Як расійскі паліцмайстар ратаваў Каліноўскага

Гісторыя

Як расійскі паліцмайстар ратаваў Каліноўскага

22 (10 па старым стылі) сакавіка 1864 года на Лукішскім пляцы ў Вільні быў пакараны смерцю “дыктатар Літвы” Кастусь Каліноўскі. Прысуд яму зачытваў паліцмайстар Міхаіл Саранчоў, вядомы пад мянушкай “звер”. Толькі пасля смерці Саранчова, які даслужыўся да чына генерал-лейтэнанта, стала вядома, што ён, знаходзячыся ўнутры царскай рэпрэсіўнай сістэмы, таемна дапамагаў паўстанцам. Аднойчы Саранчоў нават уратаваў ад арышту Кастуся Каліноўскага.

Міхаіл Саранчоў.

Здарылася гэта позняй восенню 1863 года, калі ў Вільні ўжо выпаў першы снег. Каліноўскі тады начаваў на канспіратыўнай кватэры на Зарэчнай вуліцы, куды раптам наведалася паліцыя. Лідару паўстання ў Беларусі і Літве ўдалося ў адной бялізне выслізнуць праз акно на дах і перачакаць на ім ператрус.

Пазней Кастусь Каліноўскі ўзгадваў гэты выпадак у лісце да свайго сябры Баляслава Длускага:

“Не гляджу ні на што, то праз акно на дах, то іншымі спосабамі заўсёды шчасліва выслізгваю з іх рук. Бог за мяне заступаецца, а калі прыйдзецца павіснуць, то хай гэта будзе на радасць усім літоўскім панам і прасветлай Маскве”.

Кастусь Каліноўскі. Фотаздымак апрацаваны пры дапамозе нейрасеткі. Крыніца: https://www.facebook.com/rczatr

Аднак, як засведчыла ва ўспамінах родная сястра нарачонай Каліноўскага Марысі Ямант Людвіка Радзевіч, паліцыя прыйшла на канспіратыўную кватэру па наводцы і арышт паўстанца быў немінучы. Перашкодзіў ж гэтаму віленскі паліцмайстар Саранчоў:

“І што напачатку Каліноўскі не патрапіў пад свой пазнейшы лёс, мы былі абавязаныя за тое саранчоўскай дабрадзейнасці… Каліноўскаму, за якім ужо, відавочна, сачылі на вуліцы, для выкрыцця, хіба, яго сувязяў, было дазволена заняць памяшканне. Было гэта позняй восенню; марозы ўжо пачаліся. У светлую ад поўні ноч дом быў акружаны войскам. Буйным атрадам паліцыі кіраваў сам Саранчоў. Каліноўскі, абуджаны ад сну, не меў ужо часу апрануць нешта на сябе, у адной бялізне выскачыў праз акно і, хапаючыся за карнізы, прыклаўшы вялікія намаганні, лёг на дах, грудзямі прыціскаючыся да заснежанай дахоўкі, якая зрабілася яго адзінай апорай, пры гэтым турбаваўся, каб не быць заўважаным салдатамі знізу ці не ўпасці на іх, калі яго рукі задубянелі ад марозу. Дзякуючы толькі незвычайнай моцы духа і цела ён вытрымаў гэтае страшэннае выпрабаванне, знаходзячыся паміж жыццём і смерцю, змерзлы дашчэнту. Тым часам Саранчоў кожнаму з паліцыянтаў вызначыў яго становішча на падворку, на ходніках, загадаў пакідаць свой пост выключна на яго вокліч. У памяшканне ён увайшоў толькі адзін; на сходах ужо быў чуваць яго голас з самымі рэзкімі абразамі: “Повесить, мерзавку! Повесить!” А бедная пані Догель ужо не сумнявалася, што яе чакае такі канец. Яна прыняла паліцмайстра з найвялікшым спакоем. Найперш ужо трохі падаставала шуфляды шафы, дзе знаходзіліся часткі друкарні, прыкрытыя зверху рэчамі, каб першае ж выцягванне шуфляды не выдала даволі значнага іх цяжару; рэшта частак друкарні была ў ложку пад матрацам. Увесь ператрус доўжыўся пры гучных абразах; кожная шуфляда высунутая і зверху ў некалькіх месцах прастуканая; ложак вывучаны падобным жа чынам, і калі ж нібы нічога нелегальнага не выявілася, з крыкам і імклівасцю гэты высакародны чалавечак выскачыў (!), абураны, падобна таму, як і прыйшоў. А мог жа, як іншыя ў такім разе, спадзявацца на шчодрую ўзнагароду – немалога трыўмфу уласнай працы. І толькі малая купка магла падумаць, што ўяўны хам робіць узвышаны ўчынак.

