БССР, “Русский мир” і стыхійны сацыялізм: гісторыя аднаго праекта канстытуцыі (1992)

Гісторыя

БССР, “Русский мир” і стыхійны сацыялізм: гісторыя аднаго праекта канстытуцыі (1992)

4 сакавіка Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне "агульнарэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь", які прайшоў 27 лютага. Згодна з афіцыйнай прапагандай, напярэдадні рэфэрэндуму ва ўстановах і на прадпрыемствах масава адбываліся абмеркаванні гэтага акту, а паасобныя актыўныя грамадзяне прапаноўвалі ўласныя папраўкі.
Чарговы, ініцыянаваны «зверху» канстытуцыйны плебісцыт — добрая нагода, каб успомніць, як трыццаць год таму праходзіла публічнае абмеркаванне першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі. І хай тады многія папраўкі нярэдка адрозніваліся юрыдычнай некампетэнтнасцю, наіўнасцю і нават прымітывізмам, у іх як у люстэрку адлюстраваліся спадзяванні і памкненні тагачаснага беларускага грамадства, яго палітычныя прыхільнасці і пазіцыі. Пра адзін эпізод такога абмеркавання пойдзе гаворка ніжэй.
22 жніўня 1992 года суботні выпуск галоўных менскіх выданняў («Народная газета», «Звязда», «Советская Белоруссия» і «Беларуская ніва») быў незвычайным. На іх старонках быў змешчаны праект новай Канстытуцыі, праца над якім вялася з пачатку дзейнасці Вярхоўнага Савета 12 склікання. Яму папярэднічаў ўступны арктыкул кіраўніка працоўнай групы Канстытуцыйнай камісіі, намесніка старшыні парламента Васіля Іванавіча Шаладонава пад назвай «Фундамент прававой дзяржавы».

Артыкул Васілія Шаладонава, жнівень 1992 года.

У ім гаварылася, як важна найхутчэй прыняць новую Канстытуцыю. Адзначалася таксама, што на праект, апублікаваны ў пачатку снежня 1991 года, адрэагавала каля шасці тысяч чалавек.

Форма заўваг і прапаноў па праекце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, снежань 1991 года.

Шаладонаў пералічыў прозвішчы найбольш актыўных грамадзян. На першым месцы фігуравала Наталля Андрэеўна Малік — жыхарка горада Магілёва. Менавіта яе праект пад назвай «Конституция Белорусской Суверенной Советской Республики (Основной Закон правового социалистического общества Белоруссии)» захаваўся ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. 
Гэты твор даволі ёмісты — мае ажно дваццаць сем друкаваных старонак. Праўда, ён уключае не толькі канстытуцыйныя палажэнні, але і разважанні аўтаркі на тэмы палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця.
Тэкст меў скандальную перадгісторыю. У сваім лісце ў Вярхоўны Савет ад 22 студзеня 1992 года яго аўтарка абвінавачвала тагачаснага старшыню Магілёўскага гарвыканкама Сяргея Арцёмавіча Габрусёва ў тым, што ён нібыта пераследуе яе і ўсяляк перашкаджае перасылцы яе праекта ў Мінск. У выніку, скардзілася ў лісце Малік, яна была вымушана высылаць свой праект ажно з Асіповічаў. Малік таксама закідвала Габрусёву плагіят: маўляў, той выкарыстаў ужо яе праект у сваіх мэтах. Малік таксама катэгарычна патрабавала вярнуць ёй назад яе праект, калі ён не будзе выкарыстаны, адначасова даючы згоду на выкарыстанне праекта толькі цалкам.
У першую чаргу Наталля Малік абрынулася на прэамбулу афіцыйнага праекту новай Канстытуцыі: у ёй, маўляў, трэба было выключыць абзац шосты. У ім («абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці») было прапанавана пералічыць найбольш важныя заканадаўчыя помнікі Беларусі, у тым ліку Статуты Вялікага княства Літоўскага, Устаўныя граматы Беларускай Народнай Рэспублікі і Канстытуцыі БССР.
Цікава, што ў Малік знайшліся аднадумцы. На паседжанні Канстытуцыйнай камісіі 21 мая 1992 года Васіль Шаладонаў прывёў такую статыстыку: пасля публікацыі праекта ў снежні 1991 года па прэамбуле прыйшло 35 прапаноў, у 11 з якіх было патрабаванне зняць ў яе абзацы шостым пералічэнне заканадаўчых актаў, альбо ўвогуле зняць абзац цалкам.

