Цяжкі скон імперыі. Як Літва прарывалася да свабоды і незалежнасці Частка другая: год 1991-ы

Гісторыя

Цяжкі скон імперыі. Як Літва прарывалася да свабоды і незалежнасці Частка другая: год 1991-ы

У выніку крывавых падзеяў 11-13 студзеня 1991 года ў Вільні трынаццаць чалавек загінула, а 580 пацярпела, сярод іх — 152 жанчыны.

У Літве была ўтворана Дзяржаўная камісія па расследаванні злачынстваў, учыненых Узброенымі Сіламі СССР 11-13 студзеня. Згодна з яе падлікамі, агульныя грашовыя страты склалі амаль 36 млн. руб. Асабліва пацярпелі віленская тэлевежа і будынак радыё і тэлебачання. Страты ацэньваліся на 3,6 і 14 млн. руб. адпаведна.

Саюзны цэнтр, дзеянні якога асудзіла нават раней заўсёды лаяльная Беларусь, тым не менш, не збіраўся адпускаць Літву.

У спецыяльнай заяве Вярхоўнага Савета Літвы ад 28 студзеня 1991 года «Аб пашырэнні агрэсіі супраць Літвы і пагрозе вайсковай дыктатуры ў Савецкім Саюзе» утрымлівалася патрабаванне вывесці з яе тэрыторыі войскі ад СССР, а таксама пакінуць захопленыя аб’екты: Дом друку, Віленскую тэлевежу, будынак літоўскага радыё і тэлебачання.

На 9 лютага ў Літве быў прызначаны ўсеагульны плебісцыт. На ім літоўскія грамадзяне павінны былі адказаць на пытанне: «Ці ўхваляеце Вы тое, каб Літоўская дзяржава была незалежнай дэмакратычнай рэспублікай?». Прэзідэнт Гарбачоў, у сваю чаргу, 5 лютага выдаў указ, паводле якога літоўскі плебісцыт абвяшчаўся антыканстытуцыйным. Пачалася актыўная контрпрапаганда. Асабліва стараўся т.зв. «камітэт нацыянальнага выратавання» на чале з літоўскім партфункцыянерам Юозасам Ермалавічусам. З савецкіх верталётаў раскідваліся ўлёткі з заклікам не ўдзельнічаць у плебістыце.

Бюлетэнь плебісцыта ў Літве 9 лютага 1991 года.

Але літоўцы сказалі сваё слова. З 2 млн. 247 тыс. выбаршчыкаў, якія атрымалі бюлютэні для галасавання, 2 млн. 28 тыс., выказаліся станоўча. Падчас плебісцыту мела месца высокая актыўнасць выбаршчыкаў. Толькі ў адным — Шальчынінкайскім — раёне прагаласавалі каля 25% жыхароў, якія былі ўключаны ў спісы.

Яшчэ падчас абвяшчэння Акта аб незалежнасці ад 11 сакавіка 1990 года кіраўніцтва Шальчынінкайскага раёна заняло прасавецкую пазіцыю. Таму не было дзіўна, што ў ім распачалася падрыхтоўка да правядзення 17 сакавіка 1991 года рэферэндуму аб захаванні СССР. 8 сакавіка 1991 года Шальчынінкайскі раённы Савет прыняў пастанову «Аб стварэнні умоў выбаршчыкам для ўдзелу ў рэферэндуме ў СССР 17 сакавіка 1991 года». 12 сакавіка 1991 года Вярхоўны Савет Літвы скасаваў яе.

