«Выспяванне дзяржаўнай здрады» ці «Акт гістарычнай справядлівасці»

Гісторыя

«Выспяванне дзяржаўнай здрады» ці «Акт гістарычнай справядлівасці»

Далучэнне Беларусь да дамовы аб калектыўнай бяспецы (1993)

9 красавіка 1993 года Вярхоўны Савет 12 склікання зацвердзіў пастанову №2274-XII «Аб дакладзе Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіча С.С. аб становішчы рэспублікі і аб важных пытаннях яе ўнутрыпалітычнай і знешнепалітычнай дзейнасці». Паводле яе чацвёртага пункта, Станіслаў Шушкевіч мусіў падпісаць Дагавор аб калектыўнай бяспецы (ДКБ), які быў заключаны 15 мая 1992 года ў Ташкенце. Пры гэтым на прэзідыум Вярхоўнага Савета ўскладаўся абавязак падрыхтаваць агаворкі, паводле якіх выкарыстанне Ўзброеных Сіл Беларусі за мяжой, а таксама размяшчэнне і выкарыстанне ўзброеных сіл іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі дапускалася толькі з дазволу Вярхоўнага Савета. Наступны, пяты пункт прадпісваў уключыць у парадак дня чарговай сесіі Вярхоўнага Савета правядзенне абавязковага рэспубліканскага рэферэндуму, на якім адно з пытанняў тычылася б далучэння Беларусі да ДКБ.

Як вядома, ДКБ быў завізаваны 15 мая 1992 года Арменіяй, Казахстанам, Кіргізіяй, Расіяй, Таджыкістанам і Узбекістанам. Подпіс Станіслава Шушкевіча, які па сваім статусе быў кіраўніком Беларусі, адсутнічаў. Сваю пазіцыю той патлумачыў свайму калегу Руслану Хасбулатаву на сустрэчы ў Мінску 18 сакавіка 1993 года (тады старшыня Вярхоўнага Савета Расіі спешна збіваў антыельцынскую кааліцыю і імкнуўся заручыцца падтрымкай парламентаў краінаў СНД). Па словах Станіслава Шушкевіча, для Беларусі сапраўднай траўмай стаў Афганістан, таму ён заўсёды будзе супраць уцягвання Беларусі ва ўсялякія вайсковыя саюзы.

Аднак у Беларусі былі сілы, якія насуперак волі Станіслава Шушкевіча імкнуліся карэнным чынам змяніць знешнепалітычнае становішча краіны.

Непасрэдны сведка тых падзеяў, каардынатар парламенцкай апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Дзевяноста трэці» зазначае: «Хто канкрэтна ў Мінску ініцыяваў далучэнне Беларусі да сістэмы калектыўнай бяспекі СНД, якая насамрэч кантралявалася і кантралюецца маскоўскім Генштабам — да гэтага часу застаецца невядомым». Аўтар разважае пра роль ГРУ, Савета Міністраў Беларусі, прыводзіць прыклад выступу на паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета старшыні Саюза афіцэраў Дзмітрыя Іванова, канстатуе, што ў пачатку 1993 года далучэнне да ДКБ зрабілася палітычнай мэтай Кебіча.

Пры гэтым з поля зроку Сяргея Навумчыка выпадае прынцыпова важная прамова Вячаслава Кебіча 18 сакавіка 1993 года на нарадзе-семінары старшынь выканкомаў гарадскіх і раённых Саветаў народных дэпутатаў (сваіх «вертыкальшчыкаў» Вячаслаў Кебіч дэманстратыўна сабраў у Авальнай залі паседжанняў Вярхоўнага Савета). У сваім дакладзе Кебіч зрабіў некалькі гучных заяваў. Напрыклад, прапанаваў стварыць шчыльны эканамічны саюз не ў рамках усяго СНД, а толькі з удзелам Беларусі, Расіі і Казахстана. На думку Кебіч, эканамічны саюз ставіць на парадак дня пытанні дзяржаўнага і вайсковага будаўніцтва, таму трэба далучыцца да ДКБ. Кіраўнік беларускага ўрада ў сваім выступе сцвярджаў, што ва ўмовах імклівых інтэграцыйных працэсаў у Еўропе сама ідэя поўнага нейтралітэту паступова, але няўмольна нівелюецца: «…У тым ліку Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя або трансфармуюць і прыводзяць сваё разуменне гэтага пытання да новай палітычнай формулы, або наогул ідуць па шляху перагляду і адмаўлення сваёй пазіцыі».

Пытанне аб далучэнні Беларусі да ДКБ было вырашана на нечарговай адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, якая пачала сваю працу 23 сакавіка 1993 года. І зноў працытуем Сяргея Навумчыка:

«А на нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета прапанову ўключыць у парадак дня пытанне аб калектыўнай бяспецы ўнёс дырэктар саўгаса “Гарадзец” Шклоўскага раёна, дэпутат ад 310-й Шклоўскай выбарчай акругі Аляксандр Лукашэнка».

