Чырвона-зялёны самвыдат: неасталінізм, прымітывізм і кляўзы на "Акадэмкнігу"

Рознае

Чырвона-зялёны самвыдат: неасталінізм, прымітывізм і кляўзы на "Акадэмкнігу"

Не так даўно ў продажы з’явілася кніжка з крыклівай назвай «Нацистский путч 2020 года в Беларуси: Батька, держись!». У анатацыі сказана, што ў 2020 годзе Беларусь перажыла адно з найбуйнейшых узрушэнняў у сваёй найноўшай гісторыі — маюцца на ўвазе падзеі, звязаныя з леташняй прэзідэнцкай кампаніяй. Каб даведацца, да якой катастрофы вялі краіны «змагары» пад бел-чырвона-белым сцягам, трэба выкласці ажно 35 рублёў. Прынамсі, опус Андрэя Мукавозчыка «Революция мокрых штанов» каштуе значна менш: усяго каля 15. Праўда, у адрозненне ад Мукавозчыка аўтар «Нацистского путча» не надта вядомы, і таму, калі толькі вы не аматар кніжных навінак, яго варта прадставіць.

Гэта Іван Турлай.

«Нацистский путч 2020 года в Беларуси: Батька, держись!». Вокладка.

Пяць гадоў таму ён дэбютаваў кнігай «Минск: малоизвестные страницы». Мяркуючы па рэакцыі чытачоў, гэта кніжка асаблівай увагі не прыцягнула: хтосьці, можа, знайшоў у ёй нешта новае, хтосьці лічыў звычайнай перапеўкай ужо ўсім вядомых фактаў. Аўтар, праўда, ужо тады не хаваў сімпатыі да Сталіна: адзін з раздзелаў у кнізе, напрыклад, называецца: «Напоминания о вожде». На думку Турлая, «трэці Мінск» адрадзіўся з попелу дзякуючы клопату «бацькі народаў», які наведаў разбураную беларускую сталіцу на шляху ў Патсдам (1945). Дарэчы, у спісе тых аўтарытэтаў, якія калісьці «говорили, писали или вспоминали» пра Мінск, у кнізе згадваецца і эпатажны расійскі пісьменнік Аляксандр Праханаў. Праханаў назваў Сталіна «помазанником Божьим», і публічна заклікаў увесці ў Польшчу і Фінляндыю па танкавай дывізіі.

З цягам часу захапленне аўтара Сталінам толькі расло. Яго кніга, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, так і называлася: «Минск — город Сталина». Летась выйшла чарговая кніжка Турлая «Сталин — символ Беларуси».

Турлай захапляецца не толькі Сталіным, але і Лукашэнкам. Апошняму прысвечаны дзве кніжкі «Александр Лукашенко. К столетию белорусской государственности» і «Урок отца народов Сталина и батьки Лукашенко, или Как преодолеть экономическое отставание».

Гэтая кніга Івана Турлая ўбачыла свет у маскоўскім выдавецтве «Алгоритм».

Трэба сказаць, што да пэўнага часу (дакладней, да 2016 года) Турлай не чапаў персанальна ні Лукашэнку, ні Сталіна, ні падобныя тэмы, пішучы выключна пра эканоміку.

І гэта нядзіўна, бо гэты аўтар кандыдат эканамічных навук, і да таго ж дацэнт аднаго з вядучых ВНУ краіны. У 2013 годзе Турлай абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Влияние региональной экономической интеграции на привлечение прямых иностранных инвестиций (теоретические, методологические, эмпирические аспекты)».

Пра шлях Турлая ў навуку варта расказаць больш падрабязна. На яго світанку Турлай выдаў тэзісы «Экстенсивный тип экономического роста: опыт Беларуси (1996–2006 гг.)» у зборніку па выніках VI навуковай канферэнцыі «Беларусь у сучасным свеце» (30 кастрычніка 2007 года), прысвечанай 86-годдзю БДУ. Яго суаўатарам значылася Ксенія Якушэнка, якая цяпер загадвае кафедрай маркетынгу Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Тыя ж самыя тэзісы слова ў слова Турлай перавыдаў у зборніку матэрыялаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Проблемы теории и практики формирования белорусской экономической модели», што адбылася 30 мая 2008 года. Але прозвішча Ксеніі Якушэнкі там ужо адсутнічала. У тым жа годзе годзе гэтыя ж тэзісы выйшлі яшчэ раз у дзясятым выпуску зборніка навуковых працаў («Экономическая наука: исторический опыт и современность»). І зноў без суаўтарства Якушэнкі. Незалежна ад таго, ці была Якушэнка рэальным ці ўяўным суаўтарам, факт застаецца фактам: адзін і той жа тэкст быў апублікаваны аж тры разы.

Але вернемся ў 2016 год. Тады ж у мінскай «Беларускай думцы» і ў часопісе «Современная наука: актуальные проблемы теории и практики» былі апублікаваны артыкулы нашага аўтара «Урок советского периода. Из опыта преодоления экономического отставания» і «Факторы послевоенного восстановления Минска». У іх пішацца аб т.зв. «советском экономическом чуде» ў апошнія гады сталінскага кіравання. На думку аўтара, тады на хвалі патрыятызму ўдалося згуртаваць народ і выкарыстаць увесь патэнцыял народнай гаспадаркі на планавай аснове. Такі вопыт, упэўнены Турлай, трэба выкарыстаць у Беларусі.

Вось такая эканамічная навука ад Турлая.

