Адзіным фронтам супраць знешняй пагрозы: Як Кебіч з Пазьняком суверэнітэт баранілі

Гісторыя

Адзіным фронтам супраць знешняй пагрозы: Як Кебіч з Пазьняком суверэнітэт баранілі

У суботу 14 сакавіка 1992 года ў мінскім Доме літаратара віравала жыццё. Перад поўнай залай выступаў Станіслаў Шушкевіч. Лейтматыў прамовы старшыні Вярхоўнага Савета быў такі: існуе пагроза беларускім суверэнітэту і дзяржаўнасці , на абшарах былога СССР гучаць агрэсіўныя заявы наконт таго, што ў былым Саюзе жылося нашмат лепей. Утвараюцца палітычныя групы, якія ставяць мэтай рэстаўрацыю СССР. Таму трэба дзейнічаць.

Пасля выступу кіраўнік парламента паставіў подпіс на дакуменце, які ўвайшоў у найноўшую гісторыю Беларусі як пагадненне «Аб сумесных дзеяннях пры ўзнікненні пагрозы суверэнітэту Рэспублікі Беларусь», альбо як Антыкрызіснае пагадненне (АП).

Мала хто цяпер ведае, што ўяўляла сабой гэта Пагадненне, хто яго ініцыяваў і хто падпісаў.

Тэкст пагаднення не быў надрукаваны ні ў афіцыйных, ні ў недзяржаўных СМІ, аднак захаваўся ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У пачатку Пагаднення гаварылася, што яго падпісваюць «упаўнаважаныя прадстаўнікі палітычных, прафесійных, нацыянальна-культурных і іншых грамадскіх арганізацый». Асновай Пагаднення абвяшчалася Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ад 27 ліпеня 1990 года.

Удзельнікі Пагаднення прызнавалі магчымасць узнікнення знешняй пагрозы для беларускай дзяржаўнасці, дэмакратыі і стабільнасці, выкліканай працэсамі на тэрыторыі былога СССР. Таму, каб не не дапусціць «перанясення гвалтоўных працэсаў і дзеянняў на тэрыторыю Беларусі» і пры адсутнасці ў рэспубліцы «поўнасцю сфармаваных дзяржаўных органаў для абароны яе суверэнітэту», падпісанты пагаджаліся наконт неабходнасці сумесных і скардыянаваных дзеянняў дзеля абароны суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

«Знешняя пагроза (крызіс)» у пагадненні акрэслівалася як “узнікненне рэальнай небяспекі з тэрыторыі суседніх дзяржаў; умяшанне ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь з боку суседніх дзяржаў; любая іншая небяспека суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, наяўнасць якой вызначаецца удзельнікамі Пагаднення".

Само Пагадненне не было накіравана супраць іншых дзяржаў і было адкрыта для ўсіх жадаючых, набывала моц пасля падпісання і губляла яе, калі за гэта прагаласавала не менш тры чвэрці яго ўдзельнікаў.

З мэтай папярэдняй кааардынацыі дзеянняў і для абвяшчэнная стану крызісу ствараўся адпаведны Антыкрызісны камітэт (АК), дзейнасць якога рэгулявала спецыяльнае Палажэнне. Удзельнікі Пагаднення выказаліся за фармаванне структураў АК на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Паводле Палажэння, склад АК налічваў па аднаму прадстаўніку ад кожнай арганізацыі і мусіў збірацца на сваё паседжанне не радзей чым раз у два месяцы. Для вырашэння аператыўных задач ствараўся больш «кампактны» орган — Выканаўчая Рада (ВР). Праўда, апісанне складу і структуры ВР у тэксце Пагаднення чамусьці адсутнічалі. Гаварылася толькі пра тое, што паседжанні ВР павінны былі адбывацца не радзей чым раз у два тыдні.

Пагадненне дапускала нечарговае паседжанне АК па ініцыятыве яго старшыні, не менш як адной чвэрці яго членаў, альбо ВР. Рашэнне аб наяўнасці знешняй пагрозы ці стану крызісу зацвярджалі не менш як дзве трэці прысутных на чарговым паседжанні АК і не менш паловы — на нечарговым. Калі паседжанні АК былі немагчымымі, то рашэнне аб надзвычайным становішчы мела права абвясціць ВР. Аднак такое рашэнне трэба было зацвердзіць на наступным паседжанні АК.

У мэтах рэалізацыі сваёй дзейнасці АК карыстаўся «фінансавай і практычнай дапамогай удзельнікаў». Фінансаванне ажыццяўлялася «па дамоўленасці і з улікам магчымасцяў». У Пагадненні прысутнічаў асобны пункт, паводле якога АК абавязаўся ініцыяваць фінансаванне сацыяльных праграм абароны вайскоўцаў. Што да практычнай дапамогі, то на ўвазе у першую чаргу меліся «страйкі, забастоўкі і мітынгі ў абарону суверэнітэту».

8 красавіка 1992 года Дзяржэканомплан за подпісам Сяргея Лінга зацвердзіў парадак далучэння да Антыкрызіснага пагаднення.

Тэкст Пагаднення захоўваўся ў двух экзэмплярах: адзін (арыгінал) у сакратарыяце Вярхоўнага Савета, другі (копія) — у Доме літаратара. Для далучэння да Пагаднення неабходна было падпісаць другі экземляр. Пры гэтым дата і час падпісання ўзгадняліся з кіраўніком Выканаўчай Рады. На цырымонію падпісання запрашаліся прадстаўнікі прэсы і два-тры ўдзельнікі Пагаднення.