На самой справе пытанне ў такой фармулёўцы ў парадак дня нечарговай адзінаццатай сесіі не ўносілася ні Лукашэнкам, ні іншымі дэпутатамі. Пры абмеркаванні парадку дня першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Вячаслаў Кузняцоў прапанаваў унесці пытанне «Аб стане і развіцці эканамічных адносін з краінамі СНД». Неўзабаве фармулёўку ўдакладніў старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па эканамічнай рэформе, дасягненні эканамічнай самастойнасці і суверэнітэту рэспублікі Леанід Козік. Яна гучала наступным чынам: «Аб эканамічнай сітуацыі, стане і развіцці эканамічных адносін з краінамі СНД». Матывацыя Козіка была наступная: «В рамках обсуждения этого вопроса мы сможем рассмотреть все: выполнение беловежских соглашений, политическую ответственность, экономическую ответственность». Фармулёўка Козіка задаволіла ўсіх: за яе прагаласавала большасць дэпутатаў.

Аднак дэпутат Віктар Ганчар, які быў настроены супраць Шушкевіча, дамогся каб у парадак дня было ўнесена яшчэ адно пытанне: «Аб дакладзе старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў рэспубліцы і важнейшых пытаннях яе ўнутрыпалітычнай і знешнепалітычнай дзейнасці». Ганчар сцвярджаў, што Шушкевіч «не имеет четко выраженной позиции, в том числе по развитию нашего государства». Прапанова Ганчара прайшла з мінімальнай перавагай: пры неабходным кворуме ў 173 дэпутаты, яе падтрымалі 178 (усяго галасавала 224).

26 сакавіка 1993 года (дагэтуль дэпутацкі корпус абмяркоўваў «юрыдычны пакет»: законапраекты аб Канстытуцыйным судзе, Грамадзянскім кодэксе і інш.) Станіслаў Шушкевіч выступіў з прамовай па пытанні эканамічнай сітуацыі, стане і перспектываў адносінаў з краінамі СНД. Кранаючы аспект далучэння Беларусі да ДКБ, Шушкевіч заявіў, што такая ініцыятыва ідзе ад шэрагу буйных айчынных прадпрыемстваў, якія раней уваходзілі ў агульнасаюзны вайскова-прамысловы комплекс. Кіраўнікі такіх прадпрыемстваў, працягваў Шушкевіч, спадзяюцца ў выніку далучэння да ДКБ на атрыманне стабільных заказаў. Але гэта, сцвярджаў Шушкевіч, святая наіўнасць: сітуацыя напамінае становішча цяжкахворага, які спадзяецца на экстрасэнсаў, хаця яму патрэбна хірургічная аперацыя. Шушкевіч таксама казаў пра тое, што многія беларускія абарончыя прадпрыемствы вырабляюць кампаненты, а не канчатковы прадукт. А, значыць, ім не пазбегнуць залежнасці ад заказчыкаў.

Пасля Шушкевіча па гэтым пытанні выступіў Вячаслаў Кебіч. І хаця кіраўнік ўрада фармальна не закрануў пытанне далучэння Беларусі да ДКБ, але яго тэзісы кшталту «широко выйти на западные рынки с нашей продукцией сегодня нереально», «укреплять и развивать прежде всего тот рынок, где в нас нуждаются» красамоўна сведчылі пра яго намеры.

30 сакавіка 1993 года Вячаслаў Кебіч зноў выступіў па пытанні эканамічнага саюза, доўга гаварыў пра яго неабходнасць, аднак зноў ні словам не абмовіўся пра калектыўную бяспеку.

Такая пазіцыя кіраўніка ўрада выклікала крытыку Аляксандра Лукашэнкі. Той абвінаваціў Кебіча ў «конъюнктурщине» і «флюгерстве». Лукашэнка, з яго словаў, параўнаў выступ Кебіча 18 сакавіка з яго наступнымі дакладамі ў Вярхоўным Савеце і быў непрыемна здзіўлены: выявілася, што перад дэпутатамі Кебіч «наполовину отошел от тех позиций», якія ён выказаў перад мясцовымі «вертыкальшчыкамі»:

«Там почему же, Вячеслав Францевич, Вы там, где решаются вопросы коллективной безопасности, ничего практически не сказали. Вы что, ждете это от Лукашенко, еще от каких-то депутатов, а сами боитесь это сказать?».

Далей Аляксандр Лукашенко «однозначно» выказаўся за далучэнне Беларусі да ДКБ: «Чтобы сохранить главное, где-то нужно отступить, пусть не на шаг, пусть на полшага. И этим отступлением может быть в данном случае и вступление в Договор о коллективной безопасности». Пры гэтым Лукашэнка заклікаў не адпраўляць беларускіх салдат у гарачыя кропкі:

«У меня растут два сына, которые завтра-послезавтра пойдут в армию. У вас тоже, Станислав Станиславович, сын. И мы запишем в Договоре о коллективной безопасности, чтобы не посылать туда наших парней».

