Чаму праект канстытуцыі Лябедзькі саступае прапанове Бабарыкі

Грамадзтва

Чаму праект канстытуцыі Лябедзькі саступае прапанове Бабарыкі

...і ўсе сымвалы — рэальнасьць, як паветра, як Сонца і Зямля.

Зянон Пазьняк, “Палын-палын”

Грамадская канстытуцыйная камісія (ГКК) выставіла на грамадскае абмеркаванне другі варыянт свайго праекта рэформы Асноўнага закона Беларусі. Ён павінен стаць народным.

Адразу кідаецца ў вочы, што камісія разглядае беларускую дзяржаўнасць як tabula rasa.

Само па сабе пытанне, ці пазначаць у дакуменце гістарычную легітымнасць – адкрытае, і новы праект у гэтым сэнсе не кепскі і не добры. Ён паказвае стан дыскусіі і палітычнага дыскурсу як такога. Камунікацыйная памяць беларускай эліты надзіва кароткая, “палітычны Мінск” жыве цяперашнім днём. Для Лукашэнкі зварот да мінуўшчыны тоесны рэгрэсу і вяртанню архаікі – калі гэта не спадчына, дарагая ягонаму сэрцу (вайна і перамога, савецкая спадчына ўвогуле). Для апазіцыянераў мінуўшчына, здаецца, не існуе наогул (за адным важным выключэннем, пра якое ніжэй). Дэмакраты 1990-х гадоў, якія ўзначальвалі працу над праектам – Лябедзька, Дабравольскі, фармальны кіраўнік камісіі Грыб, – праігнаравалі ўсе даўнейшыя дыскусіі аб канстытуцыйнай рэформе. Іронія ў тым, што ў большасці з тых дыскусій яны самі бралі актыўны ўдзел. Тут можна і скептычна перапытаць: навошта ствараць чарговую “Малую канстытуцыю” (так называўся праект 2007 года), калі ўсе папярэднія абмеркаванні і распрацоўкі напаткала горкая нядоля забыцця? А сярод іх былі вартыя і сёння ўвагі публікацыі Віктара Чарнова[1], Віталя Сіліцкага[2]. Пра багаты матэрыял дыскусій ранніх 1990-х гадоў і гаварыць не даводзіцца: недаступныя ў сетцы, яны ўжо сталі часткай далічбавай эпохі.

Мяне цікавіць, такім чынам, не якасць праекта (у цэлым ён малаарыгінальны і таму мае шанцы падзяліць лёс папярэдніх напрацовак), а гістарычная свядомасць дэмакратаў. Тыя, хто абвясціў дыктатуру Лукашэнкі прадуктам Канстытуцыі 1994 года – пра гэта пішуць зноў, зноў і зноў – гэты тэзіс абгрунтоўваюць, вышукваючы ў ёй недахопы. Напрыклад, Міхась Пліска адкрыў для сябе, што ў сакавіцкай Канстытуцыі не было асобнага раздзела пра ўрад.

Абгрунтоўваюцца гэтыя пільна патрэбныя інавацыі надзіва аднолькава: гістарычны момант, стан грамадства і пад. Рамантычнае (каб не сказаць наіўнае) уяўленне пра палітычныя сістэмы і чалавечую спраўчасць (agency), уласцівае гэткай крытыцы, папулярнае не толькі ў беларускай экспертызе. Балгарская юрыстка Ганна Міленкова ў 1995 годзе пракаментавала беларускія законы “Аб Прэзідэнце” і “Аб Вярхоўным Савеце”. Каментар прыгадзіўся ўлетку 1996, калі “Народная газета” апублікавала яго падчас кампаніі па падтрымцы другога рэферэндуму[3]. Сярод іншага Міленкова адзначала, што празмерныя паўнамоцтвы старшыні Вярхоўнага Савета могуць зрабіць з яго канкурэнта кіраўніку дзяржавы. Гаворка ішла пра права прапаноўваць кандыдатаў на пасады генеральнага пракурора і старшыні Кантрольнай палаты. З крытыкі Міленковай, як і з многіх іншых разважанняў на зададзеную тэму, складваецца ўражанне, што ў палітычныя канфлікты ўступаюць не людзі, а юрыдычныя нормы, пакліканыя гэтыя канфлікты структураваць. На жаль, гэтая аблуда далёка разышлася ў экспертным асяроддзі (хоць бываюць, вядома, і выключэнні).

