Цяжкі скон імперыі. Як Літва прарывалася да свабоды і незалежнасці

Гісторыя

Цяжкі скон імперыі. Як Літва прарывалася да свабоды і незалежнасці

Частка першая: год 1990-ы

Дзякуючы традыцыям дзяржаўнасці ў мііжваенную пару Літва (а таксама Латвія і Эстонія) апынуліся ў аванградзе гарбачоўскай «перабудовы».  Менавіта тут утварыліся і сталі хутка набіраць папулярнасць т.зв. народныя франты — першапачаткова грамадска-палітычныя рухі за перабудову. У Літве, у прыватнасці, узнік славуты «Саюдзіс».

Нейкі час Масква разлічвала, што зможа змусіць прыбалтаў не ўздымаць пытанне аб палітычнай незалежнасці.Так, 27 лістапада 1989 года Вярхоўны Савет СССР зацвердзіў закон аб эканамічнай самастойнасці Літвы, Латвіі і Эстоніі. Аднак гэтыя надзеі выявіліся марнымі. У Літве рашэннем XX з’езду КПЛ (снежань 1989 года) аформілася самастойная (незалежная ад КПСС) Камуністычная партыя Літвы на чале з Альгірдасам Бразаўскасам.

XX з’езд Кампартыі Літвы, снежань 1989 года.

Расцаніўшы гэта як імкненне Літвы выйсці са складу Савецкага Саюза, занепакоены Міхаіл Гарбачоў у студзені 1990 года вымушаны быў наведаць мяцежную рэспубліку. На сустрэчах з жыхарамі Вільні і Шаўляя савецкі генсек як мантру паўтараў словы пра тое, што «разделиться мы не сможем». Ён таксама заявіў, што калі нават Расія пажадала б стаць незалежнай, то ў яе не хапіла бы на гэта рэсурсаў.

Мітынг на кафедральнай плошчы Вільні. 10 студзеня 1990 года.

Візіт савецкага лідара быў прымеркаваны яшчэ да адной падзеі: 24 лютага 1990 года павінны былі адбыцца выбары ў Вярхоўны Савет Літвы. Іх вынікі было няцяжка праказаць, бо амаль усю рэспубліку ахапілі шматтысячныя мітынгі у падтрымку суверэнітэту Літвы. 7 лютага 1990 года Вярхоўны Савет Літвы прыняў пастанову, паводле якой Дэкларацыя Народнага сейма Літвы ад 21 ліпеня 1940 года і Закон Вярхоўнага Савета ССР ад 3 жніўня 1940 года аб уваходжанні Літвы ў склад Савецкага Саюза абвяшчаліся незаконнымі. Пастанова назвала гэта актам акупацыі і агрэсіі, «здзейсненым сталінісцкім СССР пры рэалізацыі сваіх сакрэтных дамоўленасцяў з гітлераўскай Германіяй».

Па выніках выбараў 24 лютага 1990 у Вярхоўны Савет Літвы абралі 133 дэпутаты. 70 дэпутатаў былі беспартыйныя, 63 дэпутаты — «члены розных партый»: КПЛ (члены Літоўскай кампартыі на платформе КПСС выбары прайгралі), сацыял-дэмакраты, «зялёныя» і інш. Вельмі ўражваў адукацыйны патэнцыял абранага літоўскага Вярхоўнага Савета: 42 дэпутаты мелі навуковыя ступені і 26 — навуковыя званні.

Большасць дэпутатаў аб’ядноўвала тое, што яны былі прыхільнікамі незалежнасці Літвы і «Саюдзіса». 10 сакавіка 1990 года старшынёй Вярхоўнага Савета Літвы быў абраны прафесар Віленскай кансерваторыі Вітаўтас Ландсбергіс. Яго падтрымаў 91 дэпутат (супраць —  42). За яго канкурэнта Альгірдаса Бразаўскаса прагаласавалі 38 дэпутатаў (супраць — 95).

11 сакавіка 1990 года дэпутаты новага літоўскага парламента зацвердзілі Акт аб аднаўленні незалежнай Літоўскай дзяржавы. Тэрыторыя Літвы абвяшчалася адзінай і непадзельнай, з гэтага часу на ёй не дзейнічалі канстытуцыі іншых краінаў.

У той жа дзень Вярхоўны Савет Літвы ухваліў Закон аб назве дзяржавы і гербе. Ва ўсіх нарматыўных прававых актах павінны былі выкарыстоўвацца назва «Літоўская рэспубліка» («Літва») і выява Віціса.

Беларускія плакаты ў падтымку незалежнасці Літвы, сакавік 1990 года.