Васіль Шаладонаў.


Такую пазіцыю падзялялі і дэпутаты Вярхоўнага Савета. Так, Аляксандр Лукашэнка на тым паседжанні Канстытуцыйнай камісіі заклікаў падаць абзаць шосты «двумя строчками, не разворачивая».
Малік прапанавала зняць і восьмы абзац прэамбулы («жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы»). Яна назвала гэта «простым лицемерием».
У раздзеле першым праекта «Асновы канстытуцыйнага ладу» замест «Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі» прапаноўвалася запісаць наступнае: «Народ через Верховный Совет осуществляет власть на всей территории республики. Народ республики является хозяином, а воля народа осуществляется через Верховный Совет». 
Што да палітычных партый, то на думку аўтаркі права на існаванне і дзейнасць павінны мець усе палітычныя партыі і арганізацыі, за выняткам («партии нацистов»). Калі прагледзець праект канца, становіцца ясна, што гаворка ідзе пра Беларускі Народны Фронт. Аўтарка сцвярджала, што БНФ — арганізацыя таталітарная, не церпіць у сваіх шэрагах іншадумства і «мстить умеет»: маўляў, акурат па яе ініцыятыве «расправились с Журавлевым». 
Гаворка ішла пра доктара эканамічных навук Аляксандра Жураўлёва, які сімпатызаваў БНФ, а ў 1989 годзе нават быў абраны народным дэпутатам СССР. Неўзабаве шляхі БНФ і Жураўлёва разышліся. На думку Малік, Жураўлёва пачалі пераследаваць за тое, што ён пачаў называць Беларусь Белай Руссю. Насамрэч на паседжанні нечарговай шостай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання 19 верасня 1991 года Аляксандр Жураўлёў не быў дэлегаваны ў Савет Саюза Вярхоўнага Савета СССР. Пры галасаванні Жураўлёва падтрымалі 143 дэпутаты (неабходны кворум — 173). Сапраўды, члены дэпутацкай групы БНФ не хавалі сваіх антыпатый да Жураўлёва. У сваім выступе Зянон Пазьняк заявіў, што, на яго погляд, галоўная рыса Жураўлёва — беспрынцыповасць. Пазьняк абвінаваціў Жураўлёва, што той захапляўся Міхаілам Гарбачовым тады, калі гэты савецкі лідар быў уплывовым. Пасля таго як Гарбачоў, гаварыў Пазьняк, сваю папулярнасць страціў, Жураўлёў пачаў захапляцца расійскім прэзідэнтам Ельцыным. 

Аляксандр Жураўлёў.