З пазіцыяй Лукашэнкі фактычна згадзіўся і Віктар Ганчар. Па яго словах, «каждый клерк» з міністэрства замежных спраў разумее, што эканамічны саюз немагчымы без калектыўнай бяспекі.

Зацятым праціўнікам далучэння Беларусі да ДКБ выступіла парламенцкая апазіцыя БНФ. Першым ад яе 30 сакавіка на нечарговай адзінаццатай сесіі наконт гэтага пытання выказаўся Лявон Баршчэўскі. На яго думку, Беларусь фактычна знаходзілася ў вайсковым саюзе з Расіяй паводле падпісаных 20 ліпеня 1992 года ўрадам пагадненняў (статус стратэгічных сілаў, вайсковыя заказы і інш.). Баршчэўскі падкрэсліў такую акалічнасць: у Расіі план веснавога прызыву будзе выкананы толькі на 16%, у Беларусі ж ён выконваецца ажно на 90%. Значыць, пытаўся Баршчэўскі, беларускія хлопцы будуць служыць у Таджыкістане, Карабаху, Інгушэціі?

Дэпутат канстатаваў складанае палітычнае становішча Барыса Ельцына (29 сакавіка 1993 года надзвычайны з’езд народных дэпутатаў Расіі зацвердзіў пастанову аб правядзенні 25 красавіка ўсерасійскага рэферэндуму з пытаннямі аб даверы расійскаму прэзідэнту і сацыяльна-эканамічнай палітыцы расійскага ўрада) і заклікаў улічваць небяспеку з боку такіх расійскіх радыкалаў як Уладзімір Жырыноўскі і Сяргей Бабурын.

Пасля выступу Лявона Баршчэўскага, які ў дадатак агучыў зварот пяцідзесяці пяці наваполацкіх дэпутатаў супраць ДКБ, у Авальнай залі пачаліся гарачыя дэбаты. Так, адзін з інцыятараў далучэння Беларусі да ДКБ Мечыслаў Грыб даводзіў, што без сістэмы калектыўнай бяспекі наша краіна не будзе ў стане ўтрымліваць уласную армію: «В 1994 года она превратиться в плохо вооруженные и разрозненные партизанские отряды».

На карысць дамовы калектыўнай бяспекі выступілі такія прамысловыя лабісты, як генедырэктар «БелаўтаМАЗа» Міхаіл Лаўрыновіч і прэзідэнт Беларускай асацыяцыі прадпрыемстваў радыёэлектронікі, інфарматыкі і прыборабудавання Віл Ганчароў. Яны ў адзін голас паўтаралі тэзіс пра эканамічныя перспектывы ў выніку далучэння Беларусі да ДКБ і прадракалі апакаліпсічны сцэнар у адваротным выпадку.

На гэта лідар парламенцкай апазіцыі БНФ Зянон Пазьняк з уласцівай яму катэгарычнасцю заявіў, што ініцыятыва Кебіча ад далучэнні Беларусі да ДКБ — «выспяванне дзяржаўнай здрады».

Пікет на Плошчы Незалежнасці супраць падпісання Беларуссю ДКБ. 1993

На наступны дзень сітуацыя на паседжанні сесіі яшчэ больш напалілася. З дакладам «Аб становішчы Рэспублікі Беларусь і аб важных пытаннях яе ўнутрыпалітчнай і знешнепалітычнай дзейнасці» выступіў Станіслаў Шушкевіч, які, праўда, ні слова не сказаў пра калектыўную бяспеку, але з разгромнай крытыкай абрынуўся на міністэрства замежных спраў і непасрэдна на яго кіраўніка Пятра Краўчанку: МЗС не распрацавала канцэпцыю знешнепалітычнай дзейнасці, рэзка павялічыўся ўнёсак Беларусі за членства ў ААН. У эмацыйным запале Шушкевіч заявіў, што правалы ў дзейнасці МЗС кампенсуе ўсталяваннем мемарыяльных дошак (мемарыяльная дошка ў гонар Францыска Скарыны была ўсталяваная ў Падуі 20 кастрычніка 1992 года). Аднак было зразумела, што ўсе гэтыя нападкі адрасуюцца і кіраўніку ўрада Вячаславу Кебічу, які быў непасрэдным шэфам Краўчанкі.

Пасля дакладу Станіслаў Шушкевіч прапанаваў наступны праект пастановы: 1) прыняць даклад да ведама; 2) даручыць Прэзідыуму Вярхоўнага Савета, старшыні Вярхоўнага Савета сумесна з Саветам Міністраў, старшынёй Савета Міністраў правесці палітычныя кансультацыі з кіраўніцтвам Вярхоўных Саветаў Расіі, Украіны і Казахстана і прэзідэнтамі гэтых рэспублік аб вайскова-палітычным саюзе дзяржаў — членаў СНД.

