люты, 1991: забытая бітва за беларускую мову

Адно з самых вострых і адначасова парадаксальных пытанняў гісторыі Беларусі апошняга часу – становішча беларускай мовы. Высілкамі ўладаў яно пагаршалася, бо мова выціскалася на перыферыю грамадскага жыцця. У сувязі з гэтым хацелася б прыгадаць адзін эпізод з палітычнай гісторыі найноўшай Беларусі, які займеў рэзананс. Тады ў знак пратэсту залу паседжанняў сесій Вярхоўнага Савета 12 склікання пакінуў тагачасны першы намеснік старшыні парламента Станіслаў Шушкевіч.

Што ж адбылося ў Авальнай залі?

13 лютага 1991 года Вярхоўны Савет БССР 12 склікання зацвердзіў пастанову №594-XII пад назвай «Аб парадку выкарыстання на тэрыторыі Беларускай ССР у 1991 годзе Закона СССР “Аб падатках з прадпрыемстваў, аб’яднанняў і арганізацый”». Прадстаўляючы дакумент, міністр фінансаў БССР Сцяпан Янчук гаварыў аб неабходнасці ўласнага падатковага заканадаўства для рэспублікі і запэўніў, што яго прыняццё дасць істотныя фінансавыя бонусы. Напрыклад, Беларусь атрымае права пералічваць ва ўласны бюджэт увесь прыбытак ад камерцыйных банкаў, страхавых арганізацый, а таксама ад філіялаў саюзных прадпрыемстваў, што знаходзяцца на яе тэрыторыі. Гэта, па словах Сцяпана Янчука, складае 260 і 60 млн. руб. адпаведна.

Пункт 15 пастановы абвяшчаў: сума прыбытку выдавецтваў і друкарняў, атрыманая ад выдання кніг і брашур на беларускай мове, падаткам на прыбытак не абкладаецца.

Менавіта вакол такой фармулёўкі разыграліся неабыякія жарсці.

У першапачатковым варыянце пастановы планавалася, што прыбытак ад выдання беларускамоўнай прадуцыі таксама абкладаецца падаткам. Аднак камісія Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны на чале з Нілам Гілевічам дамаглася перагляду такога палажэння. Старшыня планава-бюджэтнай камісіі Вярхоўнага Савета Раман Унучка заявіў, што прынцыпова згадзіўся з гэтым: маўляў, «у нас в Белоруссии издается слишком мало книг на белорусском языке».

Праўда, не ўсе падзялялі аптымізм Унучкі. Дэпутат Уладзімір Грыбанаў заявіў, што калі скасаваць падатак на беларускамоўную прадукцыю, то гэта будзе азначаць «развитие национализма какого-то». А калі друк будзе на яўрэйскай ці татарскай мове, пытаўся Станкевіч, што тады рабіць.

У катэгарычнай форме супраць адмены падатку выказаўся дэпутат Іван Трусаў. На яго думку, калі нашыя беларускамоўныя кнігі «будут высокохудожественными, будут содержать идею и смыл, их будут покупать и печатать». Трусаў увогуле прапанаваў усім перайсці на беларускую мову і не плаціць падаткі.

Некаторыя дэпутаты абурыліся пазіцыяй Трусава і Станкевіча. Прычым гэтыя дэпутаты не ўваходзілі ў фракцыю БНФ і не жывілі асаблівых сімпатый да «нацыяналізму». У падтрымку адмены падатку на выпуск беларускамоўнай прадукцыі выступіў старшыня камісіі Вярхоўнага Савета 12 склікання па пытаннях экалогіі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў Барыс Савіцкі, дэпутаты Аляксандр Лятко і Міхаіл Жэбрак. Апошні прапанаваў правесці пайменнае галасаванне, каб высветліць, «хто супраць нашай беларускай мовы».

