«Гісторыя беларускай дзяржаўнасці»: як лукашэнкаўскі рэжым уяўляе сваю гісторыю

Гісторыя

«Гісторыя беларускай дзяржаўнасці»: як лукашэнкаўскі рэжым уяўляе сваю гісторыю

Выданне, якое аглядаецца:

История белорусской государственности. В 5 т. Т. 5. Национальная государственность на переломе эпох (вторая половина XX - начало XXI в.). А. А. Коваленя [и др.]; отв. ред. тома Н. В. Смехович. Минск: Беларуская навука, 2020. 759 с.

Напрыканцы 2020 года выйшаў з друку пяты і, дарэчы, апошні том амбіцыйнага праекта Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пад назвай «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».

Том прысвечаны падзеям “на пераломе эпох” і ахоплівае другую палову XX-пачатак XXI стагоддзяў.

З гэтым томам звязаная пэўная перадгісторыя. У кастрычніку 2019 года тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч паабяцаў, што ён выйдзе з друку на пачатку 2020 года. Аднак нешта пайшло не так, і ў ліпені таго ж года спадар Даніловіч ужо запэўніваў, што том з’явіцца найбліжэйшым часам. Ён быў падпісаны да друку 6 лістапада 2020 года, а яго выхад, у адрозненне ад папярэдніх, застаўся амаль незаўважаным СМІ. Аніякіх каментароў, у тым ліку і з боку стваральнікаў тома, як гэта было раней, знайсці пакуль не ўдалося. Таксама пакуль адсутнічаюць водгукі на яго і ў Інтэрнеце, перш за ўсё, на сайтах недзяржаўных СМІ.

Што стала прычынай затрымкі? У прынцыпе, не так важна. У кожным разе, пра кнігу трэба пісаць.

У гэтым томе закранаецца адзін з самых дыскусійных перыядаў нашай краіны — апошнія 15 гадоў XX ст., калі Беларусь здабыла незалежнасць і зведала (хай і на кароткі час) палітычную дэмакратыю і плюралізм. Таму далей мы засяродзімся на ім (у томе гэта раздзел 3 «Нацыянальная дзяржаўнасць у гады перабудовы» і раздзел 4 «Суверэнная Рэспубліка Беларусь, 1991-2019»).

Адразу ж зазначым, што аўтары зрабілі вялікую працу. Выкарыстоўваецца шырокая крыніцазнаўчая база: арыгінальныя дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, манаграфіі, навуковыя артыкулы, перыядычны друк. Тэкст ілюструецца рэдкімі фотаздымкамі з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў. Даволі смелым крокам выглядае і тое, што аўтары спасылаюцца на працы члена парламенцкай апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12 склікання Сяргея Навумчыка, у прыватнасці, яго кнігу «1991».

Але пра моцныя бакі гэтага тому хай пішуць іншыя. Мы ж звернем увагу на яго відавочныя мінусы.

Перыяду з 1985 года варта б было прысвяціць асобны том. Гэта дало б магчымасць значна пашырыць факталагічную базу і лепш раскрыць малавядомыя старонкі найноўшай гісторыі Беларусі.

Да таго ж, у томе не вытрымліваецца адзін з базавых прынцыпаў навукі — прынцып аб’ектыўнасці. Найбольш гэта відаць па тым, як асвятляецца прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і яго працяглае кіраванне. Матэрыялы тому сведчыць, што дагэтуль на многія падзеі (прэзідэнцкія выбары, рэферэндумы, парламенцкая апазіцыя БНФ і інш.) існуе строгае табу з боку дзяржавы. Гэта не дзіўна: пытанне аб бесстароннім гістарычным асвятленні палітычных падзеяў перыяду 1994-1996 гадоў неаддзельна ад праблемы легітымнасці дзейнай улады. Напрыклад, адэкватнае адлюстраванне рэферэндумаў 1995, 1996 і 2004 гадоў можа паставіць пад сумнеў іх законнасць. Таму альтэрнатыўныя погляды дзяржавай тут не дапускаюцца, а любая спроба аспрэчыць афіцыйныя догмы ўспрымаецца як замах на афіцыйную ідэалогію. «Правільную» канцэпцыю аўтары ілюструюць старанна прэпараванай фактурай. Але нават і там, дзе няма відавочных забаронаў і існуе пэўны плюралізм, аўтары дапускаюць хібы, звяртаюць увагу на другараднасць, ігнаруюць галоўнае.