Аднак парламенцкая большасць адкінула гэтую прапанову. Актыўны прыхільнік Кебіча ў Вярхоўным Савеце Мікалай Скарынін заявіў, што ніхто з кіраўнікоў краін СНД — падпісантаў ДКБ ніколі не будзе весці ніякіх кансультацыяў. Паводле Скарыніна, Беларусь мае магчымаць далучыцца да ДКБ згодна з законам аб заключэнні і дэнансацыі міжнародных дагавораў ад 23 кастрычніка 1991 года.

Дэпутат ад апазіцыі БНФ Яўген Новікаў, сваю чаргу, абвінаваціў Мікаля Скарыніна ў тым, што ён «великолепно исполняет волю правительственного лобби». Адначасова Новікаў пытаўся:

«Куда мы лезем, куда мы спешим? Ведь у нас будут и обязательства, а не только права. Под Чечню лезем, под Таджикистан лезем. Давайте все взвесим, финансово, экономически. Если заключим договор, то кто отправит своих детей в горячие точки? Тракторист и доярка Марья, но не вы».

У выніку прапанова Станіслава Шушкевіча не прайшла: за яе прагаласавалі 149 дэпутатаў пры кворуме ў 173.

Тым часам пазіцыя Кебіча, магчыма, пад уплывам крытыкі Лукашэнкі, значна радыкалізавалася. 31 сакавіка старшыня ўрада заявіў, што ўсяляк будзе падтрымліваць стварэнне эканамінага саюза і далучэнне Беларусі да ДКБ. Вячаслаў Кебіч таксама дадаў, што ўжо дасягнуты значныя кампрамісы на перамовах з расійскім віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Шохіным і са старшынёй Дзяржкамітэта Расіі па эканамічным супрацоўніцтве з дзяржавамі — членамі СНД Уладзімірам Машыцам. Кебіч таксама выказаўся так:

«Россия — это та страна, эхо от событий в которой раскатывается по всему миру, не говоря уже о ее соседях. Нельзя даже в высказываниях по отношению к России поступать безответтвенно и неуважительно».

У адказ парламенцкая апазіцыя БНФ прапанавала ўключыць у парадак дня пытанне аб прызнанні працы старшыні Савета Міністраў Беларусі Вячаслава Кебіча па эканамічным супрацоўніцтве з краінамі СНД нездавальняючай, аб вызваленні яго з пасады і аб выбранні новага кіраўніка ўрада на нечарговай адзінаццатай сесіі Вярхоўнага Савета. Аднак за гэта прагаласавалі толькі 23 дэпутаты (супраць — 156; усяго галасавала — 190).

Новы віток супрацьстаяння распачаўся ў Вярхоўным Савеце праз тыдзень — 8 красавіка. Кебічаўцы дзейнічалі ўсё больш рашуча. Праз сродкі масавай інфармацыі (перш за ўсё праз тэлебачанне, радыё і буйныя газеты) яны пераконвали насельніцтва ў неабходнасці далучэння Беларусі да ДКБ. Альтэрнатыва ДКБ, сцвярджалі яны, толькі адна — эканамічная і вайсковая адсталасць краіны. У прапагандзе на карысць  ДКБ рэй вёў «шэры кардынал» Кебіча — начальнік упраўлення па пытаннях правоў грамадзянаў, грамадскай бяспекі і абароннай працы Савета Міністраў Генадзь Данілаў.

Пад далучэнне Беларусі да ДКБ імкнуліся падвесці і юрыдычную базу. Так, член праўрадавай дэпутацкай групоўкі «Беларусь» Леанід Прывалаў (гэтую асобу Ніл Гілевіч 3 чэрвеня 1993 года так ахарактарызаваў у сваім дзённіку: «Ваяўнічы палкоўнік. Ястрабок!») спасылаўся на артыкул 51 Статуту ААН і заяўляў, што нейтралітэт не супярэчыць калектыўнай бяспецы, а калектыўная бяспека — не тоесная вайсковаму саюзу. Прывалаў таксама сцвярджаў, што далучэнне Беларусі да ДКБ абумоўлена шэрагам пагадненняў (8 снежня 1991 года — аб агульнай вайскова-стратэгічнай прасторы; 21 снежня 1991 года — аб сумесных захадах у адносінах да ядзернай зброі; 30 снежня 1991 года — аб сумеснай дзейнасці па вывучэнні і выкарыстанні касмічнай прасторы).

У той жа час фактычна адзіным уплывовым выданнем, на якое маглі абапірацца праціўнікі далучэння да ДКБ, быў друкаваны орган Вярхоўнага Савета — «Народная газета». Яны апелявалі не толькі да чыста палітычных («ліберальная» ельцынская Расія ніколі не пагодзіцца на нейтральны статус Беларусі; ад Расіі ўвогуле не трэба чакаць падачак; дарэчы, у гэтым сэнсе яны мелі рацыю: дастаткова ўспомніць адмену Расіяй 26 ліпеня 1993 года ў аднабаковым парадку грошай узору 1961-1992 гадоў), але і да юрыдычных нормаў. І Пазьняк, і Шушкевіч ва ўнісон заяўлялі, што ў ДКБ ад 15 мая 1992 года такі тэрмін як «агаворка» увогуле адсутнічае, а папраўкі ўносяцца са згоды ўсіх удзельнікаў. Да таго ж, даказвалі яны, умовы ДКБ трэба будзе, паводле артыкула 6, выконваць да ратыфікацыі (дарэчы такая пазіцыя цалкам супадала з заключэннем Мінюста, якое было агучана на паседжанні сесіі 9 красавіка міністрам Леанідам Дашуком).