Станіслаў Шушкевіч падкрэсліў, што гаротнае становішча беларускай мовы прымушае добра да яе ставіцца. Ён з засмучэннем канстатаваў, што ў сакратарыяце парламента адсутнічаць спецыялісты, якія б маглі рыхтаваць законапраекты (асабліва эканамічныя і гаспадарчыя) на беларускай мове.

Пасля гэтага Шушкевіч прапанаваў прагаласаваць па пунце 15, паводле якога сума прыбытку выдавецтваў, атрыманая ад выдання кніг і брашур на беларускай мове, падаткам на прыбытак не абкладаецца. Аднак патрэбнай колькасці галасоў не хапіла. Пры неабходным кворуме (не менш 173 дэпутатаў) пункт падтрымалі толькі 155. Супраць выказалася 39 народных абраннікаў.

Аднак у Шушкевіча і прыхільнікаў адмену падатку быў запасны варыянт. Справа ў тым, што яшчэ ў пачатку абмеркавання пункта 15 праекта пастановы дэпутаты Пётр Садоўскі і Яўген Цумараў прапанавалі ўключыць у яго і друкарні. Па словах, Садоўскага выдавецтва і друкарня — рэчы розныя. Напрыклад, выдавецтва можна друкаваць прадукцыю не ва ўласнай, а зусім у іншай друкарні. Садоўскі нагадаў калегам пра леташнія парламенцкія выбары, калі яны свае перадвыбарныя матэрыялы і плакаты замаўлялі ў адным выдавецтве, а тое, у сваю чаргу, друкавала там, дзе было выгадней.

Яўген Цумараў расказаў, што днямі звязваўся з друкарняй выдавецтва «Навука і тэхніка» і даведаўся, што там гадамі ляжаць беларускамоўныя кніжкі, а ўсё завалена замовамі на рускай мове, у тым ліку кнігамі Роя Мядзведзева, што дае вялізны прыбытак. Цумараў выказаў упэўненасць, што пры пры адсутнасці ільготнага падаткаабкладання  «кааператар» ніколі не выдасць кніжку на беларускай мове.

Па прапанове Шушкевіча на галасаванне быў пастаўлены перайначаны варыянт фармулёўкі пункта 15: цяпер там прысутнічалі не толькі выдавецтвы, але і друкарні. Аднак у выніку і такі варыянт не быў зацверджаны: не хапіла чатырох галасоў.

Нягледзячы на пратэсты некаторых дэпутатаў, Станіслаў Шушкевіч (пасля Садоўскі абвінаваціў яго ў палітычнай блізкарукасці, маўляў, нельга ставіць на пайменнае галасаванне пытанне мовы), які старшыняваў на гэтым пасяджэнні, паставіў пытанне на пайменнае галасаванне. У выніку вядомыя асобы тых чатырнаццаці дэпутатаў, якія выступілі супраць адмены падатку на выпуск беларускамоўнай прадукцыі. Сярод іх: Аляксандр Лукашэнка, Зінаіда Пянькова, Міхаіл Удавікоў, Іван Трусаў і інш.

Абмеркаванне пункта 15 праекта пастановы працягнулася на наступны дзень 13 лютага. Дэпутат Аляксандр Лукашэнка увогуле прапанаваў яго выключыць з праекта пастановы. Па яго словах, Савет Міністраў у рамках сваёй кампетэнцыі мае права ўсталёўваць ільготнае падаткаабкладанне для выдавецтваў і друкарняў. Да таго ж, пераконваў сваіх калегаў Лукашэнка, справа ўвогуле не ў падатках: «А вы что хотите сказать, что “на беларускай мове ўсё добрае друкуецца?”».

Аднак прапанову Лукашэнкі падтрымалі толькі 62 народныя абраннікі.

Раман Унучка, у сваю чаргу, прапанаваў для галасавання новы варыянт пункта 15. Ён гучаў так: «Сума прыбыткаў выдавецтваў і друкарняў, атрыманая ад выдання кніг і выданняў на беларускай мове, уключаных у дзяржзаказ, падаткам на прыбытак не абкладаецца».