Праўда, у тым, што Жураўлёва забалатавалі, ролю адыгралі дэпутаты не толькі БНФ. Анатолю Вярцінскаму, Вячаславу Кузняцову, Уладзіміру Станкевічу і інш.  не спадабаліся публічныя выказванні Жураўлёва пра неабходнасць перайменавання абноўленага СССР у Расію. На іх думку, у такім выпадку незалежная Беларусь існаваць не будзе. Дарэчы, сам Жураўлёў тады не адмовіўся ад сваёй пазіцыі. У адказ ён заявіў, что перайменаванне СССР у Расію не супярэчыць таму, каб Беларусь была суверэннай, і будзе актам гістарычнай справядлівасці, бо СССР — штучнае бальшавіцкае ўтварэнне.
Па словах Малік, БНФ нельга было дапускаць да ўлады, бо ў адваротным выпадку ён не толькі знішчыць альтэрнатыву ўнутры Беларусі, але прадасць краіну Захаду: «Мы пойдем в кабальные условия не только к Германии и Польше, но даже к маленькой Литве». Далей Малік піша, Захад хоча паняволіць Беларусь (яна нават ужывае тэрмін «дауэсизация») і сутыкнуць Расію і Украіну ілбамі па пытанні падзелу Чарнаморскага флоту.
Таму, на думку Малік, нельга адмаўляцца ад савецкай спадчыны. У прыватнасці, нельга дапусціць перайменавання Вярхоўнага Савета ў Сойм, Раду і г.д.: «Нельзя даже по мелочам терять свое достоинство. На всякие националистические выдумки нам наплевать и забыть».
У моўным пытанні Малік выказалася так: у Беларусі павінны існаваць ажно тры афіцыйныя мовы: беларуская («рэспубліканская»), польская («родная») і руская («міжнародная»). У залежнасці ад рэгіёна на гэтых мовах ажыццяўляецца навучанне. Калі нешта незразумела, трэба выкарыстоўваць «міжнародную» мову. На ёй павінны друкавацца заканадаўчыя акты і весціся судаводства. Малік аргументавала сваю пазіцыю так: «Жертва — полька, обвиняемый — литовец, адвокат — белорус, а судья —украинец. Это сколько же надо переводить!».
Прапанавала Малік і дзяржаўныя сімвалы, якія зацвярджаюцца праз рэферэндум. Па яе словах, акварэльныя выявы герба і флага яна выканала 28 снежня 1991 года (праўда, у архіўнай справе яны адсутнічаюць). Яна заклікала заканадаўцаў «внимательно и серьезно» разгледзець яе эскізы, якія «не будут призывать к войне подобно воинственному гербу “Погоня”».
У праекце Малік ёсць апісанне новага герба і сцяга. Праўда, яны не адрозніваюцца арыгінальнасцю і ўяўляюць сабой геральдычную мяшанку. Герб: сноп лёну, рака, бусел, выява завода ці фабрыкі, сонца і зорка. Сцяг — трохпалоснае блакітна-зялена-чырвонае палотнішча з зоркай уверсе.
Што да гімна, то Малік прапаноўвала ў асноўным пакінуць тэкст узору 1955 года. Цалкам у ім толькі былі зменены прыпеў і трэці куплет: 

Нас аб’ядналі агульныя мэты,
Кожны жа з нас сябе вольным адчуў.
Слава Радзіме, слава народам, 
Што насяляюць цябе, Беларусь!

Дружба народаў — сіла народаў
К шчасцю працоўных у сонечны шлях
Горда ж узвіўся ў светлыя высі
Нашай Радзімы велічны сцяг!

Згодна з праектам Наталлі Малік, вельмі шырокае кола сацыяльных слаёў насельніцтва мае знаходзіцца на «полном обеспечении республики»: гэта вайскоўцы Узброеных сілаў, а таксама ваенна-марскога, рачнога і нават касмічнага флатоў. Сюды ж належаць пенсіянеры, інваліды, сіраты, маці з дзецьмі да сямі гадоў, супрацоўнікі праваахоўных органаў, суда, пракуратуры, педагогі ўсіх узроўняў, пісьменнікі, навукоўцы, адным словам, «представители интеллектуального труда».
З праекту вынікае, што дзяржава павінна клапаціцца пра грамадзяніна з самога нараджэння. Такі падыход, хутчэй за ўсё, быў рэакцыяй на тагачасную бытавую неўладкаванасць. Больш за тое, у праекце было палажэнне, паводле якой рэспубліка павінна забяспечваць грамадзян з 20-ці гадовага ўзросту добраўпарадкаванай кватэрай: усе віды камунікацый, асобныя санвузлы, тэлевізійныя і радыёантэны, «способные брать зарубежные программы», а таксама «потолки не ниже трех метров». Пры гэтым з ператрусам у жыллё праваахоўныя органы могуць прыйсці толькі з пісьмовага дазволу суда.
У праекце ёсць таксама прапанова павялічыць адпачынак для працоўных і служачых ажно да 36 дзён, а працоўны тыдзень абмежаваць 36 гадзінамі (пры двух выходных). Абгрунтаванне ў яе наступнае: 

«Труд в течение восьми часов порабощает личность, изматывает гражданина до душевной и интеллектуальной тупости. Такой труд выбрасывает человека как шлак. А если сократить рабочий день, то у человека будет время для других интересов». 