Паколькі магчымасці праціўнікаў далучэння былі абмежаваныя, яны рабілі стаўку і правядзенне пікетаў супраць ДКБ, а таксама збіралі подпісы. 8 красавіка 1993 года лідар дэпутацкай групы БСДГ у Вярхоўным Савеце Алег Трусаў заявіў, што ў Мінску і Жодзіна сабрана 1169 і 600 подпісаў супраць далучэння Беларусі да ДКБ адпаведна. Сяргей Навумчык прадставіў 400 подпісаў жыхароў Наваполацка.

Мітынгі на плошчы Незалежнасці 8 красавіка 1993 года ў Мінску за і супраць далучэння Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Крыніца: Народная газета, 9 красавіка 1993 года.

У адказ на гэта 9 красавіка 1993 года на паседжанні сесіі дэпутат Аляксандр Лукашэнка назваў удзельнікаў такіх пікетаў «боевиками» БНФ і «шпаной».

Праціўнікі далучэння да Беларусі да ДКБ прыводзілі прыклад трагічнай долі ўраджэнца Мядзельшчыны, беларуса Вацлава Шыпко. Ён быў пілотам СУ-27, і 18 сакавіка 1993 года загінуў падчас грузіна-абхазскага канфлікту.

Паседжанне нечарговай адзінаццатай сесіі 8 красавіка 1993 года пачалося добра арганізаванай акцыяй прыхільнікаў ДКБ. Спачатку выступілі актыўныя дэпутаты-ветэраны (Валянцін Сарокін, Васіль Сінчылін, Барыс Гетц). Яны абвінавацілі Шушкевіча ў тым, што ён падпісаў віскулёўскія пагадненні «на босую ногу», выступілі супраць «абсалютызацыі» суверэнітэту і заклікалі да хутчэйшага далучэння Беларусі да ДКБ. Дэпутатаў-ветэранаў падтрымаў Аляксандр Лукашэнка: маўляў, падпісаннем Белавежскага пагаднення было парушана права («пусть это были законы империи»), таму далучэнне Беларусі да ДКБ павінна стаць актам гістарычнай справядлівасці.

Дэпутат Мікалай Канюшык дадаў, што ў выпадку заходняй агрэсіі ў Беларусі не будзе сваіх мініных і пажарскіх.

Затым выпусцілі «цяжкую артылерыю»: на высокай трыбуне адзін за адным слова займелі міністр абароны Павел Казлоўскі, міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі. Высокапастаўленыя чыноўнікі катэгарычна выказаліся за далучэнне Беларусі да ДКБ. Пры гэтым некаторыя аргументы выглядалі дзіўна. Так, Казлоўскі заявіў, што з далучэннем Беларусі да ДКБ падрыхтоўка беларускіх вайсковых кадраў будзе ажыццяўляцца ў Расіі ў рублях, а не ў доларах. Па словах Шыркоўскага, далучэнне Беларусі да ДКБ будзе вельмі карысным для некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў, якія пражываюць у Маскве.

Шэф знешнепалітычнага ведамства прапанаваў  падпісаць ДКБ, аднак ратыфікаваць яго ў залежнасці ад абставінаў. Калі гэта будзе не выгадна Беларусі, сказаў Пётр Краўчанка, то працэс ратыфікацыі можна зацягваць амаль бясконца. Пазіцыю Краўчанкі дэпутат Уладзімір Грыбанаў назваў «торгашеством».

У апошні — 9 красавіка 1993 года — дзень нечарговай адзіннаццатай сесіі Вярхоўнага Савета Белаусі 12 склікання Станіслаў Шушкевіч зрабіў ледзь не сенсацыйную заяву:

«Прашу Вярхоўны Савет прыняць рашэнне аб правядзенні ў маі 1993 года абавязковага рэферэндуму з пытаннем “Ці падтрымліваеце Вы нейтралітэт Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адмову ад уступлення Рэспублікі Беларусь у любыя вайскова-палітычныя саюзы з іншымі дзяржавамі альбо іх аб’яднаннямі?”».

