Як ірацыянальныя інтэрпрэтацыі рэальных фактаў прывялі Пуціна да катастрафічнага рашэння

Палітыка

Як ірацыянальныя інтэрпрэтацыі рэальных фактаў прывялі Пуціна да катастрафічнага рашэння

Нягледзячы на тое, што шантаж і ціск на свет з боку Расіі ўзмацняўся ўсе апошнія месяцы, тыдні і дні перад вайною, бадай, большасці ўсё роўна цяжка было дапусціць, што Пуцін аддасць загад напасці на Украіну.
Таму насуперак усім перасцярогам ноч і ранак чацвярга, 24-га лютага, сталі для нас суцэльным шокам.
У сваю чаргу не выклікае сумневаў, што падзеі наступных дзён, а менавіта гераічная абарона Украіны і рэальнае становішча расійскай арміі, сталі сюрпрызам для вярхушкі расійскага кіраўніцтва і найбольш для Пуціна.
Відавочна, гэта звязана з тым, што мы і яны (ён) абсалютна па-рознаму ўспрымаем рэчаіснасць, па-рознаму інтэрпрэтуем усе падзеі.
Варта пералічыць асноўныя падзеі апошніх гадоў – пераважна навокал Расіі, а таксама задацца пытаннем, як інтэрпрэтацыі, якія яны атрымлівалі ў яе правадыра, матывавалі яго на такое катастрафічнае рашэнне.

Пандэмія-2020-22, а дакладней эпідэмія ў Расіі. Першыя тыдні пандэміі ў Еўропе вясною 2020-га ўспамінаюцца ўсеагульнымі разважаннямі пра тое, ці выстаяць слабыя гаспадаркі перад абліччам жорсткага лакдаўну, ці вытрымаюць грамадствы жорсткія абмежаванні і пагаршэнне сітуацыі, дзе знойдуць улады баланс паміж шкодай для камфорту жыцця і жаданнем унікнуць вялікай колькасці смерцяў.

Дзіўная рэакцыя беларускіх улад на ковід стварала рэальныя чаканні, што грамадства на гэты раз не даруе рэжымам нядбанне пра здароўе нацыі.

Аднак наступныя месяцы і гады, асабліва ў Расіі, паказалі яе ўладам адваротнае. З цягам часу шукаць нейкі хісткі баланс перасталі, бо перасталі лічыць смерці. Расійскае грамадства ў значнай ступені спакойна ўспрымае ўздым смяротнасці, асабліва не заўважае яго. Гэта магло быць інтэрпрэтавана як знак таго, што смерць “усяго толькі” соцень ці тысячы людзей будзе адносна спакойна “праглынута” народам. Ясна, што страты ад вайны з Украінай – і сярод сваіх салдат, і сярод жыхароў Украіны – меркаваліся быць значна меншымі пры поспеху “бліцкрыгу”, але ў любым выпаду сотні ці пара тысяч забітых дапускаліся. Дапускаліся як цана, якую цалкам гатова заплаціць расійскае грамадства.

Беларусь-2020. Гэта можа не быць відавочна ўкраінцам, але крыштальна ясна беларусам: падзеі ў Беларусі і іх вынік несумненна істотна паўплывалі на прыняцце Пуціным рашэння атакаваць Украіну. На супрацьстаянне ў Беларусі ён глядзеў зусім не так, як мы. Для нас гэта нацыянальная трагедыя, для Крамля ж лёс беларускага народу быў неістотны. Для Масквы было важна, што пазіцыі Лукашэнкі крытычна аслабіліся перад ёй. Татальны ўнутраны тэрор, і пры гэтым знешняя слабасць, і залежнасць ад Крамля былі інтэрпрэтаваны як ідэальнае спалучэнне, каб выкарыстаць Беларусь і кіруючы ў ёй рэжым у вайне супраць Украіны. Беларусь – як плацдарм, рэжым – як памагатых. Лукашэнка выклікаў у Пуціна не захапленне ці нянавісць, а адчуванне: гэтага можна выкарыстаць.

Казахстан і Назарбаеў, 2019 і 2022. Тут справа для Пуціна, зноў жа, не ў драматычнасці падзей студзеня-2022, а ў цэлым у тым, як прайшоў трансфер улады ў Казахстане. Сыход Назарбаева выклікаў у Пуціна рэакцыю “гэты сам вінават, падставіўся”.
Падзеі ў Казахстане хутка скончыліся па сцэнарыі, выгадным Пуціну, і натхнілі яго на далейшыя “подзвігі”.