17 сакавіка 1991 года не абыйшлося без правакацыі. У Вільні быў затрыманы аўтамабіль дэпутата Вярхоўнага Савета Літвы, дырэктара дэпартамента па ахове краю Літоўскай Рэспублікі Аўдруса Буткявічуса. Дэпутата і яго кіроўцу неўзабаве даставілі на базу Віленскага АМАПа і абвінавацілі ў незаконнай перавозцы зброі (у аўтамабілі нібыта знайшлі звыш дзесяці сігнальных ракет, патроны, паляўнічую стрэльбу). Нягледзячы на дэпутацкую недатыкальнасць, Аўдрус Буткявічус быў закуты ў кайданкі. Толькі пасля рашучага ўмяшальніцтва Вітаўтаса Ландсбергіса, які гаварыў па тэлефоне з камандзірам 42-й дывізіі МУС СССР па Паўночным Захадзе і Прыбалтыцы Аляксандрам Жытнікавым, Аўдруса Буткявічуса і яго кіроўцу вызвалілі. На спецыяльным брыфінгу Вітаўтас Ландсбергіс назваў Віленскі АМАП і яго камандзіра Баляслава Макутыновіча звычайнымі бандытамі.

21 сакавіка 1991 года Вярхоўны Савет Літвы зацвердзіў зварот да дэмакратычных краінаў Еўропы, ЗША, Канады, Аўстраліі і Японіі. Літва прасіла падтрымкі для таго, каб спыніць умяшальніцтва Савецкага Саюза ў яе ўнутраныя справы, а таксама вывесці з яе тэрыторыі АМАПа і ўсе савецкія войскі.

23-24 сакавіка 1991 года Вільню наведаў Рычард Ніксан. Былы прэзідэнт Злучаных Штатаў падтрымаў імкненне літоўскага народу да незалежнасці.

Візіт Рычарда Ніксана ў Літву ў сакавіку 1991 года.

Пад ціскам унутраных і знешніх абставінаў Крэмль вымушаны быў пайсці на перамовы. 4 красавіка 1991 года адбылася афіцыйныя сустрэчы літоўскай (ачоленай намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Літвы Часловасам Станкявічусам) і савецкай (на чале з першым намеснікам прэм’ер-міністра СССР Віталіем Дагужыевым) працоўных дэлегацый. На сустрэчы, якая цягнулася амаль сем гадзін, абодва бакі абмеркавалі шырокае кола пытанняў: маёмасць, транспарт, фінансы, дзяржаўную бяспеку, рэжым межаў і інш. Асобным пунктам стаяла падрыхтоўка дакумента аб адносінах паміж Літоўскай Рэспублікай і СССР. Наступную сустрэчу бакі запланавалі на пачатак мая.

Адразу ж за гэтым актывізаваліся сілы, якія імкнуліся не дапусціць нармалізацыі адносінаў. 9 красавіка 1991 года савецкія вайскоўцы захапілі ў Вільні школу спартыўна-тэхнічнага аб’яднання «Вільціс» (былога ДТСААФ). Вітаўтас Ландсбергіс заявіў, што такая правакацыя — альбо «здзек над палітычным кіраўніцтвам СССР», альбо «яго ўласная двудушнасць».

Літва не стамлялася маральна-псіхалагічна ўздзейнічаць на сваіх праціўнікаў. 18 красавіка 1991 года Вярхоўны Савет Літвы прыняў зварот да вайскоўцаў Cавецкай арміі і войскаў КДБ, дыслакаваных у Літве, а 20 красавіка 1991 года – Мемарандум аб неабходнасці аднаўлення прававых міждзяржаўных адносінаў паміж Саюзам ССР і Літоўскай Рэспублікай. У іх абгрунтоўвалася незалежнасць літоўскай дзяржавы і бесперспектыўнасць Савецкага Саюза ў ранейшым выглядзе.

Неўзабаве, у ноч з 24 на 25 красавіка 1991 года, савецкія дэсантнікі захапілі шэраг спартыўных школаў вучэбнага цэнтра «Вільціс»: у Каўнасе, Шаўляі, Клайпедзе, Алітусе і Панявежысе. Таксама яны занялі шэраг авіяклубаў і завод авіяцыйнай спартыўнай тэхнікі ў Прэнаі.

