Сырая Канстытуцыя: без згадкі пра БНР, але з двухмоўем, Вярхоўным Саветам і Кантрольнай палатай

Палітыка

Сырая Канстытуцыя: без згадкі пра БНР, але з двухмоўем, Вярхоўным Саветам і Кантрольнай палатай

Чытаем праект каманды Святланы Ціханоўскай

Падобна на тое, што апазіцыя вырашыла перахапіць ініцыятыву ва ўлады ў такім важным пытанні як новая Канстытуцыя. 10 сакавіка ў інтэрнэце з’явіўся праект Асноўнага Закона, распрацаваны Грамадскай канстытуцыйнай камісіяй. Праект выклікаў пэўную грамадскую цікавасць. Па словах члена камісіі і прадстаўніка экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйный рэформе Анатоля Лябедзькі, сайт з новай размешчанай Канстытуцыяй «просто рухнул от наплыва посетителей».

Больш за год таму ў Газеце ARCHE выйшаў спецыяльны допіс, у якім выказвалася вялікае сумненне ў здольнасці Грамадскай канстытуцыйнай камісіі стварыць якасна новы праект Канстытуцыі. На жаль, нашы меркаванні пацвердзіліся. Па сутнасці, абнародаваны днямі праект — гэта своеасаблівы сіквел Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года, які, аднак, нясе на сябе моцны адбітак леташняй драматычнай прэзідэнцкай кампаніі. Адсюль у праекце — адпаведныя навелы: замацаванне бел-чырвона-белага сцяга, герба «Пагоня» і дэвізу «Жыве Беларусь!» (артыкул 26), права грамадзянаў без папярэдняга дазволу арганізоўваць масавыя мерапрыемствы (артыкул 46), забарона звальнення работнікаў за ўдзел у забастоўцы (артыкул 57), немагчымасць прымусу да працы праз любыя захады, «в том числе нормативного, экономического и психологического характера» (артыкул 53), забарона абмежавання доступу да інтэрнэту (артыкул 39), увядзенне фігуры выключна прадстаўнічага прэзідэнта, які «в течение своей жизни» можа знаходзіцца на пасадзе толькі два тэрміны (артыкул 112) і інш. На гэтым фоне вылучаецца права народа і кожнага грамадзяніна Беларусі на супраціў прыгнёту — «противодействие любому, кто предпринимает попытку устранить конституционный строй, если другие средства, предусмотренные Конституцией, не могут быть использованы» (артыкул 5).

Мы вынесем за дужкі гэтага артыкула  пытанні палітычных прыярытэтаў каманды Ціханоўскай (дзяржаўнае двухмоўе, «слабы прэзідэнт»), і засяродзімся збольшага на элементарнай логіцы, канстытуцыйным рэгуляванні, карэктнасці юрыдычнай тэрміналогіі і дакладнасці фармулёвак.

Адзначым, на наш погляд, найбольш істотныя хібы ў канстытуцыйным праекце каманды Ціханоўскай.

Па-першае, незгрупаванасць і расцярушанасць аднатыпных тэматычных палажэнняў па тэксце праекта. Напрыклад, артыкул 17 раздзела I «Основы конституционного строя». Гэты артыкул абвяшчае, што Беларусь з’яўляецца сацыяльнай дзяржавай, у якой рэалізуецца прынцып сацыяльнай справядлівасці. Далей ідзе гаворка пра каштоўнасць адукацыі (артыкул 18), пра ахову здароўя (артыкул 19), пра экалогію (20). А вось артыкул 21 зноў гаворыць пра сацыяльную салідарнасць, сацыяльнае партнёрства. Ці не лепш усё тое, што звязана з сацыяльным, сканцэнтраваць у адзіным блоку?

Тое ж, напрыклад, з жыллём. У артыкуле 37 гаворыцца, што жыллё недатыкальнае. І зноў жа пытанне жылля закранаецца ў артыкуле 62: кожны чалавек мае права на жыллё.

