Перспектывы палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі падчас прэзідэнцтва Літвы

Міжнародныя дачыненьні

Перспектывы палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі падчас прэзідэнцтва Літвы

3 чэрвеня 2013 а 13:14

Апошнім часам назіралася інтэнсіфікацыя палітычных і эканамічных стасункаў паміж Беларуссю і Літвой. З-за таго, што яны з’яўляюцца суседкамі і маюць шматлікія палітычныя і эканамічныя сувязі, можна чакаць, што Літва захоча выкарыстаць сваё прэзідэнцтва ў Савеце ЕС дзеля аднаўлення дыялогу з беларускімі ўладамі. Гэта будзе вялікім поспехам літоўскай дыпламатыі, асабліва ў кантэксце Саміту Усходняга Партнёрства, які мае адбыцца ў лістападзе бягучага года. Польшчы трэба ўважліва адсочваць дзейнасць літоўскага боку і ўздымаць пытанне вызвалення палітычных вязняў у Беларусі як умову аднаўлення перамоваў з прадстаўнікамі рэжыму. Беларуска-літоўскае супрацоўніцтва ў палітычнай сферы Моцныя палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя сувязі з Беларуссю значаць, што Літва, услед за Латвіяй, з’яўляецца адной з найбольш прыязных да беларускіх уладаў краінаў ЕС. Падчас перыяду дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам (2008-2010) Вільнюс быў адной з дзьвюх сталіцаў ЕС, якую наведаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, карыстаючыся часовым прыпыненнем візавых санкцый супраць яго. Такое становішча часткова змянілася пасля прэзідэнцкіх выбараў снежня 2010, калі ЕС увёў мэтавыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Тым ня менш, першапачаткова літоўскія ўлады былі супраць увядзення санкцый у дачыненні да некаторых беларускіх кампаніяў і адмовіліся ад такой сваёй пазіцыі толькі пад націскам іншых краінаў-сябраў ЕС. Нягледзячы на прыпыненне дыялогу паміж Беларуссю і ЕС, апошнім часам назіраецца інтэнсіфікацыя кантактаў паміж літоўскімі і беларускімі ўладамі. 18 красавіка прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч (на цяперашні момант найбольш высокапастаўлены беларускі палітык, на якога не распаўсюджваюцца візавыя санкцыі ЕС) наведаў Клайпеду, а прэм’ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус плануе наведаць Беларусь у чэрвені. Беларускія ўлады хутчэй за ўсё захочуць выкарыстаць узмацненне палітычных кантактаў і прэзідэнцтва Літвы ў Савеце ЕС як магчымасць паспрабаваць аднавіць перамовы з ЕС. Дыпламатычныя намаганні Літвы будуць спрыяць гэтаму, асабліва з-за таго, што паляпшэнне адносінаў з беларускімі ўладамі вельмі важнае для Літвы як з-за палітычных, так і з-за эканамічных чыннікаў. Літоўскі бок таксама заявіў, што ён падтрымлівае ўдзел афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Саміце Усходняга Партнёрства, які запланаваны на лістапад бягучага года. Хоць пакуль невядома, хто будзе кіраўніком дэлегацыі, здагадка, што ім будзе Міхаіл Мясніковіч, становіцца ўсё больш распаўсюджанай. Хутчэй за ўсё такі варыянт будзе прымальным для беларускіх уладаў, якія жадаюць паўнавартасна ўдзельнічаць у саміце. Прэзідэнт Лукашэнка, які цягам апошніх месяцаў крытыкаваў палітыку ЕС у дачыненні да Беларусі, заявіў, што ён спадзяецца, што час прэзідэнцтва Літвы будзе добрым перыядам для аднаўлення дыялогу. Змягчэнне анты-еўрапейскай рыторыкі з боку беларускага прэзідэнта і моцнае жаданне ўладаў