У пачатку наступнага месяца Літва атрымала дыпламатычную перамогу: 8 мая 1991 года амерыканскі прэзідэнт Джордж Буш прыняў у Белым доме лідараў трох балтыйскіх дзяржаў. Літву прадстаўляў сам Вітаўтас Ландсбергіс як старшыня Вярхоўнага Савета, Латвію і Эстонію — кіраўнікі ўрадаў. І хаця ніякіх дамоваў падпісана не было, тым не менш, амерыканскі лідар пацвердзіў, што будзе адстойваць пытанне незалежнасці Літвы, Латвіі і Эстоніі на сустрэчы з Міхаілам Гарбачовым пры запланаваным падпісанні Дагавора аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў у Маскве ў канцы ліпеня 1991 года. Па словах Джорджа Буша, Савецкаму Саюзу было б выгадна мець трох добрых суседзяў, «тры маленькія Фінляндыі». Дарэчы, прэзідэнт ЗША стрымаў сваё слова. У сваіх мемуарах «Жизнь и реформы» Міхаіл Гарбачоў адзначае, што на сустрэчы Джордж Буш прасіў яго «найти возможность отсечь, отпустить на волю эти республики».

Аднак дыпламатычная перамога была азмрочана новымі правакацыямі. 19 мая 1991 года быў застрэлены 34-х гадовы начальнік пагранічна-кантрольнай змены Шальчынінкайскай заставы Гінтарас Жагуніс. Прычынай яго смерці, хутчэй за ўсё, была банальная помста. За дзень да гэтага быў на мяжы з Шальчынінкайскім раёнам быў забіты беларускі міліцыянер — участковы інспектар Воранаўскага РАУС, капітан Аляксандр Фіясь. Неўзабаве ў Ашмянах затрымалі трох маладых людзей, падазраваных у забойстве Гінтараса Жагуніса. Сярод затрыманых апынуўся малодшы брат Аляксандра Фіяся.

Абодва бакі вырашылі ўрэгуляваць праблему мірна. Прэм’ер-міністра Літвы Гедзімінас Вагнорус і старшыня Савета Міністраў БССР Вячаслаў Кебіч дамовілся аб стварэнні адпаведнай двухбаковай камісіі.

Справа «Жагуніса-Фіяся» была выкарыстана сіламі, варожымі Літве. Так, 23-25 мая 1991 года байцы Віленскага (і Рыжскага) АМАПа знішчылі шэраг мытных і кантрольна-прапускных пунктаў Літвы.

27 мая 1991 года Вярхоўны Савет Літвы зацвердзіў пастанову «Аб АМАПе Міністэрства ўнутраных спраў СССР, іншых фармаваннях СССР у Літве і іх дзеяннях супраць Літоўскай Рэспублікі і яе насельніцтва». Фармаванні АМАП МУС СССР на тэрыторыі Літвы называліся «шайкай бандытаў і тэрарыстаў» і абвяшчаліся незаконнымі.

24 мая 1991 года Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР прызнаў, што закон Літвы аб грамадзянстве не мае юрыдычнай моцы. У адказ літоўскі бок заклікаў Крэмль адмовіцца ад «канстытуцыйнай агрэсіі».

Да таг ж, у маі Масква запатрабавала ад Літвы выплаціць у агульнасаюзны бюджэт за першы квартал 1991 года 375 млн. руб., і 325 млн. руб. — у пазабюджэтны фонд стабілізацыі эканомікі СССР.

Нечакаканая падтрымка Літве ў той час прыйшла з боку Расіі. 12 чэрвеня 1991 года прэзідэнтам Расіі стаў Барыс Ельцын. Абраны, у адрозненне ад Міхаіла Гарбачова, мільёнамі расіянаў, ён меў рэальную легітымнасць. Вітаўтас Ландсбергіс накіраваў віншавальную тэлеграму новаабранаму расійскаму лідару.