Па-другое, парушэнне структуры складовых частак Канстытуцыі, якая, як вядома, падзяляецца на раздзелы, главы і артыкулы. Артыкулы ў сваю чаргу падзяляюцца на абзацы (пункты). Возьмем артыкул 98. Абзац 1: Тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета — 4 гады, абзац 2: пачатак тэрміна паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета — першае пасяджэнне зноў абранага Вярхоўнага Савета, абзац 3: Вярхоўны Савет большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад ліку абраных дэпутатаў можа прыняць рашэнне аб датэрміновых выбарах Вярхоўнага Савета. А далей ідзе наступная фармулёўка: «Президент Республики Беларусь может принять решение о досрочных выборах Верховного Совета в следующих случаях:». І ідзе пералічэнне гэтых выпадкаў.

Але так рабіць нельга, бо ў артыкуле немагчыма тады будзе падлічыць агульную колькасць абзацаў, на якія пры неабходнасці трэба будзе спасылацца. Трэба проста было зрабіць асобны артыкул: «Вярхоўны Савет можа быць датэрмінова распушчаны ў выпадках». І пералічыць гэтыя выпадкі.

У артыкуле 98 утрымліваюцца нормы, паводле якіх датэрміновыя выбары Вярхоўнага Савета немагчымыя. Гэтыя нормы таксама трэба даць адным артыкулам.

Па-трэцяе, адсутнасць у праекце некаторых важных нормаў, якія павінны быць замацаваны канстытуцыйна.

Напрыклад, адміністрацыйна-тэрытарыяльны лад. Не зразумела, на што будзе падзяляцца тэрыторыя Беларусі: на традыцыйныя вобласці, раёны і горада ці на нешта іншае. Абсалютна не ўносіць яснасці і раздзел V праекта «Мясцовае самакіраванне» з яго «грамадой».

Альбо выбары. Адпаведная глава 1 раздзела III праекта «Выбары. Рэферэндум» не дае адказу на прынцыповае пытанне: каму канкрэтна належыць права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. І чаму у праекце не прапісана колькасць подпісаў, неабходных для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты? (артыкул 112).

У главе 8 адсутнічае норма, што ніжэйстаячыя пракуроры прызначаюцца Генеральным пракурорам.

Па-чацвёртае, замацаванне ў праекце лішніх палажэнняў. Ну, сапраўды, навошта фіксаваць у Канстытуцыі, што суддзя вызваляецца са сваёй пасады па прычыне смерці (артыкул 140). Пагатоў, што ў пунктах, па якіх могуць быць спыненыя, напрыклад, паўнамоцтвы дэпутата Вярхоўнага Савета (артыкул 99) альбо таго ж прэзідэнта (артыкул 118), нічога не гаворыцца пра іх смерць.

Артыкул 78: «Выборы Президента и депутатов народом являются всеобщими: право избирать имеют граждане Республики Беларусь, достигшие 18 лет». Навошта тут слова «народом»?

Па-пятае, недакладнасць фармулёвак, што дае падставы для іх шырокай і двухсэнсоўнай трактоўкі. Чытаем, напрыклад, першы пункт артыкула 60 праекта: «Граждане имеют право на охрану здоровья, включая бесплатное лечение в учреждениях здравоохранения». Пры прыняцці такой фармулёўкі можна свабодна звярнуцца ў «Нардзін» або ў «Ладэ» і на цалкам законных падставах запатрабаваць аказання бясплатных медыцынскіх паслуг. Але кожны ведае, што гэтыя медыцынскія цэнтры — недзяржаўнай формы ўласнасці, а таму лечаць толькі за грошы. А вось калі б аўтары праекту запісалі, што гарантуецца бясплатная ахова здароўя ў дзяржаўных установах, усё б стала на свае месцы.

