Някляеў: Калі Беларусь не будзе беларускай, мне яна не патрэбная ўвогуле

Палітыка

Някляеў: Калі Беларусь не будзе беларускай, мне яна не патрэбная ўвогуле

17 чэрвеня 2013 а 13:17

Кампанія “Гавары праўду!” у напружаны час “Народнага рэферэндума” распачала новы кірунак дзейнасці. Здаецца, яе лідэр Уладзімір Някляеў вырашыў усіх актывістаў перавесці негвалтоўнымі сродкамі на беларускую мову. Прынамсі, у офісе кампаніі прайшла сустрэча рэгіянальгага актыву з кіраўніком Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алегам Трусавым. На сустрэчы Някляеў і Трусаў абмяркоўвалі з актывістамі сучасны стан і праблемы беларускай мовы. Дарэчы, лідэрскі актыў быў прадстаўлены даволі шырока. Прынамсі, падцягнуліся нават тыя, якіх раней у такім “нацыяналізме” абвінаваціць было цяжка: актывісты моладзевага крыла кампаніі — “Zмены”. Усе пагаджаліся: мова — справа неабходная. Алег Трусаў прызнае — ідэя сустрэчы належыць спадару Някляеву. “Ён галоўны ініцыятар гэтага, а я цалкам падзяляю такі падыход. Мы тут проста размаўляем, што такое мова ў жыцці нацыі”, — сказаў ён. “Трэба сказаць, што гэтае пытанне — пытанне беларускай мовы — ўзнікла не ўчора, не пазаўчора, а з Люблінскай ўніі. “Дзякуючы” Люблінскай ўніі пачалася нашая паланізацыя, страта нашых магнатэрый, і пайшло-паехала. Так што змаганне за мову нам трэба пачынаць з Льва Сапегі і Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Сенняшнія дні, такім чынам — не самыя страшныя ў нашым больш чы трохсотгадовым змаганні за мову — былі і нашмат горшыя часы”, — з усмешкай паведаміў Трусаў. Ён, як заўсёды, выглядае аптымістам, нягледзячы на тое, што аўдыторыя была збольшага рускамоўная: “Любая размова на беларускай мове, нават у электрычцы і таксоўцы мае значэнне. Мы ж не ведаем, як і калі гэта адгукнецца. Можа, гадоў праз дваццаць. Вось нядаўні прыклад: адзін мой студэнт калісці раней дапамагаў мне на выбарах яшчэ ў Вярхоўны Савет. Потым я пра яго нітчога не чуў, а зараз, калі ТБМ паднялі плату за арэнду офіса, ён з’явіўся. Зараз ён — даволі высокі начальнік, таму я не буду называць ягонае прозвішча, ён прыйшоў і прынес добрую суму грошай. Хто б мог падумаць, што той хлопчык, які мае ўлёткі раскідваў, стане даволі такім высокім чалавекам, і не забудзе беларушчыну?” ТБМ, па ягоных словах, зараз рэгулярна робіць такія курсы. “Я нават арганізаваў на офісе ТБМ такую летнюю школу “Гісторыя на вакацыях”. Там я праводжу заняткі па гісторыі. Там мы рэгулярна збіраемся, размаўляем пра тую ж унію — яна была неадназначнай, а не толькі добрай ці дрэннай. Глядзім фільмы, абмяркоўваем. Наступны занятак у панядзелак”, — кажа Трусаў. Уладзімір Някляеў не хавае: ён спадзяецца на сталае супрацоўніцтва з ТБМ. Больш за тое, ў “Гавары праўду”, аказваецца, ёсць і сталая “суполка” ТБМ, якая апошнім часам нават пашырылася: “У кампаніі “Гавары праўду”, на якую ўвесь час наракаюць, што яна не беларуская, прарасейская, пракітайская ці яшчэ якая, ад самага пачатку палова актывістаў былі сябрамі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Зараз гэты працэс мы актывізавалі, і зараз у нас больш паловы — актывісты і прыхільнікі ТБМ. Таму гэтая сустрэча — яшчэ і магчымасць для нашых рэгіянальных актывістаў, якія прыехалі ў Мінск, сустрэцца са старшынём ТБМ спадаром Трусавым, каб узгадніць далейшыя дзеянні ппа сумеснай працы”. Някляеў на такіх сустрэчах, падаецца, мае і асабістую выгоду. “Для мяне, як для беларускага паэта, пытанне будучыні Беларусі непарыўна звязанае з пытаннямі мовы, культуры, гісторыі. Без таго, што Беларусь будзе беларускай, мне асабіста яна непатрэбна ніякая: ні дэмакратычная, ні еўрапейская, ні кітайская, ні расійская. Калі мы не будзем у гэтым свеце распазнавацца як асобная нацыя, асобны народ, са сваёй гісторыяй, са сваёй мовай і культурай - мы не будзем нікім. А мне гэта без патрэбы. Без гэтага я не хачу займацца ні палітыкай, ні літаратурай, без гэтага мне лепш было паехаць з братам пчол разводзіць у Крэве. Але я буду да канца змагацца за тое, каб было так, як я хачу — каб была Беларусь”, — заявіў Някляеў. Безумоўна, кажа ён, “Гавары праўду” і ТБМ будуць  працягваць сустрэчы, каардынаваць сваю дзейнасць з ТБМ “і спрыяць таму, каб беларусы былі беларусамі сёння”. “А гэта найболь эфектыўна робіца якраз праз незаангажаваныя палітычна акцыі, праз нармальную размову з людзьмі”, — падкрэсліў Някляеў. “У 2010 годзе Лукашэнка казаў: “Вось, прыйдуць нацыяналісты (маючы на ўвазе мяне), да ўлады, і прымусяць вас размаўляць па-беларуску”. Я тады таксама казаў перад людзьмі… Сядіць перада мной тысяча ці дзьве чалавек, я кажу: “Слухайце, пачуўшы гэта можна звар’яцець! Беларускі прэзідэнт палохае вас тым, што вы будзеце размаўляць па-беларуску! Я вас палохаць не буду, і змушаць вас не буду, але прасіць, каб беларусы былі беларусамі, буду настойліва і абавязкова”, — заяўляе лідэр “Гавары праўду”. Аднаго з лідэраў “Zмены” Паўла Вінаградава цяжка прадставіць белдарускамоўным. Але, калі пачынаў ён размову на рускай мове, то скончыў яе па-беларуску: “Мне іншым часам, даволі сорамна, што я няздольны нармалёва размаўляць па-беларуску. Ну, і я вырашыў “паднатаскацца”, вось і прыйшоў. Я не думаю, што з адной такой размовы будзе даволі вялікі адукацыйны эфект. Але вялікі эфект будзе ад папулярызацыі такіх мерапрыемстваў — і праз папулярызацыю такіх мерапрыемстваў будзе папулярызавацца беларуская мова”. Карацей, “Гавары праўду” мае намер беларусізавацца. Паціху і без шуму...

Вам можа спадабацца