Ужо праз восем дзён пасля сваёй інаўгурацыі (адбылася 10 ліпеня 1991 года) расійскі прэзідэнт у Доме Саветаў РСФСР сустрэўся з Вітаўтасам Ландсбергісам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі праект Дагавора аб асновах міждзяржаўных адносінаў паміж РСФСР і Літвой.

Вітаўтас Ландсбергіс і Барыс Ельцын падчас падпісання Дагавора паміж Літвой і Расіяй 29 ліпеня 1991 года.

Сам Дагавор быў падпісаны 29 ліпеня 1991 года. Літва і Расія пацвердзілі ўзаемнае прызнанне ў якасці паўнапраўных членаў міжнароднага права і абавязаліся ў адносінах не выкарыстоўваць сілу, не ўмешвацца ва ўнутраныя справы, а таксама паважаць суверэнітэт, тэрытарыяльную цэльнасць і непарушнасць межаў. Дагавор аднадушна быў ратыфікаваны літоўскім парламентам 19 жніўня 1991 года.

Вітаўтас Ландсбергіс і Барыс Ельцын падчас падпісання Дагавора паміж Літвой і Расіяй 29 ліпеня 1991 года.

Праз два дні Літву страсянула новая трагедыя. Раніцай 31 ліпеня 1991 года на кантрольна-прапускным пунце Медзінінкай былі выяўлены шэсць забітых мытнікаў і паліцэйскіх з аператыўнага атрада «Арас». Яшчэ двое былы цяжка параненыя (адзін неўзабаве памёр у бальніцы). Папярэдняя экспертыза паказала, што іх дабівалі куляй у патыліцу, калі яны ляжалі на зямлі.

Пахаванне ахвяраў трагедыі ў Медзінінкаі.

Трагедыя ў Медзінінкаі стала сапраўдным шокам для Літвы. Яе кіраўніцтва ў шэрагу зваротаў абвінаваціла Савецкі Саюз у забойстве і чарговы раз запатрабавала вывесці з яе тэрыторыі войскі Міністэрства абароны і КДБ СССР, а таксама «іншыя рэпрэсіўныя структуры».

Вітаўтас Ландсбергіс выступае падчас пахавання ахвяраў трагедыі ў Медзінінкаі.

У адказ Вайсковы Савет Прыбалтыйскай вайсковай акругі абвінаваціў Літву ў імкненні зняславіць Савецкую Армію, распаліць антыармейскую і антысавецкую істэрыю. Маскоўскія СМІ, асабліва ТАСС, імкнуліся паказаць трагедыю ў Медзінінкаі як памежны інцыдэнт паміж Літвой і Беларуссю. У спецыяльнай заяве ад 1 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет Літвы адзначыў, што «мэтай такой дэзінфармацыі з’яўляецца імкненне схаваць сапраўдных натхняльнікаў і выканаўцаў забойстваў, здзейсніць блюзнерскі замах на мірнае добрасуседства народаў Літвы і Беларусі, якое немагчыма парушыць ніякімі правакацыямі».

Трагедыя ў Медзінінкаі (спраўцамі якой былі байцы Віленскага і Рыжскага АМАПа) яшчэ больш згуртавала літоўскае грамадства. Па ўсёй краіне прайшлі шматтысячныя мітынгі ў памяць забітых.

Далейшы ход гісторыі вызначалі падзеі 19-21 жніўня 1991 года ў Маскве. У заяве ад 20 жніўня 1991 года «Да салдат і афіцэраў Узброеных Сіл СССР, дыслакаваных у Літоўскай Рэспубліцы» Літва рашуча стала на бок «законнага Вярхоўнага Савета РСФСР», расійскага прэзідэнта Барыса Ельцына і заклікала на працоўных месцах праводзіць мітынгі ў падтрымку дэмакратычнай Расіі.

