Сямёра смелых: як дэпутаты «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг ад скасавання баранілі

Гісторыя

Сямёра смелых: як дэпутаты «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг ад скасавання баранілі

Прачытаўшы назву, сёй-той здзівіцца. Бо ж вядома, што статус герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сцягу ў якасці дзяржаўных сімвалаў быў перакрэслены рэферэндумам 1995 года. У цэлым гэта так, але працэс скасавання расцягнуўся ў часе на цэлы год.

28 чэрвеня 1996 года на разгляд дзевяноста чацвёртага паседжання першай сесіі Вярхоўнага Савета 13 склікання паступіў праект закона «Аб прызнанні страціўшымі сілу заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнай сімволікі». Згодна з ім, у выніку рэферэндума 14 мая 1995 года страчваў юрыдычную моц шэраг заканадаўчых актаў, датычных герба «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга. Гаворка ў прыватнасці ішла пра законы Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 1991 года аб Дзяржаўным гербе і Дзяржаўным сцягу, а таксама пастановы Вярхоўнага Савета аб зацвярджэнні эталона Дзяржаўнага герба і палажэння аб Дзяржаўным гербе і аб зацвярджэнні Палажэння аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь ад 10 і 11 снежня 1991 года.

Дакладчыкам па законапраеце выступіў камуніст, уражэнец вёскі Ендавішча Варонежскай вобласці, член Прэзідыуму Вярхоўнага Савета і старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, навуцы і культуры Уладзімір Плецюхоў.

Уладзімір Плецюхоў (на пярэднім плане ў капелюшы).Крыніца: http://70let.brsu.by

Рэферэндум 14 мая 1995 года, запэўніваў сваіх калегаў выступоўца, быў цалкам законным і адбыўся ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Аднак Вярхоўны Савет 12 склікання, наракаў Плецюхоў, не зацвердзіў вынікаў рэферэндуму ў пытанні дзяржаўнай сімволікі. Адпаведныя акты былі прынятыя толькі прэзідэнтам: гэта ўказы №213 і №214 ад 7 чэрвеня 1995 года аб зацвярджэнні эталона Дзяржаўнага герба і Палажэння аб Дзяржаўным гербе і аб зацвярджэнні Палажэння аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь.

Прапанаваны праект закона, працягваў Плецюхоў,  прайшоў усе неабходныя экспертызы: «Комиссия тщательно изучила проект и убедилась в его юридической чистоте».

У сваім выступе Уладзімір Плецюхоў адзначыў, што новая дзяржаўная сімволіка стала неад’емнай часткай грамадскага жыцця, таму яна нікуды не падзенецца, нават калі Вярхоўны Савет не падтрымае законапраекта. Таму калі дэпутаты адкінуць яго то падпішуць сабе смяротны прысуд у палітыцы: маўляў, яны адмовяцца выканаць волю народа. Між іншым Плецюхоў заявіў:

«В то же время я понимаю чувства тех людей, которые, скажем так, в душе не приемлют новую символику. Для них дорога символика 1991 года и советская символика, которая отменяется данным актом».

У знак замірэння Плецюхоў прапанаваў зрабіць спецыяльны пратакольны запіс і даручыць пастаянным камісіям Вярхоўнага Савета распрацаваць законапраект аб ранейшых беларускіх дзяржаўных сімвалах, дзе былі б прапісаны іх статус, парадак выкарыстання і інш.:

«Это было бы уважением к нашей истории. Это бы сняло напряжение в обществе и не нарушало бы монолитность нашего Верховного Совета».

Пра “напряжение в обществе” Плецюхоў гаварыў нездарма. Незадоўга да разгляду законапраекту адбыліся падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Мінская вясна-96». Рэзананс выклікаў Чарнобыльскі шлях 26 красавіка 1996 года ў Мінску, а таксама масавыя арышты і збіццё ўдзельнікаў мітынгу на сталічным праспеце Францішка Скарыны 30 мая. Для вывучэння ўсіх адпаведных абставінаў у Вярхоўным Савеце нават была створана Часовая камісія.

22 чэрвеня 1996 года (у пяцьдзесят пятыя ўгодкі нападу гітлераўскай Германіі на СССР) апазіцыйныя сілы правялі ў Мінску пятнаццацітысячны антыфашысцкі мітынг. І хаця ён прайшоў мірна, улады яўна былі занепакоеныя масавым выкарыстаннем бел-чырвона-белага сцягоў.

Гэта разбурала міф аб усенароднай любові да новай, неасавецкай дзяржаўнай сімволікі.

Канчаткова «выкрасліць» бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» з масавай свядомасці якраз і павінен быў Вярхоўны Савет.

Хоць яго дэпутаты і крытыкавалі Лукашэнку за імкненне да ўзурпацыі ўлады, у многіх пытаннях, у тым ліку дзяржаўнай сімволікі і саюза з Расіяй, яны былі салідарныя. Прычына — дамінаванне ў Вярхоўным Савеце фракцыяў аграрыяў і камуністаў. Да таго ж там была досыць моцная прапрэзідэнцкая фракцыя «Згода» на чале з Уладзімірам Канаплёвым.

