Партызанка па нью-ёркскім сцэнарыі, Або як фантазіі падмяняюць рэальнасць

Меркаваньні

Партызанка па нью-ёркскім сцэнарыі, Або як фантазіі падмяняюць рэальнасць

Выданне, што аглядаецца: Хадарэнка, І. Падручнік партызанкі. — Нью-Ёрк, 2021. — 50 с.

Выглядае, што неўзабаве т.зв. “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў” можа папоўніцца яшчэ адным выданнем. Гаворка ідзе пра пяцідзесяцістаронкавы «Падручнік беларускай партызанкі», выхад якога быў прымеркаваны да Дня беларускай вайсковай славы.

Аўтарка — культуролаг і паэтка Ірына Хадарэнка — прысвяціла гэту кніжку сваім продкам, якія «бралі ўдзел у партызанскім руху і актыўна змагаліся з несправядлівасцю».

Словам «партызан» у нас цяпер нікога асабліва не здзівіш. Не чужое яно і для незалежнага грамадства: прыгадаем, што яшчэ ў 2005 годзе вядомы журналіст Павел Шарамет заснаваў сайт «Беларускі партызан».

Але з пункту гледжання зместу кніжка адразу звяртае ўвагу сцвярджэннем, што

«сёння ў Беларусі існуе своеасаблівая сістэма дзяржаўнага тэрарызму, якая, дарэчы, цалкам адпавядае прынцыпам Жэнеўскай Дэкларацыі аб тэрарызме («The Geneva Declaration on Terrorism») (1987)».

Таму аўтарка мяркуе, што з існуючай беларускай дзяржаўна-палітычнай мадэллю трэба змагацца не толькі законнымі метадамі. Ідэю ж негвалтоўнай барацьбы яна называе мазахізмам.

Калі б такая кніжка выйшла ў Беларусі, то яе чакала б змрочная перспектыва, а аўтара, магчыма, і крымінальны пераслед. На шчасце, Ірына Хадарэнка знаходзіцца бяспецы: з 2016 года яна стала пражывае ў Нью-Ёрку, які, дарэчы, і пазначаны месцам выхаду.

Але гэта не адзінае пытанне да кніжкі.

Ва ўводнай частцы апісваецца ўзнікненне і развіццё партызанскага руху на беларускіх землях. Адзначаецца, што гэтая з’ява бярэ свой пачатак у сярдзіне XVII стагоддзя (вайна Масквы і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гадоў) і працягваецца падчас паўстанняў 1794, 1830-1831 і 1863-1864 гадоў. Згадваюцца канкрэтныя асобы, у прыватнасці, Эмілія Плятэр.

І ўжо тут мы бачым парушэнне аднаго з галоўных прынцыпаў навукі — аб’ектыўнасці. Чаму нічога не згадваецца пра партызанскі рух на беларускіх землях падчас вайны Расіі з Напалеонам? Той факт, што такі рух існаваў, пацверджаны дакументальна. І беларускія сяляне стваралі партызанскія атрады не толькі па загадах царскіх чыноўнікаў, але і з-за інстынкту самазахавання: «вялікая армія» французскага імператара не цуралася банальных рабаванняў. У гісторыю ўвайшло імя сялянкі з Полаччыны Фядоры Міроновай, якая перадавала рускаму камандаванню звесткі пра дыслакацыю французскіх войскаў. За гэта яна была вызвалена з прыгоннага права.

Альбо іншы прыклад. Аўтарка зазначае, што ў перыяд Другой сусветнай вайны ў партызанскім руху згодна з афіцыйнымі падлікамі прымала ўдзел агулам каля 375 тысяч жыхароў Беларусі. І дадае: шостую частку з іх складалі жанчыны. Але чамусьці не называе ніякіх прозвішчаў. Можна хаця б нагадаць пра Веру Харужую ці Зінаіду Партнову. Так, яны шчыра верылі ў камуністычныя ідэалы, і заплацілі за гэта сваімі жыццямі.

Ёсць у кніжцы і іншыя меркаванні, з якімі нельга пагадзіцца:

 «Вядома, што негвалтоўны супраціў не дапамог вырашыць праблемы ні з нацысцкім рэжымам у Германіі, ні ў барацьбе супраць А. Піначэта, С. Хусэйна, М. Кадафі, Н. Мадура і шмат каго яшчэ. Больш за тое — негвалтоўны супраціў вельмі часта суправаджаецца значнай колькасцю ахвяр сярод пратэстоўцаў».

А як жа «аксамітавыя» рэвалюцыі ў краінах былога савецкага блоку (акрамя Румыніі)? Ці падзеі ў Арменіі ў 2018 годзе? Да таго ж актыўныя маніфестацыі і мітынгі прымусілі Аўгуста Піначэта пайсці на рэферэндум, па выніках якога чылійскі дыктатар сыйшоў у адстаўку.

У той жа час у гітлераўскай Германіі ўвогуле не існавала моцнага антыфашысцкага руху. Так, былі асобныя групы накшталт «Белай ружы», якія, аднак, шырокага ўплыву не мелі. Грамадства ў большасці ажно да канца вайны было лаяльнае да Гітлера. Ёсць меркаванне, што замах на яго 20 ліпеня 1944 года толькі дадаў яму папулярнасці.