Да двухсэнсоўнасці асобных палажэнняў прыводзіць і занадта лёгкае абыходжанне з лічбамі. Напрыклад, у абзацы 4 артыкула 100 гаворыцца, што «Верховный Совет большинством три пятых голосов от избранных депутатов может принять решение о проведении закрытого заседания». Гэта значыць, калі набярэцца больш чым тры пятых галасоў, то тэарэтычна правесці закрытае пасяджэнне таксама будзе нельга. Бо Канстытуцыя — дакумент прамога дзеяння. У дадзеным выпадку перад «тры пятых галасоў» чамусьці адсутнічае прынцыповае «не менш», якое і змяняе ўсю карціну.

Наогул хацелася б перасцерагчы аўтараў ад залішняга захаплення лічбамі. Такая лічбавая залежнасць чырвонай ніткай праходзіць праз увесь праект. Між тым любая лічба павінна быць навукова абгрунтавана, а не ўзятая са столі. Чаму, напрыклад, Вярхоўны Савет налічвае менавіта 220 дэпутатаў? Пытанне вельмі важнае, бо тычыцца адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу.

Возьмем такі аспект, як патрабаванні да некаторых высокіх службовых асобаў. Так, суддзя Канстытуцыйнага Суда павінен валодаць «общепризнанными достижениями в сфере права» (артыкул 131). Маецца на ўвазе які узровень? І кім гэтыя дасягненні павінны быць прызнаныя?

Па-шостае, пэўная блытаніна ў катэгарыяльным апараце, у прыватнасці, паміж такімі паняццямі як «правы чалавека» (перадвызначаны яго сацыяльнай прыродай і набываюцца ім у сілу факту яго нараджэння) і «правы грамадзяніна» (абумоўлены фактам іх замацавання ў Канстытуцыі і прадастаўлены толькі грамадзянам Беларусі). Між іншым адпаведны раздел 2 называецца толькі «Права, свободы и обязанности человека». Абзац 1 артыкула 51 абвяшчае: «Лицо, являющееся гражданином Беларуси, имеет право обращаться лично, а также направлять индивидуальные или коллективные обращения в государственные органы и органы местного самоуправления». А вось паводле абзаца 7 артыкула 132 у Канстытуцыйны Суд можа звяртацца кожны чалавек.

У абзацы 1 артыкула 59 мэтазгодней было запісаць, што права на адукацыю мае не грамадзянін, а «кожны» (у сваім варыянце каманда Ціханоўскай дадае да «кожнага» яшчэ і «чалавек»). А вось права на бясплатную сярэднюю спецыяльную альбо вышэйшую адукацю мае толькі грамадзянін, як гэта правільна і запісана ў праекце. Аднак у гэтым абзацы таксама трэба было ўдакладніць, что адпаведную бясплатную адукацыю грамадзянін можа атрымаць толькі ў дзяржаўных установах.

Па-сёмае, парушэнні ў статусе асобных органаў дзяржаўнай улады і кіравання размежаваннні сфераў іх кампетэнцыі. Класічны прыклад — Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь (глава 8). Аўтары праекта, ні больш ні менш прапанавалі прыраўняць членаў Кантрольнай палаты па службовым становішчы да дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Статус апошніх прапісаны ў артыкуле 108 праекта. Гэта значыць, што член Кантрольнай палаты не мусіць несці юрыдычную адказнасць за сваю працу, яго нельга будзе затрымаць ці арыштаваць без згоды Вярхоўнага Савета. А крымінальную справу супраць члена Кантрольнай палаты заводзіць толькі Генеральны пракурор. Ці гэта не нонсэнс? Не гаворачы ўжо пра тое, што паводле праекта Кантрольная палата ажыццяўляе кантроль над дзейнасцю Савета Міністраў.

Хацелася б нагадаць распрацоўшчыкам праекта, што Кантрольная палата — гэта орган фінансава-эканамічнага кантролю. У Кантрольнай палаты няма членаў, а ёсць штатны расклад з вялікай колькасцю супрацоўнікаў. Няўжо іх усіх трэба прыраўноўваць да дэпутатаў?