У сваёй кнізе «Дзевяноста трэці» Сяргей Навумчык сцвярджае, што да ідэі рэферэндуму Шушкевіча падштурхнула парламенцкая апазіцыя БНФ, якая раней выступіла з падобнай ініцыятывай і нават пачала збіраць подпісы дэпутатаў (паводле закона ад 13 чэрвеня 1991 года ўсенароднае галасаванне маглі ініцыяваць не менш адной траціны дэпутатаў ад агульнай колькасці). Пытанне ад апазіцыі гучала наступным чынам: «Ці лічыце Вы, што Рэспубліка Беларусь павінна быць нейтральнай, бяз’ядзернай дзяржавай і не ўваходзіць у вайсковыя блокі». Свой подпіс пад гэтым пытаннем паставіў і Аляксандр Лукашэнка. Але калі Шушкевіч агучыў сваю ідэю рэферэндуму, Лукашэнка падтрымаў і яе, праўда, у сваім стылі: «Я уверен, что граждане разберутся что к чему: или там дело в гробах или в безопасности нашего “суверенного” (подчеркиваю и беру в кавычки) государства».

На наш погляд, спадар Навумчык перабольшвае ролю парламенцкай апазіцыі. Пазіцыя старшыні Вярхоўнага Савета наконт рэферэндума тлумачылася неспрыяльным для яго раскладам у вышэйшых эшалонах. Станіслаў Шушкевіч паведаміў, што 8 красавіка адбылося паседжанне Савета бяспекі і Прэзідыуму Вярхоўнага Савета. Па звестках Шушкевіча, 11 з 12 членаў Савета Бяспекі выступілі за далучэнне да ДКБ. З членаў Прэзідыуму (туды ўваходзілі старшыня Вярхоўнага Савета, яго намеснікі, а таксама старшыні пастаянных камісій парламента) 13 выказаліся за далучэнне, і толькі 6 — супраць. Таму ў такой сітуацыі, заявіў Шушкевіч, ён вымушаны ініцыяваць рэферэндум.

А калі насельніцтва падтрымае ДКБ, гаварыў дэпутатам Шушкевіч, то ў яго не будзе маральнага права далей заставацца на сваёй пасадзе. На думку Шушкевіча, найлепшая гарантыя бяспекі Беларусі — двухбаковыя адносіны з Расіяй. Таксама Шушкевіч выказаў думку аб магчымасці стварэння саюза нейтральных дзяржаў у складзе Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Румыніі, Малдовы і Венгрыі.

У той жа дзень дэпутаты атрымалі прапанаваны Прэзідыумам Вярхоўнага Савета праект пастановы «Аб дакладзе Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Шушкевіча С.С. аб становішчы рэспублікі і аб важных пытаннях яе ўнутрыпалітычнай і знешнепалітычнай дзейнасці». Першапачаткова ён складаўся з пяці пунктаў: 1) прыняць даклад да ведама; 2) даручыць Прэзідыуму Вярхоўнага Савета і Савету Міністраў выказаць крытычныя заўвагі; 3) даручыць Прэзідыуму Вярхоўнага Савета прадставіць канцэпцыі знешнепалітычнай і знешнеэканамічнай дзейнасці; 4) даручыць Станіславу Шушкевічу падпісаць ДКБ; даручыць Савету Міністраў зрабіць адпаведныя агаворкі аб немагчымасці без дазволу Вярхоўнага Савета выкарыстання Ўзброеных Сіл Беларусі за мяжой і размяшчэння на яе тэрыторыі ўзброеных сіл іншых краінаў; 5) звярнуцца да кіраўніцтва краін СНД з мэтай выявіць эфектыўнасць раней заключаных дагавароў і пагадненняў.

Адначасова апазіцыя БНФ прадставіла альтэрнатыўны праект пастановы. На жаль, падрабязны змест гэтага праекта на паседжанні сесіі агучаны не быў. Аднак, па словах Сяргея Навумчыка, гаворка там ішла пра ўмацаванне нейтралітэту Беларусі і яе няўдзеле ў вайсковых блоках.

Па выніках галасавання за аснову быў прыняты праект пастановы Прэзідыуму: яго падтрымалі 211 дэпутатаў пры кворуме ў 173 (усяго галасавала 284).

Вынікі галасавання пра праекце БНР  былі несуцяшальныя: за — 55, супраць — 68 (усяго галасавала 197).

Калі пункты 1,2,3 і 5 праекта пастановы Прэзідыуму не выклікалі асаблівых рознагалоссяў, то вакол пункта 4, як і чакалася, разгарэліся баталіі. Тон задаў Вячаслаў Кебіч, які заявіў, што агаворкі павінен распрацоўваць не Савет Міністраў, а Прэзідыум Вярхоўнага Савета. Кебіч таксама запэўніў дэпутатаў, што пакуль ён «работает», ніхто з беларускіх вайскоўцаў не будзе накіраваны ў гарачую кропку. Большасць дэпутатаў пайшла насустрач старшыні: агаворкі павінен быў распрацаваць Прэзідыум Вярхоўнага Савета.