Канстытуцыя 1994 года і ейная папярэдніца, Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце (якая дзейнічала з 25 жніўня 1991 года), ужо ўвайшлі ў гісторыю як юрыдычны падмурак “першай рэспублікі”. Гэтыя канстытуцыйныя акты інстытуцыяналізавалі народаўладдзе ў Беларусі: парламентарызм, свабодную канкурэнцыю ідэй у межах плюралістычнага грамадства і народны суверэнітэт. Менавіта да гэтага часу адносяцца найбольш яскравыя эпізоды, звязаныя з грамадзянскай актыўнасцю ў Беларусі: паспяховы збор подпісаў за рэферэндум у 1992 годзе, узлёт Лукашэнкі – арганізаваны не збанкрутаванай палітычнай і гаспадарчай элітай, а выспелы ў грамадстве; выбары 1994 і 1995 гадоў, рэферэндум 1995 і нават часткова – 1996 года (усё ж у сталіцы апазіцыя перамагла па двух пытаннях, зададзеных Вярхоўным Саветам).

Усе разважанні, прысвечаныя палітычнай і электаральнай геаграфіі Беларусі, абапіраюцца на матэрыял, сабраныя ў гады дзеяння пачатковай рэдакцыі Канстытуцыі. Напрыклад, уяўленне пра Мінск як апірышча дэмакратаў наогул і нацыяналістаў у прыватнасці, эмпірычна было пацверджанае ў пару дзеяння Асноўнага закона 1994 года: Пазняк і Шушкевіч атрымалі падтрымку 42% мінчукоў, 37% прагаласавалі супраць неасавецкай сімволікі, 21 кандыдат народнага фронту і грамады выйшаў у другі тур у 1995 годзе (з 31 акругі, у якіх адбывалася тады паўторнае галасаванне). Нацыяналісты разам дасталі тады 22% галасоў проці 23%, пададзеных за трынаццаць кандыдатаў-камуністаў[4].

“Першая рэспубліка” паказвае: народаўладдзе – не чужы лад для беларусаў, яно пачало ўкараняцца ў знякроўленым грамадстве ў 1990-х гадах. Вядома, развіццё партый адбывалася найперш у Мінску, дзе канкуравалі камуністы і народафронтаўцы. Нягледзячы на фрагментаваны палітычны ландшафт, ішла і канкурэнцыя ідэалагічных кірункаў. У маі 1995 года прадстаўнікі дзвюх хаўрусных БНФ партый – Павел Знавец ад Грамады (Давыд-Гарадок) і Вячаслаў Герасіменка ад Сялянскай (Петрыкаў) – прайшлі ў Вярхоўны Савет. У паасобных выпадках толькі асаблівасці выбарчага заканадаўства прадухілілі выбранне дэмакратаў у Вярхоўны Савет (у маі 1995 года – грамадоўца Матэлёнка ад Мёраў, у лістападзе 1995 года – народафронтаўцаў Пазняка ад Смаргоні, Беленькага і Голубева ад Мінска). Гомельшчына была адзіным рэгіёнам краіны, дзе нацыяналістычнае крыло дэмакратычнага руху было слабейшым за рускамоўна-ліберальнае: Шушкевіч тут быў апярэдзіў Пазняка, а ў маі 1995 года партыі Дэмакратычнага блоку на чале з фронтам у першым туры нязначна адсталі ад ліберальнай кааліцыі “Грамадзянская згода”[5] .

Прыхільнікі Лукашэнкі – напрыклад, Ярмошына – ахвотна робяць акцэнт на чэрвеньскім галасаванні 1994 года: гэта, маўляў, была сапраўдная “дэкларацыя незалежнасці”, момант усведамлення – гэта значыць, нараджэння – дзеяздольнага “палітычнага народа”. Пры гэтым яны забываюцца на не меней важны дэ-факта рэферэндум, які адбыўся ў лістападзе і снежні 1995 года (давыбары ў трынаццаты Вярхоўны Савет). Лукашэнка не хаваў свае мэты: сарваць давыбары і кіраваць без дэпутатаў наогул. Гаворка ішла аб падставовым прынцыпе рэспубліканскага ладу – раўнавазе і падзеле ўлад, – і “палітычны народ” не пагадзіўся тады на абяцанае ўжо “прамое прэзідэнцкае кіраванне”.

Скажонае ўяўленне пра карэнне аўтарытарызму ў Беларусі ўплывае таксама і на змест распрацаванай рэформы. ГКК Лябедзькі, памылкова ідэнтыфікаваўшы прэзідэнцтва як галоўную прычыну дыктатуры, цалкам праігнаравала найбольшую небяспеку ў канстытуцыйным механізме: савецкі “дэмакратычны цэнтралізм”. Таму ў праекце ГКК раздзел пра мясцовае самакіраванне – найменш распрацаваны, зроблены на адчэпнае. Відаць, што распрацоўшчыкі не слухалі падкастаў Чалага, дзе Аляксандр Чубрык быў прэзентаваў аднойчы сваю ідэю новага “магдэбурскага права”[6] . Таксама і Віталь Сіліцкі называў манапалізацыю медыйнага рынку і цэнтралізацыю дзяржаўнага кіравання найважнейшымі чыннікамі аўтарытарнага рэцыдыву[7].

