Беларусь 2022 года — гэта не Прыбалтыка 1940, або колькі словаў пра пастку антыгістарызму

Меркаваньні

Беларусь 2022 года — гэта не Прыбалтыка 1940, або колькі словаў пра пастку антыгістарызму

Андрэю Елісееву адказвае Аляксандр Кур’яновіч

На тле сённяшняй т.зв. «спецыяльнай вайсковай аперацыі» Расіі ва Украіне раз-пораз з’яўляюцца публікацыі прысвечаныя савецка-фінляндскай вайне, выплаце разгромленай нацысцкай Германіяй рэпарацый, Нюрнбергскаму трыбуналу і г.д. Яны маюць яўныя намёкі: Крэмль прайграе ўкраінцам як калісьці СССР — фінам, Расія будзе змушана пакрыць украінцам нанесеную шкоду, а яе вышэйшае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва ўрэшце стане перад міжнародным судом у Гаазе. Імавернасць такіх прагнозаў немагчыма ацаніць, таму збольшага падобныя яны ўспрымаюцца як элементы інфармацыйнай вайны.

Аднак адзін нядаўні артыкул беларускага аўтара варты таго, каб спыніцца на ім падрабязней. Гаворка ідзе пра тэкст Андрэя Елісеева пад назвай «Правовой статус Беларуси: схожесть и отличия сценария-1940 в балтийских странах».

Затраўка артыкула Елісеева даволі інтрыгоўная: «Аннигиляция суверенитета Беларуси очень схожа на историю балтийских стран в 1939-1940 годах, но имеет и свои отличия».

Далей аўтар канстатуе, што незалежнасць Літвы, Латвіі і Эстоніі, якую гэтыя краіны набылі ў выніку Першай сусветнай вайны, праіснавала меней за два дзесяцігоддзі і была знішчана Савецкім Саюзам у 1940 годзе пасля ультыматымаў, уводу вайсковых кантынгентаў, арганізацыі псеўдавыбараў, стварэння марыянеткавых урадаў і, нарэшце, непасрэднай анексіі гэтых краінаў. Такі лёс, упэўнены спадар Елісееў, наканаваны пуцінскай Расіяй і нам: «Беларусь к настоящему времени настигла подобная участь, примерно через 30 лет после обретения суверенитета в результате распада Советского Союза».

На думку Елісеева, поўнае і канчатковае фіяска беларускай незалежнасці — дэкрэт №6 ад 4 лістапада 2021 года Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай Дзяржавы «Об Основных направлениях реализации положений Договора о создании Союзного государства на 2021–2023 годы», які зацвердзіў 28 саюзных праграмаў і прадугледжвае «унификацию, гармонизацию и сближение» заканадаўства Беларусі і Расіі. А зарука таму — наяўнасць на тэрыторыі Беларусі моцнай вайсковай расійскай групоўкі, якая засталася тут пасля сумесных вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022». Такія, сцісла, аргументы аўтара.

Галоўнае пытанне, якое паўстае пасля азнаямлення з гэтым артыкулам, заключаецца ў наступным: наколькі карэктна з навуковага пункту погляду параўноўваць сучасную Беларусь з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй больш чым васьмідзесяцігадовай даўніны? Аўтар дае наступнае і, на наш погляд, дзіўнае абгрунтаванне:

«Историческая параллель с тремя балтийскими странами в межвоенное время приобретает тем больший смысл, если принять во внимание, что Беларусь также является балтийским государством. Несмотря на то, что это определение широко не применяется к Беларуси и страна не имеет выхода к морю, почти половина территории Беларуси находится в бассейне Балтийского моря».

Як кажуць, ні зменшыць ні дадаць. Нават «друг» Андрэя Елісеева, вядомы эканаміст Сяргей Чалы назваў гэта «ментальным кульбітам».

Канешне, можна параўноўваць усё і з усім: мануфактуру і фабрыку як формы арганізацыі вытворчасці; БНР і Рудабельскую рэспубліку. Аднак гэтыя параўнанні пакажуць толькі іх адрозненні. Так і ў выпадку з Елісеевым: пытанне супастаўнасці аб’ектаў параўнання яго, здаецца, не хвалюе. Затое звышзадачай з’яўляецца адшуканне усялякіх «схожестей» у рамках заяўленага артыкула. Вось аўтар піша:

«Сам по себе тип политического режима современной Беларуси более походит на латвийский кейс. Среди трех балтийских стран режим Карлиса Улманиса в межвоенной Латвии был наиболее беспощаден к демократическим институтам и в большей степени полагался на силовые и военизированные структуры».