Ну вось, напрыклад, на с. 205 чытаем: «В начале июня 1988 года активисты неформального движения опубликовали в газете “Літаратура і мастацтва” статью “Курапаты — дарога смерці”». Прозвішчы аўтараў артыкула чамусьці праігнараваныя, хаця вядома, што гэта былі Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў. Больш таго, Пазьняка, а тым больш Шмыгалёва з нацяжкай можна было назваць актывістамі нефармальнага руху.

У выданні слушна адзначаецца роля Курапатаў ва ўзмаценнні апазіцыйных настрояў. Пры гэтым згадваецца мітынг ва ўрочышчы 19 ліпеня 1988 года, аднак цалкам адсутнічаюць звесткі пра далейшыя важныя падзеі: стварэнне грамадска-асветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі» 19 кастрычніка 1988 года і брутальны разгон 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску мітынгу, прысвечанага дню памінання продкаў («Дзяды»).

Вобмаль увагі нададзена стварэнню самога Беларускага Народнага Фронта, адсутнічае аналіз яго праграмы, хоць БНФ у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў быў даволі папулярным і ўплывовым рухам.

У раздзеле 3 ёсць спецыяльны параграф «Беларуская дзяржаўнасць у выпрабаваннях Чарнобыльскай катастрофы». Ім даволі падрабязна апавядаецца пра захады, якія рабіліся ў БССР для ліквідацыі наступстваў гэтай тэхнагеннай катастрофы. Пералічваюцца і адпаведныя нарматыўныя прававыя акты, аднак чамусьці праігнараваны “нарожны” закон ад 22 лютага 1991 года «Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».

Некаторыя падзеі варта было б даць больш разгорнута. Напрыклад, пра выбары народных дэпутатаў СССР 26 сакавіка 1989 года ў выданні глуха гаворыцца, што іх вынікі выявіліся зусім не такімі, як разлічвала партыйнае кіраўніцтва. Гэта, безумоўна так, але можна было б назваць прозвішчы тых людзей, якія сталі дэпутатамі насуперак волі “партыйнага кіраўніцтва”: Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Дабравольскага, Юрыя Варонежцава, Віктара Карняяенку і інш. Тое ж самае і з выбарамі ў Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання, якія адбыліся 4 сакавіка 1990 года.

Фатальны недахоп раздзелу 4 — поўнае ігнараванне дзейнасці Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў. Замест звестак аб ёй падаецца інфармацыя, якую з лёгкасцю можна знайсці ў інтэрнэце: напрыклад, на с. 338-340 пералічваюцца паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета і прэзідэнта паводле Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года.

Не зусім дакладна асвятляецца пытанне распрацоўкі і прыняцця новай Канстытуцыі Беларусі. На с. 324 пішацца, што праект Канстытуцыі 11 лістапада 1991 года разглядаўся ў Вярхоўным Савеце, аднак нібыта кампрамісу дасягнуць не ўдалося. Праект быў адпраўлены на дапрацоўку, якая заняла каля трох тыдняў: 3 снежня праект з’явіўся ў СМІ. Сапраўды, канстытуцыйны праект быў надрукаваны, але не ў выніку нейкай дапрацоўкі, а згодна з пастановай Вярхоўнага Савета №1223-XII, якая была зацверджана ў той жа дзень — 11 лістапада 1991 года.