Карабахская вайна 2020. Азербайджан даволі хутка выйграў вайну, а Аліеў змог збудаваць сабе вобраз героя. Безадносна прычын канфлікту і сімпатый таму ці іншаму боку, інтэрпрэтацыя Крамля была такая, што вайну можна хутка правесці і выйграць – практычна без рэакцыі свету. Эмоцыя, якую выклікаў Аліеў у Пуціна: зайздрасць.

Выбары ў ЗША ў 2020. Абставіны, пры якіх адбыліся выбары ў ЗША, былі патрактаваны расійскім уладаром як сведчанне слабасці Амерыкі. А асоба Джо Байдэна, які выйграў, – тым больш. Масква ахвотна падхапіла і сама паверыла ў гісторыю аб тым, што, маўляў, Байдэн нездаровы і несамастойны дзядуля. Да таго ж, у адрозненне ад непрадказальнага, безадказнага Трампа, рацыянальны Байдэн быў успрыняты як “слабак”.

Нават абстрагуючыся ад недаацэнкі здароўя прэзідэнта ЗША і ўзроўню медыцыны, даступнага яму, нават калі дапусціць ягоную натуральную смерць або сталую няздольнасць працаваць падчас першага тэрміна, можна прадказаць, што па вялікім рахунку нічога катастрафічнага ў ЗША не адбудзецца, а ўрад дэмакратаў на чале з Камалай Хэрыс працягне збольшага тую ж палітыку.

Інтэрпрэтацыя з боку Пуціна аказалася адваротная: гэта недаацэнка не столькі асабіста Байдэна, колькі ўстойлівасці ЗША і іх палітычнай сістэмы. Але яна цяпер не залежыць ад выбрыкаў канкрэтнае асобы так, як за часоў Трампа, а ўжо тым больш так, як гэта адбываецца ў персаналісцкіх дыктатурах.

Выбары ва Украіне ў 2019. На свабодных дэмакратычных выбарах ва Украіне зноў прайграў дзейны прэзідэнт – як гэта ўжо было з Юшчанкам у 2010. Выйграў актор камічнага жанру без палітычнага досведу. Гэта было інтэрпрэтавана ў Маскве як сведчанне “несур’ёзнасці”, “камічнасці” і дэмакратыі як такой, і канкрэтна Украіны, украінцаў як народа. Да гэтага, верагодна, яшчэ і далучылася канспіралагічная трактоўка, што такі чалавек, як Зяленскі, не мог бы проста выйграць сам і што ён слабы і кіраваны.

Той факт, што Януковіч у 2014 уцёк не проста з Кіева, а зусім з краіны ў момант, калі пратэстоўцы наблізіліся да ягонай рэзідэнцыі ў Кіеве, дазволіў дапускаць: калі Зяленскаму будуць пагражаць не пратэстоўцы, а танкі і ракеты, ён таксама ўцячэ ў той жа момант у Польшчу ці ў ЗША. Удары ў першы дзень вайны па заходніх украінскіх гарадах, максімальна далёкіх ад т.зв. “Л/ДНР”, сярод іншага маглі мець мэтаю выгнаць прэзідэнта іменна з краіны, а не проста са сталіцы.

У гэтым выпадку недаацэнка датычыць не палітычнай ці гаспадарчай моцы Украіны. Гэта недаацэнка Зяленскага як чалавека. І ўкраінцаў як народа.

Названыя падзеі, а дакладней іх інтэрпрэтацыя, далі Пуціну ўпэўненасць, што: 1) дыктатуру трэба не проста не аслабляць, а ўзмацняць, 2) ёсць прыклады паспяховых хуткіх войнаў, адставаць ад “малодшых дыктатараў” не варта, 3) свет і расійскае грамадства “праглынуць” любыя дзеянні, ім абыякава, 4) лідары праціўнікаў слабыя, а значыць, гэта ўнікальны шанс, якім не проста можна, а трэба скарыстацца.

Праз дзесяць дзён пасля пачатку вайны, на момант калі пішацца гэты тэкст, бадай, усім апрача Пуціна зразумела, што рашэнне аб нападзенні было, апрача таго, што відавочна злачынным, бесчалавечным, то яшчэ і безразважным, шалёным. Ваенны план Пуціна складаўся з аднаго пункта: А) за дзень-два атачыць Кіеў, разграміць Украіну і навязаць свае ўмовы.
У гэтым плане не было ані пункта Б (а што далей?), ані варыянтаў на выпадак, калі нешта “пойдзе не так”.

Не так у гэтай вайне пайшло, можна сказаць, усё, але ці можа расійскі правадыр зразумець, што ягоная карціна свету фальшывая, ці зможа нехта гэта яму растлумачыць – пытанне.

Вам можа спадабацца