У той жа дзень Вярхоўны Савет Літвы прыняў пастанову «Аб падрыхтоўцы да палітычнага страйку». У ёй насельніцтва Літвы ў выпадку немагчымасці Вярхоўным Саветам і ўрадам выконваць свае абавязкі заклікалася да бестэрміновага палітычнага страйку.

Пасля паразы путчыстаў пастановамі ад 22 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет Літвы забараніў дзейнасць Камуністычнай партыі Літвы (на платформе КПСС) і перадаў дзяржаве ўсю яе маёмасць. За «антыканстытуцыйную дзейнасць» былі прыпынены паўнамоцтвы «чырвонага» Шальчынінкайскага раённага Савета. Спецыяльная пастанова ўрада №351 ад 23 жніўня 1991 года забараніла дзейнасць КДБ на тэрыторыі Літвы. 24 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет Літвы стварыў Часовую камісію па расследаванні дзейнасці КДБ СССР у Літве на чале з вядомым дысідэнтам і вязнем сталінскіх лагераў Балісам Гаяўскасам. Таксама Вярхоўны Савет Літвы даў даручэнне Генеральнай пракуратуры ў тэрмін да 15 верасня высветліць, «ці не было сярод асобаў, якія ажыццяўлялі злачынныя дзеянні супраць Літоўскай Рэспублікі, дэпутатаў Вярхоўнага Савета».

На працягу некалькі дзён савецкія вайскоўцы нарэшце вызвалілі Дом друку, тэлевежу і будынак літоўскага радыё і тэлебачання. Акрамя таго, Вярхоўны Савет Літвы спецыяльнымі пастановамі перадаў дзяржаве будынкі былых савецкіх камендатур і вайсковых камісарыятаў. Паводле пратакола «Аб узаемных абавязках урада Літоўскай Рэспублікі і КДБ СССР» ад 23 жніўня 1991 года (падпісалі намеснік прэм’ер-міністра Літвы Зігмас Вайшвіла і намеснік старшыні КДБ СССР Валерый Лебедзеў), маёмасць і будынкі Камітэта дзяржбяспекі СССР абодва бакі мусілі падзяліць праз пагаджальную камісію.

31 жніўня краіну пакінула большая частка байцоў Віленскага АМАПа. Каля 80 чалавек вылецелі самалётам у Маскву, а перад гэтым іх раззброілі ў Паўночным гарадку. Каля 50 байцоў АМАПа разбегліся. Генеральная пракуратура Літвы ініцыявала іх вышук.

7 верасня 1991 года Зігмас Вайшвіла сустрэўся ў Маскве з міністрам унутраных спраў СССР Віктарам Бараннікавым і міністрам абароны СССР Яўгенам Шапашнікавым. У ходзе сустрэчы было прынята прынцыповае рашэнне наконт таго, што савецкія Ўзброеныя Сілы будуць выведзены з Літвы. Бараннікаў з Шапашнікавым паабяцалі аказваць дапамогу ў расследаванні студзеньскіх і жнівеньскіх падзей у Літве, а таксама трагедыі ў Медзінінкаі.

Пасля паразы путчу для Літвы пачалася паласа дыпламатычнгага прызнання. Вітаўтас Ландсбергіс сустрэўся з міністрамі замежных спраў Францыі і ФРГ Раланам Дзюма і Гансам-Дытрыхам Геншарам. Аднак галоўная падзея адбылася 6 верасня 1991 года: Дзяржаўны Савет СССР, «улічваючы канкрэтную гістарычную і палітычную сітуацыю, якая папярэднічала ўваходжанню Літвы ў СССР», прызнаў незалежнасць Літоўскай Рэспублікі. Паводле пастановы Дзяржсавета, Міністэрству замежных спраў СССР даручалася заявіць аб падтрымцы звароту Літвы наконт яе членства ў ААН.

17 верасня 1991 года Літва стала членам ААН і так паспяхова завяршыла барацьбу за сваю свабоду і незалежнасць.

Вам можа спадабацца