Людвіка Радзевіч (у дзявоцтве – Ямант).

На спачуванне віленскага паліцмайстра да паўстанцаў звярталі ўвагу яшчэ Генадзь Кісялёў (у “Сейбітах вечнага”) і Адам Мальдзіс (у “Выбраным”), якія асабіста працавалі з успамінамі Людвікі Радзевіч. Прадстаўніца слыннага роду Ямантаў прывяла асобу Міхаіла Саранчова, як прыклад таго, як

“у варварскай аправе была глыбока схавана каштоўнасць бескарыснай дабрадзейнасці. Напрыклад, … старэйшага паліцмайстара… паўсюль называлі “зверам”, знешне непрыемнага, перапоўненага злосцю на ўсялякую праяву супраціву, які дазваляў сабе найбольш зняважлівыя прыдумкі для тых, хто быў арыштаваны за публічную жалобу (што было паўсюдна), дзёргаў за стужкі ад жаночых капелюшоў, і можна было сказаць, што хапаў проста за вочы. Мы лічылі яго найгоршым чалавекам. Называўся ён Саранчоў. Пазней высветлілася, што там, дзе ён толькі мог каго выратаваць – бескарысна дапамагаў. Але мала хто аб тым нават ведаў і гэтая схаваная заслуга засталася найвялікшай таямніцай выратаваных”.

У ноч з 28 на 29 студзеня 1864 года Міхаілу Саранчову ў другі раз належала арыштаваць Кастуся Каліноўскага, месцазнаходжанне якога выдаў Вітольд Парфіяновіч. У шыфраванай тэлеграме, адпраўленай з Мінска ў Вільню, паведамлялася: “На Святаянскай вуліцы ў Святаянскіх мурах жыве злачынец Каліноўскі, ваявода, пад імем Вітажэнец…” Разам з Саранчовым былі накіраваныя дзве роты салдат, якія акружылі ўвесь Святаянскі квартал. Міхаіл Саранчоў асабіста праглядае дамовыя кнігі жылых будынкаў і “прапускае” прозвішча Вітажэнца, запісанага ў кнізе Гімназічнага дома. Сам віленскі паліцмайстар тлумачыў гэты пралік гарачкай, у якой праводзілася аперацыя. Але варта зазначыць, што гэта пакідала шанец Кастусю Каліноўскаму на ўратаванне. 

Але дыктатар паўстання і не збіраўся хавацца, бо меў сапраўдныя дакументы на імя Вітажэнца. Напэўна, ён не мог сабе ўявіць, што менавіта пад гэтым прозвішчам і будуць яго шукаць. Пачуўшы грукат на лесвічнай пляцоўцы, Каліноўскі адчыніў дзверы і выйшаў са свечкай у руках. Там яго запынілі два жандармы і запыталіся на імя. Каліноўскі прадставіўся Ігнаціем Вітажэнцам, настаўнікам геаграфіі, пасля чаго і быў арыштаваны.

Прысуд Кастусю Каліноўскаму.

Прысуд Кастусю Каліноўскаму (адваротны бок).