Папраўкі да пункта 4 прапанавалі дэпутаты Барыс Сівіцкі, Валянцін Сарокін, Рыгор Вячэрскі і Зянон Пазьняк. Барыс Сівіцкі, напрыклад, выступаў за перамовы з кіраўнікамі краінаў СНД па пытанні далучэння Беларусі да ДКБ. Сівіцкі таксама прапанаваў, каб Савет Міністраў у месячны тэрмін прадставіў «ориентировочный расчет» змены эканамічнага становішча і абароназдольнасці рэспублікі ў выніку далучэння ці недалучэння да ДКБ. Дарэчы, такая пастаноўка пытання Сівіцкім была сугучна з пазіцыяй дэпутацкай групы БНФ. Так, яе член Галіна Сямдзянава таксама патрабавала прадставіць такі разлік.

Валянцін Сарокін настойваў на тым, каб максімальна канкрэтызаваць тэрмін падпісання Беларуссю ДКБ. Таму ён прапанаваў «товарищу Шушкевичу Станиславу Станиславовичу» падпісаць ДКБ на чарговай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД (яна была запланавана на 30 красавіка 1993 года).

Рыгор Вячэрскі заклікаў даручыць Шушкевічу падпісаць дагаворы аб узаемнай бяспецы з Расіяй, Украінай, Германіяй Польшчай і краінамі Прыбалтыкі.

Папраўка Зянона Пазьняка гучала наступным чынам: «Пацвердзіць імкненне Рэспублікі Беларусь да набыцця статуса нейтральнай дзяржавы, замацаванае ў Канстытуцыйным Законе, — Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь». Па словах Пазьняка, ДКБ выгадны не толькі Расіі, але і НАТО: маўляў, натаўскай бюракратыі цяпер няма чаго рабіць (на гэта начальнік Упраўлення пагранічных войскаў пры Савеце Міністраў Яўген Бачароў адказаў, што «не все спокойно на наших рубежах», а ўступленне ў НАТО Польшчы і Прыбалтыкі — толькі справа часу).

Гэтыя папраўкі парламенцкая большасць не падтрымала, але цікава, што прапанова Сарокіна набрала найбольш галасоў — 125, між іншым як астатнія не атрымалі і ста.

Не мела поспеху спроба праціўнікаў ДКБ увогуле выключыць пункт 4 з праекта пастановы: «за» прагаласавала толькі 57 чалавек. За выключэнне пунта 4 выступіў дэпутат і кіраўнік Маладзечна Генадзь Карпенка: маўляў, мы павінны Расіі за нафту па клірыгу агромністую суму, МАЗ працуе «вполоборота» і г.д.

Тады парламенцкая апазіцыя запатрабавала, каб галасаванне па пункце 4 адбывалася не простай, а канстытуцыйнай (не менш дзве траціны) большасцю. Тады для станоўчага вырашэння пытання трэба было не менш 231 голаса (простая большасць прадугледжвала не менш 173 галасоў). Логіка апазіцыі была наступная: Дэкларацыя ад 27 ліпеня 1990 года (і замацаваная ў ёй норма аб нейтралітэце) набыла статус канстытуцыйнага закона 25 жніўня 1991 года ў выніку галасавання канстытуцыйнай большасці дэпутатаў. Значыць, галасаванне па пытанні далучэння Беларусі да ДКБ павінна быць такім жа.

Аднак прыхільнікі ДКБ прадбачылі і гэта. На паседжанні сесіі аператыўна з’явілася заключэнне камісіі Вярхоўнага Савета па заканадаўстве. У заключэнні гаварылася, што далучэнне Беларусі да ДКБ не супярэчыць заканадаўству, а галасаванне па гэтым пытанні можа ажыццяўляцца простай большасцю.

Член парламенцкай апазіцыі БНФ Ігар Гермянчук заявіў, што заключэнне было падрыхтавана не на паседжанні камісіі, а кулуарна. У адказ старшыня камісіі Дзмітрый Булахаў сцвердзіў, што кожны можа азнаёміцца з пратаколам паседжання, і заклікаў дэпутатаў падтрымаць пункт 4 простай большасцю галасоў. На думку Булахава, трэба вызначыцца, куды мы ідзем: на Захад ці на Усход. У адваротным выпадку, казаў Булахаў, мы — нуль. А нуль, працягваў Булахаў непазбежна ператварыцца ў «число больных суставов». Пры гэтым старшыня камісіі фактычна заняў пазіцыю Пятра Краўчанкі: падпісаўшы Дагавор, можна расцягнуць ратыфікацыю на гады.

Пасля гэтага Шушкевіч паставіў вынікі заключэння камісіі на галасаванне. Заключэнне падтрымалі 185 дэпутатаў: па пункце 4 можна было галасаваць простай большасцю. Тады Шушкевіч паставіў на галасаванне сам пункт 4. Вынікі галасавання пры неабходным кворуме ў 173 галасы былі наступныя: за — 188, супраць — 34, устрымалася — 30, не галасавала — 55. Пры гэтым зарэгістравалася 307 дэпутатаў, а ўсяго прагаласавала 252.