Падобная выснова аўтара не адпавядае рэчаіснасці. Рэжым Улманіса фармаваўся ў абсалютна розных палітычных, сацыяльна-эканамічных і міжнародных варунках і таму належыць толькі сваёй эпоcе. Па шмат якіх параметрах ён адрозны ад рэжымаў у Літве і Эстоніі тых часоў, не гаворачы ўжо пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Таму падобнае параўнанне — штучнае і механічнае.

Або:

«В этом смысле политическое положение Лукашенко в настоящее время напоминает статус Пятса (прэзідэнт Эстоніі — аўт.) в первой половине июля 1940 года. Насколько долго Москва будет заинтересована в сохранении такого статус-кво, является открытым вопросом».

Аўтар нават называе канкрэтную дату, калі з беларускай незалежнасцю, а, значыць, з уладай Аляксандра Лукашэнкі будзе скончана. Гэта 2024 год — «столетие принятия первой советской конституции».

Забягаючы трошкі наперад, адзначым, што першая савецкая канстытуцыя з’явілася ў 1918 годзе, а 1924 года — гэта Асноўны закон СССР. У адрозненне ад Пятса Лукашэнка кіруе дваццаць восьмы год. І што за гэты час замінала Расіі змяніць яго? Аднак афіцыйная Масква заўсёды прызнавала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Падтрымала яна Лукашэнку і ў 2020 годзе — у самы драматычны час яго палітычнай біяграфіі. З усяго відаць, што Лукашэнка ўсё ж выгадны Расіі ў якасці саюзніка.

Вялікія пярэчанні ўзнікаюць, калі гаворка ідзе пра прававы статус сучаснай Беларусі і прыбалтыйскіх краінаў 1940 года. «Масштабное приведение белорусской правовой системы к российской» і ажыццяўленне савецкіх пераўтварэнняў, у тым ліку і прававых, у Літве, Латвіі і Эстоніі пасля іх уключэння ў склад СССР — кардынальна розныя працэсы. Камуністычныя пераўтварэнні ў Прыбалтыцы цалкам перавярнулі жыццё ўсіх слаёў насельніцтва без выключэння. А што ў Беларусі? Цяганіна з уніфікацыяй беларуска-расійскага заканадаўства доўжыцца ўжо два дзесяцігоддзі, у Беларусі ўсё ж дзейнічае ўласнае заканадаўства. І дзе гарантыя, што тыя 28 праграмаў будуць дакладна выконвацца? Пры іх аналізе складваецца ўражанне, што дэкларатыўнасці там нашмат больш, чым рэальных крокаў. Адзінае, на наш погляд, за што можна зачапіцца, так гэта пераход Беларусі на расійскую грашовую адзінку. Вось калі ў нас рэальна будзе ўведзены расійскі рубель, тады і можна нешта сцвярджаць.

Канешне, нельга адмаўляць той факт, што ў апошні час расійскі ўплыў на Беларусі, у тым ліку і ў вайсковай сферы, рэзка ўзмацніўся. Аднак ставіць знак роўнасці паміж анексіяй СССР Прыбалтыкі 1940 года і сучаснай палітыкай Расіі адносна Беларусі нельга. Паводле гістарычнай метадалогіі, больш-менш прымальнымі для параўнання з’яўляюцца аднатыповыя аб’екты, якія знаходзяцца на адносна аднолькавай ступені развіцця. Пазнавальныя магчымасці і сфера выкарыстання аднаго з фундаментальных метадаў гісторыі — гісторыка-параўнаўчага —  пры яго вялікім патэнцыяле ўсё ж абмежаваныя.

Пытанні выклікаюць і іншыя тэзісы аўтара. Вось ён адзначае:

«При этом Улманис проводил националистический курс, в то время как Лукашенко за долгие годы своего правления, напротив, вытеснил белорусский язык и культуру из общественной сферы и проводил политику, направленную на размывание белорусской национальной идентичности — в этом их принципиальное различие».

А што тады перашкодзіла латвійцам-патрыётам выступіць супраць СССР? Адказ даецца ў невялікай прадмове да артыкула:

«16 июня 1940 года СССР предъявил Латвии ультиматум. Столкнувшись с превосходящей военной мощью Советского Союза, латвийское правительство решило не сопротивляться, и 17 июня солдаты Советской Красной Армии (?! — Аўт.) оккупировали Латвию».

Добра, «решило не сопротивляться». А чаму ж тады невялічкая Фінляндыя не пабаялся ўступіць у вайну з СССР? Вось гэта і было б добрай тэмай для аналізу і параўнання.