Паўтаруся: паспяховая канстытуцыйная рэформа можа адбыцца і без адсылак да незабыўных 1990-х гадоў. Эпоха “першай рэспублікі” мае свае відавочныя заганы. Усё ж, і Дэкларацыя аб суверэнітэце, і Канстытуцыя 1994 года былі створаныя наменклатурай, якая ў сваім змаганні з дэмакратамі дэманстравала непераўзыдзеную ўпартасць на мяжы з беспрынцыповасцю[8] (выбарчы закон 1989 года быў задуманы як помач КПБ на выбарах у Саветы, сакрэту з гэтага, здаецца, не рабілі). Досвед народаўладдзя ў 1990-х гадах нельга разглядаць ізалявана ад катастрафічнага стану эканомікі: многія, не адзін Лукашэнка, гэтыя дзве з’явы звязваюць паміж сабой. Можна пачынаць з “нуля”: нездарма ў Нямеччыне ў 1949 годзе было пастаноўлена пераважна адмовіцца ад папярэдняй палітычнай традыцыі: ейнае цэнтральнае паняцце – Reich, – было замененае на Bundesrepublik. Прыняты як часовы, Асноўны закон Федэрацыйнай рэспублікі ў 1990 годзе быў абвешчаны пастаянным, хоць так і не набыў фармальна нават назвы Канстытуцыі. Значэнне мелі не сімвалы і назвы, а функцыянальны дэмакратычны парадак і дынамічная гаспадарка.

У Беларусі, аднак, традыцыйна прынята надаваць вялікую ўвагу пытанням пераемнасці, генеалогіі і спадчыны. Рытуальна ўпамінаючы ў прэамбуле дамадэрныя палітычныя ўтварэнні, якія існавалі на цяперашняй беларускай тэрыторыі, аўтары праекта ГКК аддаюць даніну павагі рыторыцы рамантычнага нацыяналізму. Нейкім канкрэтным зместам гэтыя адсылкі не напоўненыя: ультрамадэрная тэрміналогія (“офіс Прэзідэнта”) падкрэслівае гэтую пустату. Наогул, не выпадае пярэчыць супраць доўгіх генеалогій беларускай дзяржавы: яны бескарысныя, але й бясшкодныя; у “пошуку праўды” важна, каб яны не былі безальтэрнатыўнымі. Бо ці ствараюць яны трывалы грунт для калектыўнага палітычнага дзеяння і салідарнасці? Ці стане канстытуцыя падмуркам для канстытуцыйнага патрыятызму, які будуць падзяляць і “бел-чырвона-белыя”, і “чырвона-зялёныя”? Чаму досвед народаўладдзя 1990-х пры канструяванні гістарычнай легітымнасці Беларускай рэспублікі цэніцца менш, чым сімвалічная спадчына шляхецкай рэспублікі або Полацкай зямлі?

Цяпер Беларусь падыходзіць да чарговай важнай гадавіны: 30-годдзе незалежнай рэспублікі. Чаму б Канстытуцыі “другой рэспублікі” не акумуляваць традыцыю 1990-х гадоў? На французскі ўзор, яна б магла ўключаць Дэкларацыю аб суверэнітэце і Асноўны закон 1994 года. Трэцім складнікам маюць быць цяперашнія праўкі: прадуманыя, таму ашчадныя; паводле класіка, “лучше меньше, да лучше”. Урэшце, Канстытуцыя 1994 года не павінна ўтрымліваць асобны раздзел пра ўрад, каб зрабіць яго самастойным органам дзяржаўнай улады. Дастаткова пазбавіць прэзідэнта права самастойна выдаваць указы і скасоўваць акты кабінета (самахоць звальняць ключавых міністраў ён і так не мае права). Суддзі маюць прызначацца пажыццёва. Паветы (раёны) павінны стаць суверэннымі палітычнымі супольнасцямі, і гэты суверэнітэт павінен грунтавацца на важкіх рэсурсах. Для ўсіх гэтых пераўтварэнняў няма патрэбы наноў пісаць Асноўны закон.