Тым не менш, некаторыя дэпутаты ўсё ж выступілі супраць законапраекта, адзначыўшы яго кант’юнктурнасць і маніпулятыўнасць.

Адным з іх быў эканаміст Павел Данейка, член фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» і сакратар пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па эканамічнай палітыцы і рэформах. Ён заявіў, што падымаецца вельмі выбухованебяспечнае пытанне, і рэакцыя моладзі можа быць непрадказальнай. Акрамя таго, ёсць пытанні і да легітымнасці самага рэферэндуму: «Господин Заметалин убирал из средств массовой информации все материалы».

Павел Данейка другі справа (на пярэднім плане).

Данейка таксама нагадаў пра закрыццё напярэдадні рэферэндуму на Беларускім тэлебачанні папулярнай штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» (аўтар і вядучы — Павел Шарамет), адзін з выпускаў якой павінен быў прысвечаны абмеркаванню дзяржаўнай сімволікі. Можна пачуць прэтэнзіі наконт таго, што герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся падчас акупацыі. Аднак, працягваў Данейка, нельга забывацца пра тое, што адзін са стваральнкаў дзяржаўных сімвалаў БССР мастак Мікалай Гусеў жыў у акупаваным Мінску і пісаў партрэты Гітлера. Таму «здесь тоже довольно скользкая ситуация».

Падсумоўваючы, Павел Данейка прапанаваў зняць пытанне з парадку дня і перанесці яго на восень. Аднак за яго прапанову прагаласавала толькі 28 дэпутатаў са 108 пры неабходым кворуме ў 100 чалавек.

Услед за Данейкам выступіў яго калега па фракцыі Станіслаў Багданкевіч. Ён заявіў, што рэферэндум 14 мая 1995 года ні ў якім разе нельга назваць дэмакратычным: «Это тоже самое заявить, что наш Верховный Совет имеет возможность высказаться на телевидении». Гэтыя словы Багданкевіча цалкам адпавядалі рэчаіснасці. Прэзідэнцкая адміністрацыя фактычна пачала інфармацыйную блакаду Вярхоўнага Савета, што прымушала яго рэагаваць. Так, 7 чэрвеня 1996 года былі прынятыя змяненні і дапаўненні ў закон аб друку і іншых СМІ. Паводле іх, дзяржаўныя каналы тэлебачання і радыё павінны былі штотыднёва выпускаць інфармацыйныя перадачы працягласцю не менш за 45 хвілінаў аб працы Вярхоўнага Савета, яго пастаянных камісіяў і дэпутацкіх фракцыяў. Няма дзіва, што Аляксандр Лукашэнка катэгарычна адмовіўся зацвярджаць такія папраўкі.

Багданкевіч, як і Данейка, прапанаваў зняць законапраект з абмеркавання, а ў будучым зрабіць так, каб герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі «второй символикой Беларуси».

Дэпутат Віктар Ганчар задаў Плецюхову два чыста юрыдычныя пытанні: якім павінен быць парадак зацверджання вынікаў рэферэндуму і як быць з кворумам для зацверджання гэтых вынікаў. Плецюхоў толькі спаслаўся на палажэнні заканадаўства пра тое, што рашэнні рэферэрэндуму могуць быць адмененыя толькі шляхам рэферэндуму. Ён адначасова абурыўся тым, што разгарнулася палітычныя дыскусія, нібыта Вярхоўны Савет прымае новую сімволіку.

Па прапанове члена фракцыі камуністаў Генадзя Аляксеенкі дэпутаты (78 чалавек) ухвалілі рашэнне аб правядзенні пайменнага галасавання. Дэпутат Генадзь Цярэня заклікаў зацвердзіць законапрает, бо на яго думку, «референдум выше закона».

Найбольш эмацыйна супраць зацвярджэння законапраекта выступіў дэпутат Павел Знавец. Справа ў тым, сказаў Знавец, што ўзоры дзяржаўных сімвалаў, якія прапаноўваў у 1995 годзе Вярхоўнаму Савету 12 склікання Аляксандр Лукашэнка, істотна адрозніваюцца ад прапанаваных цяпер. Так, напрыклад, сцяг быў з іншым арнаментам, а на гербе адсутнічала пяціканцовая зорка. Яна, па словах Знаўца, з’явілася пазней. І прыдумаў яе не хто іншы як кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў. Павел Знавец прапанаваў прынесці ў парламент адпаведныя ўзры сімволікі і параўнаць іх.

Павел Знавец (справа ў акулярах) на мітынгу ў Мінску 21 ліпеня 1999 года разам з Віктарам Ганчаром (у цэнтры). Фота ўзята са старонкі Паўла Знаўца на Facebook.

Падчас галасавання праект падтрымалі 120 дэпутатаў са 125, якія ўзялі удзел у галасаванні (Павел Данейка і Павел Знавец не галасавалі). Супраць прагаласавала пяць дэпутатаў. Паколькі галасаванне было пайменным, вядомыя іх прозвішчы: Станіслаў Багданкевіч, Аляксандр Дабравольскі, Віктар Ганчар, Эдуард Вайцяховіч і Вячаслаў Герасіменка.

Вам можа спадабацца