Далей пішацца, што ў кастрычніку 1992 года быў падрыхтаваны чарговы праект Канстытуцыі. Але другі раз праект Канстытуцыі быў апублікаваны значна раней — 22 жніўня 1992 года (апошняя публікацыя праекта адбылася ў верасні 1993 года). Кастрычніцкі праект 1992 года, як і сакавіцкі праект 1993 года — гэта ўсё «пераходныя» праекты для службовага, так бы мовіць, карыстання. Яны абмяркоўваліся на паседжаннях Канстытуцыйнай камісіі і Вярхоўнага Савета, аднак у друку не публікаваліся.

Вельмі спрошчана ў раздзеле 4 апісаны першыя прэзідэнцкія выбары 1994 года. Адсутнічае, напрыклад, аналіз перадвыбарнай праграмы Зянона Пазьняка і Васіля Новікава. Перадвыбарная праграма Кебіча падаецца выключна праз прызму адносінаў з Расіяй (з акцэнтам на Дамову аб аб’яднанні грашовых сістэмаў Беларусі і Расіі ад 12 красавіка 1994 года). Праграмны артыкул Кебіча «Беларусь: проблемы модернизации (ответ оппонентам)», які быў апублікаваны ў «Народнай газеце» за некалькі дзён да выбараў, ізноў-такі праігнараваны.

Нічога няма пра кіраўніка Маладзечна Генадзя Карпенку, які сабраў неабходныя 70 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты ў 1994 г. Таксама замоўчваецца знакаміты стрэл па машыне Лукашэнкі пад Лёзнам альбо апублікаваны незадоўга да выбараў па ініцыятыве тагачаснага прэс-сакратара Кебіча Ўладзіміра Замяталіна артыкул «галандскага» журналіста «Беларусь беременна первым президентом: кто им станет?» з нападкамі на Пазьняка, Шушкевіча і Лукашэнку.

Адсутнічаюць згадкі і пра іншыя важныя рэчы. Напрыклад, канстатуецца, што паміж першым і другім турам Кебіч імкнуўся падвысіць сваю папулярнасць: на с. 334 прыводзіцца пастанова Савета Міністраў ад 30 чэрвеня 1994 года аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы. Але чамусьці аўтары нічога не пішуць пра візіт у Мінск 3 ліпеня 1994 года тагачаснага расійскага прэм’ера Віктара Чарнамырдзіна і падпісанне пратакола аб дадатковых захадах па рэалізацыі Дагавора ад 12 красавіка. Чытач нічога не даведаецца і пра тэледэбаты, якія адбыліся паміж Кебічам і Лукашэнкам 7 ліпеня. А менавіта яны схілілі на бок Лукашэнкі многіх выбаршчыкаў, якія дагэтуль вагаліся.

На с. 334 аўтары сцвярджаюць, што ў ходзе галасавання праціўнікі Лукашэнкі «использовали тактику вброса фальшивых бюллетеней». Гэтае галаслоўнае цверджанне не пацвярджаецца крыніцамі.

Але найбольш пытанняў узнікаюць пры чытанні тэкста, які апісвае падзеі пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Выглядае, што аўтары не да канца разабраліся, што такое «прэзідэнцкая вертыкаль», і калі яна пачала будавацца. На с. 344 пішаццца, што пабудова вертыкалі пачалася ў ліпені-жніўні 1994 года, і згадваецца адміністрацыя з кіраўніцтвам справамі прэзідэнта. Але да вертыкалі гэтыя органы дачынення не маюць. Вертыкаль пачала стварацца, калі прэзідэнт займеў права прызначаць кіраўніка вобласці з наступным зацвярджэннем таго на сесіі адпаведнага абласнога Савета. На той жа старонцы аўтары пішуць, што ў жніўні 1994 года Вярхоўны Савет прыняў закон, які даў права прэзідэнту прызначаць кіраўнікоў раённых і абласных выканаўчых камітэтаў. Гэта цалкам не адпавядае рэчаіснасці. Лукашэнка прыняў прысягу 20 ліпеня 1994 года на паседжанні 15-сесіі Вярхоўнага Савета. 21 ліпеня быў зацверджаны склад новага Кабінета Міністраў (на с. 337 аўтары зазначаюць, што віцэ-прэм’ерамі сталі Міхаіл Мясніковіч і Сяргей Лінг, але забываюцца пра яшчэ адну персону — Уладзіміра Гаркуна). Наступная, 16-я сесія парламента пачалася толькі ў канцы верасня. У прыватнасці, 29 верасня 1994 года Лукашэнка выступіў са спецыяльным дакладам па пытанні «прэзідэнцкай вертыкалі», а 6 кастрычніка адпаведныя змяненні і дапаўненні былі ўнесеныя ў закон аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы.