За прыняцце звання члена рэвалюцыйнага камітэта Літвы, а пасля таго, галоўнага распарадчыка пастання ў тутэйшым краі, а разам з тым здраду Дзяржаве і схіленню да бунта жыхароў”, Кастусь Каліноўскі быў асуджаны на расстрэл, заменены асабістым рашэннем Міхаіла Мураўёва на павешанне. Прысуд аб прызначаным пакаранні 22 сакавіка 1864 года зачытваў усё той жа Міхаіл Саранчоў. Менавіта пасля словаў віленскага паліцмайстра пра дваранскае паходжанне Каліноўскага той прамовіў словы, якія засталіся ў гісторыі. У адрозненне ад іншых, якія патанулі ў гуле вялізнага натоўпу. Узгадка пра гэты выпадак засталася ва ўспамінах сакратара Міхаіла Мураўёва-Вешальніка Аляксандра Масолава, выкрэсленая царскай цэнзураю: “З самых апошніх воклічаў Каліноўскага было бачна, што ён не толькі быў польскім мяцежнікам, але дзіцем сусветнай сацыяльнай рэвалюцыі”.

Калі паліцмайстар Саранчоў, чытаючы прысуд, назваў яго імя: “… дваранін Вікенцій Каліноўскі”, Кастусь усклікнуў на поўны голас:

  • У нас няма дваран, усе роўныя! – Яму добра відаць было, як захваляваўся на плошчы народ, ухваляючы яго папраўку. На словы з прыгавору: “…за здраду дзяржаве і схіленне да бунту жыхароў…”, Кастусь таксама гучна, каб усе чулі, адказаў:
  • - Судзіць мяне можа толькі мой народ! Ніякай іншай дзяржавы я не прызнаю!

Паліцмайстар прыгразіў яму, каб змоўк. А потым усё рабілася вельмі паспешна…

Цела Кастуся Каліноўскага па старому звычаю катаў закапалі тут жа, каля шыбеніцы, побач з Серакоўскім, Далеўскім, Здановічам, Колышкам… А калі да магіл герояў паўстання пачалі збірацца гараджане і жыхары ваколіц, іх целы тайна перазахавалі ў цытадэлі – на вяршыні Замкавай гары, каля старажытнай вежы “караля літоўцаў і рускіх”, як ён сам сябе называў, Гедыміна.

Алесь Якімовіч “Кастусь Каліноўскі” (1971).

Міхаіл Андрэевіч Саранчоў нарадзіўся ў 1819 годзе. Ён паходзіў з Палтаўскай губерні з сям’і засядацеля Гадзяцкага земскага суда. Выпускнік Пецярбургскага першага кадэцкага корпуса, у час паўстання 1863-1864 гадоў ён выконваў абавязкі паліцмайстара ў г. Вільні, і цягам аднаго года даслужыўся да падпалкоўніка і палкоўніка. У 1867 годзе быў пераведзены ў Кіеўскую вайсковую акругу ў якасці памочніка акруговага інтэнданта, а з 1875 па 1882 годзе займаў пасаду інтэнданта, маючы на той час ранг генерал-лейтэнанта.

Менавіта да гэтага часу адносіцца яшчэ адзін эпізод, звязаны з Міхаілам Саранчовым і занатаваны Людвікай Радзевіч: “Толькі пасля некалькіх гадоў, калі яго перавялі ў Адэсу, дзе знаходзілася некалькі асобаў, якім былі дакладна вядомыя яго схаваныя ўчынкі, у польскай суполцы былі зробленыя яму авацыі. Калі ён першы раз пачуў падзякі, гэты цвёрды чалавек расплакаўся, кажучы, што быў упэўнены, што яго ніхто не зразумеў…”

Міхаіл Саранчоў памёр у 1885 годзе і быў пахаваны на могілках вёскі Іскрыскаўшчына Белапольскага раёна Сумской вобласці.

Вам можа спадабацца