Абвінавачваючы Савецкі Саюз ў акупацыі Літвы, Латвіі і Эстоніі ў 1940 годзе, аўтар чамусьці выключае не менш важкага гульца — гітлераўскую Германію. А гэта вельмі важна, бо ракавым для Прыбалтыкі ў 1940 годзе стаў геапалітычны фактар: тры маленькія краіны апынуліся паміж Германіяй і СССР ва ўмовах абсалютнай перавагі вермахта ў Еўропе. Таму выбару ў іх не было. Не змяншаючы віну Сталіна за лёс Прыбалтыкі ў 1940 годзе, прэтэнзіі можна выставіць і да Гітлера. Калі Фінляндыя хоць неяк клапацілася пра сваю бяспеку (славутая лінія Манэргейма), то ў Літве, Латвіі і Эстоніі падобнага не было і блізка. Фактычна нічого не было імі зроблена і ў рамках ўласнага саюза — знакамітай Балтыйскай Антанты.

І яшчэ. У артыкуле аўтара прыстунічае момант вольнага выкарыстання з фактурай, у выніку чаго выснова параўнання атрымліваецца ілжывай:

«В 1940 году западные общества не уделили достаточного внимания событиям вокруг Литвы, Латвии и Эстонии в преддверии и во время военной оккупации и вскоре последовавшей аннексии. Взоры западной прессы были обращены тогда на военные продвижения нацистской Германии и колонны нацистской техники в Париже…Подписание Лукашенко и Путиным судьбоносного интеграционного пакта 4 ноября 2021 года (насамрэч фармальна дэкрэт падпісаў толькі Аляксандр Лукашэнка як старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета — аўт.) удостоилось совсем небольшого освещения в беларусских и международных СМИ».

Да інфармацыі аўтару: брытанская газета «Таймс» не толькі не адзначыла ўвод савецкіх вайсковых кантынгентаў у Прыбалтыку, але ўсяляк вітала іх. Лондан, які ў Еўропе сам-насам застаўся з Германіяй, разглядаў гэта як прэвентыўная абарона супраць Гітлера.

Што да іншага «западного общества» — ЗША, то сітуацыя тут была складанейшая. Вашынгтон не жадаў далей псаваць адносіны з Масквой, аднак Франклін Рузвельт, які ў выбарчай барацьбе абапіраўся на этнічныя меншасці, вымушаны быў улічваць галасы выхадцаў з Прыбалтыкі ў ЗША. Таму Вашынгтон асудзіў дзеянні СССР, аднак са значна меншай катэгарычнасцю, чым неўзабаве напад СССР на Фінляндыю. Не на карысць сцвярджэння, што Захад нібыта не звярнуў дастатковай увагі на падзеі вакол Прыбалтыкі ў 1940 годзе, сведчыць наступны гістарычны факт. На Тэгеранскай канферэнцыі ў лістападзе-снежні 1943 года Рузвельт наўпрост спытаў Сталіна пра магчымасць правядзення ў Літве, Латвіі і Эстоніі рэферэндуму з мэтай вызначэння далейшага дзяржаўна-нацыянальнага ладу. На гэта савецкі дыктатар адказаў: «Мы дадзім магчымасць народам гэтых рэспублік выказаць сваю волю».

Напрыканцы хацелася б закрануць тэрміналогію. Падзеі ў Прыбалтыцы 1940 года Андрэй Елісееў адназначна расцэньвае як акупацыю, анексію і адначасова экстрапалюе гэта на сучасную Беларусь.

Калі «акупацыя» і «анексія» з’яўляюцца непрымальнымі у кантэксце сённяшніх беларуска-расійскіх рэаліяў, то з прыбалтыйскімі краінамі 1940 года — справа іншая. Тэрмін «анексія» з’явіўся яшчэ ў міждзяржаўным Дагаворы паміж РСФСР і Літвой ад 29 ліпеня 1991 года (https://gazeta.arche.by/article/477.html). Аднак з прыходам да ўлады Уладзіміра Пуціна рыторыка Расіі змянілася: уваходжанне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР у 1940 годзе было прызнана законным. Таму калі сучасныя расійскія гісторыкі (прынамсі, іх большасць) падзяляюць такую пазіцыю, то прыбалтыйскія, натуральна, не. Відавочна, што аўтар стаў на бок апошніх. І пераконваць яго няма вялікага сэнсу. Але калі Елісееў упэўнены, што ўключэнне Літвы, Латвіі і Эстоніі ў склад СССР у 1940 годзе анексія і акупацыя, то як, напрыклад, быць з падзеямі верасня 1939 г. у Заходняй Беларусі ? Ці лічыць яе таксама акупаванай тэрыторыяй?

У рэшце рэшт, усе адбылося паводле аднаго і таго ж сцэнару.

Вам можа спадабацца