Іншы прыклад. Артыкул 156 праекта прадугледжвае, што Вярхоўны Савет па прапанове Савета Міністраў можа прыняць рашэнне аб датэрміновых выбарах прадстаўнічага органа мясцовага самакіравання ў выпадку парушэння апошнім Канстытуцыі. Больш таго, адпаведнае рашэнне Вярхоўнага Савета павінен праверыць Канстытуцыйны Суд. Але хто павінен устанавіць факт парушэння Асноўнага Закона з боку гэтага прадстаўнічага органа? Пра гэта ў артыкуле не гаворыцца. Канешне, толькі суд. Таму толькі на падставе рашэння суда Савет Міністраў, калі аўтары абралі такую мадэль, можа прапанаваць парламенту, каб той прыняў рашэнне аб датэрміновых выбарах мясцовага прадстаўнічага органа.

У вышэйзгаданым артыкуле 98 гаворыцца, прэзідэнт можа прыняць рашэнне аб датэрміновых выбарах Вярхоўнага Савета, у тым ліку і «при двукратном отказе в утверждении кандидатуры, предлагаемой Президентом на должность Премьер-министра и при последовавшем после этого не избрании в должности Премьер-министра кандидатуры, предложенной депутатами Верховного Совета». Аднак паводле праекта кандыдатуру прэм’ер-міністра прапаноўвае выключна прэзідэнт (абзац 6 артыкула 101).

Перад распрацоўшчыкамі праекта можна паставіць, так бы мовіць, і «лакальныя» пытанні.

Возьмем, напрыклад, прэамбулу праекта і ў прыватнасці наступны абзац: «Отдавая должное праву, по-беларусски записанному в Статутах Великого княжества Литовского и беларусских Конституциях». Задамо пытанне: а куды падзеліся ўстаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі? Бо менавіта граматы БНР разам са статутамі і Канстытуцыямі прысутнічалі ў прэамбуле праектаў Канстытуцыі Беларусі ў пачатку 1990-х гадоў. Да таго ж БНР лічыцца важнай пунктам гісторыі дэмакратычнага руху, а 25 сакавіка сур’ёзна разглядаецца ў якасці патэнцыйнага дня Незалежнасці ў свабоднай Беларусі.

А што рабіць з Дэкларацыяй аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 ліпеня 1990 года?

Карацей, распрацоўшчыкам праекта трэба зрабіць выбар: альбо ўдалая фармулёўка, у якой бы змаглі арганічна, пісьменна і эстэтычна спалучыцца найбольш значныя айчынныя заканадаўчыя помнікі, альбо «нейтральны» варыянт прэамбулы.

Падобная сітуацыя з дзяржаўнымі сімваламі. Замацаваўшы у праекце герб і сцяг (іх апісанне, дарэчы, вельмі далёкае ад дакладнасці), яго распрацоўшчыкі чамусьці забыліся пра гімн.

Ну і хацелася б параіць паважаным аўтарам праекта: раз вы зацвердзілі ў ім дэвіз, то маглі б таксама прапісаць, які ў нас усё ж дзень Незалежнасці.

Што да згаданага па пачатку артыкула 5 аб праве на супраціўленне прыгнёту, то, на нашу  думку, яго замацаванне не мае асаблівага сэнсу: рэвалюцыйныя ці пратэстныя настроі нельга рэгламентаваць канстытуцыйнымі нормамі. Сэнс рэвалюцыі як сацыяльнай з’явы якраз і палягае ў тым, каб змятаць усе перашкоды і ўсталёўваць новы лад. Паводле логікі распрацоўшчыкаў праекта, калі ў Канстытуцыі не будзе прапісана права на супраціўленне прыгнёту, то пратэстаў і рэвалюцыі не адбудзецца?

Усе гэтыя заўвагі, якія зроблены па гарачых слядах, ні ў якім разе не прэтэндуюць на ісціну ў апошняй інстанцыі, а толькі запрашаюць да дыскусіі.

Галоўная праца па праекце Канстытуцыі — наперадзе.

Вам можа спадабацца