палепшыць адносіны з ЕС выкліканы ў тым ліку і эканамічнымі праблемамі Беларусі, якія павялічваюцца, і ўзмацненнем яе залежнасці ад Расіі, яе адзінага крэдытора. Эканамічная сістэма сазлучаных пасудзін Добрыя эканамічныя стасункі паміж Літвой і Беларуссю паходзяць яшчэ з савецкіх часоў, калі дзьве эканомікі былі адзіным цэлым. Беларусь, якая ня мае выйсця да мора, экспартавала большасць сваіх выходных тавараў (паліва, угнаенні і інш.) праз літоўскія порты. Такія стасункі захаваліся, і ў 2012 годзе 30% тавараў, якія перавозіліся праз порт Клайпеды, былі выраблены ў Беларусі. Хоць у лістападзе мінулага года прэзідэнт Лукашэнка пагражаў, што беларускія тавары будуць перанакіраваныя ў расейскія порты, чакаецца, што ў 2013 годзе краіна павялічыць амаль удвая аб’ёмы тавараў, якія перавозяцца праз порт Клайпеды (у 2012 годзе 5,7 мільёнаў тон поташу, 800 тысяч тон азотных угнаенняў і 2,2 мільёны тон мазуту і нафтапрадуктаў, вырабленых у Беларусі, прайшлі праз гэты порт). Чакаецца, што такія аб’ёмы экспартнага патоку захаваюцца ў наступныя гады, асабліва ўлічваючы той факт, што 18 красавіка 2013 года “Беларуськалій”, адзін з найбуйнейшых беларускіх экспарцёраў, які вырабляе ўгнаенні, набыў 30% акцыяў тэрмінала сухіх насыпных грузаў у Клайпедзе за 30 мільёнаў даляраў. Больш за тое, Мясніковіч заявіў, што іншая кампанія “Гродна Азот” таксама плануе падобную ўгоду і набудзе акцыі тэрмінала азотных угнаенняў у Клайпедзе. Беларускія тавары маюць асаблівае значэнне ня толькі для літоўскіх портаў, але таксама і для літоўскай чыгункі (ABLG), бо 40% фрахту, які перавозіцца ABLG, ідзе з Беларусі. Нягледзячы на палітыку санкцый з боку ЕС, аб’ёмы гандлю паміж Літвой і Беларуссю растуць. За перыяд 2004-2012 экспарт літоўскіх тавараў у Беларусь павялічыўся ў 4 разы, а экспарт беларускіх тавараў у Літву – у 3 разы. Для Беларусі Літва з’яўляецца 8-м найбуйнейшым гандлёвым партнёрам; у 2012 годзе, у параўнанні з 2011, агульныя аб’ёмы гандлю павялічыліся на 6,4% і склалі 1,7 мільярда даляраў (з якіх 1,2 мільярда даляраў прыпадалі на экспарт з Беларусі), што стала найлепшым паказчыкам за ўсю гісторыю. У той жа час, інвестыцыі таксама маюць асаблівае значэнне. Адным з найбуйнейшых інвестараў у Беларусь з’яўляюцца групы Vakaru Medienos пад кіраўніцтвам Сігітаса Паўлаўскаса. У красавіку бягучага году кампанія атрымала крэдыт на суму 22 мільёны еўра ад расійскага “Сбербанку” на рэалізацыю свайго наступнага праекта ў Беларусі, якім з’яўляецца дрэваапрацоўчы завод. Больш за тое, у наступным годзе літоўскія кампаніі, такія як сетка гандлёвых цэнтраў Norfa, дастаўнік птушынага мяса Arvi kalakutai альбо рыбаапрацоўчая кампанія Viciunu fish, збіраюцца пашырыць свой бізнэс на Беларусь. Важнасць Беларусі для Літвы Ужо ў 2012 годзе Літва абвясціла пра свае прыярытэты падчас свайго прэзідэнцтва ў Савеце ЕС, адзначыўшы, што Усходняе Партнёрства будзе адным з галоўных накірункаў дзейнасці, і нядаўна распачала падрыхтоўчую працу ў гэтай сферы. Такім чынам, можна чакаць, што падчас прэзідэнцтва Літвы палітыка ЕС у дачыненні да сваіх усходніх суседзяў будзе прыярытэтам. Адным з галоўных пунктаў на Саміце Усходняга Партнёрства, які адбудзецца ў лістападзе ў Вільнюсе, стане падпісанне Пагадненняў аб асацыяцыі з краінамі гэтага рэгіёна. Калі