«Прагнеш свабоды – то бяры» не спрацавала, перш чым браць – трэба ўзяцца за сваю волю

Рознае

«Прагнеш свабоды – то бяры» не спрацавала, перш чым браць – трэба ўзяцца за сваю волю

(З кнігі «Беларускi брыкалаж»)

Песня суправаджала беларускія пратэсты 2020 года з самага пачатку, з вясны; з канца кастрычніка, у перыяд трансфармацыі велічных жнівеньскіх дэманстрацый у менш публічныя сходкi і зборкі па раёнах і чатах хацелася слухаць ужо не «Купалінку», «Правiлы» і нават не «Муры», а нешта больш баявое і бойкае.

У Лявона Вольскага, акрамя «Трох чарапах», песні, якая пайшла ў народ, ёсць шмат іншых – жвавых, рэзкіх.

Можна сказаць мабілізуючых, але хіба ў партызаны мабілізуюць?

Яны самі сыходзяць у лес.

Сярод гэтых іншых песень – напісаная задоўга да 2020 года лясная «То ня дудка» з яе адназначным і адначасова метапаэтычным рэфрэнам: «То ня дудка гучыць, не жалейка, / То вінтоўка мая, трохлінейка».

Песня – не акампанемент, а зброя. А відэа кліпа таксама недвухсэнсоўна рыфмуе піктаграмы Пагоні і ўкраінскага Трызуба, Беларусь з Майданам (Вольскі ездзіў тады, у лістападзе 2013 года, у Кіеў і спяваў на Майдане).

Сам тэкст песні перапявае вобразы партызанкі:

Сёньня ў нашай хаце сьвята.

Наша хата – лес густы.

Для чужых мы ўсе вар’яты,

Для сваіх мы ўсе браты.

Ой, зайграйце ж вы, музыкі!

Ой, зайграйце - гоп-ца-ца!

Уначы ў гушчарах дзікіх

Будзем разьнявольвацца.

Самае геніяльнае ў гэтых вершах – рыфмоўка ўкраiнізму – выклічніка «гоп-ца-ца» – з дзеясловам «разьнявольвацца»; даю цытату на тарашкевіцы, таму што сам Вольскі, калі так можна сказаць, спявае на тарашкевіцы.

Гэтае слова для мяне новае, няхай да Вольскага яго ўжываў, напрыклад, пісьменнік і былы партызан Янка Брыль.

У беларускай мове ёсць два словы – свабода і воля. Слова «свабода» гучыць паняццем палітычнай філасофіі, яно – “вучонае”, нават залішне. Думаць аб свабодзе дапамагае, але кашы з ім у лесе не зварыш. Пафас у ім ёсць, і катэгарычны імператыў ёсць, але няма самой волі да волі, жывучай і кемлівай. Таму і не са «свабодай», а з «воляй» спрытна і весела працуе выраз «разьнявольвацца».

Ёсць у гэтым слове воля і ёсць няволя. Няволя – гэта калі воля ў палоне, пад забаронай, пад замком. Сваёй асабістай сутнасці ў недаслаўца “не” няма. Яно жыве аспрэчаннем, усё на свеце адмаўляе, што само па сабе яшчэ не грэх. “Не” можа выказваць негатыўную анталогію, фізічныя і метафізічныя дэфіцыты, пастуляваць коды адсутнасці, але, на жаль, “не” яшчэ і медыум ўлады, яе маўленчых актаў – камандаў “скасаваць” і “забараніць”, а за няпослух – калі не пачуеш ці не расчуеш рык і гырк улады – пакаранне: няволяй.

У выпадку самой няволі “не” ўжо не простая адмоўная часцінка, не заблуканая нігілістычная авечка, а самая што ні на ёсць рэпрэсіўная прыстаўка. І стаіць яна ў няволі раней за волю, перад ёй, як прыстаў, ад якога так проста не пазбыцца, не адчапіцца. Ланцугі “не” – жалезныя, сапраўдныя наручнікі, кайданы. Што ж рабіць, каго заклікаць на барацьбу з прыстаўкай, як яе раскаваць?

І вось песня Вольскага прапануе па народным запавеце, што клін кліна паганяе – узяць іншую прыстаўку: «раз-». Яна выбавіць, таму што мае рукі на ўсе штукі. І размеркаваць значэнне можа, і прастору яго павялічыць – «расцягнуць», «раскідаць», «раззваніць». Узмацняць таксама ўмее – вунь Вольскі як «расспяваўся». Ну і, самае галоўнае, гэтая прыстаўка ведае, як скасоўваць вынікі папярэдніх дзеянняў, як «размарозіць» і «раскаваць».

Гэтая прыстаўка дапаможа, не падвядзе, але раскоўвацца трэба будзе самім. Ніхто гэтага за цябе не зробіць. «Разьнявольвацца» гэта вам не «гоп-ца-ца». Гэта дзеяслоў аўта-рэфлексіўны, зваротны. Постфікс “-цца” вяртае апошнюю і галоўную адказнасць самому чалавеку, суб’екту.

«Прагнеш свабоды – то бяры» не спрацавала, перш чым браць – трэба ўзяцца за сваю волю. Тады ўсё будзе па сілах.

А каб «разьнявольвацца» было весялей – слухай валявыя і вольныя песні Вольскага.

Вам можа спадабацца