Паводле спецыяльнага Закона ад 11 сакавіка 1990 года ўсе саюзна-рэспубліканскія міністэрствы, установы, прадпрыемствы, якія знаходзіліся на тэрыторыі Літвы, падпарадкоўваліся ёй.

У звароце да народаў свету гаварылася, што Літва вяртаецца ў сям’ю вольных дзяржаў свету і спадзяецца на іх братэрскую дапамогу і салідарнасць.

17 сакавіка 1990 года быў сфармаваны літоўскі ўрад. Яго ўзначаліла прыхільніца рыначных рэформаў, доктар эканамічных навк і член сейма «Саюдзіса» Казімера Прунскене. Яе намеснікам стаў, дарэчы, Альгірдас Бразаўскас.

У адказ Міхаіл Гарбчаоў, які быў абраны Прэзідэнтам СССР на III нечарговым з’ездзе народных дэпутатаў, літаральна пачаў «бамбіць» Вярхоўны Савет Літвы і асабіста Вітаўтаса Ландсбергіса зваротамі, тэлеграмамі, у якіх ультыматыўна патрабаваў скасаваць Акт ад 11 сакавіка 1990 года. 

21 сакавіка 1990 года Міхаіл Гарбачоў падпісаў указ «Аб дадатковых захадах па забеспячэнні правоў грамадзянаў, ахове суверэнітэту Саюза ССР на тэрыторыі Літоўскай ССР». Паводле ўказа грамадзяне, якія пражывалі ў Літве, мусілі ў сямідзённы тэрмін здаць у міліцыю агнястрэльную зброю. Памежныя войскі КДБ СССР былі павінны узмацніць ахову ўчастка савецкай дзяржаўнай мяжы, які праходзіў па Літве.

 Мітынг у падтрымку незалежнасці Літвы. Вільнюс, 11 сакавіка 1990 года.  На некаторых плакатах бачна дата 12 ліпеня 1920 года. Тады быў заключаны мірны дагавор паміж Літвой і РСФСР. Паводле дагавора, Савецкая Расія  прызнала  незалежнасць Літвы.

Беларуская ССР адназначна стала на бок Масквы. 27 сакавіка 1990 года ЦК КПБ зацвердзіў свой зварот да камуністаў, усіх працоўных Літвы. У звароце новае кіраўніцтва Літвы («ваяўнічыя палітыканы») абвінавачвалася ў рэстаўрацыі старых парадкаў і маральным тэроры ў адносінах да камуністаў.

29 сакавіка 1990 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР накіраваў у Вярхоўны Сввет Літвы заяву, у якой паведамлялася: у выпадку выхаду Літвы са складу СССР Беларусь можа патрабаваць ад Літвы вяртання Вільні і іншых некаторых тэрыторый.

Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання, які пачаў сваю працу 15 мая 1990 года, ажно да крывавых падзей 1991 года не выказваў сваю пазіцыю адносна Літвы.

14 сакавіка 1990 года Вярхоўны Савет Літвы прыняў пастанову аб скасаванні вайсковых камісарыятаў. У адказ Міністэрства абароны СССР абвінаваціла Літву ў зрыве вясновага вайсковага прызыву. У сваю чаргу Вярхоўны Савет Літвы  4 красавіка 1990 года ў звароце да юнакоў Літвы заявіў, што яны павінны служыць толькі ў Літве:

«Масква, якая некалькі дзесяцігоддзяў абвяшчала права нацый на самавызначэнне, не жадае, каб Літва жыла свабодна і незалежна…Усеагульная адмова грамадзян Літвы ад вайсковай службы была б яшчэ адным крокам на карысць незалежнасці Літвы».

У адказ на гэта 24 сакавіка 1990 года на першай паласе газеты Беларускай вайсковай акругі «Во славу Родины» быў апублікаваны верш «Руку дай, Литва!», аўтарам якога значыўся «подполковнік запаса А. Косов».

Не даешь ты мне, Литва, покоя,

Болью отзываешься в душе.

Веришь? Ощущение такое —

Будто стою на рубеже.

Посмотри вокруг, кто мутит воду,

Без работы обещая рай.

Хочешь потерять свою свободу?

Потерять Союз наш? Выбирай!

Неўзабаве на старонках «Во славу Родины» было апублікавана інтэрв’ю з дэпутатам Віктарам Шэйманам, які назваў Акт ад 11 сакавіка 1990 года «буржуазным креном».