Карыстаючыся класіфікацыяй бразільскага камуніста Карлуса Марыгелы (1911-1969), у прыватнасці, яго працай «Бразільская герылья (Кароткі падручнік гарадскога партызана)», аўтарка прыводзіць грахі (нявопытнасць, ганарыстасць, перабольшванне ўласных сілаў і г.д.), якія, на яе думку, і абумовілі паразу беларускай «рэвалюцыі» 2020-2021 гадоў. Хоць радыкальны тэарэтык Карлус Марыгела аказаў на аўтарку моцны ўплыў (а ён прапагандаваў і напады на аб’екты, захопы заложнікаў, дыверсіі, забастоўкі і інш.), яна ўсё супраць татальнага радыкалізму:

 «У дадзенай брашуры мы не будзем даваць парады кшталту таго, якім чынам паралізаваць рух грамадскага транспарту, паліць міліцэйскія машыны і помсціць карнікам (гэта, пры жаданні, вы зможаце знайсці ў іншых інфармацыйных крыніцах)».

Фармальна, каб не было лішніх арыштаў і пераследу.

У іншым месцы Ірына Хадарэнка цытуе знакамітага рэвалюцыянера Эрнэста Гевару: «Калі стаміўся — адпачні, але пасля гэтага ты ўжо ніколі не будзеш першым». Нагадаем, што «Чэ» быў адным з самых жорсткіх кастраўскіх камандзіраў, які не цураўся рэпрэсій і забойстваў палітычных праціўнікаў.

Узнікае заканамернае пытанне: а ці варта браць такіх дзеячоў у якасці прыкладу? Пагатоў, што прыйшоўшы да ўлады, яны асабліва не цырымоніліся са сваімі апанентамі.

У кнізе прыводзяцца думкі і іншых знакамітых людзей. Побач з Чэ Геварам тут можна сустрэць Бруса Лі і Віктара Цоя. З беларусаў на старонках брашуры прысутнічаюць Вацлаў Ластоўскі, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Кастусь Каліноўскі. Палітычныя лідары 1990-х гадоў, напрыклад, Зянон Пазьняк, не згадваюцца.

Пры гэтым аўтарка ў стылі Пазняка бэсціць лідараў “новай апазіцыі”: яны ўшчаміліся ў палітыку нібы «свіння ў плот» і «пачалі злоўжываць людскім даверам». Яна абвінавачвае іх у гніласці: яны, маўляў, за саюз са «старэйшым братам» Расіяй, захаванне двухмоўя на дзяржаўным узроўні і інш. І робіць катэгарычную выснову: на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года

«так званыя новыя лідары па сутнасці выканалі ролю спарынг-партнёраў, забяспечыўшы высокую яўку і зацягнуўшы людзей да ўдзелу ў бязглуздым маскарадзе на карысць узурпатара».

Няцяжка здагадацца, што гаворка найперш ідзе пра пра Віктара Бабырыку, Святлану Ціханоўскую і Валерыя Цапкалу. Не ідэалізуючы гэтых палітыкаў, адзначым, што гэты паліітыкі выклікалі нябачаны энтузіязм у выбаршчыкаў, а былы банкір стаў разглядацца як сапраўдны нацыянальны лідар.

Баронячы ідэю байкоту выбараў, аўтарка абураецца, што «масавы забег на ўчасткі з мэтай падтрымкі тых ці іншых пратэстных кандыдатаў выявіў сваю поўную бездапаможнасць перад выбарчай сістэмай ва ўмовах дыктатуры».

Гэтаму можна адразу запярэчыць па некалькіх пунктах. Па-першае, у нас так склалася, што прэзідэнцкія выбары сталіся апагеем, найвышэйшай кропкай палітызацыі грамадства. Па-другое, «масавы забег» у большасці адбыўся па жаданні саміх людзей і з гэтым нельга не лічыцца. Па-трэцяе, нават ва ўмовах гіпатэтычнага байкоту дзейная ўлада стоадсоткава абвясціла б "правільныя" вынікі выбараў.

Што да практычнай часткі «Падручніка партызанкі», то шмат з якіх парадаў з проста невыканальныя. Вось аўтарка заклікае не набываць прадукцыю тых вытворцаў, якія «падсілкоўваюць» рэжым, а аддаваць перавагу падтрымцы сумленнага і нацыянальна арыентаванага бізнесу. Дзе знайсці «сумленны і нацыянальна арыентаваны бізнес», напрыклад, у сферы прадуктаў харчавання? Якія крытэрыі яго вызначэння?

Разважанні пра страйк таксама блытаныя. Так, сцвярджаецца, што калі страйк ахопіць менш за дзве траціны працоўных, то ён будзе «суправаджацца штрафамі, звальненнямі, арыштамі і пераследам не толькі непасрэдных удзельнікаў, але і іх родных». Трэба разумець, што штрафаў,  звальненняў і арыштаў не будзе, толькі калі на страйк выйдуць амаль усе працоўныя? Гэта цяпер проста нерэальна. Таксама практычна нерэальныя ў сённяшніх умовах прапанаваныя італьянскі, польскі і японскі страйкі. І ўжо зусім непрымальным выгладае «пашкоджанне прыладаў і сродкаў працы, што вядзе да яе спынення». Масавы часовы сыход на бальнічны альбо ў адпачынак за свой кошт таксама цяжка назваць адэкватным сцэнарыем.

 Заўвагі да брашуры можна было б доўжыць, аднак дастаткова і гэтага (мы, напрыклад, не чапалі “базавых прынцыпаў фізічнай абароны”, якія на фоне агульнага тэкста выглядаюць недарэчна). 

“Базавыя прынцыпы фізічнай абароны”. Ілюстрацыя.

“Базавыя прынцыпы фізічнай абароны”. Ілюстрацыя.

У вядомым фільме «Начны цягнік да Лісабону» ёсць такая фраза: калі дыктатура становіцца фактам, тады рэвалюцыя — абавязкам. З першым у Беларусі ўсё зразумела. А вось з другім пакуль яснасці няма.

Вам можа спадабацца