Але калі б галасаванне адбывалася канстытуцыйнай большасцю, то прыхільнікі ДКБ усё роўна б перамаглі. Справа ў тым, что на нечарговай адзінаццатай сесіі ўдзельнічала рэкордная колькасць дэпататаў — 307. Гэта была відавочная «заслуга» Вячаслава Кебіча, які быў зацікаўлены ў станоўчым выніку галасавання. І ўсё ж прыхільнікі ДКБ вырашылі не рызыкаваць, а прагаласаваць простай большасцю. І калі праціўнікі ДКБ прайгралі палітычна, то маральная перавага, безумоўна, была на іх баку.

Парламенцкая апазіцыя БНФ абурылася вынікамі галасавання па пункце 4. Зянон Пазьняк пагражаў крымінальнай адказнасцю ў выпадку, калі беларускія вайскоўцы будуць гінуць у ваенных канфліктах. Сяргей Папкоў літаральна прарваўся на трыбуну, абвінаваціў парламенцкую большасць у тым, што яна прагне крыві і зброі, і заявіў аб скліканні альтэрнатыўнага Вярхоўнаму Савету Устаноўчага сходу.

У праціўнікаў ДКБ быў козыр. Галасаванне па ўсіх пунктах праекта пастановы, у тым ліку і па пункце 4 было не тайным, а пайменным, г.зн. прозвішчы тых дэпутатаў, якія прагаласавалі за пункт 4, былі вядомы. Лявон Баршчэўскі заявіў, што цяпер у дэмакратычных сілаў ёсць магчымасць даведацца імёны і прозвішчы тых парламентарыяў, які падтрымалі пункт 4 праекта пастановы. Станіслаў Шушкевіч вымушаны быў зрабіць Баршчэўскаму заўвагу: маўляў, не трэба ціску, наша зброя — згода і цярпенне. Рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі была больш эмацыйнай. Дэпутат заклікаў старшыню КДБ «разобраться» з выказваннем Баршчэўскага і дадаў, што «я никого не боюсь».

Апазіцыя БНФ сапраўды дамаглася, каб «Народная газета» (17 красавіка 1993 года) апублікавала пратакол пайменнага галасавання па пункту 4 праекта пастановы.

У далейшым Станіслаў Шушкевіч, імкнучыся мімінізаваць наступствы галасавання па пункце 4, прапанаваў уключыць у праект пастановы дадатковы пункт аб правядзенні рэферэндуму аб нейтралітэце Беларусі і яе няўдзеле ў вайскова-палітычных блоках.

У пазіцыі Шушкевіча адразу агаліўся слабы бок: нейтралітэт і вайскова-палітычныя блокі істотна адрозніваліся ад калектыўнай бяспекі. Так, дэпутат Аляксандр Лукашэнка папракнуў Шушкевіча, што ён ставіць пытанне «шире». На што старшыня Вярхоўнага Савета па-руску адказаў: «Я ставлю вопрос именно шире, чтобы далее было неповадно такими делами заниматься». Дэпутат Мікалай Скарынін сцвярджаў, што на рэферэндум можна выносіць пытанне выключна па далучэнні Беларусі да ДКБ.

Іншыя дэпутаты меркавалі, што па адным пытанні праводзіць рэферэндум немэтазгодна, трэба ўключыць і іншыя найважнейшыя пытанні палітычнага і эканамічнага жыцця. Уладзімір Грыбанаў лічыў, што на рэферэндум павінны быць вынесены найбольш спрэчныя канстытуцыйныя пытанні, у прыватнасці, інстытут прэзідэнцтва. Іван Бамбіза хацеў вынесці на яго пытанне аб адносінах насельніцтва да падпісання Белавежскіх пагадненняў.

Рысу ў дыскусіі падвёў Дзмітрый Булахаў, які і прапанаваў наступную фармулёўку: «Уключыць у парадак дня чарговай сесіі Вярхоўнага Савета правядзенне абавязковага рэспубліканскага рэферэндуму, на якім адно з пытанняў будзе далучэнне Беларусі да ДКБ». І Шушкевіч пагадзіўся, тым больш, што паводле заканадаўства пытанне абавязковага рэспубліканскага рэферэндуму павінна было вырашацца на чарговай сесіі.

Пытанне аб рэферэндуме найбольш актыўна абмяркоўвалася на чарговай дванаццатай сесіі Вярхоўнага Савета ў яе першы (18 мая 1993 год) і апошні (7 ліпеня 1993) дзень, аднак дэпутаты так і не прыйшлі да згоды.

31 снежня 1993 года Станіслаў Шушкевіч даслаў у Выканаўчы сакратарыят СНД ліст, у якім паведамлялася пра далучэнне Беларусі да ДКБ.

Ліст Станіслава Шушкевіча аб далучэнні Беларусі да Дагавора аб калектыўнай бяспецы ад 31 снежня 1993 года.

Магчыма, Шушкевіч хацеў дагадзіць парламенцкай большасці, бо адчуваў сваё хісткае становішча. Аднак гэта не выратавала яго. 26 студзеня 1994 года Станіслава Шушкевіча адклікалі з пасады старшыні Вярхоўнага Савета, што стала зваротным пунктам у палітычнай гісторыі найноўшай Беларусі.

Вам можа спадабацца