такія пагадненні будуць падпісаныя, а дыялог з Беларуссю адноўлены, то гэта будзе лічыцца поспехам літоўскай дыпламатыі. Літва, якая намагаецца накіраваць дзейнасць ЕС на ўсходні вектар, таксама мае сваёй мэтай наладзіць доўгатэрміновыя стасункі са сваімі найбліжэйшымі суседзямі. Хоць у 2012 годзе літоўска-беларускія стасункі пагоршыліся, асабліва пасля так званага “плюшавага дэсанту” над Мінскам, літоўскія ўлады не збіраліся спыняць супрацу з Беларуссю. Літва выразна прадэкларавала сваё жаданне ўзмацніць супрацу са сваёй паўднёвай суседкай, у тым ліку і ў межах Усходняга Партнёрства. Літва моцна зацікаўлена ў тым, каб Беларусь была больш уцягнута ў рэгіянальныя ініцыятывы Усходняга Партнёрства, уключаючы развіццё гандлю і змякчэнне працэдур перасячэння мяжы і трансгранічнага руху. Іншымі прыярытэтамі Літвы будуць таксама праекты ў галінах энэргетыкі, аховы навакольнага асяроддзя і транспартных перавозак, такія як пашырэнне паўночна-паўднёвага транспартнага калідору, які звязвае Балтыйскае і Чорнае мора. Заключэнні і рэкамендацыі для ЕС і Польшчы Літва, з-за важнасці сваіх стасункаў з Беларуссю, будзе рабіць усё магчымае, каб беларуская дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам прыняла ўдзел у Саміце Усходняга Партнёрства ў лістападзе ў Вільнюсе. Такім чынам, літоўская дыпламатыя будзе намагацца пазбегнуць такой сітуацыі, якая мела мейсца на Саміце ў Варшаве, калі амбасадар Беларусі ў Польшчы, які прадстаўляў дэлегацыю сваёй краіны, ня быў запрошаны на ўрачысты прыём, бо ягоны ўзровень быў ніжэйшы за ўзровень кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, і сыйшоў з сустрэчы. Улічваючы цяперашняе эканамічнае становішча ў краіне, беларускія ўлады будуць імкнуцца зламіць ізаляцыю Беларусі на еўрапейскай арэне. Такім чынам, Літва можа зрабіць унёсак у пачатак перамоваў, мэтай якіх будзе вызваленне палітычных зняволеных у Беларусі, што можа стаць асновай для дыялога з рэжымам. Па-за залежнасцю ад гэтага, Польшча павінна намагацца захаваць агульную пазіцыю ЕС у дачыненні да Беларусі, у прыватнасці адносна вызвалення палітвязняў як умовы для пачатка перамоваў з беларускімі ўладамі. Аднак, можна разглядаць магчымасць адмовіцца ад патрабавання рэабілітацыі гэтых людзей пасля іх вызвалення як другой абавязковай умовы для аднаўлення дыялога. І Польшча, і Літва аднолькава зацікаўлены ў пагадненнях аб малым памежным руху, якія абедзве краіны падпісалі з Беларуссю ў 2010 годзе. Дыпламаты абедзвюх краінаў павінны узмацніць свае агульныя намаганні, каб гэтая пагадненні з Беларуссю ўступілі ў сілу. Абедзве краіны павінны таксама намагацца павялічыць колькасць сваіх кансулятаў у Беларусі, што дазволіць паскорыць працэдуру выдачы візаў беларусам. Польшча і Літва разам прапаноўваюць беларускім уладам прывесці ў выкананне трохбаковыя пагадненні ў межах Усходняга Партнёрства ў такіх галінах, як энэргетычная бяспека, ахова межаў і паляпшэнне якасці транспартнай інфраструктуры. Больш за тое, Польшча і Літва павінны працягваць падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, прымаючы ўдзел у агульных праграмах дапамогі, асабліва ў такіх галінах як падтрымка незалежных медыя, культура і адукацыя.
Крыніца: Prospects for EU Policy towards Belarus during the Presidency of Lithuania