Адначасова ў гэтай газеце друкаваліся інтэрв’ю з літоўцамі, якія праходзілі службу ў БССР. Тыя запэўнівалі, што Літва ніколі не аддзеліцца ад СССР, што «Саюдзіс» канчаткова страціў папулярнасць і г.д. Таксама на старонках «Во славу Родины» каяліся салдаты-літоўцы, якія на заклік новых літоўскіх уладаў самавольна пакінулі  свае часткі.

У газету шмат пісаў яе спецыяльны карэспандэнт, старшы лейтэнант Аляксандр Тамковіч (сёння — вядомы журналіст).

Да дыскрэдытацыі новага літоўскага кіраўніцтва падключыліся і іншыя выданні БССР.

Газета «Звязда» ў сакавіку 1990 года апублікавала матэрыял журналістаў Марыі Міхаевіч і Яраслава Чаплі «Чырвоны Шальчынінкай». Журналісты папрысутнічалі на пленуме райкома Кампартыі Літвы (на платформе КПСС) і паразмаўлялі з яе першым сакратаром Міколасам Буракявічусам. Выснова з матэрыялу была такая: новая літоўская ўлада свядома абастрае сітуацыю, маніпулюе сродкамі масавай інфармацыі, захапіла маёмасць і г.д.

27 сакавіка 1990 года па загадзе з Масквы вайскоўцы Савецкай Арміі захапілі шэраг адміністратыўных будынкаў у Вільні, у тым ліку будынак ЦК Кампартыі Літвы. Акрамя таго, савецкія дэсантнікі ўварваліся ў дзве псіханеўралгічныя бальніцы: у Вільні і ў Каўнаскім раёне. У апошняй забралі адтуль двух юнакоў, якія там лячыліся. Вітаўтас Ландсбергіс накіраваў зварот з асуджэннем да міжнароднай супольнасці. Першай адгукнулася Чэхаславакія. Яе кіраўнік Вацлаў Гавел 29 сакавіка прыслаў ліст Вітаўтасу Ландсбергісу ліст з падтрымкай.

У самой Літве пачалі фармавацца народныя дружыны для аховы будынкаў і грамадскага парадку. Іх апазнавальным знкам стала зялёная павязка на левай руцэ.

9 красавіка 1990 года пад старшынствам Міхаіла Гарбачова адбылося пасяджэнне Прэзідэнцкага Савета, цалкам прысвечанае Літве. Згодна з прынятымі на ім рашэннямі, 18 красавіка 1990 года ў 21:30 у Літву была цалкам спынена падача нафты і рэзка зменшылася падача газу: да 3,5 млн. кубаметраў замест звычайных 18 млн. Былі рэзка скарочаны пастаўкі драўніны, металу і інш.

Вітаўтас Ландсбергіс выступае на мітынгу ў падтрымку Літвы. Вільнюс, 7 красавіка 1990 года. На мітынгу прысутнічала дэлегацыя ад БНФ на чале з Зянонам Пазьняком.

Увядзенне эканамічнай блакады суправаджался сілавымі правакацыямі. Так, 20 красавіка 1990 года салдаты ўнутраных войскаў СССР разграмілі адну з віленскіх друкарняў. Былі збітыя аццаць дружыннікаў, а таксама некалькі дэпутатаў Вярхоўнага Савета Літвы.

З гэтага часу краіна фактычна пачала жыць у стане аблогі, а бензін ператварыўся ў дэфіцыт. 24 красавіка 1990 года Вярхоўны Савет Літвы стварыў адмысловую Дзяржаўную камісію пас супрацьблакадных захадах.

У дадатак прэм’ер-міністар Літвы Казімера Прунскене распачала замежнае турнэ і на працягу тыдня наведала Швецыю, Нарвегію і Данію. Адначасова літоўскі ўрад рабіў намаганні па наладжванні непасрэдных кантактаў з пастаўшчыкамі прадукцыі з розных рэгіёнаў СССР.

З’явіліся першыя ахвяры. 26 красавіка 1990 года ў Маскве ў знак пратэсту супраць эканамічнай блакады спаліў сябе жыхар Каўнаса Станіславас Жэмайціс.

Разам з эканамічнай блакадай Літвы пачалася чарговая прапагандысцкая кампанія. У прэсе БССР пабачыў свет артыкул пад назвай «В тупике или на перепутье? О национальном вопросе и не только о нем» кандыдата філасофскіх навук Святланы Навумавай (1956-2011, на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года — даверанай асобы Уладзіміра Някляева). У артыкуле Літва абвінавачвалася ў эканамічным сепаратызме, паразітызме і сцвярджалася, што яе выхад Літвы з СССР магчымы толькі праз рэферэндум.