Правядзенне рэферэндума 14 мая 1995 года тлумачыцца патрэбай супрацьдзеяння прапагандзе ідэй нацыяналізму ў грамадстве і насаджэння радыкалізму ў маладзёжным асяроддзі (с. 349). Калі б аўтары патлумачылі, што Лукашэнка правёў рэферэндум для расправы над палітычнымі праціўнікамі (БНФ і інш.), то ўсё б стала на свае месцы. Ігнаруецца і іншая фактура, якая мае непасрэднае дачыненне да рэферэндуму: забарона публікацыі «антыкарупцыйнага» даклада члена парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргея Антончыка, звальненне з пасады галоўнага рэдактара парламенцкай «Народнай газеты» Іосіфа Сярэдзіча, збіццё і гвалтоўную “эвакуацыю” з будынку Вярхоўнага Савета тых дэпутатаў, якія ў знак пратэсту супраць рэферэндуму абвясцілі галадоўку.

Парушэнне прынцыпу гістарычнай аб’ектыўнасці прасочваецца і ў ілюстрацыях. Так, на с. 354-355 змяшчаюцца выявы дзяржаўных сімвалаў, зацверджаных на рэферэндуме 14 мая 1995 года, падаецца падрабязнае іх апісанне. Але выявы і апісанне герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцяга (сталі дзяржаўнымі сімваламі 19 верасня 1991 года) у тэксце адсутнічаюць.

Ад рэферэндуму 14 мая 1995 года аўтары адразу пераходзяць да рэферэндуму 24 лістапада 1996 года. З тэкста, такім чынам, выпадае амаль паўтара года гісторыі. Чаго толькі варты, напрыклад, указ Аляксандра Лукашэнкі №336 ад 21 жніўня 1995 года ««Аб некаторых захадах па забеспячэнні стабільнасці і правапарадку ў Рэспубліцы Беларусь», які з’явіўся як рэакцыя на знакаміты страйк сталічных метрапалітэнаўцаў. Гэты ўказ, які тычыўся дзейнасці прафсаюзаў і нават Вярхоўнага Савета, быў прызнаны Канстытуцыйным Судом неканстытуцыйным 8 лістапада таго ж года.

На с. 357 можна прачытаць, што 10 студзеня 1996 года прэзідэнт быццам бы накіраваў у Вярхоўны Савет законапраект аб унясянні ў Канстытуцыю змяненняў і дапаўненняў. Даецца адпаведная спасылка на «Советскую Белоруссию», але чамусьці ад 9 лістапада 1996 года. У рэчаіснасці аніякага праекта закона Лукашэнка 10 студзеня 1996 года дэпутатам не накіроўваў, бо новы Вярхоўны Савет пачаў сваю працу 9 студзеня 1996 года, а 10 студзеня абіраў свайго старшыню. Ім, як вядома, стаў Сямён Шарэцкі. Што да новага рэферэндуму, то Аляксандр Лукашэнка ўпершыню загаварыў пра яго на закрытым паседжанні першай сесіі Вярхоўнага Савета 13 склікання 12 студзеня 1996 года:

«Надо вынести на всенародный референдум основные положения Конституции. Это вопрос я готов вынести на обсуждение Верховного Совета не завтра или после завтра, а через определенное время. Мы почти два года пытаемся жить по этой Конституции, у нее есть несогласованность ряда ее положений».