Раман Унучка паведаміў, што прынцыповая дамоўленасць па дзяржзаказе была дасягнута ў тым ліку і з камісіяй Гілевіча. Але той абверг гэта. Па словах Гілевіча, унясенне дзяржзаказу ў пункт 15 праекту пастановы — вынаходка чынавенства, далёкага ад культуры.

Ніл Гілевіч з жалем канстатаваў, што сённяшні парламент, які быў абраны ў выніку больш-менш свабодных выбараў, насамрэч яшчэ больш кансерватыўны, чым яго папярэднік — Вярхоўны Савет 11 склікання. Бо калі б, працягваў паэт, дзейны Вярхоўны Савет прымаў закон аб мовах (закон, паводле якога беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай, быў прыняты 26 студзеня 1990 года), то ўзніклі бы непераадольныя перашкоды.

Ніла Гілевіча падтрымаў Станіслаў Шушкевіч. Першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета, што дзяржзаказ эфектыўна праблему не вырашыць. Выйсце — у кардынальнай змене палітыкі.

За адмену падатку выступіў народны дэпутат Анатоль Вярцінскі. Ён прывёў сумны прыклад, калі летась на 150-годдзе са дня нараджэння Францішка Багушэвіча з-за адсутнасці сродкаў не было выдадзена ніводнай кніжкі ці матэрыялаў аб гэтым народным песняру.

У выніку прапанова аб дзяржзаказе не прайшла. У яе падтрымку выказаліся 147 дэпутатаў. Тады Станіслаў Шушкевіч настаяў на тым, каб перагаласаваць першапачатковую фармулёўку пункта 15, у якой не было згадкі пра дзяржзаказ. Для яе зацвярджэння не хапіла 1 голаса («за» выказаліся 172 дэпутаты).

У адказ Станіслаў Шушкевіч дэманстратыўна выйшаў з-за стала Прэзідыума сесіі і з заклікам «Хто за беларускую мову — прашу выйсці са мной!» пакінуў Авальную залу.

Станіслаў Шушкевіч.

Разам з ім выйшла і частка дэпутатаў.

Праца парламента была паралізаваная. Адны дэпутаты прапаноўвалі знайсці кансэнсус, іншыя — адкласці вырашэнне пытання.

Дэпутат Віктар Ганчар заклікаў сваіх калегаў працаваць «как общество уравновешенных законодателей, а не как общество сердитых распределителей».

У рэшце рэшт, здаровы сэнс усё ж узяў верх. Недзе праз гадзіну на трыбуну выйшаў Раман Унучка. Ён папрасіў усіх супакоіцца і яшчэ раз уважліва перачытаць першапачатковую фармулёўку пункта 15. Мэта абаронцаў беларускай мовы была дасягнута.

«За» прагаласавалі 185 дэпутатаў, «супраць» — толькі адзін.

У інтэрв’ю СМІ Анатоль Вярцінскі цалкам апраўдаў учынак Шушкевіча. На яго думку, парламенцкая большасць праігнаравала закон аб мовах, а сам пункт 15 праекта пастановы «заваліла» без якой-небудзь сур’ёзнай аргументацыі, пры дапамозе дэмагогіі і абразлівых для беларускай мовы заяў.

Зрэшты, Шушкевіч быў не адзіным, хто 13 лютага 1991 года учыніў дэмарш. У знак пратэста паседжанне сесіі пакінуў Барыс Савіцкі, які настойваў уключыць у праект пастановы №594-XII норму аб зніжэнні на 50% падатка на прыбытак, атрыманы ад будаўніцтва прыродаахоўных аб’ектаў. Аднак парламенцкая большасць, якая саступіла ў бойцы за мову, катэгарычна адмовілася ісці насустрач спадару Савіцкаму.

Вам можа спадабацца