Пачалі друкавацца лісты жыхароў Літвы, якіх нібыта праследавалі і якія нібыта прасіліся ў Беларусь. Напрыклад, «Звязда» ў нумары за 24 красавіка 1990 года апублікавала ліст ад жыхара Вільні Мартыля Валянціна Віктаравіча:

«У сувязі з тым, што да ўлады прыйшоў урад прафашысцкай арганізацыі “Саюдзіс”, што распальвае нацыянальную варожасць, выдае антысавецкія законы, прыняў Канстытуцыю Літвы 1937 года, якая стаіць на варце буржуазнага ладу, прашу прадаставіць маёй сям’і з трох чалавек палітычнае прыстанішча. Спадзяюся быць карысным беларускаму народу».

У выніку блакады ўзровень жыцця большасці літоўцаў катастрафічна ўпаў. Спыніліся ўсе літоўскія цеплаэлектрастанцыі, якія працавалі на мазуце. Неўзабаве надыйшла чарга Ігналінскай АЭС: на ёй працаваў толькі адзін генератар другога блока.

Праз эканамічную блакаду 6 чэрвеня ў краіне вымушана не працавалі 15,8 тыс. чалавек, з іх — 14 тыс. на асноўнай працы.

Нягледзячы на дыпламатычныя намаганні Казімеры Прунскене (у маі яна сустрэлася з Джорджам Бушам-старэйшым, Франсуа Мітэранам, Гельмутам Колем і Маргарэт Тэтчэр), Захад не хацеў псаваць адносінаў з СССР.

Казімера Прунскене падчас сустрэчы з Маргарэт Тэтчэр.

Савецкае кіраўніцтва заявіла, што перамовы з Літвой магчымыя толькі пасля скасавання ёй Акта ад 11 сакавіка 1990 г. Менавіта такую ўмову паставілі перад Казімерай Прунскене Міхаіл Гарбачоў і старшыня Савета Міністраў СССР Мікалай Рыжкоў на адмысловай сустрэчы 17 мая 1990 года. 13 чэрвеня 1990 года такі ж самы адказ атрымаў на сустрэчы з савецкім кіраўніцтвам Вітаўтас Ландсбергіс.

І тады Казімера Прунскене прапанавала не скасоўваць Акт ад 11 сакавіка 1990 года, а абвясціць на яго мараторый. І 29 чэрвеня 1990 года Вярхоўны Савет Літвы абвясціў, што Літва на 100 дней уводзіць мараторый на Акт ад 11 сакавіка 1990 года з мэтаю міждзяржаўных перамоваў з СССР.

У адказ Міхаіл Гарбачоў 9 ліпеня 1990 года падпісаў указ аб стварэнні саюзнай дэлегацыі для перамоваў з Літвой. У склад камісіі ўвайшлі будучы галоўны путчыст Генадзь Янаеў і старшыня Савета Міністраў БССР Вячаслаў Кебіч. Камісію ад Літвы ўзначаліла Казімера Прунскене.

Адначасова літоўцы пачалі наладжваць адносіны непасрэдна з Расіяй. Гэтаму спрыяла тое, што Вярхоўны Савет РСФСР у маі 1990 года ўзначаліў Барыс Ельцын, які падчас свайго неафіцыйнага візіту ў Барселону на форум «Еўропа без межаў» у красавіку 1990 года публічна выказаўся супраць эканамічнай блакады Літвы. 5 жніўня 1990 года Літву наведаў старшыня Савета Міністраў РСФСР Іван Сілаеў. У выніку візіту быў падпісаны дагавор аб эканамічна-гандлёвым супрацоўніцтве на 1991 год.

2 кастрычніка 1990 года адбылася першая сустрэча дэлегацый Літвы і СССР. На ёй быў абмеркаваны шэраг пытанняў без канкрэтных рашэнняў. Пачатак перамоваў суправаджаўся правакацыямі. Так, у ноч з 4 на 5 кастрычніка 1990 года мела месца спроба ўзарваць скульптурны манумент “Маці” ў Крыжкальнісе. 20 кастрычніка 1990 года адбылася другая сустрэча, якая, аднак, асаблівага плёну не дала.

Паралельна савецкае кіраўніцтва спрабавала паставіць пад свой кантроль эканоміку Літвы. Так, 23 кастрычніка 1990 года Савет Міністраў СССР выдаў пастанову №1070 «Аб пераўтварэнні саюзных дзяржаўных прадпрыемстваў, аб’яднанняў і арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі Літоўскай ССР, у акцыянерныя таварыствы», якая выводзіла гэтыя гаспадарчыя суб’екты з-пад юрысдыкцыі літоўскай дзяржавы.