На гэтым аўтар не спыняецца: як ён сам прызнаецца у «Нацистском путче», ён працуе над доктарскай дысертацыяй па тэме «Социально-экономическая модель Республики Беларусь и вклад Президента А. Г. Лукашенко в ее формирование и развитие». Аб яе змесце сігналізуюць і адпаведныя публікацыі Турлая: «Задачи мобилизационного развития белорусской экономики», «Бренды “Президент” и ”Батька” как фактор конкурентоспособности белорусской продукции» і інш.

А вось што аўтар піша пра сам «путч»:

«И еще одно обстоятельство, которое характеризует путч как нацистский, — это призывы оппозиции к всеобщему бойкоту, к прекращению работы предприятий, к неуплате налогов, к заграничным санкциям, поддержка вандальных действий протестующих (разрисовывания стен, расклеивания листовок и наклеек, сооружения баррикад и т. п.).»

Тое, што байкот і путч — з’явы супрацьлегыя, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Іван Турлай пакуль яшчэ не ведае.

Па прычыне адкрыта нізкай якасці і яўнага прымітывізму тэкстаў Турлая, датычных Лукашэнкі і Сталіна, цытаваць іх далей няма аніякага сэнсу. Адзначым, што ў яго пісаннях на іншыя тэмы ёсць фактычныя памылкі. Напрыклад, сцвярджаецца, што «после прихода к власти Никиты Хрущева…приусадебные хозяйства были запрещены». Сапраўды, пры Хрушчове па прысядзібных гаспадарках быў сапраўды нанесены ўдар (забарона карміць скаціну хлебам і крупамі, трымаць яе ў падсобных гаспадарках грамадзянаў, што пражываюць у гарадах і г.д.), аднак ні Хрушчоў, ні яго паслядоўнікі іх не забаранілі.

Пра няздольнасць аўтара стварыць арыгінальны тэкст сведчыць надзвычай высокая доля цытатаў (напрыклад, пра Мінск ці Лукашэнку), успамінаў (напрыклад, Панамарэнкі і Кісялёва пра будаўніцтва Камсамольскага возера) і дадаткаў. У кнізе «Александр Лукашенко», напрыклад, перадрукаваны ўрывак з брашуры «Городецкие уроки» (1990).

Ёсць і аўтарскія дадаткі. Так, у кнізе «Нацистский путч 2020 года в Беларуси» ёсць «Справочник основных терминов и понятий», дзе, напрыклад, значыцца тэрмін «БЧБ-эксбиционизм» — «внезапная демонстрация бело-красно-белого флага».

Насоўваецца пытанне: а дзе ж выдаюцца гэтыя опусы?

Так, «Минск: неизвестные страницы» выпусціла мінскае выдавецтва «Четыре четверти», а «Минск в планах и идеях» — маскоўскі навукова-выдавецкі цэнтр «Инфра-М».

Адкрыты трэш Турлая «Урок отца народов…» таксама выйшаў у Маскве, у выдавецтве «Алгоритм». Дзейнасць гэтага выдавецтва суправаджаецца скандаламі.

У далейшым Турлай адмовіўся ад паслугаў старонніх выдавецтваў, і стаў выдаваць сябе сам. Калі прыгледзецца да выходных дадзеных «Нацистского путча», «Сталина — символа Беларуси», «Минска — города Сталина», «Урока отца народов», «Белоруссии — Беларуси — евразийской республики»), то бачна, што замест месца выдання пазначана «Б.м.», г.зн. без месца. У якасці выдавецтва выступаюць «Издательские решения». Гэта не што іншае як «Ridero» — электронная выдавецкая сістэма для незалежных аўтараў. Праз яе нашмат прасцей выдаць як электронную, так і папяровую кнігу. Да таго ж на Ridero фактычна адсутнічае выдавецкі кантроль, які звычайна прысутнічае ў традыцыйных выдавецтвах. Як гаворыцца на афіцыйным сайце сервіса,

«Ridero не принимает решений за автора; публиковать или не публиковать книгу, продавать или раздавать друзьям, выпускать её в бумажном или электронном виде — только автор решает, что делать со своей книгой; если содержание книги не нарушает закон, мы её печатаем и распространяем».

Адным словам, шлях для рознага роду лухты і глупства адчынены. Можна публікаваць і пра вершы Быкава, і пра Скарыну ў Піцеры, і пра акупацыю Ленінграда, і пра тое, што Мінск — старажытны азербайджанскі горад.

Выданні Івана Турлая на Ridero.

Цікава адзначаць, што пры ўсім пры гэтым Іван Турлай, у адрозненне ад Рыгора Азаронка ці Аляксандра Шпакоўскага, так і не стаў “шрубікам” у сістэме. Больш таго, ён скардзіцца, што «в дни нацистского путча» яму не працягнулі кантракт і адмовіліся залічыць у дактарантуру. І сапраўды: інфармацыя пра Турлая на сайце апошняга месца яго працы — кафедры кіравання і эканомікі вышэйшай школы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы адсутнічае. Цікава, што кафедрай загадвае Алена Сямак — навуковы кіраўнік кандыдацкай дысертацыі Турлая. Чамусьці ёй давялося расстацца са сваім выхаванцам.

P.S. Турлай абвінавачвае «Акадэмічную кнігу» у тым, што ў пасля пачатку «нацысцкага путчу» кнігарня часова зняла з продажу яго кнігі і ў тым, што яна ўвогуле супрацоўнічае са «змагарамі», якія «продают и продвигают свои оппозиционные книги». Аднак для «Акадэмкнігі» Турлай — усё ж паўбяды: на яе абрынуўся сам Мукавозчык, які ў сваёй калонцы «Скоро конец» пацікавіўся, як доўга там будзе «попыхивать бчб-произвол».

Вам можа спадабацца