Журналісты-карнікі, або Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе масавыя пратэсты і іх удзельнікаў

Палітыка

Журналісты-карнікі, або Як дзяржаўная прапаганда дыскрэдытуе масавыя пратэсты і іх удзельнікаў

Адсутнасць у краіне масавых акцый на Дзень Волі 25 сакавіка дала падставу міністэрству ўнутраных спраў для пафаснай заявы, што «в Беларуси протестная активность приближена к нулю». Менавіта яе 27 сакавіка агучыла прэсавы сакратар ведамства Вольга Чамаданава ў афіцыйным тэлеграм-канале.

Аднак аўтары заявы добра разумеюць: нягледзячы на адносны спакой, пры пэўным збегу абставінаў усё можа паўтарыцца зноў.

Таму нароўні з карнымі захадамі (адміністрацыйным і крымінальным пераследам) на ўсю моц працуе дзяржаўная прапагандысцкая машына. Фармуецца “адзіна правільная” ацэнка падзеяў 2020 года.

Трэба цвёрда памятаць: незалежна да таго, якія мэты ставілі ўдзельнікі пратэстных акцый, свядома ці несвядома яны былі ў іх уцягнутыя, ці супадалі іх асабістыя мэты з палітычнымі мэтамі лідараў пратэстаў, любыя іх дзеянні дзяржавай могуць быць ацэненыя як небяспечныя злачынствы.

Таму гаворка пра рэабілітацыю ўдзельнікаў пратэстаў пакуль не вядзецца. Абвешчаны зверху лозунг «народнага адзінства» іх не тычыцца. Ініцыятыва Юрыя Васкрасенскага наконт амністыі палітвязням, хоць і не была публічна раскрытыкавана «зверху», падтрымкі там яўна не знайшла.

Адной з першых рэакцый афіцыйнай прапаганды на масавы пратэст стала публікацыя ў газеце «Беларусь сегодня» «Кто ответствен за провокации» (11 жніўня 2020 года). Ацэнка групы «экспертаў», у складзе якой былі Вадзім Гігін і Аляксей Дзермант, была катэгарычная: пратэсты антыдзяржаўныя і правакацыйныя ў сваёй аснове. Паступова гэтая ацэнка карэгавалася ў бок большай катэгарычнасці. Удзельнікі пратэстаў характарызаваліся як наркаманы, алкаголікі і «уличная шпана». Журналістка «Беларуси сегодня» Людміла Гладкая назвала іх «откровенными мразями».

"Жаночы марш". Мастачка Святлана Жыгімонт.

Разам з Гладкай да стварэння «звярынага аблічча» ўдзельнікаў пратэстаў падключылася цэлая плеяда прапагандыстаў новай генерацыі: Рыгор Азаронак, Ігар Тур, Яўген Пуставы, Юлія Арцюх.

Адпаведная прапаганда служыць прынамсі дзвюм мэтам. Па-першае, падрыхтаваць грамадскую думку да таго, што прысуды будуць суровыя. Па-другое, затушоўваць рэзананс ад гібелі ўдзельнікаў пратэстаў. Зразумела, што гэта кідае цень на “праваахоўныя” органы, выклікае масавае спачуванне, збянтэжыць нават самых лукашэнкаўцаў. Таму не дзіўна, што пасля трагічнай гібелі Аляксандра Тарайкоўскага прапаганда паспяшалася нагадаць аб яго крымінальным мінулым, а Рамана Бандарэнку абвясцілі п’яным на момант збіцця, якое прывяло да яго смерці.

Адначасова прапаганда гераізуе “праваахоўнікаў”: маўляў, яны, рызыкуючы ўласным жыццём і здароўем, прадухілілі спробу дзяржаўнага перавароту. Як выказаўся Лукашэнка на нарадзе Савета бяспекі 14 жніўня 2020 года:

«И когда подло (это вот не по-мужски) заезжают со спины и бьют этих ребят — милиционеров… И парень напополам переломился, позвоночник поломан, он на всю жизнь инвалид. А переломанных сколько ног, конечностей! Почти около сотни человек пострадали!».

Ярлык здраднікаў і ворагаў прыклейвацца да тых, хто не пабаяўся кінуць выклік уладам -- Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі і інш.

Што тычыцца шараговых апанентаў рэжыму, то калумніст «Беларуси сегодня» Мукавозчык у сваім нядаўнім опусе «Воши и гниды» выступіў за тое, каб іх «сплющить на ногте»: «проверить бизнесочки, посмотреть декларации, тряхнуть собственность». Ну і «глянуть социальные сети, да и дать, случись что, домашнюю химию».

Для дыскрэдытацыі апанентаў рэжыму стала выкарыстоўвацца і больша вытанчаная прапаганда. Напрыклад, у лістападзе 2020 года на старонках «Мінскай праўды» з’явілася рубрыка «Твары пратэсту», у якой нейкая Алёна Дзіёдзіна пачала ствараць «псіхалагічныя» партрэты Паўла Латушкі, Вольгі Хіжынковай, Алены Леўчанкі і інш. У банальных сентэнцыях Дзіёдзінай чырвонай ніткай праходзіць тэзіс пра тое, што ўсе гэтыя асобы заблыталіся, а сёй-той стаў на шлях здрады. Так, экс-кіраўніка журналісцкага «Пула Першага» Дзмітрыя Семчанку Алёна Дзіёдзіна наўпрост параўнала з Іудам.

Па старой традыцыі, прапаганда дэманізуе Захад за яго ролю ў падзеях лета-восені 2020 года, і паблажліва стаіцца да Расіі. У нядаўнім (3 красавіка) інтэрв’ю Рыгору Азаронку параалімпіец Аляксей Талай заявіў:

«Зная, что в Смоленской губернии находятся росгвардейцы, мы однозначно осознали: нас в обиду не дадут. Наши силовики — профессионалы, подготовленные люди, но я сам брат, и у меня есть брат, я знаю, насколько ты совершенно по-другому себя чувствуешь, когда он есть где-то рядом в этой жизни».

У цэлым, дзяржпрапаганда пасля выбараў не адрознівалася эфектыўнасцю. Ёй не ўдаецца канкураваць з незалежнай актыўнасцю ў інтэрнэце, сацыяльных сетках, і тэлеграм-каналах. Больш чым 6 млн. прагладаў фільма «Лукашенко. Золотое дно», чыя прэм’ера адбылася 8 сакавіка, толькі пацвярджае гэта.

Моцны ўдар па дзяржпрапагандзе наносяць і т.зв. «злівы» (відэа з гвалтам у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў, запісы размоваў людзей, чые галасы падобныя да Наталлі Эйсмант, Юрыя Караева і Мікалая Карпянкова, прызнанні былога супрацоўніка ГУБАЗіКа Станіслава Лупаносова і г.д.).

Але самае галоўнае, што тэзіс, што за “дзяржаўным пераваротам” стаяла змова Захаду, не вытрымлівае крытыкі. А вось тое, што ў “Смоленской губернии” знаходзіліся “Наши силовики -– росгвардейцы”, навявае пэўную насцярожанасць. Хто знае, чым бы скончыўся іх прыход на нашу зямлю. Але ў цэлым пратэсты выбухнулі толькі там, што інтарэсы развіцця Беларусі ўвайшлі ў выразную супярэчнасць з існуючай палітычнай мадэлью і сацыяльна-эканамічным ладам.

Вам можа спадабацца