7 лістапада савецкія вайскоўцы сцягнулі ў Вільню бронетэхніку, і ў гонар “Вялікага Кастрычніка” правялі вайсковы парад (у парушэнне прынятай 23 кастрычніка 1990 года Вярхоўным Саветам Літвы пастановы, паводле якой вайсковыя парады ў Літве маглі правадзіцца толькі з дазволу Прэзідыуму Вярхоўнага Савета Літвы). У той жа самы дзень, 7 лістапада, савецкія дэсантнікі зрабілі спробу захапіць будынак кансерваторыі. У сувязі з гэтым Вітаўтас Ландсбергіс заявіў, што «армія Саюза ССР у Літве ёсць часткай мілітарысцкай сістэмы і ідэалогіі другой дзяржавы, якая перажывае цяпер глыбокі крызіс». 8 лістапада 1990 года Вярхоўны Савет Літвы зацвердзіў пастанову «Аб службе жыхароў Літоўскай Рэспублікі ва Ўзброеных Сілах ССР». Напрыклад, на тых, хто добраахвотна вырашыў служыць у Савецкай Арміі, не распаўсюджваліся ільготы працоўнага і жыллёвага заканадаўства.

Увогуле, экскалацыя напружанасці паміж Літвой і саюзным цэнтрам працягвалася ўвесь месяц. Так, 10 лістапада кіраўнік Савета Міністраў СССР і старшыня Дзяржплана СССР накіравалі Літве заяву, якую самі літоўцы неўзабаве ахрысцілі як «ультыматум Рыжкова-Маслюкова»: калі Літва не прымае савецкіх умоваў, то з ёй абрываюцца ўсялякія эканамічныя і гандлёвыя сувязі. 

У наступным месяцы Літва зрабіла два ўдалыя дыпламатычныя крокі. 7 снежня 1990 года яна заключыла з Украінай гандлёва-эканамічнае пагадненне на 1991-1995 гады. 11 снежня 1990 года Вітаўтас Ландсбергіс з афіцыйным візітам наведаў ЗША і сустрэўся з амерыканскім прэзідэнтам.

У адказ на гэта 13 снежня 1990 года на імя Вітаўтаса Ландсбергіса паступіла тэлеграма, у якой паведамлялася, што запланаваны на 14 снежня чарговы раўнд перамоваў адкладваецца па ініцыятыве Мікалая Рыжкова. А з 20 снежня 1990 года начальнік Клайпедскага гарнізона па распараджэнні прэзідэнта СССР і міністэрства абароны СССР увёў вайсковае патруляванне на вуліцах горада.

Літоўскае кіраўніцтва расцаніла гэта як грубае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы і накіравала адпаведную ноту.

У новы 1991 год Літва ўступала з цэлым комплексам эканамічных праблемаў на фоне супрацьстаяння з саюзным цэнтрам. Урад Літвы рашыўся на радыкальныя крокі. 7 студзеня 1991 года ён абвясціў пра істотнае падвышэнне рознічных цэнаў. Аднак 8 студзеня 1991 года Вярхоўны Савет Літвы прыпыніў дзеянне ўрадавай пастановы. У адказ Казімера Прунскене падала ў адстаўку. Але праблема цэнаў хутка надыйшла на другі план.

10 студзеня 1991 года Міхаіл Гарбачоў накіраваў літоўскаму парламенту зварот. У  ім сцвярджалася, што адносіны паміж Літвой і Масквой па сутнасці зайшлі ў тупік. Савецкі лідар ва ўсіх бедах абвінаваціў літоўскі бок. У звароце Міхаіл Гарбачоў рашуча патрабаваў «незамедлительно восстановить действие в полном объёме Конституции СССР и Конституции Литовской СССР, отменить принятые ранее антиконституционные акты». Фактычна гэта была прэлюдыя вайсковай агрэсіі. На заклік Вярхоўнага Савета Літвы на вуліцы выйшлі дзясяткі тысячаў людзей.

11 студзеня 1991 года савецкія вайскоўцы распачалі спецаперацыю: на працягу дня яны захапілі Дом друку ў Вільні, а таксама шэраг адміністрацыйных будынкаў у іншых літоўскіх гарадах. У ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года спецгрупа КДБ «Альфа» і савецкія армейскія падраздзяленні ажыццявілі штурм тэлецэнтра ў Вільнюсе. У выніку загінулі 13 літоўцаў — абаронцаў тэлецэнтра.

Перад Літвой паўсталі новыя выклікі па абароне сваёй незалежнасці. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Вам можа спадабацца