Пры апісанні рэферэндуму 1996 года зноў парушаецца прынцып гістарычнай аб’ектыўнасці. У раздзеле прысутнічаюць фотаматэрыялы ў падтрымку рэферэндуму, але ніводнага — супраць. Адзначаючы «уникальность» (с. 362) ініцыянаванага Лукашэнкам Усебеларускага народнага сходу, які адбыўся 19-20 кастрычніка, увагай абмінаецца Нацыянальны кангрэс «У абарону Канстытуцыі, супраць дыктатуры», якія арганізавалі праціўнікі рэферэндуму.

Калі гаворка заходзіць пра пагадненне «Аб грамадска-палітычнай сітуацыі і канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь», падпісанае (пры пасрэдніцтве расійскага боку) у ноч на 22 лістапада 1996 года Аляксандрам Лукашэнкам, старшынёй Канстытуцыйнага Суда Валерыем Ціхінем і кіраўніком Вярхоўнага Савета Сямёнам Шарэцкім (с. 366), аўтары абвінавачваюць дэпутатаў, якія нібыта адмовіліся зацвердзіць пагадненне. Варта зазначыць, што ў тым, што 22 лістапада 1996 года пры галасаванні (83 «за» з 116 тых, хто галасаваў, пры кворуме ў 100 дэпутатаў) пагадненне не было зацверджана, вялікую ролю адыграла прапрэзідэнцкая фракцыя «Згода» (60 чалавек) на чале з Уладзімірам Канаплёвым.

Колькі слоў хацелася б сказаць пра знешнюю палітыку. На с. 608 згадваецца першы візіт Лукашэнкі ў Маскву ў жніўні 1994 года, а затым адразу ідзе пераскок да 2 красавіка 1996 года, калі Беларусь і Расія падпісалі дамову аб стварэнні Супольнасці. Пры гэтым за бортам апынуўся першы афіцыйны візіт Барыса Ельцына ў Мінск у лютым 1995 года. Нічога не пішацца аб працэсе далучэння Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў 1993 года і тых вострых дыскусіях, якія мелі месца ў Вярхоўным Савеце.

Тэма Канстытуцыйнага Суда ў параграфе 4.4. «Судовая ўлада: правасуддзе для народа» абмяжоўваецца агульнымі фразамі. Пра гісторыю стварэння і дзейнасці гэтага органа хаця б у 1994-1996 гадах няма нічога.

Пры апісанні эканамічнай сітуацыі падчас прыхода да ўлады Аляксандра Лукашэнкі (c. 348) чамусьці не згадваецца прэзідэнцкая праграма неадкладных захадаў па выхадзе эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу. Яна была зацверджана Вярхоўным Саветам 30 верасня 1994 года і павінна была стаць «экзаменом на зрелость всех руководящих кадров республики».

Гэта далёка не поўны пералік заўваг, бо мы наўмысна не краналі гісторыю Беларусі з пачатку 2000-х гадоў.

Аб’ектыўная гістарычная рэканструкцыя найноўшай гісторыі, асабліва тых падзеяў, якія тычацца прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, для афіцыйнай навукі пакуль задача невырашальная. Падбор дакументаў і крыніцаў для раскрыцця гэтай тэмы ў ёй хоць і шырокі, але строга рэгламентаваны.

Раздзелы 3 і 4 пятага тому «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» напісаны пад знакам выцяснення з гістарычнай памяці цэлага пласту падзеяў. А значыць, гістарычная амнезія застаецца яе сапраўднай мэтай.

Вам можа спадабацца