Ініцыятарам Антыкрызіснага пагаднення выступіла Беларускае згуртаванне вайскоўцаў (БЗВ). Яго лідар, падпалкоўнік Мікалай Статкевіч быў аднагалосна абраны кіраўніком ВР. Большасцю галасоў старшынёй АК стаў старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч. За кандыдатуру Кебіча прагаласаваў і яго зацяты палітычны праціўнік Зянон Пазьняк, які незадоўга перад гэтым, у верасні 1991 года, назваў вылучэнне кандыдатуры Кебіча на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета спробай дзяржаўнага перавароту.

Дарэчы, большасць подпісаў пад тэкстам пагаднення (звыш трох дзясяткаў) было сабрана яшчэ да 14 сакавіка 1992 года. Акрамя Вячаслава Кебіча Антыкрызіснае пагадненне падпісалі шэраг вышэйшых урадоўцаў: старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі, міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў, в.а. міністра абароны Пётр Чавус, міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, міністр інфармацыі Анатоль Бутэвіч, міністр адукацыі Віктар Гайсёнак, старшыня выканаўчага камітэта горада Мінска Аляксандр Герасіменка.

Разам з Зянонам Пазьняком Антыкрызіснае пагадненне падпісалі лідары і прадстаўнікі іншых палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў: Аляксандр Дабравольскі (Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі), Міхаіл Ткачоў і Алег Трусаў (Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада), Віктар Навуменка (Нацыянальна-дэмакратычнай партыя Беларусі), Яўген Лугін (Беларуская сялянская партыя), Мікалай Ярмоленка (Беларускі сялянскі саюз), Ніл Гілевіч (Таварыства беларускай мовы), Васіль Зуёнак (Саюз пісьменнікаў Беларусі), Яўген Лецка (Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»), Пятро Сілка (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць), Леанід Левін (Аб’яднанне яўрэйскіх арганізацый і абшчынаў Рэспублікі Беларусь), Ібрагім Канапацкі (Згуртаванне татар-мусульман Беларусі «Аль-Кітаб»), Аляксандр Бухвостаў (Прафсаюз работнікаў аўтасельгасмаша), Генадзь Быкаў (Свабодны прафсаюз).

Пад Антыкрызісным пагадненнем подпісы таксама паставілі прадстаўнікі Асацыяцыі ўкраінцаў у Беларусі «Ватра», Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, Беларускага саюза кааператараў, Беларускага прафсаюза прадпрымальнікаў, Саюза палякаў Беларусі, прафсаюза работнікаў інавацыйных і малых прадпрыемстваў Беларусі, Лігі жанчын Рэспублікі Беларусь.

Асаблівасцю АП (гэта зазначылі і самі падпісанты) была яго выключна знешняя накіраванасць. На сустрэчы канстатавалі, што ўсе палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, якія падпісалі АП, захоўвалі статус-кво, ажыццяўлялі палітычную дзейнасць «у межах закона», г.зн АП не распаўсюджвалася на ўнутраныя праблемы. Усе палітычныя сілы Беларусі, паводле АП, павінны былі дзейнічаць супольна ў выніку небяспекі незалежнасці краіны.

Падпісанне АП і стварэнне АК адразу ж выклікалі шмат пытанняў, справакавалі хвалю плётак. Так, некаторыя эксперты і журналісты лічылі, што падпісаны напярэдадні другой гадавіны рэферэндума аб захаванні СССР дакумент меў прадухіліць дэстабілізацыю (нагадаем, што рэферэндум адбыўся 17 сакавіка 1990), бо былі магчымыя мітынгі, маніфестацыі і нават сілавыя акцыі з удзелам прыхільнікаў былога Саюза ССР. Іншыя ўспрымалі АП выключна як антырасійскую акцыю: праз гайдараўскія рэформы і шокавую тэрапію ў Расеі рэзка абвастрылася сацыяльная абстаноўка, і напружанасць у любы момант магла перакінуцца на Беларусь. Тым больш, што сама Расія тады яшчэ не прызнала Беларусь у якасці суб’екта міжнароднага права.

На сходзе ў Доме літаратара трапна выказаўся Аляксандр Дабравольскі: АП, падпісанае на выпадак знешняй небяспекі, павінна аб’ектыўна працаваць і на вырашэнне ўнутраных праблем. Справа ў тым, што па ініцыятыве БНФ у Беларусі акурат тады распачалася кампанія па рэферэндуме аб роспуску Вярхоўнага Савета 12 склікання і правядзенні датэрміновых выбараў на аснове законапраекта, прапанаванага парламенцкай апазіцыяй БНФ. Ініцыятыўнай групе ўдалося зарэгістраваць адпаведнае пытанне, каб збіраць подпісы. Таму АП павінна было стаць своеасаблівым шчытом у выпадку росту сацыяльнай напружанасці ці выбуху.

Магчыма, акурат гэтая акалічнасць стала прычынай таго, што Антыкрызіснае пагадненне было хутка забытае і сур’ёзнага палітычнага эфекту не мела. Усяго праз некалькі месяцаў, 20 ліпеня 1992 года, Вячаслаў Кебіч падпісаў з Расіяй  шэраг пагадненняў (у тым ліку, аб Стратэгічных сілах, часова размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь), што стала пачаткам уцягвання Беларусі ў расійскую сферу ўплыву ўжо ў постсавецкай гісторыі нашай краіны.

Вам можа спадабацца