* * *

Традыцыі, вядома, не самае важнае. Але ўвага да іх сігналізуе малаўлоўныя рэчы, і няможна адкаснуцца думкі пра нейкую цвёрдую логіку счапленняў між паасобнымі фактамі. ГКК, пазбаўленая інтарэсу да гісторыі беларускай палітыкі, распрацавала скрозь безаблічны праект. Ён выкананы ў найлепшых традыцыях апазіцыйнага істэблішмента апошніх дзесяцігоддзяў, якія жорстка крытыкаваў Віталь Сіліцкі. Гаворка пра адчужанасць ад беларускага кантэксту: для мясцовых праблем прапануюцца развязанні, некрытычна перанятыя ад краін-суседак. І гэты момант ключавы. 2020 год, які пакончыў з легітымнасцю беларускай карпаратыўнай дзяржавы, выявіў і незапатрабаванасць старой апазіцыі. Прапанове Бабарыкі была ўласцівая большая элегантнасць, самастойнасць – дарма што яе, трэба думаць, распрацавала вузкае кола “недасведчаных” людзей ва ўмовах цэйтноту.

Сістэматычныя адсылкі да досведу “першай рэспублікі” дазволяць пераазначыць ідэі дэмакратычнай легітымнасці, калектыўнай салідарнасці і народнага суверэнітэту як “свае”, “беларускія”. Вядома, самі па сабе ідэі не маюць нацыянальнай прыналежнасці. Гэта суб’екты дыскурсу, людзі прыпісваюць ім “чужынскі” ці “свойскі” статус. Пасля 1991 года палітычная легітымнасць дэмакратычнага руху ў Беларусі стабільна заставалася дэфіцытнай. У Польшчы ці ў Літве “вяртанне ў Еўропу” было вяртаннем у нармальнасць; у Беларусі – хутчэй не, чым так[9]. Нават некаторыя відныя дэмакраты не хавалі свайго скепсісу што да здольнасці беларускага народа да дэмакратычнага сужыцця (так выказваліся многія лідары БНФ, у тым ліку Быкаў). Успрыманне дэмакратычных ідэй як чужынскіх, прыўнесеных звонку (напрыклад, пазычаных з «Прыбалтыкі») у беларускай палітыцы канца 1980-х было, вядома, канструкцыяй – «сымвалам» – аднак мела такую ж матэрыяльную вагу, як «паветра, Сонца і Зямля»[10]

ГКК выбірала паміж дзвюма альтэрнатывамі: або падтрымаць ідэю Бабарыкі (вятанне да Канстытуцыі 1994 года і ейнае далейшае рэфармаванне), або адразу выступіць з цалкам новым праектам. Выбраўшы другі варыянт, камісія сутыкнулася з праблемай палітычнай легітымнасці гэтага праекта. Усё ж Канстытуцыя 1994 года была ўхваленая пасля трох гадоў напружаных спрэчак, яна дзейнічала, і “асаблівы шлях” Беларусі юрыдычна пачаўся з ліквідацыі ўстаноўленага ёй рэспубліканскага ладу. Сама ГКК, здаецца, бачыць гэтую праблему, адсюль імкненне легітымізаваць праект рэформы праз як мага шырэйшае грамадскае абмеркаванне. Не ўгрунтаваны ў беларускай палітычнай традыцыі, праект “народнага” Асноўнага закона пакуль што саступае прапанове Бабарыкі.

 

[1] «Читая «малую Конституцию», nmnby.org.

[2] Адкрытае грамадства, 9/2000; Беларуская перспектыва, май-ліпень 2000.

[3] Народная газета, нр. 201-202, 1996.

[4] Аўтарскія падлікі пав.: Добры вечар, май 1995.

[5] Гл. Гомельская праўда, май 1995.

[6] Гл. таксама https://people.onliner.by/2019/07/15/regioni_minsk

[7] Доўная дарога ад тыраніі.

[8] Пра розныя тактыкі камуністычнай эліты ў эпоху перастройкі гл. Abdelal, Rawi (2002): Memories of Nations and States: Institutional History and National Identity in Post-Soviet Eurasia. In: Nationalities Papers (3), S. 459–484; Darden, Keith; Grzymala-Busse, Anna (2006): The Great Divide: Literacy, Nationalism, and the Communist Collapse. In: World Politics 59 (1), S. 83–115.

[9] Гл. зноску 9, а таксама: Balmaceda, Margarita M. (2014): Living the High Life in Minsk. Russian Energy Rents, Domestic Populism and Belarus' Impending Crisis. Budapest: Central European Univ. Press.

[10] Параўн. Sahlins, Marshall David (2017): The Original Political Society. In: HAU: Journal of Ethnographic Theory (2), S. 91–128.

Вам можа спадабацца