Пры гэтым аўтарка праекту выступала за забарону выкарыстання наёмнай працы на прыватных прадпрыемствах: «Если взялся вести свое дело, то рассчитывай только на родственников».
Таксама ў праекце было прапісана, што кожны працоўны і службоўца мае права звольніцца без абавязковай адпрацоўкі, калі «утратил интерес к данному виду деятельности». Больш таго, грамадзянін не можа быць звольнены па ініцыятыве наймальніка, паколькі «из своего заработка оплачивал должностной оклад администрации». Калі працаўнік парушыў дысцыпліну альбо прычыніў шкоду, то ён павінен заплаціць штраф. 
У праекце абмалёўваюцца і контуры ідэальнай сям’і. Тэрмін «шлюб» замяняецца на “сямейны саюз”, а шлюбны ўзрост падвышаецца да 22 гадоў. Акрамя таго, уводзяцца і іншыя абмежаванні: калі мужчыны маюць права ўступіць у шлюб пры наяўнасці працы, прафесіі, жыллёвай плошчы і пасля праходжання вайсковай службы, то жанчыны — пры наяўнасці пасведчання альбо дыплома аб педагагічнай адукацыі.
Асобнае месца ў гэтым праекце належыць дзецям. Прапаноўваецца забараніць у дзіцячых садах і школах выкарыстанне падручнікаў і дапаможнікаў з дробным шрыфтам, а таксама матавае і неонавае асвятленне, паколькі о дзеці ўжо з сямігадовага ўзросту носяць акуляры: «Это преступление государства. Очки — насмешка над человеком».
Сцвярджаецца выключна свецкі характар навучання дзяцей: «Церковь воспитывает покорного раба. Будущее республики — это расцвет не церкви, а талантов». Толькі дасягнуўшы 16-ці гадоў, падлеткі маюць права выбіраць, кім ім быць: вернікамі ці атэістамі. 
Бацькі, паводле праекта, нясуць адказнасць за светапогляд і звычкі людзей. Уводзіцца медаль «Найлепшым бацькам БССР».
Праваахоўныя органы, пенітэнцыярную сістэму, а таксама сістэмы аховы здароўя прапануецца рэарганізаваць. «Карательные службы» КДБ і МУС павінны фінансаваць будаўніцтва турмаў, лячэбна-працоўных прафілакторыяў і пcіхбальніцаў. Той хто адбыў тэрмін зняволення мае права вярнуцца на ранейшае месца працы і пражывання: «Это не даст повторного преступления или бомжа».
Бачанне дзяржаўнага ладу ў праекце даволі эклектычнае і супярэчнае. Так, аўтарка катэгарычна выступае супраць увядзення пасады прэзідэнта: «Иначе все будет разрушено». У якасці прыклада яна прыводзіць Міхаіла Гарбачова, які «оторвался от законодательной власти». Аднак тут жа прапаноўваецца, каб кіраўнік урада абіраўся ўсенародна і зацвярджаўся Вярхоўным Саветам «после анализа деловых качеств». І калі Савет Міністраў можа быць адпраўлены ў адстаўку Вярхоўным Саветам, то старшыня Савета Міністраў — выключна праз рэферэндум.
Усенародна абірацца павінны і суддзі на тэрмін 15-20 гадоў. Патрабаванні да суддзяў даволі жорсткія. Акрамя беспартыйнасці суддзі не павінны «употреблять алкоголь и табак»: «Судьи могут стать зависимыми от обстоятельств, эти недуги могут сломить их». Да таго ж суддзі праходзяць праверку на кампутарах: звычкі, недахопы, а таксама фізічны стан здароўя. Таксама суддзі павінны ведать «наизусть» кодэксы і законы, «знать, на какой странице находится нужная статья». 
Канстытуцыйны Суд мае складацца са старшыні, намесніка і 30 суддзяў. Калі шараговы суддзя парушыць закон, то ён адклікаецца са сваёй пасады Вярхоўным Саветам, а калі старшыня і яго намеснік — то праз рэферэндум. 
Канстытуцыйны праект Наталлі Малік абрываецца на пракуратуры. Яна лічыць, што такая ўстанова не патрэбна ўвогуле: паколькі пракуратура зазвычай падтрымлівае абвінавачанне ў судзе, яе функцыі павінны перайсці да Саветаў.
У цэлым заўвагі з праекту Малік маюць непаслядоўны характар, прапановы па некаторых раздзелах (выбарчая сістэма, рэферэндум і інш.) увогуле адсутнічаюць. Збольшага гэты дакумент сведчыць пра адданасць яго аўтаркі ідэям атэізму, сацыялізму і, як бы цяпер сказалі, “рускага свету”, а таксама пра экзальтаванасць яе натуры, бачанне свету выключна ў чорных і белых адценнях, праз падзел на «сваіх» і «чужых».

Вам можа спадабацца